фізіка-геаграфічны раёнУсходне-Беларускай правінцыі. Займае тэрыторыю на ПнЗ Магілёўскай і невял. ч. на Пд Віцебскай абл. Мяжуе з Цэнтральна-бярэзінскай раўнінай на З, Аршанскім узв. на Пн, Горацка-Мсціслаўскай раўнінай на ПнУ і Чачэрскай раўнінай на Пд. Працягнулася з ПнЗ на ПдУ больш як на 200 км, з З на У ад 50 да 120 км. Вышыні 150—200 м, найвыш. пункт 224 м над узр. м. каля в. Палыкавічы Шклоўскага р-на, найніжэйшы — 131 м у даліне р. Сож у Чэрыкаўскім р-не (абодва ў Магілёўскай вобл.). Адносныя перавышэнні над суседнімі раўнінамі на З і Пд 40—50 м. Пл. каля 11,5 тыс.км².
У тэктанічных адносінах раўніна прымеркавана да Аршанскай упадзіны. Магутнасць антрапагенавых адкладаў у сярэднім 50—80 м, у лагчынах ледавіковага выворвання і размыву да 200 м. У будове антрапагенавага покрыва ўдзельнічаюць пераважна адклады бярэзінскага, дняпроўскага з сожскім зледзяненняў, александрыйскага і муравінскага міжледавікоўяў, галацэну. Адметная роля ў фарміраванні сучаснай паверхні належыць лёсападобным адкладам магутнасцю да 10—12 м, якія намножыліся ў час адступання апошняга, паазерскага зледзянення. Яны перакрываюць больш старажытныя марэнныя і флювіягляцыяльныя адклады. Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, сілікатныя буд. пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, цэментныя мел і мергель, фасфарыты, торф, падземныя воды.
Асн. рысы сучаснага рэльефу сфарміраваліся ў перыяд адступання сожскага ледавіка. Пераважае флювіягляцыяльная раўніна з хвалістай і спадзіста-хвалістай паверхняй, а таксама спадзіста-хвалістая і дробнаўвалістая марэнная раўніна. Водападзельныя ўчасткі ў познім плейстацэне і ў галацэне набылі платопадобны выгляд, прыдалінныя схілы былі парэзаны эрозіяй, якой садзейнічалі лёсападобныя пароды. Часта трапляюцца суфазійныя западзіны, калдобіны, прамывіны. Найдаўжэйшыя і найглыбейшыя маладыя яры і старыя спадзістыя яры і лагчыны прымеркаваны да схілаў рачных далін і дасягаюць даўж. 2—3 км, глыб. 20—30 м. Рачная сетка належыць да бас. Дняпра. Найб. рэкі Дняпро (ад Оршы да Магілёва), Проня з Басяй і Растой, Сож з Волчасам, Лабжанкай і Сянной. На Пд цякуць правыя прытокі Беседзі — Жадунька з Крупняй, Дзяражня. Т-ры студз. ад -7,5 да -8,2 °C, ліп. 17,8—18,5 °C. Ападкаў 600—645 мм за год. Глебы дзярнова-падзолістыя (найб. урадлівыя дзярнова-палева-падзолістыя). Глебаўтваральныя пароды — лёсападобныя супынкі і супескі, радзей трапляюцца марэнныя суглінкі, супескі і пяскі. Пад лесам 20—30% тэр., пераважаюць хвоя і бяроза, значная доля елкі і дуба (раўніна ў падзоне дубова-цемнахвойных лясоў). Пад с.-г. ўгоддзямі 50—70% тэр. (пад ворнымі землямі 35—45%). У межах Аршанска-Магілёўскай раўніны Чэрыкаўскі паляўнічы заказнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАНО́МІЯ (ад аўта... + грэч. nomos закон),
1) права на самастойнае ажыццяўленне пэўных функцый дзярж. улады ці на кіраванне якой-небудзь часткай дзяржавы, дадзенае агульнадзярж. канстытуцыяй. Аўтаномія звычайна будуецца паводле адм.-тэр. прынцыпу і можа мець розную арганізацыю — рэспубліка, акруга, вобласць, асобная нац., рэліг. супольнасць. Адрозніваюць палітычную, адміністрацыйную аўтаномію. У б.СССРпалітычная аўтаномія была дадзена аўт. рэспублікам, якія з’яўляліся нац. дзяржавамі, мелі свае канстытуцыі, вышэйшыя органы дзярж. улады і кіравання, уласнае грамадзянства; адміністрацыйную аўтаномію мелі аўтаномныя вобласці і аўтаномныя акругі, якія лічыліся нац.