1. Звязаны са штрафам, з платай штрафу. [Войцік:] — І на якое ліха нам здаўся той білет! Сунулі б правадніку колькі залатовак — і без штрафнога пратакола абышлося б.Машара.// Які назначаецца за парушэнне чаго‑н.; з’яўляецца штрафам. Штрафны ўдар.
2. Накіраваны рашэннем суда ў спецыяльную дысцыплінарную часць (пра ваеннаслужачых). Штрафныя матросы.// Які складаецца з такіх ваеннаслужачых, прызначаны для іх. Няхай штрафны батальён, няхай іншая кара. Нас нічога не страшыць пасля тых здзекаў і пакут, якія мы перажылі і пабачылі ў нямецкім палоне.С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сапёрны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сапёраў, належыць ім. Сапёрны лейтэнант завіхаўся.. ля шнуроў, што працягнуліся белымі ніткамі ў дэпо, да водаразборнай палонкі, да вадакачкі.Лынькоў.// Які складаецца з сапёраў. Сапёрны батальён. Сапёрная рота. □ Большасць.. [супрацоўнікаў] была на фронце — у інтэнданцтве і сапёрных часцях.Карпаў.
2. Які мае адносіны да ваенна-інжынерных работ, звязаны з імі. Сапёрныя работы.// Прызначаны для выканання ваенна-інжынерных работ. Сапёрны інструмент. □ Была б сякера ці хоць сапёрная рыдлёўка. [Дзмітрый] высек бы елачкі, што засланяюць святло.Беразняк.[Байцы] нічога не кінулі, не запіхнулі ў крапіву нават сапёрных лапатак.Дамашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ДЫВІ́ЗІЯ,
асноўнае тактычнае злучэнне ў розных відах узбр. сіл многіх дзяржаў. Па прыналежнасці да відаў узбр. сіл, родаў войск, прызначэнні, арг-цыі і ўзбраенні ў гісторыі будаўніцтва ўзбр. сіл вядомы Д.: пяхотныя, стралк., мотастралк., матарызаваныя, механізаваныя, кав., танк. (бранятанкавыя), артыл., авіяц., паветрана-дэсантныя, дэсантна-штурмавыя, ППА, марской пяхоты і інш. Прызначаны для вядзення бою ў складзе больш буйных фарміраванняў (армія, корпус і інш.), а ў некат. выпадках і самастойна. Д. сухапутных узбр. сіл складаюцца з палкоў, брыгад, батальёнаў і інш.вайск. падраздзяленняў. Стралк. Д. ўзбр. сіл СССР часоў 2-й сусв. вайны мела ў сваім складзе 3 стралк. палкі, артыл. брыгаду, самаходна-артыл. і зенітна-артыл. дывізіёны, сапёрны і вучэбны батальёны, батальён сувязі і інш. падраздзяленні. У пасляваен. перыяд у стралк. Д. ўведзены танкасамаходны полк, павялічылася яе рухомасць і агнявая магутнасць; стралк. Д. перафарміраваны ў мотастралковыя.
У ВПС многіх дзяржаў ёсць авіяц. Д. для падтрымкі сухап. войск з паветра, паветр. разведкі і выканання інш. задач. Звычайна авіяц. Д. маюць некалькі авіяц. палкоў або эскадраў аднаго роду авіяцыі ад 45 да 200 і больш самалётаў. У ВМФ Д. караблёў прызначана для вядзення самаст. баявых дзеянняў на марскіх прасторах або пры ўзаемадзеянні з інш. злучэннямі караблёў. Могуць складацца з некалькіх караблёў 1-га рангу і інш. меншых баявых адзінак. Падзяляюцца на Д. надводных і падводных караблёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВО́БАДА ((Svoboda) Людвік) (25.11.1895, в. Грознецін, Чэхія — 20.9.1979),
чэхаславацкі дзяржаўны і ваен. дзеяч. Ген. арміі (1945). Тройчы Герой (1965, 1970, 1975), Герой Сав. Саюза (1965). Працаваў аграномам. З 1915 на ўсх. фронце аўстра-венг. арміі. На чале групы вайскоўцаў-чэхаў перайшоў лінію фронту і ў 1916 уступіў у чэхаславацкі легіён, які фарміраваўся ў Расіі. З 1920 на радзіме, афіцэр чэхаславацкай арміі. у 1931—34 выкладчык Ваен. акадэміі ў Граніцы (Маравія). Пасля акупацыі герм. войскамі Чэхаславакіі адзін з арганізатараў падп. антыфаш. ваен. арг-цыі. Летам 1939 выехаў у Польшчу, сфарміраваў чэхаславацкую вайсковую часць і з пач. 2-й сусв. вайны перайшоў з ёю ў СССР. У 1942 узначаліў 2-і Чэхаславацкі пяхотны батальён, у 1943—1-ю Чэхаславацкую асобную брыгаду (з 1944 армейскі корпус), якая ў складзе 1-га Укр. фронту ўдзельнічала ў Карпацка-Дукельскай аперацыі 1944, змагалася ў Славакіі і Маравіі, а пасля вызвалення Чэхаславакіі (1945) стала асновай стварэння ўзбр. сіл краіны. У 1945—50 С. — міністр нац. абароны, у 1950—51 нам. старшыні ўрада Чэхаславакіі. У 1955—59 нач.Ваен. акадэміі імя К.Готвальда. У перыяд «Пражскай вясны» 1968 прыхільнік дэмакр. рэформ. З сак. 1968 па май 1975 прэзідэнт ЧССР, вярх. галоўнакамандуючы ўзбр. сіламі ЧССР. Чэхаславацкая прэмія міру (1968), Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» (1970).
