ДЭРМАТАГЛІ́ФІКА (ад дэрмата... + грэч. glyphō гравірую),
навука пра скурныя малюнкі далоней і падэшваў у чалавека і некат. малпаў. Тэрмін прапанаваны амер. вучонымі, афіцыйна зацверджаны ў 1926. Мае некалькі кірункаў. Этнічная Д. вывучае характар і прычыны зменлівасці скурных малюнкаў у розных рас і народаў, яе даныя шырока выкарыстоўваюць для праверкі гіпотэз па сістэматызацыі рас і паходжанні асобных народаў. Генетычны кірунак у Д. вывучае механізм перадачы па спадчыннасці папілярных (сасочкавых) малюнкаў, магчымасці выкарыстання іх як дыягнастычнага тэста пры спадчынных хваробах. Анатамічны кірунак вывучае сувязі скурных малюнкаў з сасудзістым пучком і нерв. адросткамі, а таксама ўзнікненне ў плода скурных малюнкаў (морфагенез). Даследаваннямі ўстаноўлена, што асн. віды малюнкаў — петлі, завіткі і дугі паяўляюцца на 17-м тыдні эмбрыянальнага развіцця, а ў 5-месячнага плода назіраецца ўстойлівы тып сігнальных барознаў і скурных малюнкаў, які на працягу далейшага жыцця не мяняецца, а пасля неглыбокіх раненняў аднаўляецца. У суд. медыцыне (дактыласкапія) скурныя малюнкі выкарыстоўваюць для ідэнтыфікацыі асобы.
Літ.:
Тегако Л.И. Дерматоглифика населения Белоруссии: Популяционные аспекты изменчивости. Мн., 1989.
Л.І.Цягака.
т. 6, с. 355
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ ПА АСУШЭ́ННІ БАЛО́Т.
Працавала ў 1873—98 пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага. Створана для вывучэння прыродна-кліматычных умоў Палесся, правядзення вышукальных работ, праектавання асушальнай меліярацыі і арганізацыі гідрамеліярац. буд-ва. Правяла пошукі і падрыхтавала ген. план асушэння балот Палесся (залаты медаль на сусв. выстаўцы ў Парыжы, 1878). У 1874 зацверджаны план асушэння балот на пл. каля 8,7 млн. га. За час работы экспедыцыі асушана каля 500 тыс. га балот (у асноўным казённыя дачы — землі памешчыкаў і чыноўнікаў, часткова землі сялян); пракладзена больш за 4,6 тыс. км каналаў асушальнага і лесатрансп. прызначэння. Даследавалася эфектыўнасць вырошчвання шматгадовых траў, бульбы, агародніны і збожжа на асушаных тарфяна-балотных глебах. Экспедыцыя арганізавала ў Пінску і в. Васілевічы (цяпер горад у Рэчыцкім р-не) метэастанцыі. Метэаназіранні вяліся таксама ў в. Дарашэвічы (Петрыкаўскі р-н) і на доследнай ферме «Бабічы» (Рэчыцкі р-н). На прытоках Прыпяці і З каналах пабудаваны 13 вадамерных пастоў. Экспедыцыя афіцыйна ліквідавана ў 1902.
Літ.:
Козловский П.Г. Мелиорация Полесья в досоветский период // Проблемы Полесья. 1978. Вып. 5.
т. 7, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНІ́ЖНЫЯ СТЫ́ЛІ,
функцыянальныя стылі літаратурнай мовы, звязаныя з пісьмовай формай выражэння і проціпастаўленыя размоўнаму стылю прыкметамі маналагічнасці, папярэдняй падрыхтаванасці, стандартызаванасці, разнастайнасці і складанасці моўных сродкаў. Сярод К.с. вылучаюць навуковы стыль, афіцыйна-дзелавы стыль, публіцыстычны стыль і стыль маст. л-ры (гл. Мастацкі стыль).
Станаўленне К.с. звязана з узнікненнем пісьменнасці. Напачатку яны існавалі пераважна ў пісьмовай форме. На сучасным этапе развіцця мовы з пашырэннем сродкаў масавай камунікацыі К.с. функцыянуюць і ў вуснай форме (лекцыі, даклады, радыё, тэлебачанне). Пры вуснай форме функцыянавання ў іх пранікаюць элементы размоўнага стылю, якія, аднак, не аказваюць істотнага ўплыву на структуру стылю, на яго моўныя сродкі; пры гэтым размоўны стыль адчувае на сабе ўздзеянне К.с. (напр., вусны навук. даклад амаль не адрозніваецца ад фіксацыі яго ў пісьмовай форме). Сістэму стыляў, моўныя нормы і спосабы ўжывання літ. мовы вывучае стылістыка.
