ПЛАНАВА́ННЕ СЯМ’І́,

добраахвотнае рэгуляванне дзетараджэння ў сям’і. Дапамагае вызначыць колькасць дзяцей ў сям’і, нарадзіць жаданых дзяцей у найб. спрыяльных умовах, выбраць час дзетараджэння з улікам узросту бацькоў і сац.-эканам. умоў, рэгуляваць інтэрвалы паміж цяжарнасцямі, пазбегнуць непажаданай цяжарнасці. П.с. — важны фактар захавання здароўя маці і дзіцяці, зніжэння мацярынскай і ранняй дзіцячай смяротнасці, частаты абортаў. Уключае таксама дзейнасць арг-цый, якія ствараюць умовы для дасягнення сям’ёй пажаданай колькасці дзяцей шляхам розных адм., сац., эканам. і прапагандысцкіх сродкаў. Напр., у Еўропе найб. шырока праграму П.с. з 1, 2, 3 дзецьмі праводзіць Францыя. У Азіі, Афрыцы, Лац. Амерыцы праграмы П.с. накіраваны на зніжэнне нараджальнасці (Індыя, Кітай і інш.). На Беларусі існуе сістэма матэрыяльнай дапамогі па падтрымцы сям’і: выплачваюцца розныя віды дапамогі, у залежнасці ад колькасці і ўзросту дзяцей сем’ям дадзены розныя падатковыя льготы.

Дз.​М.​Кудзелка.

т. 12, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛО́ШЧА ў геаметрыі,

адна з асн. колькасных характарыстык геаметрычных фігур. У найпрасцейшых выпадках вымяраецца колькасцю адзінкавых квадратаў (квадратаў са стараной, роўнай адзінцы даўжыні), якія запаўняюць плоскую фігуру.

П. прамавугольніка роўная здабытку даўжынь дзвюх сумежных старон, П. трохвугольніка — палове здабытку асновы на вышыню. П. многавугольніка вымяраюць шляхам дзялення яго на прамавугольныя фігуры. П. плоскай крывалінейнай фігуры, абмежаванай простым контурам (контур, які не перасякае сябе), наз. агульны ліміт П. многавугольнікаў, да якога імкнуцца плошчы ўмежаванага і акрэсленага многавугольнікаў пры неабмежаваным змяншэнні даўжынь іх старон. Аналітычна П. такой фігуры вылічваецца пры дапамозе вызначанага інтэграла. Каб вызначыць П. фігуры на крывой паверхні, яе разбіваюць на часткі, праектуюць іх на датычную плоскасць і вылічваюць суму П. праекцый. Ліміт гэтай сумы пры неабмежаваным дзяленні фігуры роўны П. фігуры. Аналітычна П. такой фігуры можна вылічыць пры дапамозе паверхневага інтэграла.

А.​А.​Гусак.

т. 12, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКА́ТНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

атрыманне розных вырабаў і паўфабрыкатаў (пракату) са сталі і інш. металаў шляхам пракаткі. Робіцца таксама дадатковая апрацоўка вырабаў: тэрмічная, траўленне, нанясенне пакрыццяў.

На металургічных (радзей на машынабуд.) заводах П.в. з’яўляецца завяршальным звяном цыкла металургічнай вытв-сці (гл. Металургія, Чорная металургія, Каляровая металургія). Існуюць 2 тэхнал. схемы вытв-сці стальнога пракату, калі гатовыя вырабы атрымліваюць: са злітку або з бесперапынналітых блюмаў, слябаў і загатовак. У гэтых схемах 2 стадыі: па 1-й атрымліваюць паўпрадукт, ахалоджваюць і зачышчаюць, на 2-й ажыццяўляюць паўторны нагрэў паўпрадукту і робяць вырабы на сартавых і інш. пракатных станах.

На Беларусі асн. частку пракату чорных металаў вырабляюць на Беларускім металургічным заводзе ў Жлобіне, таксама на Мінскім аўтамабільным заводзе, Мінскім трактарным заводзе, Гомельскім заводзе сельскагаспадарчага машынабудавання і інш. Выпуск гатовага пракату чорных металаў 1300 тыс. т (1999).

П.​І.​Рогач.

т. 12, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРМ’Е́НТА ((Sarmiento) Дамінга Фаўсціна) (14.2.1811, г. Сан-Хуан, Аргенціна — 11.9.1888),

аргенцінскі дзярж. і грамадскі дзеяч, пісьменнік і гісторык. Прытрымліваўся поглядаў унітарыяў (прыхільнікаў унітарнай дзяржавы), змагаўся ў 1820—30-я г. на іх баку супраць федэралістаў. Праціўнік дыктатуры Х.​М.​Росаса, у 1840 эмігрыраваў у Чылі, дзе набыў шырокую вядомасць сваёй грамадска-публіцыст. дзейнасцю. У 1852 удзельнік паўстання, якое скінула Росаса. Прэзідэнт Аргенціны ў 1868—74, ажыццявіў шэраг рэформ, якія спрыялі развіццю эканомікі, сельскай гаспадаркі, культуры; пры ім будаваліся чыгункі, школы, бальніцы, бібліятэкі, створана АН. Аўтар гісторыка-філас. прац. Выступаў супраць дыктатуры, лічыў, што роўнасці класаў і грамадскай гармоніі можна дасягнуць шляхам усеагульнай асветы; у апошнія гады жыцця зведаў уплыў сацыял-дарвінізму.

