прынцып пабудовы муз. твора на аснове пераўтварэння адной тэмы ці аднаго комплексу тэм. М. трэба адрозніваць ад паняцця «аднатэмнасць», што адносіцца да форм нецыклічнага парадку (фуга, варыяцыі, простыя 2- і 3-часткавыя формы, ронда і інш.). Узнікае пры аб’яднанні санатна-сімф. цыкла або ўтвораных ад яго 1-часткавых форм адной тэмай (лейттэмай ці лейтматывам).
Вобразная трансфармацыя тэмы дасягаецца шляхам жанравага пераасэнсавання, змены меладычнай структуры, метрарытмічных суадносін, тэмпу, гарманізацыі, інструментоўкі і інш. Упершыню выкарыстаны ў 5-й сімфоніі Л.Бетховена. Найб поўна прынцып М. развіты ў Ф.Ліста, у створанай ім форме 1-часткавай сімф. паэмы. Монатэматычны прынцып кампазіцыі цыклічнага твора характэрны для рус. (П.Чайкоўскі, С.Танееў, А.Скрабін, С.Ляпуноў, Дз.Шастаковіч) і замежных (Б.Бартак, А.Анегер, П.Хіндэміт) кампазітараў.
У бел. музыцы ўпершыню на аснове М. пабудаваны сімфоніі М.Аладава (2-я, 1930) і В.Залатарова (4-я, 1934). З 1960-х г. М. — адзін з асн. прынцыпаў у кампазіцыі сімф. цыклаў. Найб. паслядоўна праводзіцца ў сімфоніях Г.Вагнера, Я.Глебава, Дз.Смольскага.
Літ.:
Мазель Л.А. Строение музыкальных произведений. 2 изд. М., 1979;
Михайлов М. О тематическом объединении сонатно-симфонического цикла // Вопросы теории и эстетики музыки. Л., 1963. Вып. 2;
Савицкая О.П. Некоторые особенности тематической драматургии моноинтонационного цикла в творчестве Е.Глебова // Вопросы теории и истории музыки. Мн., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯЖДА́НАВА (Антаніна Васілеўна) (16.6.1873, г. Адэса, Украіна — 26.6.1950),
расійская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог; буйнейшая прадстаўніца рус.вак. школы. Нар.арт.СССР (1936). Герой Працы (1925). Д-р мастацтвазнаўства (1944). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1902, клас У.Мазеці), з 1943 яе прафесар. З 1902 салістка Вял.т-ра ў Маскве. З 1936 педагог студыі Вял.т-ра, пазней Опернай студыі К.Станіслаўскага. Валодала голасам рэдкага прыгожага тэмбру, вял. дыяпазону, роўным ва ўсіх рэгістрах. Яе выкананне вылучалася бездакорным вак. майстэрствам, рэалістычнасцю, прастатой і псіхал. асэнсаванасцю. Сярод партый: Антаніда, Людміла («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.Глінкі), Марфа, Снягурачка, Валхава, Шамаханская царыца («Царская нявеста», «Снягурачка», «Садко», «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава), Таццяна, Іаланта («Яўген Анегін», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Лакмэ («Лакмэ» Л.Дэліба), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Джыльда («Рыгалета» Дж.Вердзі), Царыца ночы («Чароўная флейта» В.А.Моцарта), Эльза («Лаэнгрын» Р.Вагнера), Нінета («Любоў да трох апельсінаў» С.Пракоф’ева). Выступала ў т-ры «Гранд-апера» (1912). Вяла канцэртную дзейнасць разам з мужам М.Галаванавым. Творча дапамагала калектыву Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Кансультант Дэкады бел. мастацтва ў Маскве (1940). Дзярж. прэмія СССР 1943.