Літ.:
Марьина В.В. Чехословацкий легион в СССР (1939—1941 гг.) // Вопр. истории. 1998. №2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЕ НАРО́ДНАЕ АПАЛЧЭ́ННЕ 1941,
ваенізаванае фарміраванне, створанае паводле рашэння Магілёўскага абкома КП(б)Б у адпаведнасці з дырэктывай ЦККП(б)Б і СНКБССР ад 30.6.1941. Налічвала ў горадзе больш за 10 тыс.чал., аб’яднаных у батальёны. Створаны 2 штабы — гарадскі і абласны. Камандаваў нар. апалчэннем абласны ваен. камісар І.П.Ваяводзін. Атрады дзейнічалі на гарбарным, аўтарамонтным, косцеперапрацоўчым з-дах, чыг. вузле, у пед. ін-це і інш., сфарміраваны батальён (камандзір К.Р.Уладзіміраў) і атрад (Дз.С.Вольскі) з супрацоўнікаў абл. ўпраўлення НКУС і міліцыі. Апалчэнцы вобласці (каля 12 тыс.чал.) вялі барацьбу з дыверсантамі і шпіёнамі, ахоўвалі лініі сувязі і прамысл. аб’екты, удзельнічалі ў эвакуацыі насельніцтва і прадпрыемстваў, у стварэнні абарончых рубяжоў. 3—26 ліп. разам з часцямі і падраздзяленнямі Чырв. Арміі горад абаранялі апалчэнцы: на 3 дзейнічалі атрады ф-кі штучнага шоўку (страціў палову свайго складу), гарбарнага і косцеперапрацоўчага з-даў, на ПнЗ — батальёны супрацоўнікаў міліцыі (з 250 чал. жывымі засталіся 19), і знішчальны (камандзір М.І.Калугін), атрады чыг. вузла, з-даў трубаліцейнага і «Адраджэнне»; на левым беразе Дняпра (прыкрывалі тыл) атрады Вольскага (загінулі ўсе), аўтарамонтнага з-да, мясакамбіната і інш. прадпрыемстваў, пед. ін-та (гл.Магілёва абарона 1941). Выкарыстаўшы перавагу ў сілах і сродках, ням. захопнікі 26 ліп. ўварваліся ў Магілёў. Вайскоўцы і апалчэнцы пакінулі горад. Многія з іх прадаўжалі барацьбу ў радах Чырв. Арміі, партыз. атрадах і падполлі. На брацкіх магілах апалчэнцаў у Магілёве і пас. Гаі пастаўлены помнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ КРЭ́ПАСЦЬ,
комплекс абарончых збудаванняў у Бабруйску 1-й пал. 19 ст. Пабудавана ў 1807—36 у гіст. цэнтры горада на месцы Бабруйскага замка ў сутоках рэк Бярэзіна і Бабруйка. Будаўніцтва вялося ў 2 этапы. 1-ы (1807—12) ажыццяўляўся ва ўмовах набліжэння вайны 1812. Крэпасць будавалася паводле праекта ўпраўляючага інж. экспедыцыяй Ваеннага мін-ваген. К.І.Опермана, яе ўзводзілі тысячы салдатаў і прыгонных сялян Магілёўскай, Мінскай і Чарнігаўскай губ. Да пач. вайны пабудаваны 5 асн. бастыёнаў, частка ўнутр. збудаванняў, насыпаны валы, выкапаны глыбокія равы. У вайну 1812 крэпасць вытрымала 4-месячную аблогу (гл.Бабруйская абарона 1812). На 2-м этапе буд-ва (1812—36) тэр. крэпасці павялічана, узведзены 17 дадатковых бастыёнаў (да 1820), вежы, форт «Фрыдрых Вільгельм» (1822). У арх. аздабленні будынкаў крэпасці выкарыстаны элементы стылю класіцызм (арх. А.Штаўберт). У Бабруйскай крэпасці распрацаваны Бабруйскі план дзекабрыстаў 1823. У лют. 1826 прапаршчык С.І.Трусаў спрабаваў узняць паўстанне раскватараванага тут Палтаўскага палка. Пасля задушэння дзекабрысцкага руху крэпасць ператворана ў катаржную турму. Пасля паражэння нац.-вызв. паўстання 1863—64 тут было зняволена каля 2 тыс. яго ўдзельнікаў. У рэв. 1905—07 у крэпасці размяшчаўся дысцыплінарны батальён, адбылося Бабруйскае выступленне салдатаў 1905. У час акупацыі Бабруйска польскімі войскамі (жн. 1919 — ліп. 1920) на тэр. крэпасці знаходзіўся лагер ваеннапалонных. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты ператварылі крэпасць у Бабруйскі лагер смерці. У чэрв. 1944 сав. войскі акружылі і знішчылі тут варожы гарнізон (гл.Бабруйская аперацыя 1944).
