жанр эпісталярнай літаратуры; медытацыя, напісаная ў форме звароту да пэўнай асобы ці некалькіх асоб, нярэдка маналагічная прамова-развага або адкрыты ліст да каго-небудзь. Вытокі бел. П. — у творах эпохі Адраджэння і барока: вершаваныя і празаічныя П.-прысвячэнні Міколы Гусоўскага, лісты С.Рысінскага, «Ліст да Абуховіча», некаторыя творы палемічнай літаратуры і інш. З 19 ст. стала амаль выключна здабыткам паэзіі («Да мілых мужычкоў» Я.Чачота, «Уставайма, братцы» В.Каратынскага, «Не цурайся» Ф.Багушэвіча). У пач. 20 ст. пашырылася тэматыка П. (гучалі сац. і нац.-вызв. матывы, грамадз. пафас), удасканалілася маст. форма. Да П. часта звяртаўся Я.Купала, у творчасці якога прадстаўлены ўсе яго разнавіднасці: сац.-паліт. («Апекунам»), грамадз.-патрыят. («Беларускім партызанам»), літ. («Прывет, вам...»), сатыр. («Слугам алтарным»), інтымна-лірычныя («Да дзяўчынкі»), П.-інвектывы («Гэй, капайце, далакопы») і г.д. У Вял.Айч. вайну з’явіліся экспрэсіўныя, высокапаэт. П. да воінаў-франтавікоў, бел. партызан, роднай краіны, асобных народаў, гарадоў-герояў, сваякоў і сяброў і інш. Жанр П. займае важнае месца і ў сучаснай паэзіі. Яму ўласцівы патрыят. запал, спалучэнне інтымных матываў з грамадзянскімі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ША, выпас,
зямельныя ўгоддзі, травастой якіх выкарыстоўваецца для выпасу жывёлы; адна з асн. крыніц высокапрадукц. і таннага корму для с.-г. жывёл.
Адрозніваюць П. прыродную (натуральную) і сеяную (палепшаную, ці штучную). У расл. покрыве натуральнай П. пераважаюць дзікарослыя злакавыя травы, асокі і разнатраўе. Палепшаную П. ствараюць шляхам спец. сяўбы бабова-злакавых ці злакавых пашавых травасумесей. Звычайна П. займае сухадольныя ці нізінныя месцы. участкі поймавых лугоў і неасвоеных нізінных балот з натуральным травастоем. Прадукцыйнасць прыроднай П. нізкая (у 3—5 разоў ніжэй за сеяную), павышаюць яе асушэннем, культуртэхнічнымі работамі і інш. аграмеліярац. мерапрыемствамі; вапнаваннем, выкарыстаннем угнаенняў, падкошваннем, падсевам траў, арашэннем, аховай ад перавыпасу.
На Беларусі пад П. занята 1,7 млн.га, з іх палепшанай 1,1 млн.га, асушанай 0,78 млн.га. Прыродныя ўмовы і біякліматычны патэнцыял краіны спрыяюць стварэнню высокапрадукцыйнай П. практычна ва ўсіх рэгіёнах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНЫ МАНІТО́РЫНГ,
сістэма доўгачасовых пастаянных назіранняў, якая дае інфармацыю аб радыеактыўным забруджванні прыроднага асяроддзя для ацэнкі яго сучаснага стану і прагнозу змен у будучым. Асн. аб’екты Р.м. — атм. паветра, паверхневыя і падземныя воды, глебы (у т. л.с.-г. і лясныя ўгоддзі), лясная расліннасць. На Беларусі Р.м. уваходзіць у Нац. сістэму маніторынгу навакольнага асяроддзя; галаўная арганізацыя па Р.м. — Рэсп. цэнтр радыяцыйнага кантролю і маніторынгу прыроднага асяроддзя Дзярж.к-та па гідраметэаралогіі (засн. ў 1980). Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) на тэр.краіны ажыццяўляюцца назіранні за магутнасцю экспазіцыйнай дозы (гл.Дозы выпрамянення) гама-выпрамянення ў абл. і раённых цэнтрах (58 пунктаў назіранняў), узроўнем радыеактыўных выпадзенняў (30 пунктаў) і аэразолей у паветры (8 пунктаў). Праводзіцца Р.м. паверхневых вод на рэках Дняпро, Сож, Прыпяць, Іпуць і Беседзь (вызначаецца колькасць цэзію-137, стронцыю-90 і сумарная бэта-актыўнасць) і глебы на рэперных пляцоўках і 18 ландшафтна-геахім. палігонах. Паводле вынікаў назіранняў вызначаецца радыяцыйны стан мясцовасці, верт. і гарыз. міграцыя радыенуклідаў, робіцца доўгатэрміновы прагноз (на 30 і больш гадоў). Гл. таксама Радыяцыйная экалогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗВЕ́ДКА,
1) від дзейнасці, якую арганізуюць спец. органы дзяржавы з мэтай збору інфармацыі пра паліт., ваен., навук.-тэхн. і эканам. патэнцыял інш. дзяржаў; орган (інстытут, установа), што ажыццяўляе разведвальную дзейнасць. Р. падзяляецца на знешнюю, агентурную, тэхн., касм. і інш. (гл.Разведка ваенная, Разведка партызанская). У Рэспубліцы Беларусь Р. з’яўляецца састаўной ч. сістэмы забеспячэння бяспекі краіны; здабывае інфармацыю пра знешнія пагрозы нацыянальнай бяспецы і інш. звесткі, неабходныя для рэалізацыі інтарэсаў дзяржавы, абароны фіз. і юрыд. асоб, што знаходзяцца за мяжой, і інш. Структура, функцыі, паўнамоцтвы і кірункі дзейнасці Р. вызначаны законам «Аб органах дзяржаўнай бяспекі» (1997). Гл. таксама Контрразведка.
2) Абследаванне і вывучэнне чаго-н. са спецыяльнай мэтай, напр., Р. карысных выкапняў, Р. надвор’я і інш.
Літ.:
Очерки истории российской внешней разведки: В 6 т. Т. 1—4. М., 1997—99;
Тактическая разведка. М., 1968;
Симонян Р.Г., Гришин С.В. Разведка в бою. М., 1980;
Князев С.Н. Военная контрразведка на территории Беларуси в начале двадиатого века. Мн., 2000;
Яго ж. Военная контрразведка в Беларуси. Мн., 1999;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САБО́РНАЕ ЎЛАЖЭ́ННЕ 1649,
першы друкаваны помнік заканадаўства Рас. дзяржавы, які адлюстраваў эвалюцыю сац.-паліт. ладу краіны ад саслоўна-прадстаўнічай манархіі да абсалютызму. Распрацавана камісіяй на чале з кн. М.І.Адоеўскім, прынята 8.2.1649 Земскім саборам 1648—49. Складаецца з 25 глаў і 967 артыкулаў. Рэгламентавала пытанні дзярж., маёмаснага і крымін. (асабліва цяжкія пакаранні за злачынствы супраць цара і баяр) права, судаводства. Стварала ўмовы для сцірання межаў паміж памеснай і вотчыннай формамі зямельнай уласнасці.