Літ.:
Львов М. А.В.Нежданова. М., 1952;
Подольский В. А.В.Нежданова и ее ученики. М., 1960;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯМЕ́ЦКАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ О́ПЕРА (Die Deutsche Staatsoper),
адзін з буйнейшых музычных тэатраў Германіі. Адкрыты ў 1742 у Берліне як Прыдворны оперны тэатр (арх. Г.В.Кнобельсдорф) пастаноўкай оперы «Цэзар і Клеапатра» К.Г.Граўна (заснавальнік і першы кіраўнік т-ра). Да 1918 наз. Каралеўская опера. Неафіц. назва — «Тэатр на Унтэр-дэн-Ліндэн» (ад назвы вуліцы, на якой размешчаны будынак т-ра). Напачатку ставіліся пераважна італьян. і франц. оперы (спявалі італьян. спевакі), з канца 18 ст. таксама творы ням. і аўстр. кампазітараў, у т. л. В.А.Моцарта, Л.Бетховена, К.М.Вебера, Г.А.Маршнера, Дж.Меербера (у 1842—50 генерал-музік-дырэктар), Р.Вагнера, Р.Штрауса, П.Дэсаў, А.Берга, К.Орфа, Граўна і інш. З 1923 у рэпертуары оперы і балеты П.Чайкоўскага, М.Рымскага-Корсакава, М.Мусаргскага, С.Пракоф’ева, Дз.Шастаковіча, А.Хачатурана, В.Баснера, А.Пятрова і інш. У т-ры выступалі спевакі П.Віярдо-Гарсія, Л.Леман, П.Лука, Е.Лінд, Г.Мара, П.Г.Мільдэр-Гаўптман, А.Паці. У розныя гады калектыў узначальвалі дырыжоры Граўн (1742—59), Г.Спанціні (1820—42), М.Шылінгс (1919—24 і 1933), Э.Клейбер (1925—35), Ф.Канвічны (1955—62), О.Суітнер (з 1964—71 і з 1974), цяпер К.Тылеман (2000). Сярод балетмайстраў: П.Тальёні (1856—83), Г.Кролер (1919—22), Т.Гзоўская (1945—52), Л.Грубер (1955—70), Э.Бішаф (з 1972).
рускі мастак, гісторык мастацтва, мастацкі крытык. Сын М.Л.Бенуа. Вучыўся самастойна. Адзін з арганізатараў і ідэйны кіраўнік аб’яднання «Свет мастацтва». З 1908 як тэатр. мастак працаваў у антрэпрызе С.П.Дзягілева ў Парыжы. Як крытык і гісторык мастацтва выступаў і супраць акадэмізму, і супраць эстэтыкі рэв. дэмакратаў; гал. крытэрыем ацэнкі твораў мастацтва лічыў «мастацкасць». Прапагандыст класічнай спадчыны мастацтва 18 — 1-й чвэрці 19 ст. Ініцыятар стварэння шэрагу мастацтвазнаўчых выданняў (рэд. зб-каў «Мастацкія скарбы Расіі» ў 1901—03; час. «Старые годы») і музеяў. З 1917 актыўна ўдзельнічаў у арганізацыі аховы помнікаў гісторыі і культуры і перабудовы музейнай справы (у 1917—26 заг. карціннай галерэі Эрмітажа). У жывапісе і графіцы звяртаўся да «вечных» духоўных і эстэтычных ідэалаў, стварыў своеасаблівую разнавіднасць рэтраспектывісцкага жанру, дзе спалучыў эстэтызацыю кволай прыгажосці і гратэскнай элегантнасці дваранскай культуры з сумна-іранічнымі адносінамі да яе (серыя «Апошняя прагулка Людовіка XIV», 1897—98; «Версальская серыя», 1905—06). Адзін з рэфарматараў мастацтва кнігі і тэатр.-дэкарацыйнага жывапісу пач. 20 ст. (іл. да «Меднага конніка» А.С.Пушкіна, выд. 1923; дэкарацыі, эскізы касцюмаў да опер «Гібель багоў» Р.Вагнера, 1903; балета «Павільён Арміды» М.Чарапніна, 1907, Марыінскі тэатр у Пецярбургу). З 1926 жыў у Парыжы. Пісаў пейзажы, гіст. кампазіцыі на рус. тэмы.
