Во́льніца ’звальненне ад прыгоннага права’ (Гарэц., Др.-Падб.); ’месца, дзе робіцца продаж вольнага (не на водкуп) віна’ (Нас., Яшк.). Рус. во́льница ’тс’, польск. wolnica ’свабодны продаж купцамі, якія не належалі да гандлёвага цэха гэтага горада’; ’вольны збор дрэва’, ’вольны ўваход у лес’. У бел. мове, магчыма, як самастойнае ўтварэнне ад вольны, так і запазычанне з рус.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Логіка ’навука аб законах і формах мыслення’, ’ход разважанняў’, ’унутраная заканамернасць’ (ТСБМ); ст.-бел. лоика (1519 г.) запазычанне са ст.-польск. loika (пры наяўнасці і logika, якое з с.-лац. logica (дзе ‑gi‑ > ‑ji‑) < лац. logica < ст.-грэч. λογική (τέκνα) ’навука размаўляць, весці дыспут’ (Слаўскі, 4, 324; Булыка, Лекс. запазыч., 161). Крукоўскі (Уплыў, 81) выводзіць лексему з рус. мовы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вы́тарачыць ’вытарашчыць вочы’ (З нар. сл., навагр.). Рус. дыял. вы́торочить ’абшыць, аблямаваць’ і ’высунуць, вытарашчыць вочы’; ’выстраіцца, убрацца’, вы́торочки ’вочы, зрэнкі’. У бел. запазычанне з рус., таму што слова цалкам ізаляванае. Не зусім ясна, ці звязана рус. выторочить ’тарашчыць вочы’ з вы́торочить, торочи́ть, торока (гл. таро́кі). Магчыма семантычнае развіццё: выторочить ’звольніць з тарокаў’ → ’выцягнуць, высунуць вонкі’ → ’вытарашчыць вочы’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вы́шнік 1 ’дама ў картах’ (Нас., Гарэц., Бяльк.). Укр. ви́шник ’тс’. Запазычанне з польск. wyżnik ’тс’, якое калькіруе чэш. svršek ’дама’. Чэш. у сваю чаргу з’яўляецца перакладам ням. Ober ’дама або карта вышэй Unterʼa — валета’ (Чэрнышаў, РР н. с., 1928, 2, 61).
Вы́шнік 2 ’гара, вышкі’ (Бяльк.). Ад вышкі або ад выш‑ (гл. вышка). Параўн. вышкі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вэ́нгож ’вугор Anguilla L.’ (Крыв.). Запазычанне з польск. węgorz ’тс’ (а гэта да прасл. *ǫgorь ’тс’; гл. Брукнер, 609; Махэк₂, 667; Фасмер, 4, 146). Параўн. яшчэ вуго́р. Таксама запазычаны з польскай мовы і іншыя назвы вугра: вэ́нгер, вэнго́р, ві́нгор (Крыв.), ванго́ш, ванго́р (гл. Зданцэвіч, Бел.-польск. ізал., 33). Формы на ‑ор, відавочна, адлюстроўваюць адаптацыю да адпаведных бел. слоў (вуго́р).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Га́рдзіць, гардзі́цца ’грэбаваць, пагарджаць’ (Сл. паўн.-зах.). Запазычанне з польск. gardzić (ужо ў ст.-бел. мове засведчаны гардити, гардитися, гл. Булыка, Запазыч.). Таксама запазычаннем з польск. з’яўляецца і ўкр. га́рдитися. Параўн. Слаўскі, 1, 258; Булыка, Запазыч., 79. Зыходным з’яўляецца прасл. *gr̥diti, *gr̥dъ (Слаўскі, там жа) або (у іншым напісанні) *gъrditi, *gъrdъ (Трубачоў, Эт. сл., 7, 202, 206).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Га́рды ’горды, ганарысты, недаступны’ (Нас.), ’горды’ (Касп., Сл. паўн.-зах.). Сюды ж га́рда ’горда’ (Нас., Касп.), га́рдасць ’гордасць’ (Нас.). Ст.-бел. гардый, гардо, гардость (Булыка, Запазыч.). Укр. га́рдий (ст.-укр. гардый). Запазычанне з польск. hardy ’тс’ (таксама gardy), hardość (gardość). Гл. Слаўскі, 1, 405; Булыка, Запазыч., 79; Цімчанка, I, 509; Рудніцкі, 1, 571. Параўн. яшчэ Фасмер, 1, 440.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Горб ’горб’. Параўн. рус. горб, укр. горб, польск. garb, чэш. hrb, балг. гърбъ́т, ц.-слав. гръбъ. Прасл. *gъrbъ (*gr̥bъ). Роднасныя формы: ст.-прус. garbis ’гара’ (але паходжанне яе няпэўнае; не выключаецца запазычанне з польск. мовы). Гл. Фасмер, 1, 439; Бернекер, 1, 368–369; Траўтман, 78; асабліва Трубачоў, Эт. сл., 7, 199–201 (які не выключае экспрэсіўнае паходжанне слова).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гро́нка ’гронка’ (БРС). Ст.-бел. (з XVII ст.) кгроно, гроно ’тс’. Запазычанне з польск. мовы; параўн. польск. grono ’тс’ (аб польск. слове гл. Слаўскі, 1, 350–351). Форма гро́н(к)а можа быць і спрадвечнай (параўн. Трубачоў, Эт. сл., 7, 139, дзе прыводзяцца і ўсх.-слав. словы), але аб запазычанні сведчыць выбухное «г». Гл. яшчэ Булыка, Запазыч., 152.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ґігалле́ ’сцяблы і лісце бульбы’ (раён Івацэвічаў паміж рр. Шчарай і Ясельдай). Паводле Смулковай (Лекс. балтызмы, 41), запазычанне з літ. gigė̃lis ’Equisetum arvense, пустазелле, палявы хвошч’. Параўн. і ґіге́ль, гі́гель (гл.). Сюды Смулкова (там жа) адносіць і дзягі́лля ’тс’ (якое сустракаецца ў той жа мясцовасці). Але фанетычная форма слова не вельмі ясная (непасрэдна з gigė̃lis яе атрымаць нельга).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)