Пасадскае насельніцтва, у т. л. са свабодных раней ад цягла «белых» слабод, вылучалася ў асобны стан пасадскіх людзей і прымацоўвалася да пасадаў. С.ў. канчаткова аформіла прыгоннае права праз увядзенне бестэрміновага вышуку збеглых сялян. Крыніцы С.ў.: Кормчыя кнігі, Судзебнік 1550, Указныя кнігі прыказаў, Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 і інш. С.ў. ідзе ўслед за Статутам ВКЛ у структуры і падборы казусаў, часам дае даслоўныя вытрымкі з яго. Дзейнічала да 1830-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САН-РЭ́МА КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1920,
пасяджэнне Вярх. савета дзяржаў Антанты 19—26.4.1920 у г.Сан-Рэма (Італія), дзе быў абмеркаваны шэраг пытанняў мірнага ўрэгулявання пасля 1-й сусв. вайны. Удзельнічалі прэм’ер-міністры Вялікабрытаніі (Д.Лойд-Джордж), Францыі (А.Мільеран), Італіі (Ф.Ніці), а таксама пасол Японіі (Мацуі), назіральнік ад ЗША і інш. Разгледжаны пытанні: аб мірным дагаворы з Турцыяй і размеркаванні мандатаў (гл.Мандатныя тэрыторыі) Лігі Нацый на араб.краіны; аб выкананні Германіяй ваен. артыкулаў Версальскага мірнага дагавора 1919, аб пазіцыі дзяржаў Антанты адносна Сав. Расіі («рус. пытанне»), Паводле рашэнняў канферэнцыі Вялікабрытанія атрымала мандат на Палесціну і Ірак (уключаючы г. Масул), Францыя — на Сірыю і Ліван. Быў зацверджаны папярэдні праект дагавора аб міры з Турцыяй, які пазней склаў аснову Сеўрскага мірнага дагавора 1920. Германія атрымала адмову на сваю просьбу аб павелічэнні ўдвая колькасці ўласных узбр. сіл (спроба рэвізіі ўмоў Версальскага міру), канферэнцыя запатрабавала ад герм. боку выконваць ваен. і рэпарацыйныя ўмовы Версальскага мірнага дагавора. Вырашана аднавіць гандл. сувязі з Сав. Расіяй, узяты курс на прызнанне яе дэ-факта.
дзяржава ў Вест-Індыі, займае ўсх.ч. в-ва Гаіці і суседнія невял. астравы, на З мяжуе з Рэспублікай Гаіці. Падзяляецца на 26 правінцый і 1 акругу. Пл. 48,4 тыс.км². Нас. 7543 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Санта-Дамінга. Дзярж. мова — іспанская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (27 лют.).
Дзяржаўны лад. Д.Р. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1966. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 4 гады. Заканад. орган — двухпалатны Нац. кангрэс, які складаецца з сената (30 чал.) і палаты дэпутатаў (120 чал.). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Каля палавіны тэр. занята гарамі. У цэнтр.ч.краіны з ПнЗ на ПдУ цягнецца Кардыльера-Сентраль з найвышэйшым пунктам 3175 м (г. Дуартэ). Уздоўж паўн. ўзбярэжжа вапняковыя горы Кардыльера-Септэптрыяналь, выш. да 1249 м. Паміж хрыбтамі і на ўзбярэжжы ўрадлівыя даліны. З карысных выкапняў ёсць баксіты, жал., медныя і нікелевыя руды, серабро і золата, буд. матэрыялы і інш. Клімат трапічны, пасатны. Т-ра паветра 23—25 °C у студз., 28—29 °C у ліпені. Ападкаў 1000—2000 мм за год, пераважна з мая да лістапада. Бываюць ураганы. Рэкі невял. горныя, часткова выкарыстоўваюцца на арашэнне. На ПдЗ у бяссцёкавай катлавіне на 46 м ніжэй узр. м. ляжыць салёнае воз. Энрыкільё. У гарах трапічныя лясы (22% тэр.), пераважна лістападныя з каштоўнымі пародамі дрэў. У больш сухіх раёнах (асабліва на ПдЗ) саванны і кустовыя зараснікі. Да выш. 600 м схілы гор пад плантацыямі трапічных культур. Нац. паркі — Арманда-Бермудэс, Дэль-Эстэ, Лос-Айтысес.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва дамініканцы. Мулатаў 60%, белых 28%, неграў 12%. Ёсць невял. групы выхадцаў з суседніх краін, еўрапейцаў, японцаў і кітайцаў. 95% вернікаў католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 155,9 чал. на 1 км². Асабліва шчыльна заселены міжгорныя даліны і наваколле сталіцы. У гарадах жыве больш за 60% насельніцтва. Найб. з іх (тыс.ж., 1991): Санта-Дамінга — 2400, Сант’яга — 490, Ла-Рамана — 101.
Гісторыя. Да канца 15 ст. востраў насялялі індзейскія плямёны. Пасля адкрыцця вострава Х.Калумбам (1492) яго ўсх.ч. (цяперашняя тэр.краіны, назву атрымала ад г. Санта-Дамінга) да 1795 была калоніяй Іспаніі. потым Францыі, з 1809 зноў Іспаніі. У вайну за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 Санта-Дамінга 20.11.1821 абвясціла незалежнасць і далучылася да рэспублікі Вял. Калумбія. У 1822 акупіравана суседняй Гаіці. У 1844 у выніку антыгаіцянскага паўстання стала незалежнай і атрымала сучасную назву, У 1861 ёю зноў завалодала Іспанія У выніку барацьбы за незалежнасць у 1865 іспанцы пакінулі Д.Р. З сярэдзіны 19 ст. ў краіну пачаў пранікаць замежны капітал. У 1905—40 ЗША усталявалі свой кантроль над мытнямі Д.Р., што палегчыла ім умяшанне ў паліт. жыццё краіны. Калі ў 1916 у Д.Р. адбылося паўстанне, амер. войскі акупіравалі краіну і ўстанавілі ваенна-акупац. рэжым (да 1924) У 1930 да ўлады прыйшоў Р.Л.Трухільё. прадстаўнік буйных памешчыкаў і буржуазіі, звязанай з ЗША, і ўстанавіў жорсткі паліт. тэрор.
Пасля 2-й сусв. вайны, ва ўмовах уздыму нац.-вызв. барацьбы ў Лац. Амерыцы, узмацнілася барацьба супраць рэжыму Трухільё (забіты ў 1961). У снеж. 1962 на ўсеагульных выбарах перамог Х.Бош. Яго ўрад у крас. 1963 прыняў канстытуцыю, якая абвясціла агр. рэформу, шэраг паліт. і дэмакр. свабод, ажыццявіў мерапрыемствы па ўмацаванні нац. эканомікі і аслабленні залежнасці ад ЗША. У вер. 1963 рэакц. ваеншчына скінула ўрад Боша. Уладу захапіла хунта і абвясціла надзвычайнае становішча, забараніла ўсе дэмакр. партыі, прагрэс. друк, разграміла прафсаюзы. Нар. паўстанне ў крас. 1965 скінула хунту. Канстытуцыйны ўрад узначаліў Ф.Кааманьё. ЗША высадзілі ў Д.Р. дэсант (42 тыс.чал.). Урад Кааманьё быў скінуты, часовым прэзідэнтам назначаны Э.Г.Гадой. На выбарах у чэрв. 1966, якія адбываліся ва ўмовах ваен. акупацыі краіны, перамог заснавальнік і лідэр Рэфармісцкай партыі Х.Балагер (прэзідэнт у 1966—78 і з 1986). У 1966 ЗША вывелі свае войскі з тэр.краіны. Д.Р. — чл.ААН з 1945, чл. Арг-цыі амер. дзяржаў, Лацінаамер. эканам. сістэмы і інш.міжнар. арг-цый. Акрамя правячай Рэфармісцкай сац.-хрысц. партыі (створана ў 1986 у выніку зліцця Рэфармісцкай і Рэв.сац.-хрысц. партый) у краіне дзейнічаюць Дамініканская партыя вызвалення, Дамініканская рэв. партыя, Дамініканская кампартыя і інш.Прафс. аб’яднанні — Аўт. канферэнцыя хрысц. прафсаюзаў, Усеагульная канфедэрацыя працоўных, Нац. канфедэрацыя дамініканскіх працоўных, Прафс. рух рабочага адзінства і інш.