Тв.:
Мои воспоминания. [Т. 1—2), кн. 1—5,2 изд. М., 1990.
Літ.:
Эткинд М. А.Н.Бенуа и русская художественная культура конца XIX — начала XX века. Л., 1989.
А.Бенуа. Эскіз дэкарацыі да трагедыі У.Шэкспіра «Венецыянскі купец». 1920.А.Бенуа. Эскіз заслоны да балета «Пятрушка». 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЖАЗО́ЎСКАЯ (Людміла Генрыхаўна) (н. 4.6.1946, Мінск),
бел. артыстка балета. Нар.арт. Беларусі (1975). Дачка Г.Ф.Бржазоўскага. Скончыла Бел. харэагр. вучылішча (1966, педагогі Н.Младзінская, І.Савельева), Мінскі ін-т культуры (1987). Удасканальвала майстэрства ў Н.Дудзінскай у С.-Пецярбургу. У 1966—89 вядучая танцоўшчыца Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. З 1989 выкладала ў Дзярж. харэагр. вучылішчы, з 1994 — у Бел. акадэміі музыкі. Яе майстэрства вызначалася высокім лірыка-трагедыйным напалам, завершанасцю ліній, уменнем спалучаць унутр. сутнасць вобраза з пластычным малюнкам танца. Упершыню на бел. сцэне выканала гал. партыі ў многіх балетах, пастаўленых А.Дадышкіліяні, В.Елізар’евым і інш. Сярод партый у бел. балетах: Нэле («Тыль Уленшпігель» Я.Глебава), Дзяўчына («Пасля балю» Г.Вагнера), Маці («Крылы памяці» У.Кандрусевіча); у балетах сучасных кампазітараў: Ева («Стварэнне свету» А.Пятрова), Кармэн («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Джульета («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Каханая («Карміна Бурана» на муз. К.Орфа) і інш. Яе яркая індывідуальнасць найб. поўна выявілася ў спектаклях класічнага рэпертуару: Адэта—Адылія, Аўрора, Маша («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Кітры («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Сільфіда («Сільфіда» Х.Левенскольда) і інш. Здымалася ў кінафільмах «Прададзены смех» (1981), «Міф» (1986), у тэлевізійных варыянтах балетаў «Лебядзінае возера», «Шчаўкунок», «Жызэль», «Стварэнне свету», «Камерная сюіта», тэлефільме «Танцуе Людміла Бржазоўская».
Літ.:
Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 91—103;
Мушинская Т.М. Гармония дуэта. Мн., 1987;
Яе ж. Гаркавы смак ісціны: Партрэты. Мн., 1993. С. 24—32.
Л.Г.Бржазоўская. Мастак А.Шастакоў.Л.Бржазоўская ў партыі Нэле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРЫЯЦЫ́ЙНАЯ ФО́РМА, варыяцыі,
музычная форма, якая складаецца з тэмы (зрэдку дзвюх, трох тэм) і яе відазмененых паўтораў (варыяцый). Асн. тэма можа быць арыгінальная ці запазычаная. У варыяцыйнай форме можа быць напісаны самаст. твор, частка цыкла або раздзел буйнога муз. твора (сімфоніі, канцэрта, сюіты, санаты, квартэта), а таксама оперы, балета.