Літ.:
Розенталь Д.Э. Практическая стилистика русского языка. 5 изд. М., 1987;
Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1992;
Современный русский язык. Ч. 3. 2 изд. Мн., 1998.
Л.А.Антанюк.
т. 8, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАРСЕЛЬЕ́ЗА»
(«Marseillaise»),
французская рэв. песня, дзярж. гімн Францыі. Словы і музыка напісаны ў час Французскай рэвалюцыі 1789—99 у крас. 1792 у г. Страсбур капітанам рэв. арміі К.Ж.Ружэ дэ Лілем. Першапачаткова называлася «Ваеннай песняй Рэйнскай арміі». У хуткім часе пашырылася ва ўсёй рэв. арміі, трапіла ў г. Марсель, адкуль прыйшла ў Парыж пад назвай «Марш марсельцаў» або «М.». З 1795 дзярж. гімн Францыі. Забаронена ў гады Рэстаўрацыі (1814—30) і Другой імперыі (1852—70). Пры Трэцяй рэспубліцы (1870—1940) «М.» зноў стала дзярж. гімнам Францыі: муз. тэкст афіцыйна ўстаноўлены ў 1887, з 14.7.1975 выконваецца ў новай муз. рэдакцыі. Як рэв. гімн «М.» з канца 18 — пач. 19 ст. набыла шырокую папулярнасць у многіх краінах свету. У Расіі з 1880—90-х г. у асяроддзі рэв. рабочых і інтэлігенцыі гучала песня «Рабочая марсельеза» на змененую мелодыю «М.» і верш П.Л.Лаўрова. Назва «М.» пашырылася і на інш. рэв. гімны. «Беларускай марсельезай» называлі папулярную песню на верш А.А.Мікульчыка «Ад веку мы спалі і нас разбудзілі...» (1905).
т. 10, с. 131
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЯРА́Т (позналац. majoratus ад лац. major большы, старэйшы) у цывільным праве, парадак атрымання ў спадчыну нерухомай маёмасці (найперш зямлі), паводле якога яна цалкам перадаецца старэйшаму ў сям’і або ў родзе без права продажу, здачы ў арэнду, дарэння, драблення. Меў на мэце захаванне буйных зямельных уладанняў ад драбнення.
Вядомы ў заканадаўствах стараж. Індыі, афінскім праве і інш.; у краінах Еўропы (Англіі, Францыі, Германіі і інш.) пашыраны з 11—13 ст. У Расіі ўпершыню ўведзены ў 1714 паводле ўказа Пятра I «аб адзінаспадчыннасці» (адменены ў 1730). У 1845 прынцыпы М. пашыраны ва «запаведныя» (атрыманыя ва ўзнагароду ад цара), а таксама на некаторыя родавыя і купленыя маёнткі. М. супярэчыў патрабаванням развіцця рыначнай эканомікі і ў 19 — пач. 20 ст. ў большасці краін скасаваны. Найдаўжэй захоўваўся ў Вялікабрытаніі як аснова лендлардызму.
На Беларусі афіцыйна зацверджаныя М. існавалі з 16 ст. (гл. Ардынацыя). У 19 ст. некат. канфіскаваныя маёнткі раздаваліся рас. урадам на правах М. выхадцам з Расіі дзеля ўмацавання рас. землеўладання ў краі, пры згасанні роду ў мужчынскай лініі зямля вярталася ў казну.
т. 10, с. 243
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРВЕ́ЖСКАЯ МО́ВА,
адна з германскіх моў (скандынаўская падгрупа); мова нарвежцаў. Пашырана ў Нарвегіі, ЗША. Канадзе. Афіц. мова Нарвегіі.
Мае зах. і ўсх. групы дыялектаў. Гісторыю Н.м. падзяляюць на 2 перыяды: стараж.-нарвежскі (з 9 ст.) і нованарвежскі (з 1525). З 1380 (пасля далучэння Нарвегіі да Даніі) пачала распаўсюджвацца дацкая пісьмовая мова, якая ў 16 ст. атрымала статус афіц. мовы. У выніку значнага ўплыву нарвежскага субстрату адбылося адасабленне дацка-нарвежскай літ. мовы, якая ў 19 ст. атрымала назву рыксмал. Другі варыянт літ. Н.м. — лансмал, створаны ў 19 ст. І.Осенам на аснове сінтэзу мясц. дыялектаў. У 1929 рыксмал і лансмал афіцыйна перайменаваны ў букмал і нюнорск. Найб. пашыраны букмал, блізкі па структуры да дацкай мовы. Асн. адрозненні букмала ад сучаснай дацкай мовы: муз. націск, частае выкарыстанне дыфтонгаў на месцы дацкіх манафтонгаў, глухія змычныя зычныя пасля галосных, сістэма трох родаў. Пісьменства на аснове лац. алфавіта. Найб. стараж. помнікі — рунічныя надпісы «эпохі вікінгаў» (гл. Руны і рунічныя алфавіты) і рукапісныя помнікі 2-й пал. 12 ст. (законы, легенды і інш.).