Гаспадарка. Д.Р. — агр. краіна. У сельскай гаспадарцы занята 50% рабочай сілы. Доля ў валавым унутр. прадукце: сельскай гаспадаркі (разам з лясной прам-сцю і рыбалоўствам) — каля 17%, горназдабыўной прам-сці — каля 5, апрацоўчай прам-сці — каля 17, буд-ва — каля 6, гандлю — каля 16, сферы паслуг — каля 40%. Апрацоўваецца 30% тэрыторыі. Характэрна наяўнасць буйнога памешчыцкага землеўладання і дробных сял. гаспадарак (50% гаспадарак маюць надзелы менш за 1 га). Асн. таварныя культуры: цукр. трыснёг, какава, кава, тытунь, бананы, манга, апельсіны. На свае патрэбы вырошчваюць кукурузу, памідоры, фасолю, рыс, маніёк, батат. Пашавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы каля 2400, свіней 1000, коз 300. Рыбалоўства і промысел крэветак, гал. цэнтры на паўн. узбярэжжы. Аснова прам-сці — перапрацоўка цукру, кавы, какавы, тытуню, мяса, агародніны. Вытв-сць электраэнергіі каля 4 млрд.кВт∙гадз штогод. Здабыча баксітаў, жал., нікелевай руд, золата (штогод каля 10 т), серабра (каля 35 т), кухоннай солі. У апрацоўчай прам-сці больш за 80% аб’ёму вытв-сці прыпадае на спажывецкія тавары. Найб. развіта харчасмакавая прам-сць (каля 2/3 кошту прамысл. прадукцыі), пераважна цукр. (штогадовая вытв-сць цукру-сырцу каля 1,5 млн.т) і тытунёвая. Цэм., хім., фармацэўтычная, тэкст., дрэваапр. прадпрыемствы. Каля 20 свабодных эканам. зон, дзе развіта швейная прам-сць. Нікелевы камбінат у г. Банао, нафтаперапр.з-д каля г. Санта-Дамінга. Значны даход прыносіць замежны турызм. Штогод краіну наведвае 1,7—2 млн. турыстаў, пераважна з ЗША. Турысцкі сезон у ліст.—маі. Унутр. транспарт у асноўным аўтамабільны, даўж. аўтадарог 17,1 тыс.км.
Чыгунак 1,2 тыс.км. Гал. марскі порт — Санта-Дамінга. Экспарт: цукар (20—30% кошту), золата і серабро (каля 20%), феранікель, кава, какава, тытунь і інш. Імпарт: нафта і нафтапрадукты (34%), прамысл. тавары (28%), машыны і трансп. сродкі (20%), харч. прадукты (15%). Асн.гандл. партнёры: ЗША (48% экспарту і 43% імпарту), Венесуэла, Нідэрланды. Грашовая адзінка — дамініканскае песа.
Літ.:
Кремер Т.И. Доминиканская республика: Очерк полит. истории (60—70-е гг.). М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́НДАН (London),
горад, сталіца Вялікабрытаніі. Знаходзіцца на ПдУ Англіі, абапал берагоў р. Тэмза, за 70—60 км ад Паўночнага мора. З навакольнымі гарадамі ўтварае канурбацыю Вялікі Л. з 32 гарадскіх (метрапалітэнскіх) акруг і Сіці (цэнтр ч. горада). Пл. каля 2 тыс.км². 7,6 млн.ж., з прыгарадамі на адлегласці да 72 км ад цэнтра горада — больш за 12,5 млн.ж. (1997, больш за 20% насельніцтва краіны). Трансп. вузел міжнар. значэння. Порт у эстуарыі Тэмзы (праходзіць каля 40% імпарту краіны і каля 25% экспарту). Міжнар. аэрапорты Хітраў і Гатуік (больш за 50 млн. пасажыраў штогод). Вузел чыгунак і шашэйных дарог. Найбуйнейшы прамысл., навук. і культ. цэнтр краіны, гал. ў Вялікабрытаніі і 2-і ў свеце (пасля Нью-Йорка) гандл.-фін.цэнтр. У Л. найб. акцыянерныя кампаніі і банкі краіны, фондавая біржа, страхавое таварыства Лойда, сусв. рынак золата (каля 80% сусв. продажу золата). Прам-сць дае больш за 25% прамысл. прадукцыі краіны. Гал. галіны прам-сці: аўтамабіле- і самалётабудаванне, суднабудаванне і суднарамонт, агульнае і дакладнае машынабудаванне, электратэхн., электронная, хім. (у т. л. нафтахім.), харч., швейная, трыкат., гарбарна-абутковая, папяровая, паліграф., мэблевая. Важны цэнтр ваеннай прам-сці, каляровай металургіі, буд. прам-сці. Цэнтр турызму. Першы ў свеце метрапалітэн (з 1863).
Да стараж.-рым. заваявання Брытаніі (40—60-я г.н. э.) кельцкае паселішча; упершыню згадваецца стараж.-рым. гісторыкам Тацытам (1—2 ст.н. э.). У 1 ст.рым.ваен. лагер, пазней рачны і марскі порт. З сярэдзіны 4 ст. значны паліт. цэнтр рым. Брытаніі. У час англа-саксонскага заваявання разбураны, у пач. 7 ст.гал. горад Каралеўства ўсх. саксаў (Эсекс). У 9—10 ст. на горад нападалі датчане. З канца 11 — пач. 12 ст.афіц. сталіца Англіі (з 1707 — Вялікабрытаніі), з 1265 у ім знаходзіцца парламент. У канцы 12 ст. атрымаў права самакіравання. З 16 ст. найбуйнейшы эканам. цэнтр і порт Англіі, у т. л. заснаваны гандл кампаніі Маскоўская (1555), Левантыйская (1581), Ост-Індская (1600) і інш., Лонданская біржа (1571). Гараджане ўдзельнічалі ў барацьбе за Вялікую хартыю вольнасцей (1215), паўстаннях (1381, 1450), англійскіх рэвалюцыях 17 стагоддзя. Горад спустошаны эпідэміяй чумы 1665 і пажарам 1666. У 1830-я г. тут пачаўся чартысцкі рух (гл.Чартызм). У 1860—63 у Л. пабудаваны першы ў свеце метрапалітэн. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр рабочага і міжнар.сацыяліст. руху, у т. л.паліт. эміграцыі. У 2-ю сусв. вайну Л. бамбардзіравала ням. авіяцыя (гл.Бітва за Англію 1940—41), тут знаходзіліся эмігранцкія ўрады Польшчы, Даніі, Нарвегіі, Бельгіі, Нідэрландаў, Чэхаславакіі, штаб-кватэра «Змагарнай Францыі». Л. — месца шматлікіх дыпламат. сустрэч, нарад і міжнар. канферэнцый, падпісання міжнар. дагавораў (Лонданскі дагавор 1854, Лонданскі пратакол 1830, Лонданскія канвенцыі аб чарнаморскіх пралівах, Лонданскія перагаворы 1939 і інш.). Урадавыя ўстановы размешчаны на Даўнінг-стрыт.