Вытокі варыяцыйнай формы ў нар. песеннай і танц. творчасці. У прафес. музыцы яна выпрацоўвалася ў розных поліфанічных жанрах (І.С.Бах, Г.Ф.Гендэль, Г.Ф.Тэлеман). У 17 ст. ў зах.-еўрап. музыцы ўзнікла варыяцыйная форма на баса астыната. У 2-й пал. 18 ст. склалася строгая (класічная) варыяцыйная форма з захаваннем у варыяцыях памераў, гармоніі, танальнасці, тэмпу, метра, тэмы (І.Гайдн, В.А.Моцарт, Л.Бетховен). У 19 ст. ў творчасці кампазітараў-рамантыкаў (Ф.Шуберт, Р.Шуман, Ф.Мендэльсон) з’явілася свабодная варыяцыйная форма, дзе ўсе сродкі выразнасці тэмы могуць вольна вар’іравацца нават да яе жанравых змен. У рус. музыцы 19 ст.найб. пашырана варыяцыйная форма на нязменную мелодыю — сапрана астыната (т.зв. глінкаўскія варыяцыі).
У бел. музыцы ў варыяцыйнай форме напісаны самаст. творы (фп. варыяцыі Л.Абеліёвіча, Г.Вагнера, У.Алоўнікава, Р.Суруса, Э.Тырманд, М.Васючкова; аркестравыя («З беларускага эпасу» Л.Захлеўнага) і часткі цыклічных твораў (у сімфоніі «Беларусь» В.Залатарова, сімфаньеце М.Аладава, фп. трыо А.Багатырова), эпізоды з балетаў «Альпійская балада» і «Выбранніца» Я.Глебава і інш.
Літ.:
Протопопов В. Вариационные процессы в музыкальной форме. М., 1967;
Цуккерман В. Анализ музыкальных произведений. Вариационная форма. 2 изд. М., 1987.
Створаны ў 1928 у Мінску пры Бел. радыёцэнтры на аснове аркестраў Бел.муз. тэхнікума і БДТ-1. З 1930 у штаце радыёцэнтра, з 1937 у складзе Бел. філармоніі. З 1961 Дзярж.сімф. аркестр БССР, з 1980 акадэмічны. Гал. дырыжор М.Кац (з 1997). У рэпертуары творы рус. і зарубежных кампазітараў-класікаў, сучасных кампазітараў, сімф. і вак.-сімф. творы бел. аўтараў, у т. л. Л.Абеліёвіча, М.Аладава, У.Алоўнікава, А.Багатырова, С.Бельцюкова, У.Будніка, Г.Вагнера, В.Войціка, Я.Глебава, У.Дарохіна, В.Капыцько, С.Картэса, В.Кузняцова, А.Мдывані, П.Падкавырава, Я.Паплаўскага, Р.Пукста, Дз.Смольскага, А.Хадоскі, К.Цесакова, Я.Цікоцкага, М.Чуркіна і інш. Сярод аркестрантаў (1997): Р.Ігнацьеў (кларнет), В.Ціхевіч (флейта).
У розны час у аркестры працавалі дырыжоры А.Бяссмертны, І.Гітгарц, М.Міхайлаў, І.Мусін, Т.Каламійцава, М.Шнейдэрман, В.Афанасьеў, В.Дуброўскі, В.Катаеў, Ю.Яфімаў, П.Д.Панэл; канцэртмайстар Ю.Гершовіч. салісты-інструменталісты С.Асновіч і Г.Клачко (скрыпка), В.Волкаў (труба), Г.Забара (кларнет), П.Кірыльчанка (альт), Б.Скабло (віяланчэль), С.Сяргеенка (флейта), В.Фралоў (габой), Ч.Юшкевіч (валторна). З аркестрам выступалі вядомыя рас. і зах.-еўрап. дырыжоры А.Гаўк, Дз.Кітаенка, Я.Мравінскі, Н.Рахлін, Ю.Сіманаў, У.Федасееў, Ю.Цемірканаў, К.Зандэрлінг. К.Мазур, К.Эстэррайхер, піяністы Л.Аборын, Э.Гілельс, К.Ігумнаў, Г. і С.Нейгаўзы, С.Рыхтэр, П.Серабракоў, Я.Фліер, Б.Джайніс, Х.Л.Клайберн, Дж.Огдан, Д.Полак, Г.Чэрны-Стэфаньская; скрыпачы І.Бязродны, Л.Коган, Д.Ойстрах, М.Палякін, М.Эрдэнка, І.Менухін, І.Стэрн і інш.