Літ.:
Якуб В.Л. Практический курс норвежского языка. М., 1966.
т. 11, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДКА́НЦЛЕР,
службовая асоба ў ВКЛ у 15—18 ст., намеснік канцлера. Замяшчаў канцлера ў кіраванні дзярж. канцылярыяй, вёў (як і канцлер) замежныя і ўнутр. справы, кіраваў працай пісараў і сакратароў у канцылярыі ВКЛ, быў хавальнікам малой дзярж. пячаткі. Паводле загаду вял. князя ВКЛ выдаваў асобам дзярж. дакументы за сваім подпісам і малой пячаткай. Першым вядомым П. быў кн. Б.Глінскі — П. вял. кн. Свідрыгайлы ў 1446. Афіцыйна як пастаянная пасада ўведзена ў ВКЛ 11.3.1566 у сувязі з пашырэннем справаводства ў велікакняжацкай канцылярыі і неабходнасцю знаходжання канцлера ў сталіцы для зацвярджэння найважнейшых дзярж. дакументаў. На яе быў прызначаны А.Б.Валовіч. Канцлер або П. суправаджалі вял. князя ў інш. гарады і мясцовасці або за мяжу, каб зацвярджаць дзярж. дакументы. П. прымалі ўдзел у падрыхтоўцы дзярж. законапраектаў і іх канчатковым рэдагаванні, кіравалі камісіяй па падрыхтоўцы Статута ВКЛ 1588. На пасаду П. прызначаліся буйныя феадалы, якія спалучалі з ёй інш. дзярж. пасады, мелі адукацыю і практычны вопыт дзярж., суд. ці канцылярскай службаў. З 16 ст. П. быў хавальнікам дзярж. архіўных актаў — Метрыкі Вялікага княства Літоўскага.
А.П.Грыцкевіч.
т. 11, с. 499
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАГА МА́Я,
міжнароднае свята салідарнасці працоўных, дзень іх барацьбы за свае сац., эканам. і паліт. правы, за мір і сяброўства паміж народамі. Устаноўлена ў ліп. 1889 парыжскім кангрэсам Інтэрнацыянала 2-га ў памяць аб жорстка задушаных уладамі выступленнях (1—4.5.1886) рабочых г. Чыкага (ЗША), якія патрабавалі ўвядзення 8-гадзіннага рабочага дня. Упершыню адзначалася ў 1890 ў Германіі, Даніі, ЗША і інш. краінах. У Расіі ўпершыню адзначана ў 1891 (С.-Пецярбург), на Беларусі — у 1895 на тайным сходзе 40 рабочых Мінска. З пач. 20 ст. пад уплывам рэв. партый святкаванне П.м. палітызавалася і адзначалася ў форме забастовак, стачак, мітынгаў і дэманстрацый. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 адбылося першае ў гісторыі Расіі і Беларусі легальнае святкаванне Першамая. З 1918 у Расіі, пазней у СССР і інш. сацыяліст. краінах П.м. адзначалася як дзярж. свята, закліканае ўслаўляць афіцыйна абвешчаную перамогу працоўных над капіталіст. эксплуататарамі. У некат. краінах СНД адзначаецца як выхадны дзень, пазбаўлены ідэалагічнага значэння (Свята працы, Свята вясны і працы і інш.). У Рэспубліцы Беларусь П.м. — дзярж. Свята працы.
Літ.:
Почебут Г.А. Первомай. Л., 1961.
т. 12, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАПРА́ЎЕ ГРАМАДЗЯ́Н,
адзін з асноватворных прынцыпаў канстытуцыяналізму і дэмакратыі, які азначае афіцыйна прызнаную роўнасць грамадзян перад дзяржавай, законам, судом. Р.г. — гэта роўнасць правоў, свабод і абавязкаў грамадзян адной дзяржавы незалежна ад полу, расы, нацыянальнасці, мовы, паходжання, маёмаснага і службовага становішча, месца жыхарства, адносін да рэлігіі, перакананняў, прыналежнасці да грамадскіх аб’яднанняў і інш. Прынцып Р.г. устаноўлены ў эпоху бурж. рэвалюцый, змяніў саслоўныя адносіны ў феад. грамадстве. Канстытуцыйная дактрына сучасных дзяржаў прызнае магчымасць існавання некаторых адрозненняў у правах і абавязках грамадзян, якія маюць натуральны характар: напр., абавязак праходзіць ваен. службу ў большасці дзяржаў свету ўскладаецца толькі на грамадзян мужчынскага полу; асобыя канстытуц. правы з 2-й пал. 20 ст. сталі замацоўвацца за інвалідамі, дзецьмі, прадстаўнікамі нешматлікіх карэнных народаў і да т.п. У шэрагу дзяржаў прыроджаныя грамадзяне валодаюць больш шырокімі правамі, чым натуралізаваныя. Напр., у Беларусі, ЗША, Эстоніі, на Філіпінах прэзідэнтам дзяржавы можа быць толькі грамадзянін па нараджэнні; у Румыніі і Эстоніі натуралізаваныя грамадзяне, у адрозненне ад грамадзян па нараджэнні, могуць быць у шэрагу выпадкаў пазбаўлены грамадзянства. Р.г. замацавана ў раздз. II Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Г.А.Маслыка.
