МА́НЕРГЕЙМ ((Mannerheim) Карл Густаў Эміль) (16.6.1867, Вільняс, каля г. Турку, Фінляндыя — 28.1.1951),
фінскі дзярж. і ваен. дзеяч. Маршал Фінляндыі (1933), барон. Скончыў Гельсінгфорскі ун-т (1887) і Мікалаеўскае кав. вучылішча (Пецярбург). У 1889—1917 на службе ў рас. арміі, ген.-лейт. (1917). Удзельнікрус.-яп. і 1-й сусв. войнаў. У снеж. 1918 — ліп. 1919 рэгент Фінляндыі. З 1931 старшыня Савета абароны краіны, намагаўся ўзмацніць абарончую моц Фінляндыі, у т. л. з дапамогай фартыфікацыйных збудаванняў і загарод (гл.«Манергейма лінія»). З 1939 галоўнакамандуючы фін. арміяй, дзеяннямі якой кіраваў у савецка-фінляндскую вайну 1939—40, а таксама ў 1941—44 у 2-ю сусв. вайну як саюзнік фаш. Германіі. У 1944—46 прэзідэнт Фінляндыі. У вер. 1944 прыняў рашэнне аб выхадзе краіны з Берлінскага пакта 1940 і з вайны. Аўтар кн. «Праз Азію з Захаду на Усход» (1940), мемуараў (1951).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ЛЕР (Саламон Танхелевіч) (22.12.1889, г. Кнышын Падляскага ваяв., Польшча — 1.9.1937),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. У рэвалюцыю 1905—07 камандзір атрада самаабароны ў Беластоку, потым у арміі. У 1910 арыштаваны за арганізацыю салдацкага бунту. З турмы ўцёк, эмігрыраваў у ЗША, дзе ўдзельнічаў у левым прафс. руху. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Чырв. гвардыі, потым у Чырв. Арміі. З 1919 чл. РКП(б), заг. секцыі па рабоце сярод яўр. насельніцтва Смаленскага гаркома РКП(б). З 1921 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі, сакратар Беластоцкага акруговага к-та КПРП. Удзельнік 6-га кангрэса Камінтэрна. З 1923 чл.ЦК, з 1926 чл. Бюро ЦККПЗБ. У 1932—33 узначальваў Краявы сакратарыят ЦККПЗБ. З 1933 на парт. рабоце ў БССР, з 1936 — у Омскай вобл. Аўтар брашуры «Першыя гады Кампартыі Заходняй Беларусі» (1935, пад псеўд. І.Р.Валевіч). Скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЬТЫЯ́Д (Miltiadēs; каля 550—489 да н.э.),
старажытнагрэчаскі дзярж. дзеяч, палкаводзец. Са знатнага афінскага роду Філаідаў. Бацька Кімана. Паміж 523—513 да н.э. сасланы тыранам Гіпіем на Херсанес Фракійскі, дзе атрымаў у спадчыну ўладу свайго брата Стэсагора і стаў тыранам. Удзельнік паходу супраць скіфаў (514—513 да н.э.). Падпарадкаваў Афінам Лемнас і інш. Кікладскія а-вы. Падтрымліваў грэч. гарады М. Азіі ў час іх паўстання супраць Персіі (500—494 да н.э.). Пасля задушэння паўстання гарадоў уцёк у Афіны, дзе прыцягваўся да суда як б. тыран, але быў апраўданы. У 490 да н.э. выбраны адным са стратэгаў і ўзначаліў грэч. войска ў час Марафонскай бітвы, у якой атрымаў перамогу. У 489 да н.э. ўдзельнічаў у экспедыцыі супраць астравоў, што адасобіліся ад Афін; за няўдалыя ваен. дзеянні на в-ве Парас прыгавораны да грашовага штрафу, які перавышаў яго маёмасць. Памёр у турме; паводле інш. звестак, памёр раней ад ран.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НА (Mina) Старэйшы, Эспас-і-Міна (Espoz y Mina) Франсіска (17.6.1781, Ідосін, Іспанія — 13.12.1836), іспанскі паліт. і ваен. дзеяч, удзельнікІспанскіх рэвалюцый 19 стагоддзя. Генерал (1813). У рэвалюцыю 1808—14 адзін з кіраўнікоў партыз. руху (герыльі) супраць агрэсіі напалеонаўскай Францыі. У вер. 1814, пасля рэстаўрацыі ў Іспаніі абсалютызму, разам з пляменнікам ген. Ф.Х.