-тэр. ўтварэннямі, а не дзяржавамі; яны не мелі сваёй канстытуцыі, грамадзянства, самакіраванне пашыралася толькі на галіну адм. кіравання. Усяго ў СССР існавала 38 аўтаномных адзінак: 20 аўт. рэспублік, 8 аўт. абласцей і 10 аўт. акруг. Паводле Канстытуцыі Расійскай Федэрацыі 1993, існуюць 1 аўтаномная вобласць — Яўрэйская і 10 аўт. акруг. Тэр. Іспаніі падзелена на 17 аўт. абласцей, якія аб’ядноўваюць 50 правінцый. У Кітаі існуе 5 аўт. раёнаў; у Партугаліі такі статус маюць Азорскія а-вы і а-вы Мадэйра. У розных формах аўтаномія ажыццяўляецца і ў інш. краінах свету (напр., у Бельгіі, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Грузіі, Таджыкістане і інш.). Даецца, як правіла, тэрыторыям, кампактна заселеным нац. супольнасцямі, што вызначаюцца асаблівасцямі мовы, ментальнасці, эканам., паліт. і культ. развіцця.
2) Аўтаномія нацыянальна-культурная — свабоднае, самаст. функцыянаванне і развіццё нац. культур асобных этн. супольнасцяў, што грунтуецца на канстытуцыі ці інш. заканадаўчых актах краіны. Можа існаваць у форме нац. саветаў, школ, культ.-асв. устаноў і інш. На Беларусі ў 1920—30-я г. ў месцах кампактнага пражывання нац. меншасцяў былі нац. сельскія і местачковыя саветы з правамі аўтаноміі: 23 яўр., 23 польск., 16 рус., 5 лат., 2 укр. і 2 ням.нац. Саветы, а таксама Койданаўскі польскі нац.раён; дзейнічалі нац. школы, нар. дамы, хаты-чытальні, тэатры, маст. студыі, літ. аб’яднанні, выдаваліся кнігі, часопісы, газеты на мовах нац. меншасцяў. У канцы 1930-х — 40-я г. ўсе формы нац.-культ. аўтаноміі ў БССР ліквідаваны. Іх адраджэнне пачалося ў 1980—90-я г. Створаны шэраг нац. грамадскіх арганізацый, у т. л.Саюз палякаў Беларусі, Асацыяцыя ўкраінцаў Беларусі «Ватра», Бел. аб’яднанні яўр. арг-цый і суполак, Бел. згуртаванне татараў-мусульман «Аль-кітаб» і інш. Пачалі дзейнічаць рэлігійныя абшчыны, культ.-асв. ўстановы, выходзяць перыяд. выданні на мовах асобных нац. супольнасцяў краіны.
3) Аўтаномія царкоўная — самастойнасць, незалежнасць царквы ў пытаннях унутр. кіравання (гл.Аўтакефалія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЯ РУСЬ,
гісторыка-геаграфічная назва некаторых зямель сучасных Беларусі і Расіі ў 13—18 ст. Упершыню зафіксавана ў Дублінскім рукапісе (2-я пал. 13 ст.) без дакладнай лакалізацыі паблізу Прыбалтыкі. У канцы 14 ст. польскі храніст Я.Чарнкоўскі назваў Полацк замкам Белая Русь. Прыкладна ў той жа час аўстр. паэт П.Зухенвірт згадваў Белую Русь (у адным выпадку разам з Ізборскам на Пскоўшчыне) як месца падарожжа сваіх герояў. У 1413 магістр Тэўтонскага ордэна ўжыў назву Белая Русь адносна пскоўска-наўгародскіх зямель як сінонім назвы Вялікая Русь. У 2-й пал. 15 ст. Белая Русь пазначана на картах фра-Маўра (прыкладна на месцы Наўгародскай і Маскоўскай Русі) і М.Кузанскага (з надпісам «Белая Русь або Масковія»). «Князем Белай Русі» тытулаваў сябе вял.кн. маскоўскі Іван III. У 16 ст.зах.-еўрап. і польск. храністы і падарожнікі шырока выкарыстоўвалі назву Белая Русь, але лакалізавалі яе вельмі неакрэслена, у асн. на паўн. або паўн.-ўсх. частцы стараж.-рус.тэр., адасабляючы яе ад Чорнай і Чырвонай Русі, што ў цэлым адпавядае супастаўленню Вялікай і Малой Русі. У мясц. ужытку на Русі гэтая назва, за выключэннем тытулатуры Івана III, у 13—16 ст. дакументальна не зафіксавана. В.