Тв.:

Рус. пер. — Цивилизация и варварство. Жизнеописание Хуана Факундо Кироги, а также физический облик, обычаи и нравы Аргентинской Республики. М., 1988.

т. 14, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛЬВІНІ́Т,

саляная асадкавая горная парода, якая ўяўляе сабой шчыльную агрэгатную сумесь крышталяў сільвіну (15—60%) і галіту (25—85%), а таксама растваральных карналіту (5—10% і болей), лангбейніту, кізерыту і інш. і нерастваральных — гліны, карбанатаў, ангідрыту і інш. прымесей. Афарбоўка чырвоная і стракатая. Чырванаколерныя С. маюць мікра-, дробна- і сярэднезярністую структуру, слаістую тэкстуру; страката-колерныя С. — сярэдне- і буйназярністую структуру, плямістую і масіўную тэкстуру і характэрныя для іх сінія крышталі галіту. Утвараецца пераважна хемагенным шляхам у выніку выпадзення хларыду калію (КСІ) і хларыду натрыю (NaCl) у асадак у басейнах павышанай салёнасці (прыбярэжнамарскога і лагуннага тыпу) ва ўмовах арыднага клімату пры выпарэнні або ахаладжэнні рапы. Радовішчы ў Канадзе, Расіі, Германіі, Казахстане, ЗША, на Украіне і інш. На Беларусі паклады С. ў Прыпяцкім саляносным басейне. Распрацоўваецца Старобінскае радовішча калійных і каменнай солей, разведана Петрыкаўскае радовішча калійных солей.

Э.​А.​Высоцкі.

т. 14, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАЧО́К у філасофіі,

працэс змены ўнутранай сутнасці з’явы або прадмета; якаснае пераўтварэнне ў выніку колькасных змен. Характарызуецца карэнным пераломам ва ўзаемадзеянні неперарыўнасці і перарыўнасці з перавагай апошняй. Выступае ў якасці перадумовы карэнных якасных пераўтварэнняў, станаўлення якасна новых аб’ектаў, пастаяннага руху і развіцця свету. На стадыі С. вырашаюцца ўласцівыя прыродным і грамадскім з’явам унутр. супярэчнасці. Паводле спосабу здзяйснення адрозніваюць рэзкія і паступовыя С. Пры рэзкіх С. ранейшая якасць змяняецца новай хуткімі тэмпамі (пераўтварэнне элементарных частак у лабараторных умовах, напр., распад урану на свінец і галій), у грамадскім жыцці — сац. рэвалюцыі. Большасць пераходаў ад старой якасці да новай у прыродзе і грамадстве ажыццяўляецца шляхам паступовых С. Узнікненне зорак і планет, антрапагенез, кліматычныя змены на Зямлі адбываліся паступова і паволі. У працэсе развіцця грамадства вызначаецца тэндэнцыя да паскарэння скачковых пераўтварэнняў сац. ладу. Гл. таксама Пераход колькасных змяненняў у якасныя.

В.​І.​Боўш.

т. 14, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ко́рнер​1

(англ. corner = скупляць тавар са спекулятыўнай мэтай)

кароткатэрміновы дагавор з мэтай авалодаць рынкам шляхам скупкі акцый, тавараў, кантрактаў на біржах і перапрадажы перапродажы іх па манапольных цэнах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

татуіро́ўка

(ад татуіраваць)

1) нанясенне на цела чалавека ўзораў, малюнкаў шляхам наколвання на скуры і ўвядзення пад яе фарбы, якая не змываецца;

2) узоры і малюнкі, нанесеныя такім спосабам.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гудо́к, ‑дка, м.

1. Механічнае прыстасаванне для падачы сігналаў шляхам гудзення. Андрэй торгае гудок, моўчкі паварочвае рэгулятар. Іржавы манеўравы паравоз пачынае дрыжэць усім сваім старым нутром. Лынькоў.

2. Працяжны аднастайны гук, сігнал, пададзены з дапамогай такога прыстасавання. Пераклікаліся ранішнія гудкі, крычалі на розныя галасы. Бядуля. Люблю, як займаецца золак, Абуджаны гулам гудкоў, Як дзеці спяшаюцца ў школы, Як хлопцы ідуць да станкоў. А. Александровіч.

3. Старарускі трохструнны смычковы музычны інструмент.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гіпно́з, ‑у, м.

1. Асаблівы стан частковага, няпоўнага сну ў чалавека і вышэйшых пазваночных жывёл, які ўзнікае пад уплывам знешніх раздражняльнікаў або ўнушэння. Быць у стане гіпнозу.

2. Усыпленне шляхам унушэння; гіпнатызаванне. Гіпноз хворага. // перан. Сіла ўплыву, уздзеяння, уласцівая каму‑, чаму‑н. Казкі паводзілі такі страх, што і ў слухачоў і ў апавядальніка варушыліся на галаве валасы. Гэта было падобна на гіпноз. Гіпнатызавалі адзін аднаго словамі, рухамі, страхам, напружанасцю пачуццяў. Чарнышэвіч.

[Ад грэч. hýpnos — сон.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)