Літ.:
Ненадавец А.М. Крэпасць на Бярэзіне. Мн., 1993.
Бабруйская крэпасць у 1811. З карціны Б.Залескага.Адзін з фортаў Бабруйскай крэпасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКАЯ ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ А́РМІЯ (РВА),
агульная назва рус. антысав. («усходніх») фарміраванняў у складзе ўзбр. сіл нацысцкай Германіі, якія фарміраваліся ў 2-ю сусв. вайну з эмігрантаў, сав. перабежчыкаў, ваеннапалонных і насельніцтва акупіраваных раёнаў СССР. Назва ўжывалася з канца 1942, пасля апублікавання Смаленскага звароту Рускага к-та (старшыня — палонны сав.ген.-лейт. А.А.Уласаў) ад 27.12.1942. Да 1945 РВА — прапагандысцкая акцыя вермахта па вярбоўцы рус. «добраахвотнікаў» для ням. войск і асобных антысав. фарміраванняў. З лют. 1943 гэту работу праводзіў усх.батальён прапаганды асобага прызначэння, створаны ў прыгарадзе Берліна Дабендорф, дзе засн. курсы прапагандыстаў РВА, рэдакцыі яе газ. «Заря» і «Доброволец». У адпаведнасці з загадам нач.Ген. штаба сухап. войск ген.-палк. К.Цэйтцлера ад 29.4.1943 усе «добраахвотнікі» рус. нацыянальнасці пры ням. часцях і ў складзе асобных фарміраванняў утваралі (фармальна) РВА, аб чым фактычна сведчылі толькі іх нарукаўны знак з касым андрэеўскім крыжам і сіня-чырв. кукарда. З мая 1943 існавала сістэма воінскіх званняў РВА ад «добраахвотніка» да генерала. З 28.1.1945 РВА — асобныя ад вермахта ўзбр. сілы К-та вызвалення народаў Расіі (засн. 14.11.1944 у Празе) пад камандаваннем ген. Уласава. У крас. 1945 РВА (3 дывізіі, асобныя часці, каля 70 тыс.чал.) мела статус арміі саюзнай дзяржавы. Часткова была выкарыстана на фронце. У час Пражскага паўстання 1945 яе асобныя падраздзяленні 6—7 мая перайшлі на бок паўстанцаў. Пазней б.ч. вайскоўцаў РВА («уласаўцаў») узята ў палон сав. войскамі і іх саюзнікамі.
Літ.:
Солженицын А.И. Архипелаг ГУЛАГ, 1918—1956. Мн., 1990. Т. 1. С. 242—258;
Окороков А.В. Антисоветские воинские формирования в годы второй мировой войны. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙНІ́ЦКАЕ ПО́ЛЕ,
месца значных гіст. падзей каля в.Буйнічы Магілёўскага р-на. У час Налівайкі паўстання 1594—96 тут адбыўся бой паміж казацка-сял. атрадам С.Налівайкі і войскам ВКЛ. У снеж. 1595 атрад Налівайкі ўзяў штурмам Магілёў. Супраць яго сабрана 18-тыс. войска, якое ўзначаліў рэчыцкі староста М.Буйвід. Паўстанцы (больш за 2 тыс.чал.) на Буйніцкім полі абгарадзіліся радамі вазоў, утварыўшы т.зв. табар, і прынялі бой, цэлы дзень адбівалі атакі войска, нанеслі яму значныя страты. Вечарам з-за недахопу сіл паўстанцы адышлі на Быхаў.
