Звяно́ ’састаўная частка’. Рус. звено́ ’тс’, н.-луж. zwěno//zẃeno ’вобад (кола)’, в.-луж. zwjeno ’тс’, палаб. zvenü ’тс’, балг. звено (< рус.) ’частка ланцуга’, ’група супрацоўнікаў’. Ст.-рус. звено ’частка’ (XVI ст.). Параўн. звенякі́, званке́ ’частка кола’ (Сл. паўн.-зах.). Паводле Даля (1, 672), суадносіцца з звінець (гл.), гэта развіў Аткупшчыкоў (ЭИРЯ, 5, 81–83), які прапануе zven‑n‑ja ’назва звякаючых прыкрас’ (чаму лепш можна суадносіць не з звінець, а з звяк(аць)?). Іншыя этымалогіі малаверагодныя. Шанскі, 2, З, 77–38; Фасмер, 2, 86–87. Гл. звякаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АРЫСТАКРА́ТЫЯ (грэчаскае aristokratia літаральна ўлада найлепшых),

1) форма дзяржаўнага кіравання, пры якой вярхоўная ўлада належыць вышэйшым прывілеяваным класам; процістаіць манархіі і дэмакратыі. У антычнай палітычнай тэорыі праўленне арыстакратыі лічылася найбольш кампетэнтным і бескарыслівым (у адрозненне ад тымакратыі, праўлення карыслівых людзей), блізкім да ідэальнага. Гэтая канцэпцыя развіта ў працах Піфагора і прадстаўнікоў яго школы, Платона, Арыстоцеля і іншых. У старажытнасці арыстакратычнымі рэспублікамі былі Спарта, Рым (6—1 стагоддзі да нашай эры), Карфаген; у сярэдневяковай Еўропе — Венецыя, Пскоўская і Наўгародская феадальныя рэспублікі і іншыя.

2) Замкнутая грамадская група, якая займае вышэйшае становішча ў грамадстве; прыналежнасць да яе вызначаецца паходжаннем і спадчыннасцю (радавая арыстакратыя). Існуе таксама паняцце пра арыстакратыю духоўную або інтэлектуальную.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 2, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЕЦІ́НСКАЯ МО́ВА,

адна з іранскіх моў (усх. група); мова асецінаў. Пашырана ў Асеціі, на тэр. Цэнтр. Каўказа, у некаторых раёнах Грузіі і Паўд. Каўказа. Паходзіць ад моў качэўнікаў Паўн. Прычарнамор’я (скіфаў, сарматаў, аланаў і інш.). На асецінскую мову моцны ўплыў (асабліва ў фанетыцы і лексіцы) зрабілі каўказскія мовы. Мае 2 асн. дыялекты: іронскі (аснова літ. мовы) і дыгорскі.

Фаналагічная сістэма характарызуецца 7 галоснымі (моцнымі і слабымі) і 28 зычнымі, у т. л. змычна-гартаннымі гукамі. Граматычны лад аглюцінатыўны (у скланенні) і флектыўны (у спражэнні). Граматычнага роду няма. Першы пісьмовы помнік (грэч. Літары) — Зелянчукскі надпіс (941). У 1844 А.​М.​Шагрэн стварыў алфавіт на аснове кірыліцы, з 1923 пісьменства на аснове лац., з 1938 — рус. графікі.

т. 2, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРУ́НЫ,

вёска ў Беларусі, у Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Баруны». За 21 км на ПдУ ад Ашмян, 222 км ад Гродна, 20 км ад чыг. ст. Багданаў. 524 ж., 178 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі, касцёл.

У мінулым мястэчка Ашмянскага пав., адзін з цэнтраў уніяцтва. У 18 ст. ў Барунах пабудаваны Барунскі манастыр базыльян, пры якім у 1793 адкрыта школа. З 1795 у Рас. імперыі. У 1905 — 229 ж., 294 дзес. зямлі. Дзейнічала Барунская настаўніцкая семінарыя. З 1922 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, дзейнічала антыфаш. група. Летам 1944 спалены.

т. 2, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ (БНА) у Канадзе, бел. грамадская культ.-асв. арг-цыя. Узнікла ў 1952 у выніку расколу Згуртавання беларусаў Канады. У 1953 з царквой імя св. Ефрасінні Полацкай стварыла ў Таронта рэліг. і грамадскі асяродак. Працавала нядзельная школа (1953), Бел. страхавое т-ва «Пагоня» (1954), танц. група. БНА — арганізатар і ўдзельнік сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі (Таронта, 1956 і 1960; Саўт-Рывер, 1958; Нью-Йорк, 1966), удзельнічае ў міжнар. і этнічных фестывалях і канцэртах. У 1960 было адным з заснавальнікаў Каардынацыйнага к-та беларусаў Канады. З 1969 саўладальнік бел. Цэнтра адпачынку «Слуцак». Выдае газ. «Беларускі голас».

Літ.:

Sadouski I.A. A history of the Byelorussians in Canada. Belleville, 1981.