Мінай Малодшым, узняў паўстанне ў г. Памплона з мэтай аднавіць дзеянне Кадыскай канстытуцыі 1812, але пацярпеў паражэнне і ўцёк у Францыю. У рэвалюцыю 1820—23 кіраваў барацьбой з контррэв. мяцяжом у Каталоніі і супраціўленнем франц. інтэрвенцыі (1823). Пасля паражэння рэвалюцыі зноў у эміграцыі. У 1830—32 спрабаваў узняць антыабсалютысцкія паўстанні на Пн Іспаніі. У рэвалюцыю 1834—43 на чале Паўн.ісп. арміі змагаўся з карлістамі, камандаваў войскамі ў Каталоніі (з 1835). У 1836, незадоўга да смерці, выступіў супраць рэгенткі Марыі Крысціны і абвясціў асн. законам Іспаніі канстытуцыю 1812.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЭ́ХЭН ((Mahan) Альфрэд Таер) (27.9.1840, г. Уэст-Пойнт, штат Нью-Йорк, ЗША — 1.12.1914),
амерыканскі ваен.марскі тэарэтык і гісторык. Контр-адмірал (1906). Скончыў ваен.-марскую акадэмію ЗША (1859). Удзельнікграмадз. вайны 1861—65 на баку федэральных сіл (паўночнікаў). У 1886—89 і 1892—93 прэзідэнт ваен.-марскога каледжа ў г. Ньюпарт. З 1893 камандаваў крэйсерам, з 1896 у адстаўцы. У час ісп.-амер. вайны 1898 чл. Марскога к-та па стратэгіі. У 1899 член амер. дэлегацыі на 1-й Гаагскай канферэнцыі (гл.Гаагскія канвенцыі). У сваіх творах, у т. л. «Уплыў марской магутнасці на гісторыю, 1660—1783» (1890), «Марская моц у яе адносінах да вайны 1812» (т. 1—2, 1905), даказваў вырашальнае значэнне перавышаючай марской магутнасці ў сусв.-паліт. канфліктах новага часу, выказваўся за ўзмацненне марскіх узбраенняў ЗША і набыццё імі ваен.-марскіх баз. Тэорыя М. значна паўплывала на знешнюю палітыку і стратэгію ЗША, Германіі, Вялікабрытаніі і Японіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДЗВЕ́ДЗЬ (Піліп Дзям’янавіч) (1890, в. Масева Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 27.11.1937),
дзяржаўны дзеяч БССР. Вучыўся ў Баршаўскім тэхн. вучылішчы. З 1905 працаваў у Варшаве, Маскве, вучыўся на камандзірскіх курсах у Лефортаве, служыў ваен. камісарам аднаго з раёнаў г. Масквы. З 1918 у органах дзяржбяспекі: чл. Кантрольнай калегіі ВЧК, нач. асобага аддзела ВЧК на Зах. фронце і інш. У 1924—25 старшыня Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення БССР і адначасова паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНКСССР па Зах. краі. Удзельнік аперацыі па арышце ў Мінску Б.В.Савінкава. З 1926 паўнамоцны прадстаўнік АДПУ па Далёкаўсх. краі, АДПУСССР у Ленінградскай ваен. акрузе і Ленінградскай вобл. З 1934 нач. упраўлення НКУССССР па Ленінградскай вобл. У снеж. 1934 арыштаваны і зняволены на 3 гады «за злачынна-халатныя адносіны да службовых абавязкаў», якія прывялі да гібелі С.М.Кірава. 27.11.1937 паўторна асуджаны і пакараны смерцю. Рэабілітаваны ў 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦЕ́ХІН (Аляксей Анціпавіч) (13.7. 1829, г. Кінешма Іванаўскай вобл., Расія — 29.10.1908),
рускі драматург, празаік. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1900). Скончыў Яраслаўскі Дзямідаўскі ліцэй (1849). Удзельнікліт.-этнагр. экспедыцыі 1856. У 1880-я г. займаўся тэатр. рэформамі, у 1882—90 кіраваў драм. трупамі Пецярбурга і Масквы. Друкаваўся з 1851. У «мужыцкіх» драмах «Суд людскі — не божы», «Шуба авечая — душа чалавечая» (абедзве 1854), «Чужое дабро не на карысць» (1855), рамане «Сялянка» (1853) ідэалізацыя патрыярхальнасці рус. вёскі, фалькл. і этнагр. матывы. Спроба аб’яднаць сац. і этычную праблематыку, паказаць грамадскія праблемы праз прызму маральных патрабаванняў у п’есах «Мішура» (1858), «Вакантнае месца» (паст. 1880), «Адрэзаны кусок» (1865; усе забараняліся цэнзурай) і інш. У аповесцях і апавяданнях 1870—80-х г. крытычнае стаўленне да сялянскай абшчыны. Аўтар раманаў «Крушынскі» (1856), «Каля грошай» (1876), «Маладыя парасткі» (1879), цыкла нарысаў «Вясковыя міраеды» (1880), тэатр. рэцэнзій і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАШКЕ́ВІЧ ((Paszkiewicz) Генрык) (10.3. 1897, г. Лодзь, Польшча — 8.12.1979),