Л. развіваўся стыхійна шляхам зліцця самаст. гарадоў і пасёлкаў (цяпер раёны Л.). Гіст. і паліт. цэнтр Л. — раён Вестмінстэр. На яго тэр. арыстакратычны раён Уэст-Энд з параднай ансамблевай забудовай у стылі класіцызму (асабнякі, атэлі, гандл. вуліцы, каледжы, музеі, паркі), у т. л. раёны Рыджэнт-стрыт, Оксфард-сёркус і інш. (усе 1812—30, арх. Дж.Нэш), Адэльфі, Портлендплейс і інш. (1768—1800, арх. Р. і Дж.Адамы, часткова перабудаваны). У раёне Сіці (дзелавы цэнтр Л.) цэрквы раманская Сент-Барталам’ю-зе-Грэйт (засн. ў 1123), рамана-гатычная храмоўнікаў Тэмпл (Сент-Мэры; 12—13 ст.), ратуша (Гілдхол; каля 1411—40, майстар Дж.Крокстан, перабудавана ў 1788—89, арх. Дж.Данс Малодшы), палац Хэмптан-корт (з 1515), комплекс Тэмпл (падвор’е юрыстаў; 16—17 ст.), будынкі банкаў, кантор, біржаў і інш. На У ад яго — новы жылы раён (1960—80-я г.) з культ. «Барбікан-цэнтрам». Да Сіці прылягаюць раёны Таўэр-Хамлетс з замкам-крэпасцю Таўэр і Іст-Энд з докамі і рабочымі кварталамі. Сярод інш.арх. помнікаў Л.: царква Сент-Мэры-ле-Боу (1670—80), сабор св. Паўла (1675—1710, абодва арх. К.Рэн), шпіталі ў Грынвічы (1616—1728, арх. І.Джонс, Рэн, Дж.Ванбру) і Чэлсі (1694, арх. Рэн), царква Сент-Мэры-ле-Стрэнд (1714—17, арх.
Дж.Гібс), рэзідэнцыя лорд-мэра Меншанхаўс (1739—53, арх. Дж.Данс Старэйшы), Сомерсет-хаўс (1776—86, арх. У.Чэймберс), Нац. галерэя на Трафальгарскай пл. (1832—38, арх. У.Уілкінс; усе класіцызм), будынак парламента ў Вестмінстэры (1840—52, арх. Ч.Бэры, АП’юджын, 1862—68, арх. Э.Бэры), Таўэрскі мост (1886—94, арх. Дж.Бэры, Х.Джонс; абодва неаготыка), Савет Вял. Л. (1911—12, арх. Р.Нот), Брытанік-хаўс (1924—27, арх. Э.Лачэнс; абодва неакласіцызм). Сярод узораў сучаснай архітэктуры: будынак рэдакцыі газ. «Дэйлі экспрэс» (1932, арх. Х.О.Эліс, Кларк), канцэртная зала (Роял-фестывал-хол; 1949—51, арх. Р.Мэцью, Л.Марцін), аэравакзал (1956, арх. Ф.Гіберт), будынак амер. пасольства (1960, амер.арх. Э.Саарынен), Цэнтр мастацтваў (1967, арх. Х.Бенет). Сярод паркаў Сент-Джэймс-парк, Гайд-парк, Рыджэнтс-парк. Па ініцыятыве Э.Хоўарда ў Л. створаны шэраг эксперым. гарадоў-садоў (Уэлін-Гардэн-Сіці, з 1920, арх. Л. дэ Суасон і інш.). Паводле плана Вял. Л. (1944, арх. П.Аберкрамбі) пабудаваны гарады-спадарожнікі Л. (Стывенідж і Харлаў, з 1946, арх. Гіберт, і інш.). У зах. і паўн. раёнах Вял. Л. — стадыёны Уімблдан і Уэмблі. У Л. помнікі: «Манумент» у памяць аб пажары 1666 (1671—76, арх. Рэн), Калона Нельсана на Трафальгарскай пл. (1840—43, арх. У.Рэйлган), «Кенатаф» у памяць аб 1-й сусв. вайне (1919—20, арх. Лачэнс) і інш. Вестмінстэрскія палац, абацтва, царква св. Маргарыты і Таўэр уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Сярод навуч. і навук.-асв. устаноў Л. — Лонданскі універсітэт, Каралеўская акадэмія музыкі, Акадэмія прыгожых мастацтваў, Лонданскае каралеўскае т-ва, Брыт. акадэмія і інш. У Л. больш за 30 музеяў, у т. л.Брытанскі музей, Нац. галерэя, галерэя Тэйт, Музей Вікторыі і Альберта, збор Уолес, ін-т Корталда (усе мастацкія); каля 80 т-раў, у т. л.«Ковент-Гардэн», Каралеўскі Шэкспіраўскі тэатр, «Роял Корт», «Друры-Лейн»; канцэртныя залы Роял-фестывал-хол, Куін-Элізабет-хол; муз. калектывы (Лонданскі сімф. аркестр, Лонданскі філарманічны аркестр, Каралеўскі балет, Аркестр Бі-Бі-Сі). У Л. Беларуская бібліятэка і Музей імя Францішка Скарыны.
Літ.:
Воронихина Л.Н. Лондон. Л., 1969;
Иконников А.В. Лондон. Л., 1972.
Лондан. На пярэднім плане — Таўэр.Сомерсет-хаўс у Лондане. 1776—86. Арх. У.Чэймберс.Лондан. Трафальгарская плошча з калонай Нельсана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕСУЭ́ЛА (Venezuela),
Рэспубліка Венесуэла (República de Venezuela), самая паўн. дзяржава ў Паўд. Амерыцы. На Пн абмываецца Карыбскім м. Мяжуе на З з Калумбіяй, на Пд з Бразіліяй, на У з Гаянай. Падзяляецца на 21 штат, 1 тэрыторыю, 1 федэральную (сталічную) акругу, 1 федэральнае ўладанне (72 дробныя астравы ў Карыбскім моры). Пл. 912 тыс.км², нас. 20,1 млн.чал. (1993). Сталіца — г.Каракас. Афіц. мова — іспанская. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (5 ліп.).
Дзяржаўны лад. Венесуэла — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1961. На чале дзяржавы і ўрада прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — двухпалатны Нац. кангрэс у складзе палаты дэпутатаў і сената. Выканаўчы орган — урад.
Прырода. Венесуэла размешчана паміж паўн. ланцугом Андаў і Гвіянскім пласкагор’ем. Берагі на У і З нізінныя, у цэнтр.ч. скалістыя. На ПнЗ высокія хрыбты Андаў: Сьера-дэ-Перыха (да 3540 м), Кардыльера-дэ-Мерыда (г. Балівар, 5007 м), якія абкружаюць тэктанічную ўпадзіну воз. Маракайба. На Пн уздоўж узбярэжжа цягнуцца Карыбскія Анды. Частку краіны паміж Андамі і Гвіянскім пласкагор’ем займае нізіна р. Арынока (Льянас-Арынока). Для Гвіянскага пласкагор’я характэрны выш. 300—500 м, асобныя астраўныя горы і хрыбты (на мяжы з Бразіліяй г. Ла-Небліна — 3014 м, на Уг. Рарайма — 2772 м і інш.), сталовыя масівы. Нетры Венесуэлы багатыя нафтай і прыродным газам, жал. рудой, золатам, баксітамі, алмазамі, ёсць радовішчы вугалю, марганцавых і медных рудаў і інш. Клімат субэкватарыяльны гарачы, на ПдЗ экватарыяльны; дажджлівы сезон у крас. — верасні. Сярэднія месячныя т-ры 25—29 °C, у гарах халадней. Ападкаў 1000—2500 мм за год, ва ўпадзіне воз. Маракайба да 300 мм. Густая рачная сетка. Гал. рака — Арынока: правыя яе прытокі парожыстыя, з вадаспадамі, левыя раўнінныя. Схілы Андаў і Гвіянскага пласкагор’я ўкрыты пераважна лістападнымі лясамі. На крайнім Пд пастаянна вільготныя вечназялёныя лясы. Раўніны Арынока заняты саваннай — «льянас» (травяністыя абшары з невял. купкамі дрэў). Па ўзбярэжжы мангравыя зараснікі.