М.Тацішчаў у 18 ст. сцвярджаў, што ў некаторых летапісах пад Белай Руссю ўжо з 12 ст. разумелася Растова-Суздальская зямля, але гэта нічым не пацвярджаецца. З пач. 17 ст. назва Белая Русь усё больш трывала звязваецца з верхнім Падняпроўем і Падзвіннем, якія раней наз. ў ВКЛ проста Руссю. У скарзе правасл. шляхты ВКЛ на Варшаўскім сейме 1623 пад Белай Руссю разумеўся раён Полацка—Віцебска—Магілёва. На Полаччыне яна змешчана і на карце Г.Баплана (1651). Гэтая традыцыя ў 18 ст. стала агульнапрынятай і была ўспрынята рас. урадам, які лічыў «беларускімі» Магілёўскую і Віцебскую губ. На працягу 19 ст. назва Белая Русь пашырылася на ўсю этнічную тэр. беларусаў і дала пачатак сучаснай назве Беларусь. Паходжанне назвы Белая Русь трактуецца па-рознаму, ні адно з тлумачэнняў не стала агульнапрызнаным. Паводле розных меркаванняў, тэрмін паходзіў ад мноства снегу на Беларусі, ад белай вопраткі насельніцтва, колеру валасоў, меў значэнні «вялікая», «старажытная», «заходняя» або «свабодная» Русь (незалежная ад манголаў і літоўскіх феадалаў).
Літ.:
Імя тваё Белая Русь / Склад. Г.Сагановіч. Мн., 1991;
Рогалев А.Ф. Белая Русь и белорусы: (В поисках истоков). Гомель, 1994;
Насевіч В., Спірыдонаў М. «Русь» у складзе Вялікага княства Літоўскага ў XVI ст. // З глыбі вякоў. Наш край. Мн., 1996. Вып. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІФО́РНІЯ (Califomia),
штат на З ЗША, мяжуе з Мексікай. Уваходзіць у групу Ціхаакіянскіх штатаў. Пл. 411,5 тыс.км². 31878,2 тыс.чал. (1996). Адм. ц. — г.Сакрамента. Гар. насельніцтва 91%. Найбуйнейшыя гарады (тыс.ж., 1994): Лос-Анджэлес — 3449 (з прыгарадамі 12410), Сан-Дыега — 1152, Сан-Хасэ — 817, Сан-Францыска — 735, Фрэсна — 387, Окленд — 367.
З Пн на Пд цягнуцца горныя сістэмы: Берагавыя хрыбты і Сьера-Невада (выш. 4418 м, г. Уітні), паміж імі Каліфарнійская даліна. На ПдУ пустыня Махаве і глыбокія тэктанічныя ўпадзіны (Даліна Смерці — 85 м ніжэй узр. м). Частыя землетрасенні. Клімат на ПнУ і ў гарах умераны, на ўзбярэжжы міжземнаморскага тыпу, на ПдУ гарачы і сухі. Сярэдняя т-раліп. 24 °C, студз. 7 °C. Гал. рэкі: Сакрамента, Сан-Хаакін і Каларада. Расліннасць прадстаўлена горнымі хваёвымі лясамі і вечназялёнымі хмызнякамі, б.ч. даліны ўзараная. Нац. паркі: Іасеміцкі (занесены ў Спіс сусв. спадчыны ЮНЕСКА), Ласен-Волканік, Секвоя і Кінгс-Каньён. К. — адзін з самых эканамічна развітых штатаў. Здабыча нафты, прыроднага газу, золата, ртуці, жал. руды. Вытв-сць электраэнергіі ў 1996 склала 109,8 млрд.кВт-гадз. Асн. галіны апрацоўчай прам-сці: авіяракетная, вытв-сцькасм. лятальных апаратаў, радыёэлектронная (у т. л.ЭВМ і інш. абсталяванне для ваен. мэт), аўта- і суднабуд., нафтаперапр., хім., паліграф., харч., тэкст., чорная і каляровая металургія. Кінапрамысловасць (гл.Галівуд). Індустрыя забаў. К. — буйнейшы штат па вытв-сці с.-г. прадукцыі. Вырошчваюць бавоўнік, вінаград, цытрусавыя, міндаль, абрыкосы, персікі, фінікі, аліўкі, гранаты, агародніну, кветкі. Гадуюць (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлу — 4,7, свіней — 0,26, авечак — 0,52, бройлерных куранят — 31,5. Развіта рыбалоўства. Аўтамаб., чыг. і марскі транспарт. Буйнейшыя парты: Лонг-Біч, Лос-Анджэлес, Сан-Дыега, Окленд, Сан-Францыска. 6 міжнар. аэрапортаў. Турызм прыносіць да 50% даходаў штата (58,3 млрд.дол., 1996).