польскі гісторык. Чл.-кар. Польскай АН у Кракаве (1945), д-р габілітаваны (1927), праф. надзвычайны (1939). Вучыўся ў Варшаўскім ун-це, з 1928 выкладаў у ім, адначасова ў 1934—39 выкладчык, пасля заг. кафедры сярэдневяковай гісторыі Вольнага польскага ун-та ў Варшаве. УдзельнікПольскай кампаніі 1939, да 1945 вязень канцлагера Мурнаў. З 1948 у эміграцыі ў Вялікабрытаніі. У 1948—69 узначальваў кафедру сярэдневяковай гісторыі Польскага ун-та ў замежжы. Працы па гісторыі ВКЛ, палітыцы Польшчы ў адносінах да Літвы, Беларусі, Украіны і Расіі перыяду феадалізму: «Руская палітыка Казіміра Вялікага» (1925), «Ягелоны і Масква. Т. 1. Літва і Масква ў XIII і XIV ст.» (1933), «Утварэнне рускай нацыі» (1963) і інш. Склаў на лац. мове і выдаў «Рэгесты крыніц да гісторыі Літвы са старажытных часоў да уніі з Польшчай. Т. 1. Да 1315 г.» (1930).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯКА́РСКІ (Эдуард Карлавіч) (25.10.1858, в. Пятровічы Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. —29.6.1934),
расійскі этнограф, географ, мовазнавец, фалькларыст. Чл.-кар. (1927), ганаровы акад. (1931) АНСССР. Вучыўся ў Мінскай, Мазырскай і Чарнігаўскай гімназіях, Харкаўскім вет. ін-це (1877—88). За ўдзел у народніцкім руху арыштаваны (1879) і сасланы ў Якуцію. Удзельнік экспедыцый Усх.-Сібірскага аддзялення Рус.геагр.т-ва (РГТ, 1894—96) і Аяна-Нельканскай (1903). З 1905 працаваў у музеях Пецярбурга, з 1911 у Музеі антрапалогіі і этнаграфіі Рас.АН, з 1914 сакратар этнагр. аддзела РГТ, у апошнія гады жыцця ў у Ін-це усходазнаўства АНСССР. Аўтар артыкулаў па геаграфіі, этнаграфіі, лінгвістыцы і фальклору якутаў і тунгусаў. Асн. праца — «Слоўнік якуцкай мовы» (вып. 1—13, 1907—30; у сааўт.).
Літ.:
Э.К.Пекарский: (К 100 летию со дня рождения). Якутск, 1958;
Грыцкевіч В. Эдуард Пякарскі: Біягр. нарыс. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЯ́Н ПАТРЫКЕ́ЕЎКасы
(свецкае імя кн.Патрыкееў Васіль Іванавіч, каля 1470 — пасля 1531),
расійскі царк. і паліт. дзеяч, публіцыст. Прамы нашчадак Гедзіміна (па бацьку) і Васіля I Дзмітрыевіча (па маці). Удзельніквайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1492—94, перагавораў аб міры. У рус.-швед. вайну 1495—99 ваявода, узначальваў паход на Выбарг (1496). За ўдзел у дынастычнай барацьбе на баку Дзмітрыя (унука Івана III) сасланы вял.кн. Васілём III Іванавічам у Кірыла-Белазерскі манастыр і прымусова пастрыжаны ў манахі (1499). Пасля смерці Ніла Сорскага (1508) кіраўнік несцяжацеляў. Вернуты са ссылкі каля 1509. Саветнік Васіля III. На царк. саборы 1531 асуджаны і абвінавачаны ў ерасі. Сасланы ў Іосіфа-Валакаламскі манастыр, дзе і памёр. Аўтар 5 твораў («Збор нейкага старца», «Адказ кіраўскіх старцаў» і інш.), у якіх выступаў супраць манастырскага землеўладання, за дараванне віны ерэтыкам, што пакаяліся, і інш.
Літ.:
Казакова Н.А. Вассиан Патрикеев и его сочинения. М.; Л., 1960.