Літ.:
Журавлев Д.Н. Государственный симфонический оркестр Белорусской ССР. Мн., 1961;
Загородний ГН Белорусская государственная филармония. Мн., 1981;
Капилов А.Л. Государственный симфонический // Неман. 1981. № 5.
А.Л.Капілаў.
Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАГО́ВЫ,
расійскія спевакі (басы), браты. Аляксандр Сцяпанавіч (4.7.1899, г. Разань, Расія — 26.6.1964), адзін з найбольш вядомых прадстаўнікоў сав. вакальнай школы. Нар.арт.СССР (1937). Вучыўся ў Муз.драм. вучылішчы Маскоўскага філарманічнага т-ва (1917—18). З 1919 артыст Перасоўнага т-ра Рэвваенсавета Рэспублікі, з 1922 — «Вольнай оперы». У 1924—54 саліст Вял.т-ра ў Маскве. Выконваў драм., лірычныя і камічныя партыі. Гал. творчыя дасягненні звязаны з рус. класічнай операй: Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Іван Грозны («Пскавіцянка» М.Рымскага-Корсакава), Рэне («Іаланта» П.Чайкоўскага) і інш. Першы выканаўца на сцэне Вял.т-ра партый: Сцяпан Разін («Сцяпан Разін» П.Трыёдзіна), Маг Чэлія («Каханне да трох апельсінаў» С.Пракоф’ева), Свенгалі («Трыльбі» А.Юрасаўскага), Песцель («Дзекабрысты» Ю.Шапорына) і інш.Дзярж. прэміі СССР 1943, 1949. Рыгор Сцяпанавіч (24.1.1885, с. Навасёлкі Разанскай вобл. — 20.2.1931). Скончыў Муз.-драм. вучылішча Маскоўскага філарманічнага т-ва (1908). Дэбютаваў у прыватнай антрэпрызе Шумскага ў Растове-на-Доне. З 1909 у Марыінскім т-ры (Пецярбург). У 1910—21 саліст Вял.т-ра. Валодаў голасам шырокага дыяпазону, роўным па гучанні ва ўсіх рэгістрах. Выканаўца рознабаковых партый ад нізкіх басавых да барытонавых. Асабліва вызначыўся ў рус. класічным рэпертуары і ў операх Р.Вагнера. Сярод партый: Барыс Гадуноў, Дадон («Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава) і інш. Вёў вял. канцэртную дзейнасць. Адзін з першых спевакоў, які гастраліраваў за мяжой (з 1923). Праф. спевакамі былі іх браты Аляксей Сцяпанавіч (па сцэне Пірагоў-Окскі; 21.2.1895—?) і Міхаіл Сцяпанавіч (29.12.1887—1933).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКАЯ О́ПЕРА (L’Opéra de Paris),
«Гранд-Апера» (Grand Opéra; афіц. назва Нацыянальная акадэмія музыкі і танца; Académie Nationale de musique et danse), оперна-балетны тэатр у Парыжы; адзін з вядучых цэнтраў франц.муз.-тэатр. культуры. Засн. ў 1669, адкрыты ў 1671 як Каралеўская акадэмія музыкі (да 19 ст. назвы мяняліся). У 1713 пры т-ры створана балетная школа. З 1875 працуе ў будынку, пабудаваным арх. Ш.Гарнье (рэканструяваны ў 1936; размалёўка плафона М.Шагала, 1963—65), і наз. «Гранд-Апера». Дзейнасць тэатра звязана з увасабленнем на сцэне твораў розных жанраў нац.франц. оперы: лірычная трагедыя, опера-балет, вялікая опера, лірычная опера і інш. Ставіліся творы Ж.Б.Люлі (у 1672—87 кіраўнік тэатра), Ж.Ф.