Найбольш стараж.мясц. насельніцтва — індзейцы. У 1540 з’явіліся першыя перасяленцы з Іспаніі; з 1769 яе калонія. З 1821 правінцыя Мексікі. У выніку амерыкана-мексіканскай вайны 1846—48 Верхняя К. далучана да ЗША, з 1850 штат. У грамадз. вайну 1861—65 на баку Поўначы. Хуткаму эканам. развіццю К. спрыяла адкрыццё радовішчаў золата (1848, раён Сакрамента), нафты (1895, Лос-Анджэлес — Лонг-Біч), буд-ва ў 2-й пал. 19 ст. транскантынентальнай чыгункі. У час 1-й сусв. вайны актывізавалася індустрыялізацыя. пасля 2-й сусв. вайны штат ЗША, які развіваецца найб. дынамічна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТЭВІДЭ́О (Montevideo),
горад, сталіца Уругвая, на левым беразе эстуарыя Ла-Плата. Адм. ц. дэпартамента Мантэвідэо. Засн. ў 1726 іспанцамі. 1,3 млн.ж. (1997). Гал. порт краіны ў заліве Ла-Плата. Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Караска. Прам-сць: нафтаперапр., металаапр., эл.-тэхн., эм., хім., харч. (мясахаладабойная, кансервавая, мукамольная), гарбарна-абутковая, тэкст., паліграфічная. Кліматычны марскі курорт.
Да порта М. прымыкае Стары горад, пабудаваны паводле рэгулярнага плана 1724 (арх. П.Мільян, Д.Петрарка). У ім размешчана гал.пл. Канстытуцыі з саборам (1790—1804, арх. К. дэ Са-і-Фарыя, Х. дэль Поса-і-Маркі; рысы класіцызму і барока; фасад 1859—61, арх. Б.Панчыні; 1941, арх. Р.Руана) і старой ратушай (1804—08. арх. Т.Тарыб’ё; класіцызм; завершана ў 1867—69), дамы калан. перыяду з унутр. дварамі. На З ад порта — прамысл. і рабочы раён Вілья-дэль-Сера (18—19 ст.) з прамавугольнай сеткай вуліц, абмежаваных з боку заліва ўзгоркам з крэпасцю (1801—09, інж. дэль Поса-і-Маркі). Паўн.-ўсх. ўзбярэжжа заліва забудавана фешэнебельнымі дамамі, курортнымі будынкамі і атэлямі. На Пн — жылыя раёны (Уньян і інш.) Новы горад склаўся ў 19—20 ст., мае свабодную планіроўку. Найб. значныя збудаванні: т-р «Саліс» (1841—74, арх. К.Цукі, Ф.Х.Гармендыя, В.Рабю; класіцызм), будынак парламента (1908—20, арх. Я.Васкес Варэла, А.Бачыні. Г.Марэці; эклектыка), палац Сальва (1923—28, арх. М.А.Горы), у сучасных стылях — новая ратуша (1930), «Рамбла-атэль» (1931, абодва арх. М.Кравота), інж.-геад.ф-тРэсп. ун-та (1937—38, арх. Х.Віламахо), комплекс Рамбла-і-Гуаякі (1952) і будынак «Панамерыкана» ў Бусеа (1957, абодва арх. Р.Січэра Бурэ), мікрараён Касавалье (1960, арх. А.Р.Страта). Манументы: калона «Свабода» (1865—67, арх. І.Гапрагоры, скульпт. Дж.Ліві), «Праметэй прыкаваны» (1893, Х.М.Ферары), 2 помнікі Х.Х.Артыгасу (1913—23. італьян.скульпт. А.Дзанелі; 1957, арх. Х.Л.Сарылья дэ Сан-Марцін), каланістам-перасяленцам «Фургон» (1929—34) і «Дыліжанс» (1953, абодва арх. Х.Бельёні) і інш. У М. ун-ты, Нац. акадэмія. Ін-т геаграфіі і гісторыі. Нац.б-ка. Нац. кансерваторыя (з 1849), Ін-т Вердзі (з 1890), Муз. акадэмія Ф.Ліста. Музеі: Нац. пластычных мастацтваў, гістарычны, муніцыпальны прыгожых мастацтваў. Т-ры «Вікторыя», «Саліс» і інш.