Насельніцтва. Каля 95% — венесуэльцы, народ, які ўтварыўся ад змяшання ісп. перасяленцаў з мясц. насельніцтвам — індзейцамі і неграмі-рабамі, прывезенымі з Афрыкі. У 19—20 ст. тут пасяліліся групы эмігрантаў, найб. з Паўд. Еўропы і з суседніх краін. Індзейцаў каля 200 тыс.чал., пераважна ў малаасвоеных раёнах на Пд, З, У. Паводле расавага складу метысаў 67%, белых 21%, чорных 10%, індзейцаў 2%. Большасць вернікаў — католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 22 чал. на 1 км². Каля 80% яго жыве на Пн (ад дэльты р. Арынока да воз. Маракайба) на плошчы, якая займае 20% тэр.краіны. У гарадах жыве 92% насельніцтва (1993). Найб. гарады (тыс.ж., 1991): Каракас — 1824,9, Маракайба — 1207,5, Валенсія — 903,1, Баркісімета — 602,6, Сьюдад-Гуаяна — 542,7, Барселона — 455,3, Маракай — 354,4, Сьюдад-Балівар — 225,8, Сан-Крыстобаль — 220,7, Кумана — 212,5, Матурын — 207,4, Мерыда — 168,0.
Гісторыя. Тэр. Венесуэлы са стараж. часоў насялялі індзейскія плямёны аравакскай, карыбскай і інш. моўных сем’яў. Пасля адкрыцця Амерыкі ў 1498 Х.Калумбам іспанцы арганізоўвалі экспедыцыі для вывучэння новых зямель. Зямлю ў заліве Маракайба яны назвалі Венесуэлай — «маленькай Венецыяй». Падставай для такой назвы было тое, што свае жытлы індзейцы будавалі на пáлях. У 16 ст. іспанцы заваявалі і каланізавалі ўсю тэр. Венесуэлы. На створаных тут плантацыях цукр. трыснягу, бавоўніку, тытуню працавалі індзейцы і негры-рабы. Бязлітасная эксплуатацыя, імкненне ісп. улад затрымаць развіццё нац. эканомікі і культуры выклікалі незадаволенасць насельніцтва (паўстанні 1749, 1795, антыісп. змова 1797). Нар. паўстанне 1810 у Каракасе дало пачатак вайне за незалежнасць Венесуэлы. (гл.Вайна за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26). У ліп. 1811 нац. кангрэс абвясціў 1-ю Венесуэльскую рэспубліку. Першая канстытуцыя, прынятая 21.12.1811, не прадугледжвала карэнных сац. змен на карысць шырокіх слаёў насельніцтва, таму рэспубліка страціла падтрымку насельніцтва і рэв. армія вымушана была капітуляваць (25.7.1812). Ісп. панаванне ў Венесуэле ліквідавана ў выніку доўгай вызв. вайны (разгром ісп. сіл у чэрв. 1821, канчатковы — у 1823). У 1819 Венесуэла і Новая Гранада ўтварылі рэспубліку Вялікая Калумбія. У 1830 Венесуэла аддзялілася ад яе і стала самаст. рэспублікай (першы прэзідэнт Х.А.Паэс). У перыяд праўлення т.зв. кансерватыўнай алігархіі (1830—48), з якой пазней вылучылася партыя унітарыстаў (буйныя землеўладальнікі, каталіцкае духавенства), аформілася ліберальная партыя, т.зв. федэралісты, падтрыманыя маладой гандл. буржуазіяй і часткай плантатараў-экспарцёраў. Праўленне лібералаў, якія правялі шэраг рэформ (адмена рабства ў 1854, прыняцце ліберальнай канстытуцыі і інш.), выклікала паўстанні кансерватараў. Іх вяртанне да ўлады (1858) стала прычынай грамадз. вайны (1859—63, скончылася перамогай лібералаў) і шматлікіх пераваротаў. У 1864—1953 краіна называлася Злучанымі Штатамі Венесуэлы. Чарговая стабілізацыя ў час праўлення ліберала А.Гусмана Бланка (1870—89) паспрыяла значнаму эканам. і культ. развіццю краіны, пераважна за кошт замежнага капіталу. Адкрыццё ў Венесуэле радовішчаў нафты (1870-я г.) стала прычынай пагранічнага канфлікту ў 1895 з Брыт. Гаянай, у выніку якога да Вялікабрытаніі адышла значная ч. нафтаноснага раёна. Новы канфлікт узнік у 1902 у выніку заблакіравання партоў у Венесуэле Вялікабрытаніяй, Германіяй і Італіяй, якія дамагаліся вяртання доўгу (каля 20 млн.дол.). Пацвярджэнне ў 1904 міжнар. Гаагскім трыбуналам справядлівасці прэтэнзій гэтых трох дзяржаў узмацніла пазіцыі міжнар. капіталу ў Венесуэле. У выніку дзярж. перавароту 1908 усталявалася дыктатура Х.В.Гомеса (1909—35). У гэты перыяд у Венесуэле пачала расці роля амер. капіталу, інвеставанага пераважна ў нафтавую прам-сць.
У снеж. 1941 Венесуэла спыніла дыпламат. адносіны з дзяржавамі фаш. блоку, у лют. 1945 абвясціла вайну Германіі і Японіі. У кастр. 1945 у Венесуэле адбыўся дзярж. пераварот, які ўзначаліла партыя Дэмакр. дзеянне. У 1946 упершыню пасля 1881 адбыліся парламенцкія выбары. Новы ўрад Р.Гальегаса (1947—48) павысіў падаткі на даходы замежных нафтавых кампаній, планаваў інш.прагрэс. мерапрыемствы. Пасля ваен. перавароту 1948 хунтай распушчаны Нац. кангрэс, адменены дэмакр. свабоды, анулявана канстытуцыя. Рэзкае ўзмацненне эканам. і паліт. залежнасці Венесуэлы ад ЗША, зніжэнне жыццёвага ўзроўню, рэпрэсіі выклікалі масавы пратэст насельніцтва. Пачатая 21.2.1958 у Каракасе ўсеагульная забастоўка перарасла ва ўзбр. паўстанне. Да ўлады прыйшла хунта на чале з В.Ларасабалем, якая аднавіла дэмакр. свабоды, абвясціла амністыю паліт. вязням, легалізавала паліт. партыі. На прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах (снеж. 1958) перамагла партыя Дэмакр. дзеянне, яе лідэр Р.Бетанкур стаў (лют. 1959) прэзідэнтам. 23.1.1961 прынята новая канстытуцыя, якая дзейнічае і цяпер. Але наступленне ўрада Бетанкура і наступнага прэзідэнта Р.Леоні (1964—69) на дэмакр. сілы падарвала ўплыў партыі Дэмакр. дзеянне. На прэзідэнцкіх выбарах у снеж. 1968 перамог кандыдат Сацыял-хрысціянскай партыі Р.Кальдэра Радрыгес, які паклаў пачатак правядзенню незалежнай эканам. палітыкі (нацыяналізацыя нафтавай і жалезаруднай прам-сці краіны, праграма сац. рэформ). З 1984 урады краіны зноў фарміравала партыя Дэмакр. дзеянне. У лют. і ліст. 1992 зроблены 2 спробы ваен. перавароту, якія выклікалі востры сац.-паліт. крызіс у краіне. 5.6.1993 Вярх. суд і сенат кангрэса Венесуэлы прынялі рашэнне аб адхіленні ад улады К.А.Перэса, выбранага прэзідэнтам у 1988. Прэзідэнтам краіны на перыяд да лют. 1994 быў выбраны Р.Х.Веласкес. З лют. 1994 прэзідэнтам краіны зноў стаў Кальдэра Радрыгес. Венесуэла — чл.ААН з 1945, чл. Руху недалучэння, Арг-цыі амер. дзяржаў і шэрагу інш.міжнар. арг-цый.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. У Венесуэле больш за 20 партый, з іх найбуйнейшыя Дэмакр. дзеянне, Сацыял-хрысц. партыя, Рух да сацыялізму і інш. Буйнейшыя прафс. аб’яднанні — Канфедэрацыя працоўных Венесуэлы, Канфедэрацыя незалежных прафсаюзаў Венесуэлы, Адзіны цэнтр працоўных Венесуэлы.