У Вял.Айч. вайну Буйніцкае поле — месца жорсткіх баёў у час Магілёва абароны 1941. Ням. камандаванне, плануючы прарвацца ў Магілёў з ПдЗ (з боку Бабруйска), сканцэнтравала на гэтым напрамку 3-ю танк. дывізію і пях. часці. Ім процістаяла 172-я стралк. дывізія (ген.-м. М.Ц.Раманаў) і апалчэнцы. На Буйніцкім полі трымалі абарону 388-ы стралк. полк (палк. С.Ф.Куцепаў), 340-ы лёгкі артыл. полк (палк. І.С.Мазалаў) і батальённар. апалчэння (камісар П.Е.Цярэнцьеў). З 10 ліп. праціўнік вёў масіраваную бамбардзіроўку і артыл. абстрэл, 12 ліп.сав. артылерыя, апярэдзіўшы атаку праціўніка, агнём па скопішчы танкаў нанесла ворагу значныя страты. Праціўнік накіраваў на сав. пазіцыі праз Буйніцкае поле 170 танкаў. Бой працягваўся 14 гадзін, было знішчана 39 танкаў. Свае пазіцыі сав. войскі ўтрымлівалі да 22 ліпеня. На Буйніцкім полі 13—14 ліп. знаходзіўся карэспандэнт газ. «Известия» К.Сіманаў, які апісаў баі ў рамане «Жывыя і мёртвыя». Паводле завяшчання Сіманава яго прах развеяны над Буйніцкім полі. Тут пастаўлены помнік у гонар воінаў 388-га стралк. палка, мемарыяльны знак на ўшанаванне памяці Сіманава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ КАДЭ́ЦКІ КО́РПУС,
сярэдняя ваенна-навуч. ўстанова закрытага тыпу ў г. Полацк у 1835—1918. Засн. для падрыхтоўкі да вайск. службы дваранскіх дзяцей з Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай, Віленскай, Гродзенскай і Смаленскай губ. Размяшчаўся ў будынку, дзе раней знаходзіліся Полацкая езуіцкая акадэмія і Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча. Быў разлічаны на 400 навучэнцаў, прымаліся хлопчыкі ва ўзросце 9—11 гадоў. Складаўся з 4 рот (грэнадзёрская, неранжырная, 2 мушкецёрскія), якія ўтваралі батальён. Меў 2 падрыхтоўчыя і 4 агульныя класы, у 1857 уведзены 5-ы агульнаадук. клас і 2-гадовыя спец. класы, пасля заканчэння якіх кадэты атрымлівалі чын афіцэра. Выкладаліся: рус., франц. і ням. мовы, арыфметыка, алгебра, геаграфія, гісторыя, чыстапісанне, маляванне, чарчэнне, закон Божы; у спец. класах дадаткова — тактыка, артылерыя, ваен. гісторыя і фартыфікацыя. У 1859—63 спец. класы падрыхтавалі 172 афіцэры. У 1865 корпус рэарганізаваны ў ваен. гімназію, якая ў 1882 зноў пераўтворана ў кадэцкі корпус з 7-гадовым курсам навучання. У пач. 1-й сусв. вайны эвакуіраваны. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 рэарганізаваны ў гімназію ваен. ведамства. У 1919—20 на базе П.к.к. і інш. эвакуіраваных кадэцкіх карпусоў былі створаны Крымскі (у Арэандзе) і Феадасійскі кадэцкія карпусы. За час існавання П.к.к. падрыхтаваў больш за 3 тыс. афіцэраў. Сярод іх Д.Д.Бохан, браты Кірпічовы і Манцэвічы, Р.І.Кандраценка, Н.Н. і М.Н. Кайгародавы і інш.
Дьяков В.А. Деятели русского и польского освободительного движения в царской армии 1856—1865 гг.: (Биобиблиогр. словарь). М., 1965;
Лукашэвіч А.М. Арганізацыя вучэбнага працэсу ў кадэцкіх карпусах на тэрыторыі Беларусі ў 30-х — пачатку 50-х гг. XIX ст. // Весн. БДУ. Сер. 4. 1998. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
асо́бны, ‑ая, ‑ае.
1. Які вылучаны з шэрагу іншых, існуе асобна побач з іншымі. Але ў таленце асобнага чалавека скандэнсаваны вопыт многіх пакаленняў людзей.Адамовіч.// Некаторы, адзінкавы. [Маханько:] — Тое, што ў мінулым годзе было толькі на асобных участках, павінна перайсці на шырокія плошчы.Кулакоўскі.Чуваць былі асобныя словы, смех, паасобныя вясёлыя выкрыкі.Лынькоў.// Адасоблены ад іншых, спецыяльна прызначаны для чаго‑н.; адмысловы. Зося моўчкі пачала аглядаць: кухня і тры пакоі. І з кожнага ў кухню асобны ход.Чорны.// Своеасаблівы, адметны. Так, і праўда: непадобны Быў Сымонка да другіх: Гэта быў хлапчук асобны.Колас.Гэты быў нібы зусім асобны свет.Маўр.
2. Які з’яўляецца самастойнай тактычнай адзінкай, што не ўваходзіць у склад больш буйнага вайсковага злучэння. Асобны батальён. Асобная брыгада.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)