Т.Р.Мартыненка (архітэктура).
Палац Сальва (злева) на плошчы Незалежнасці ў Мантэвідэо.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕВАСТО́ПАЛЬСКАЯ АБАРО́НА 1941—42,
250-дзённая (з 30.10.1941 да 4.7.1942) абарона горада і галоўнай ваенна-марской базы Чарнаморскага флоту ў Вял.Айч. вайну. У кастр. 1941 войскі 11-й ням. арміі (камандуючы ген.-фельдмаршал Э. фон Манштэйн) і рум. корпуса прарваліся ў Крым. Сав. войскі адышлі да Керчанскага п-ва, а частка сіл — да Севастопаля. 4.11.1941 з часцей Севастопальскага гарнізона, караблёў і авіяцыі Чарнаморскага флоту, а таксама часцей Асобнай Прыморскай арміі (ген.-маёр І.Я.Пятроў) створаны Севастопальскі абарончы раён (САР) на чале з камандуючым флотам віцэ-адм. П.С.Акцябрскім. Ням.-фаш. камандаванне ажыццявіла 3 буйныя наступленні на горад. Першыя два (11—21 ліст. і 17—31 снеж. 1941) штурмы севастопальцы адбілі і прымусілі ворага перайсці да абароны. Поспеху абаронцаў садзейнічалі падмацаванне, перакінутае з Каўказа, і Керчанска-Феадасійская дэсантная аперацыя 1941—42сав. войск, што прымусіла праціўніка аслабіць націск на Севастопаль. Перад апошнім штурмам (пачаўся 7.6.1942) у складзе САР налічвалася 106 тыс.чал., 600 гармат і мінамётаў, 38 танкаў, 100 самалётаў, лінейны карабель, крэйсеры, эсмінцы і інш.Ням. камандаванне сканцэнтравала пад Севастопалем амаль усю 11-ю армію (каля 204 тыс.чл., 450 танкаў, больш за 2000 гармат і мінамётаў, 1060 самалётаў). Цаной вял. страт 18 чэрв.ням. і рум. войскі прарваліся да Паўн. бухты, Інкермана, Сапун-гары, а 30 чэрв. ўварваліся ў горад. Невялікія групы абаронцаў разрознена адышлі да бухтаў і на мыс Херсанес. 4.7.1942 паводле загаду Стаўкі адбылася эвакуацыя часткі абаронцаў, некат. спрабавалі прарвацца ў горы да партызан. У баях за Севастопаль праціўнік страціў каля 300 тыс.чал. забітымі і параненымі. У абароне Севастопаля прымалі ўдзел беларусы і ўраджэнцы Беларусі, у т. л. Героі Сав. Саюза лётчыкі М.В.Аўдзееў, Дз.М.Мінчугоў, У.А.Наржымскі, У.А.Скугар, маракі ВМФ Г.М.Халасцякоў, І.К.Хурс, А.Р.Азаронак, П.Ц.Бандарэнка, С.С.Варкоў, О.С.Жукоўскі, прадстаўнікі сухап. войск Я.В.Леашэня, А.Ж.Юхімчук, марскія пехацінцы Г.Н.Вішнеўскі, М.А.Савіцкі. У гонар гераічнай абароны 22.12.1942 устаноўлены медаль «За абарону Севастопаля» (узнагароджана больш за 45 тыс.чал.). У 1945 Севастопалю нададзена ганаровае найменне «Горад-герой».
Літ.:
Героическая оборона Севастополя, 1941—1942. М., 1969;
Крылов Н.И. Огненный бастион. М., 1973;
Огненные дни Севастополя. 2 изд. Симферополь, 1982;
Борисов Б.А. Подвиг Севастополя. 3 изд. Симферополь, 1977;
Долготович Б.Д. Твои сыновья, Беларусь. Мн., 2000.