Гаспадарка. Венесуэла належыць да найб. развітых краін Лац. Амерыкі. Прам-сць да 35% валавога ўнутр. прадукту (ВУП), сельская гаспадарка — 6%. Працаздольнае насельніцтва занята ў абслуговых галінах (56%), прам-сці (28%), сельскай гаспадарцы (16%). Вядучае месца ў гасп. комплексе належыць нафтаздабыўной і нафтахім. прам-сці. Гэтыя галіны даюць 23% ВУП, 70% даходаў дзяржавы, 82% экспарту. Здабыча (млн.т, 1993): нафты 127,8, жал. руды 16,9, каменнага вугалю 3,9; золата 8033 кг. Здабываюць таксама баксіты, марганцавыя, нікелевыя, свінцова-цынкавыя руды, серабро, алмазы і інш.Асн. раёны здабычы нафты — упадзіна воз. Маракайба і паўн.ч. басейна р. Арынока. Там жа здабыча газу (мае ўнутр. значэнне). Перапрацоўка нафты ў гарадах Маракайба, Кабімас, Амуай, Пуэрта-ла-Крус, Пунта-Кардон, Каракас. Асн. цэнтры нафтахіміі — Маракайба, Валенсія, Пуэрта-Кабельё, Барселона; хім. прам-сці — Каракас, Маракайба, Сьюдад-Гуаяна. Выплаўка сталі 2,9 млн.т, алюмінію 600 тыс.т (1991). Металургічныя камбінаты ў Сьюдад-Гуаяне, Маракайба. Вытв-сць аўтамабіляў, трактароў, с.-г. машын, эл. і электроннай апаратуры ў Каракасе і Баркісімета. На р. Карані ГЭС Гуры і Макагуа, на долю якіх прыпадае ⅓ усіх энергет. магутнасцей краіны. Вытв-сць электраэнергіі 58,5 млн.кВт∙гадз (1992). Ёсць прадпрыемствы цэментнай (Маракайба, Баркісімета, Каракас), дрэваапр. (Маракайба, Пуэрта-Кабельё, Маракай), цэлюлозна-папяровай (Валенсія, Каракас, Сьюдад-Гуаяна), тэкст. (Мерыда, Сан-Крыстобаль, Баркісімета, Каракас, Барселона), гарбарна-абутковай (Каракас, Маракайба, Сан-Крыстобаль, Барселона, Валенсія), харч. і харчасмакавай, буд. матэрыялаў і інш. У сельскай гаспадарцы пануе буйное землеўладанне. Каля ¾ с.-г. плошчаў сканцэнтравана ў буйных уладальнікаў (больш за 500 га). С.-г. ўгоддзі займаюць 25% тэр.краіны, у т. л. ворыва 7%, лугі і паша 18%. Сельская гаспадарка не забяспечвае ўнутр. патрэб краіны. Асн. земляробчы раён на Пн і ПнЗ, жывёлагадоўчы — Льянас. Гал. культуры (тыс.т, 1993): кукуруза 700, рыс 645, цукр. трыснёг 6900, сорга 250, бульба 215, какава 382, бананы 1215, памідоры 200, кава, бабовыя, арахіс. Садоўніцтва (у т. л. каля 200 тыс.т апельсінаў штогод). З тэхн. культур вырошчваюць бавоўнік і сізаль. Пагалоўе (млн. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы 14,7, свіней 2,1, коз 1,65, авечак 0,5. Вытв-сць (тыс.т, 1993): ялавічыны 377, свініны 110, мяса птушкі 480. Марское і рачное рыбалоўства. Гал. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 77,8 тыс.км, у т. л. 22,8 тыс.км з цвёрдым пакрыццём і 24,7 тыс.км гравійных. Гал. аўтамагістралі: Каракас—Сьюдад-Балівар, Каракас — мяжа з Калумбіяй. Чыгунак 542 км. Суднаходства па р. Арынока і яе прытоках (12 тыс.км). Уздоўж узбярэжжа кабатажныя перавозкі. Больш за 100 марскіх і рачных портаў. Гал. парты па экспарце нафты і нафтапрадуктаў: Маракайба (грузаабарот больш за 70 млн.т штогод), Амуай (40 млн.т), Кабімас, Пуэрта-ла-Крус, Пунта-Кардон, па экспарце жал. руды — Сьюдад-Балівар (рачны порт даступны для марскіх суднаў). Гал. порт краіны па імпарце і экспарце ненафтавых тавараў — Ла-Гуайра (аванпорт Каракаса). Развіты паветр. транспарт (360 аэрапортаў і аэрадромаў). Даўж. нафтаправодаў 6370 км, газаправодаў 4010 км, нафтапрадуктаправодаў 480 км. Экспарт: нафта і нафтапрадукты, жал. руда, пракат, золата, баксіты і алюміній, бананы. Імпарт: харч. тавары, хімікаты, тавары лёгкай прам-сці, машыны і трансп. сродкі. Гал.гандл. партнёры: ЗША, краіныЗах. Еўропы, Японія. Беларусь у 1992—93 экспартавала ў Венесуэлу калійныя ўгнаенні, матацыклы, веласіпеды. Грашовая адзінка — балівар.
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Венесуэлы ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—6 гадоў, абавязковую 9-гадовую школу (7—15 гадоў), агульнаадук. сярэднія і сярэднія спец. школы, ВНУ. У сістэму вышэйшай адукацыі ўваходзяць ун-ты (дзярж. і прыватныя), ін-ты і каледжы вышэйшага тыпу. Буйнейшыя ун-ты: Цэнтральны ун-т (з 1725) і каталіцкі ун-т «Андрэс Бельё» ў Каракасе, Андскі ун-т у Мерыдзе (з 1785), ун-т у Валенсіі (з 1852). Буйнейшыя б-кі: Нац.б-ка ў Каракасе (з 1833), б-ка Цэнтральнага ун-та. Музеі: Нац. пантэон, Балівара, прыгожых мастацтваў, прыродазнаўча-гіст. (усе ў Каракасе). Навук. даследаванні вядуцца ў галіновых акадэміях, ун-тах, н.-д. цэнтрах і ін-тах, навук. т-вах.
Друк, радыё, тэлебачанне. Буйнейшыя газеты: «El Universal» («Усеагульная», з 1909), «Últimas Notícias» («Апошнія паведамленні», з 1941), «El Nacional» («Нацыянальная», з 1943), «El Mundo» («Свет», з 1958). Дзейнічаюць дзярж. і прыватнае інфарм. агенцтва ІНАКК. Радыёвяшчанне з 1930. Буйнейшыя радыёстанцыі: «Радыё Насьёналь», «Радыё Каракас», «Радыё румбас», «Радыё кантынентэ». Тэлебачанне з 1952.