т. 13, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГО́ЛЬСКАЯ НАЦЫЯНА́ЛЬНА-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1921,
нацыянальна-вызв. рэвалюцыя ў Манголіі за аднаўленне нац. дзяржаўнасці і паскарэнне развіцця манг. грамадства. У 1919 кіт. войскі ген. Сюй Шучжэна занялі Манголію Знешнюю і ўстанавілі там жорсткі акупац. рэжым. У гэтых умовах манг. патрыёты (прадстаўнікі інтэлігенцыі, духавенства, арыстакратыі, пастухоў-аратаў) стварылі ў г. Урга 2 падп. гурткі, якія ў чэрв. 1920 аб’ядналіся ў Манг. нар. партыю (МНП, з 1925 Манг. нар.-рэв. партыя). У сярэдзіне 1920 МНП накіравала ў Маскву дэлегацыю ў складзе Д.Бода, С.Данзана, Д.Сухэ-Батара і інш. па дапамогу ад РСФСР. Зачэпкай для ўмяшання Сав. Расіі ў справы Манголіі паслужыла ўварванне сюды восенню 1920 рус. белагвардзейскай дывізіі ген. Р.Ф.Унгерна фон Штэрнберга, якая 4.2.1921 заняла Ургу і да крас. выгнала кіт. войскі са Знешняй Манголіі. Унгерн афіцыйна абвясціў незалежнасць краіны і аднавіў уладу богда-гэгэна (кіраўніка ламаісцкай царквы, з 1911 свецкага і духоўнага правіцеля манг. дзяржавы), фактычна ж стаў правіць сам і сваім тэрарыст. рэжымам хутка выклікаў нянавісць насельніцтва. 1—3.3.1921 у г. Кяхта (Расія) адбыўся 1-ы з’езд МНП, на якім старшынёй партыі выбраны Данзан. 13.3.1921 утвораны Часовы нар. ўрад на чале з Бода. Пачалося фарміраванне Манг. нар.-рэв. арміі (МНРА, галоўнакамандуючы — Сухэ-Батар). Пасля звароту Часовага нар. ўрада ў чэрв. 1921 урад Сав. Расіі накіраваў на дапамогу манг. рэвалюцыянерам экспедыцыйны корпус войск Чырв. Арміі пад камандаваннем К.А.Неймана, які сумесна з МНРА вызваліў 6.7.1921 Ургу і да жн. ліквідаваў атрады Унгерна. 10.7.1921 ва Урзе створаны Нар. ўрад на чале з Бода. Паводле дагавора з богда-гэгэнам (ліст. 1921) Нар. ўрад пакінуў за ім пасаду намінальнага кіраўніка дзяржавы і засяродзіў у сваіх руках рэальную ўладу. У працэсе выбару шляхоў далейшага развіцця ў кіраўніцтве МНП разгарнулася жорсткая барацьба, на якую аказвалі моцны ўплыў прадстаўнікі сав. кіраўніцтва. У 1922 ад улады адхілены і пакараны смерцю Бода, у 1924 — Данзан (пасля смерці ў лют. 1923 Сухэ-Батара таксама каманд. МНРА). У выніку перамаглі прыхільнікі прасав. лініі. У 1921—24 у М. праведзена нацыяналізацыя зямлі, ліквідавана прыгонніцтва, адменены феад. званні і прывілеі, анулявана запазычанасць працоўных купцам і ліхвярам, рэфармавана мясц. самакіраванне. 3-і з’езд МНП (жн. 1924) афіцыйна прыняў курс на некапіталіст. развіццё краіны. 26.11.1924 (пасля смерці богда-гэгэна) абвешчана Манг. Нар. Рэспубліка.
Літ.:
Рощин С. Они возглавили революцию // Азия и Африка сегодня. 1995. № 9;
Грайворонский В. Исторический выбор // Там жа. 1996. № 7.
В.У.Адзярыха.
т. 10, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)