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ЗАПРАЖНЫ́ КОНЬ,

пародная група коней універсальнага выкарыстання. Выведзена ў зах. абласцях Беларусі ў 19—20 ст. скрыжаваннем мясц. коней ляснога тыпу з ардэнскай, шведскай, гудбрандсдальскай і інш. пародамі. За апошнія дзесяцігоддзі чыстапароднай гадоўлі выведзена 6 ліній, 13 сямействаў, створаны селекцыйныя масівы і племянныя гаспадаркі. Вядучыя гаспадаркі — конныя заводы ў Баранавіцкім і Лідскім, племзаводы ў Карэліцкім і Ляхавіцкім р-нах. Беларускі запражны конь — асн. паляпшальнік рабочакарыстальнай прадукцыйнай конегадоўлі ў рэспубліцы, экспартуецца, выкарыстоўваецца для прагулак, турызму, верхавога адпачынку.

Коні вынослівыя, даўгавечныя, непераборлівыя, спакойныя. Масць: буланая, рыжая, гнядая, вараная, мышастая. Выш. ў карку элітных жывёл 154—156 см; 2 км крокам з 3-тонным грузам праходзіць за 14—16 мінут.

М.​А.​Гарбукоў.

Беларускі запражны конь.

т. 2, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́СМАРКА АРХІПЕЛА́Г (Bismark Archipelago),

Новая Брытанія, група астравоў на З Ціхага ак., у Меланезіі, тэр. Папуа—Новай Гвінеі. Нас. 347 тыс. (1987). Пл. каля 50,5 тыс. км². Складаецца з 2 вял. а-воў Новая Брытанія і Новая Ірландыя, а-воў Адміралцейства і шэрагу дробных каралавых. Буйныя астравы гарыстыя (выш. да 2300 м), штат вулканаў, ёсць дзеючыя (Улавун). Частыя землетрасенні. Вільготныя трапічныя лясы. Плантацыі какосавай пальмы, бананаў, цукр. трыснягу. Рыбалоўства. Гал. горад — Рабаул (на в-ве Новая Брытанія). Адкрыты ў 1616 галандцамі В.​Схаўтэнам і Я.​Лемерам. Анексіраваны Германіяй (1884), падмандатная тэр. Аўстраліі (1920), захоплены Японіяй у 2-ю сусв. вайну; частка тэр. Новай Гвінеі, падмандатнай ААН да 1975. Названы ў гонар О.Бісмарка.

т. 3, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНСА́МБЛЬ ПЕ́СНІ І ТА́НЦА,

вялікі выканальніцкі калектыў, які складаецца з вакальнай, харэаграфічнай і аркестравай груп і аб’ядноўвае ў выступленнях розныя віды і жанры муз. і харэагр. мастацтва. Група нумароў часта ўтварае тэматычную вак.-харэагр. кампазіцыю, звычайна з элементамі тэатралізацыі. Вядзе гісторыю ад Ансамбля песні і танца Расійскай Арміі імя А.​В.​Аляксандрава (з 1928), набыў папулярнасць у многіх краінах («Мазоўша» і «Шлёнск» у Польшчы; «Слук» у Чэхіі; «Кола» ў Югаславіі і інш.). На Беларусі вядомы: Ансамбль беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі, Бел. ансамбль песні і танца пад кіраўніцтвам Р.​Шырмы (гл. Дзяржаўны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь), Ансамбль песні і танца Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, ансамбль «Белыя росы», шматлікія самадзейныя калектывы.

т. 1, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНСА́МБЛЬ ПЕ́СНІ І ТА́НЦА УЗБРО́ЕНЫХ СІЛ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.

Існуе з 1938, да 1992 наз. Ансамбль песні і танца Бел. ваен. акругі. Арганізатар і першы маст. кіраўнік А.Усачоў. З 1949 базіруецца ў Мінску. У складзе ансамбля мужчынскі хор, танц. група і эстрадна-сімф. аркестр. Маст. кіраўнік і гал. дырыжор У.​Ермалаеў (з 1994), гал. хормайстар Б.Кір’янаў, сярод салістаў А.Кузняцоў, У.Яскевіч і інш.

У рэпертуары ваен.-патрыят. творы, рус. і зарубежная класіка, сучасная эстрадная музыка, бел., рус. і ўкр. нар. песні і танцы, творы бел. кампазітараў, вак.-харэагр. кампазіцыі. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі 1978. Гастраліраваў у Францыі, Германіі, Польшчы і інш.

«Траецкая кадрыля» ў выкананні Ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

т. 1, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯГО́МЛЬСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў ліп. 1941 — вер. 1942 на тэр. Бягомльскага р-на Мінскай вобл. Мела 2 групы (каля 20 чал.): маладзёжную ў в. Нябышына (кіраўнік А.​Ф.​Фрол) і групу ў г.п. Бягомль (арганізавана ў жн. 1941, кіраўнік Я.​А.​Шаўцоў). Падпольшчыкі мелі сувязь з партызанамі, для якіх збіралі і перадавалі зброю, боепрыпасы, разведданыя, харчы, здабывалі бланкі дакументаў, удзельнічалі ў сумесных баявых аперацыях, запісвалі і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро. У маі 1942 фашыстамі была раскрыта група ў Бягомлі, многія падпольшчыкі пакараны смерцю. У вер. 1942 палова нябышынскай групы пайшла ў партызаны, астатнія былі сувязнымі партыз. брыгады «Жалязняк» да вызвалення раёна ад ням.-фаш. захопнікаў.

т. 3, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)