Літаратура. Развіваецца пераважна на ісп. мове. Літ. помнікі дакалумбавай эпохі не захаваліся. У калан. перыяд пераважалі наследаванні ісп. узорам, гіст. хронікі, у паэзіі — гангарызм (культ «чыстай формы», мудрагелістая метафарычнасць, ускладненасць сінтаксісу і вобразнасці). Абуджэнне нац. свядомасці крэолаў у 18 ст. прадвызначыла станаўленне ўласна венесуэльскай л-ры. На ідэалы асветы і незалежнасць арыентаваліся першыя паэты і драматургі, нац.-патрыят. публіцыстыка Ф.Міранды і С.Балівара. Неакласіцысты, якія аб’ядналіся вакол літ.час. «La Oliva» («Аліва», 1836—46), вызначалі творчую атмасферу амаль да сярэдзіны 19 ст. Іх буйнейшы прадстаўнік — А.Бельё («Зварот да паэзіі», 1823, з няскончанай паэмы «Амерыка» — маніфест маладой л-ры; «Ода землеўладанню ў тропіках», 1826). У 1830—80-я г. ў л-ры панаваў рамантызм. Ён увабраў у сябе маст. і паліт. арыенціры краіны, якая сцвярджала сваю незалежнасць. Патрыят. і грамадз. матывы ўласцівыя паэзіі Р.М.Баральта (элегічная паэма «Развітанне з Айчынай», 1844), прозе Ф.Тора (раман «Пакутнікі», 1842) і Х.В.Гансалеса (паэма ў прозе «Месеніяны», каля 1852). Пільная ўвага да мясц. каларыту рамантыкаў Х.А.Майтына, А.Ласана, Х.Р.Эпеса стала зыходнай і цэнтральнай пасылкай для кастумбрыстаў (бытапісальнікаў) Д.Мендосы, Ф. дэ Салеса Перэсы, Н.Болета Перасы. У канцы 19 ст. з’явіліся творы, у якіх спалучаліся натуралістычныя і рэалістычныя тэндэнцыі: раманы «Пеонія» (1890) М.В.Рамера Гарсіі, «Страсці» (1895) Х.Хіля Фартуля. Значнай з’явай у л-ры Венесуэлы на мяжы 19—20 ст. быў мадэрнізм. Адчувальны ў творчасці рамантыка і парнасца Х.А.Перэса Банальдэ (зб. вершаў «Строфы», 1877; паэма «Флор», 1883), ён у поўнай ступені сцвердзіў сябе ў паэзіі М.Санчэса Пескеры і К.Борхеса, у раманах — М.Дыяса Радрыгеса, Л.М.Урбанехі Ачэльполя. З 1920-х г. у творчасці Урбанехі, Ачэльполя, Р.Бланка Фамбоны (пачынаў як мадэрніст) і інш. эстэтаў намеціўся паварот да рэалізму. У наступныя гады праз паэзію постмадэрнізму (Л.Э.Мармаль, А.Э.Бланка) і прагрэсіруючы рэалізм адкрыліся новыя перспектывы асэнсавання нац. вытокаў, сац.-паліт. рэчаіснасці. Праблему «варварства і цывілізацыя» ўзнялі раманы Р.Гальегаса «Павітуха» (1925) і «Донья Барбара» (1929), крытычнае бачанне свету нажывы і дыктатуры адбілася ў кнігах Х.Р.Пакатэры, М.Пікона Саласа, Р.Дыяса Санчэса. Актуальная праблематыка, пошукі нетрадыцыйных мастацкіх рашэнняў уласцівыя творчасці А.Услара П’етры, М.Атэра Сільвы, С.Гармендыі, Х.В.Абрэу, Э.Субэра, Э.Каламбані.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. У дакаланіяльны перыяд на тэр. Венесуэлы развівалася культура індзейскіх плямён. Сярод стараж. помнікаў наскальныя размалёўкі, пахавальныя урны, статуэткі, каменныя блокі з выявамі ягуараў, кракадзілаў, сімвалаў Сонца і Месяца, размаляваная і фігурная кераміка, амулеты. Творы манум. архітэктуры індзейцаў не захаваліся. Першыя гарады, заснаваныя іспанцамі ў 16 ст., мелі прамавугольную сетку кварталаў. У калан. перыяд узводзіліся аднатыпныя збудаванні (умацаванні, храмы і жылыя дамы) з дэкар. ўпрыгожаннямі. Архітэктура вызначалася прастатой: сабор (1664—74), «Дом з жалезнымі рашоткамі» ў г. Кора, дом С.Балівара (канец 18 ст.) у Каракасе. Пасля абвяшчэння Венесуэлы незалежнай рэспублікай (1830) і асабліва ў канцы 19 ст.буд-ва пашырылася пераважна ў Каракасе (грамадскія будынкі, шматкватэрныя дамы ў неакласічным ці неагатычным стылях. У канцы 19 — 1-й пал. 20 ст. архітэктура паслядоўна змянялася ад неакласіцызму (Нац. капітолій у Каракасе, 1872—75, арх. Л.Урданета), неагатычнага, маўрытанскага і «каланіяльнага» стыляў да функцыяналізму (пабудовы арх. К.Р.Вільянуэвы 1930-х г.). З сярэдзіны 20 ст. яна характарызуецца ансамблевасцю, комплекснай забудовай жылых раёнаў, навізной арх. форм і жалезабетонных канструкцый, сінтэзам мастацтваў (арх. Вільянуэва, С.Дамінгес, Г.Бермудэс, Х.М.Галія і інш.).
Выяўленчае мастацтва калан. перыяду адметнае партрэтным жывапісам канца 18 — пач. 19 ст. (Х.Лавера). З 1830-х г. цэнтральнай у творчасці мастакоў стала тэма вольнай радзімы, развіваюцца гіст. жывапіс (М.Тавар-і-Тавар, А.Мічэлена) і скульптура (М.Гансалес, Э.Паласіяс-і-Кавельё) патрыят. зместу; К.Рохас ствараў жанравыя карціны. На пач. і ў сярэдзіне 19 ст. пашыраны кастумбрызм, ілюстраванне навук. прац (К.Фернандэс, А.Х.Каранса). З пач. 20 ст. стаў пашырацца гіст. жанр (Ц.Салас); у традыцыях франц. імпрэсіяністаў і П.Сезана працавалі пейзажысты Ф.Брант, Р.Манастэрыяс, А.Рэверон і інш.; творы на тэмы нар. побыту стваралі жывапісец Э.Палеа, графік П.А.Гансалес, скульптар Ф.Нарваэс. Значнае месца ў мастацтве Венесуэлы займаюць мастакі-мадэрністы, якія звяртаюцца да ўмоўна-дэкар. жывапісу, абстрактнага мастацтва, поп-арту.
Музыка. Ва ўнутр. абласцях Венесуэлы захавалася стараж.муз. культура індзейцаў, у т. л. рытуальныя танцы марэ-марэ, тура, себукан. На ўзбярэжжы пашырана афра-амер. музыка (танцы бамба, мерэнге, сангеа і інш.). Пераважае крэольская музыка, гал. месца ў якой займае харопа (аб’ядноўвае танцы, спевы, інстр. п’есы, спаборніцтвы спевакоў-імправізатараў). Асн. крэольскія інструменты — куатра (шчыпковы), гітара, арфа, ударны марака. Праф.муз. творчасць (з 18 ст.) звязана пераважна з культавай музыкай (сярод майстроў Х.М.Аліварэс, Х.Ф.Веласкес, Х.А.Кара дэ Баэсі). У развіццё музыкі 19 ст. значны ўклад зрабілі Ф.Ларасабаль, Ф.Вільёна, Т.Карэньё, Х.А.Мантэра, аўтар першай нац. оперы «Вірхінія» (1873). Заснавальнік нац. кампазітарскай школы В.Э.Соха (арганізатар Нац.сімф. аркестра Венесуэлы, 1930). Сярод кампазітараў 20 ст. Х.Б.Пласа Альфонса, Х.В.Лекуна, Х.А.Кальканьё, К.Фігерэда, А.Саусе, Э.Кастэльянас, А.Лаура; у кірунку авангардызму (дадэкафонія, алеаторыка, электронная музыка, аўдыёвізуальныя сродкі) працуюць А.Эставес, Р.Эрнандэс Лопес, Х.А.Абрэу, Х.Л.Муньёс, А.Х.Ачоа, А. дэль Манака, Я.Іаанідыс. Цэнтр муз. культуры Венесуэлы — г. Каракас.