Рамо, К.В.Глюка, Дж.Расіні, Дж.Меербера, Г.Берліёза, Г.Даніцэці, А.Адана, Ш.Гуно, Дж.Вердзі, Р.Вагнера, Ж.Маснэ, К.Сен-Санса, Л.Дэліба і інш., некаторыя з іх у тэатры пастаўлены ўпершыню. Склалася франц. школа класічнага танца. Акрамя опер і балетаў франц. кампазітараў у рэпертуары сусв. класіка, у т. л. руская (творы М.Мусаргскага, М.Рымскага-Корсакава, П.Чайкоўскага, І.Стравінскага, С.Пракоф’ева). У тэатры выступалі і выступаюць вядомыя спевакі, у т. л. М.Ф.Малібран, П.М.Віярдо-Гарсія, Джулія Грызі, Д.Дзюваль, М.Калас, Э.Каруза, Ф.Шаляпін, А.Няжданава, Ц.Гобі, М.Геда; артысты балета М.Тальёні, К.Грызі, Л.Дарсанваль, Л.Дэйдэ, В.Ніжынскі, С.Перэці, С.Атанасаў, П.Бар; сярод балетмайстраў Ж.Ж.Навер, Л.Петыпа, С.Ліфар, М.Фокін, М.Бежар, у 1985—89 маст. кіраўнік балетнай трупы Р.Нурыеў; дырыжоры Ш.Ламуро, Э.Калон, П.Манцё, Р.Дэзарм’ер, Ш.Мюнш, Л.Фарэсцье, П.Булез і інш. З 1990 працуе балетная сцэна, у будынку на пл. Бастыліі — оперная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П’Е́СА (ад франц. piéce кавалак, частка),
1) у музыцы — невялікі закончаны пераважна інстр. твор для сольнага, ансамблевага або аркестравага выканання. Вылучаецца разнастайнасцю зместу і формы. У муз. практыцы абазначае сінонім паняцця «твор» або прыналежнасць да сферы камернай музыкі, што выяўляе ўзаемасувязь паняцця «П.» з рознымі муз. жанрамі, прадстаўленымі самаст. творамі — мініяцюрамі.
У бел. музыцы сярод. П.: прэлюдыі (М.Аладава, П.Падкавырава, Р.Суруса і інш.), імправізацыі (для віяланчэлі сола Г.Гарэлавай, імправізацыя і танец для скрыпкі з фп. Э.Тырманд), рапсодыі для 2 цымбалаў і нар.арк. Дз.Смольскага, фантазіі (на 2 бел.нар. песні для нар. аркестра Я.Глебава), экспромты, муз. моманты (для ансамбля скрыпачоў і фп. А.Мдывані), скерца (для цымбалаў з фп. І.Лучанка), вальсы, маршы і інш. Часам інстр. П. ўзнікаюць як сінтэз муз. жанраў з літаратурнымі (балада, незакончаная казка для скрыпкі з фп. А.Багатырова; казка, П. для фп. С.Картэса; эпіталама, канцэртная П. для ансамбля скрыпачоў і фп. К.Цесакова; навелета, П. для скрыпкі і фп. У.Солтана; паэма для фп. Ф.Пыталева), тэатр.-драматычнымі (2 драм. маналогі для габоя сола Смольскага, Маскі для скрыпкі з фп. Г.Вагнера), жывапіснымі (Акварэлі для віяланчэлі з фп. Цесакова, фрэскавыя ўзоры для цымбалаў сола Л.Шлег). Інстр. П. ўзнікаюць таксама на аснове вак. жанраў (напр., раманс, калыханка для віяланчэлі з фп. Аладава; арыета для валторны з фп. Багатырова).
2) У літаратуры — усе творы драматычнага роду, сінонім паняцця драма. Тэрмін «П.», які напачатку абазначаў невял. муз. твор, у 19 ст. выкарыстоўваўся і ў дачыненні да лірычных вершаў. У 20 ст. П. сталі называць драмы; часта гэта слова замяняе іх жанравае абазначэнне аўтарам.