Тэатр. Элементы тэатр. мастацтва мелі драматызаваныя танцы і рытуальныя цырымоніі індзейскіх плямён Венесуэлы. Тэатры тут узніклі ў сярэдзіне 18 ст.: «Ла роса» ў Ла-Гуайры і «Калісеа» ў Каракасе (з пастаяннай трупай), дзе ставіліся п’есы нац. і еўрап. драматургаў. У 20 ст. актывізацыя тэатр. жыцця звязана са з’яўленнем жанру муз. камедыі (сайнетэ), з дзейнасцю асацыяцыі венесуэльскіх пісьменнікаў (канец 1930-х г.) і Т-ва сяброў т-ра на чале з А.Сертадам (1940—50-я г.). У 1954 засн.Нац. школа сцэн. мастацтва. У 1960-я г.тэатр. мастацтва не адыгрывала значнай ролі ў культ. жыцці краіны, гал. ўвага аддавалася развіццю радыёвяшчання і тэлебачання, дзе выступалі пераважна замежныя гастралёры. Сярод т-раў Каракаса: «Тэатра мунісіпаль», «Тэатра насьёналь», «Паліэдра», «Атэнеа», Тэатр камедыі. У ліку драматургаў і тэатр. дзеячаў: І.Грамка, Р.Пінеда, А. дэ Пас-і-Матэас, К.Ортыс, А.Лопес, М.Гарсія, К.Пальма, К.Маркес.
Кіно. Першы фільм зняты ў Венесуэле ў 1909 — кароткаметражная стужка «Карнавал у Каракасе». У 1920—30-я г. актыўна працавалі рэж. А.Кардэра і Э.Ансола. Першы гукавы фільм зняты ў 1937. Да канца 1940-х г. выйшлі некалькі дакумент. і хранікальных фільмаў, а таксама мастацкі — «Бабулін медальён» (рэж. Г.Відаль). У 1948—54 у Каракасе працавала кінастудыя «Балівар-фільм». Сюжэты фільмаў былі звязаны з гіст. падзеямі ў краіне, з жыццём і дзейнасцю нац. героя 19 ст. С.Балівара. Міжнар. вядомасць атрымаў дакумент. фільм «Арая» (1958, рэж. М.Бенасераф). У 1966 засн.Нац. сінематэка, у 1969 — Нац. асацыяцыя кінадзеячаў Венесуэлы, у 1972 — школа-студыя «Атэнеа». Здымаюцца маст., дакумент., хранік. і рэкламныя фільмы. Сярод вядучых рэжысёраў: К. дэ ла Серда, М.Адрэман, Д.Арапеса, М.Валерстэйн, М.Карбанель, Л.А.Рочэ, М. дэ Педра, Р.Чальбаўд.
Літ.:
Венесуэла: Экономика, политика, культура. М., 1967;
Художественное своеобразие литератур Латинской Америки. М., 1976;
Герб і сцяг Венесуэлы.Да арт.Венесуэла. М.Тавар-і-Тавар. Партрэт А.Гусмана Бланка.Да арт.Венесуэла. Падвеска з выявай бажаства ў выглядзе алігатара.Да арт.Венесуэла. Размаляваная жаночая постаць. Кераміка. 500. Эль-Такуё (штат Лара).
Да арт.Венесуэла. У цэнтры Каракаса.Да арт.Венесуэла. У гарах Кардыльера-дэ-Мерыда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАНО́МІЯ (ад аўта... + грэч. nomos закон),
1) права на самастойнае ажыццяўленне пэўных функцый дзярж. улады ці на кіраванне якой-небудзь часткай дзяржавы, дадзенае агульнадзярж. канстытуцыяй. Аўтаномія звычайна будуецца паводле адм.-тэр. прынцыпу і можа мець розную арганізацыю — рэспубліка, акруга, вобласць, асобная нац., рэліг. супольнасць. Адрозніваюць палітычную, адміністрацыйную аўтаномію. У б.СССРпалітычная аўтаномія была дадзена аўт. рэспублікам, якія з’яўляліся нац. дзяржавамі, мелі свае канстытуцыі, вышэйшыя органы дзярж. улады і кіравання, уласнае грамадзянства; адміністрацыйную аўтаномію мелі аўтаномныя вобласці і аўтаномныя акругі, якія лічыліся нац.-тэр. ўтварэннямі, а не дзяржавамі; яны не мелі сваёй канстытуцыі, грамадзянства, самакіраванне пашыралася толькі на галіну адм. кіравання. Усяго ў СССР існавала 38 аўтаномных адзінак: 20 аўт. рэспублік, 8 аўт. абласцей і 10 аўт. акруг. Паводле Канстытуцыі Расійскай Федэрацыі 1993, існуюць 1 аўтаномная вобласць — Яўрэйская і 10 аўт. акруг. Тэр. Іспаніі падзелена на 17 аўт. абласцей, якія аб’ядноўваюць 50 правінцый. У Кітаі існуе 5 аўт. раёнаў; у Партугаліі такі статус маюць Азорскія а-вы і а-вы Мадэйра. У розных формах аўтаномія ажыццяўляецца і ў інш. краінах свету (напр., у Бельгіі, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Грузіі, Таджыкістане і інш.). Даецца, як правіла, тэрыторыям, кампактна заселеным нац. супольнасцямі, што вызначаюцца асаблівасцямі мовы, ментальнасці, эканам., паліт. і культ. развіцця.
2) Аўтаномія нацыянальна-культурная — свабоднае, самаст. функцыянаванне і развіццё нац. культур асобных этн. супольнасцяў, што грунтуецца на канстытуцыі ці інш. заканадаўчых актах краіны. Можа існаваць у форме нац. саветаў, школ, культ.-асв. устаноў і інш. На Беларусі ў 1920—30-я г. ў месцах кампактнага пражывання нац. меншасцяў былі нац. сельскія і местачковыя саветы з правамі аўтаноміі: 23 яўр., 23 польск., 16 рус., 5 лат., 2 укр. і 2 ням.нац. Саветы, а таксама Койданаўскі польскі нац. раён; дзейнічалі нац. школы, нар. дамы, хаты-чытальні, тэатры, маст. студыі, літ. аб’яднанні, выдаваліся кнігі, часопісы, газеты на мовах нац. меншасцяў. У канцы 1930-х — 40-я г. ўсе формы нац.-культ. аўтаноміі ў БССР ліквідаваны. Іх адраджэнне пачалося ў 1980—90-я г. Створаны шэраг нац. грамадскіх арганізацый, у т. л.Саюз палякаў Беларусі, Асацыяцыя ўкраінцаў Беларусі «Ватра», Бел. аб’яднанні яўр. арг-цый і суполак, Бел. згуртаванне татараў-мусульман «Аль-кітаб» і інш. Пачалі дзейнічаць рэлігійныя абшчыны, культ.-асв. ўстановы, выходзяць перыяд. выданні на мовах асобных нац. супольнасцяў краіны.
3) Аўтаномія царкоўная — самастойнасць, незалежнасць царквы ў пытаннях унутр. кіравання (гл.Аўтакефалія).