Г.Дз.Бабусенка, В.А.Юшкевіч.
Да арт.Севастопальская абарона 1941—42. Абарона Севастопаля. Мастак А.Дайнека. 1942.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛА́ЎГАРАД (да 23.5.1945 Прапойск),
горад, цэнтр Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл., прыстань на р. Сож пры ўпадзенні ў яе р. Проня. За 70 км ад Магілёва, 58 км ад чыг. ст. Крычаў, вузел аўтадарог на Магілёў, Рагачоў, Чэрыкаў. 8,3 тыс.ж. (2001).
Гарадзішча стараж. С. размешчана на правым беразе р. Сож, каля вусця р Проня, ва ўрочышчы Замкавая гара (цяпер гарадскі парк). Яго пляцоўка 40 × 95 м, вышыня да 30 м, з зах. боку ўмацавана ровам. У пісьмовых крыніцах С. упершыню ўпамінаецца пад 1136 (летапісная назва Прупой, Пропошеск) у складзе Смаленскага княства. У 13—18 ст. існаваў Прапойскі замак як цэнтр абароны сярэдневяковага г. Прапойск. З 14 ст. ў складзе ВКЛ, дзярж. ўладанне. З пач. 16 ст. цэнтр Прапойскай воласці, з 1560-х г. цэнтр староства ў Мсціслаўскім ваяв. З 1772 у складзе Рас. імперыі, заштатны горад, потым мястэчка; цэнтр воласці Быхаўскага пав. Магілёўскай губ., валоданне Галіцыных. У 1787 у Прапойску 2 царквы, 1 касцёл. У канцы 18 ст. на ўскраіне горада створаны парк пейзажнага тыпу. У 1791—93 пабудавана царква Раства Багародзіцы. У пач. 19 ст. належаў Дз.Яншыну, існаваў ін-т шляхетных дзяўчат (да 1828), дзейнічала палатняная мануфактура (засн. ў 1806, 84 рабочыя ў 1809), 2 канатныя ф-кі, кафляны з-д, ветракі, параходная прыстань. У 1886—922 ж., 115 двароў; валасное праўленне, школа, бальніца, багадзельня, 2 царквы, сінагога, 4 яўр. малітоўныя дамы, паштовае аддз., гарбарны, кафляны і канатны з-ды, 2 млыны, 2 заезныя дамы, 30 крам. З 264.1919 у Гомельскай губ. РСФСР, з 17.7.1924 цэнтр Прапойскага раёна ў БССР (гл. Слаўгарадскі раён). З 27.9.1938 гар. пасёлак; 4,7 тыс.ж. (1939). 30.8.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў С. і раёне 2 тыс.чал. Дзейнічала Прапойскае патрыятычнае падполле. Вызвалены 25.11 1943 войскамі 3-й арміі Бел. фронту ў ходзе Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943. З 23.5.1945 горад. У 1959—6,6 тыс.ж. У 1962—65 у Быхаўскім р-не. У 1970—5,6 тыс. ж.
Працуюць масласырзавод, агароднінасушыльны і жалезабетонных вырабаў з-ды, камбінат быт. абслугоўвання і інш.; 2 сярэднія школы, Дом культуры, 3 б-кі. Брацкія магілы і могілкі сав. воінаў. Помнікі архітэктуры: Слаўгарадская царква Раства Багародзіцы, будынак царкоўнапрыходскай школы (канец 18 ст.), паштовая станцыя (2-я пал. 19 ст.), жылы дом (пач. 20 ст.), Слаўгарадскі парк. Гарадзішча стараж. С. Радзіма бел. гісторыка і археографа І.І.Грыгаровіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Teilm, n -(e)s, -e
1) ча́стка; до́ля
2) пай, до́ля, по́рцыя, ча́стка;
j-m séin(en) ~ gében* аддава́ць каму́-н. па заслу́гах
3) раён, ча́стка (горада)
4) ча́стка, раздзе́л (кнігі); до́ля, лёс (чалавека)
6) юрыд. бок;
man muss béide ~e hören трэ́ба вы́слухаць або́два бакі́
7) вайск. часць, падраздзяле́нне
8) тэх. дэта́ль
9):
zum ~ частко́ва;
zum gróßen [gúten] ~ у зна́чнай ступе́ні [ме́ры];
ich für méin(en) ~ што (даты́чыцца) да мяне́…
Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.)
АРША́НСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
фізіка-геаграфічны раён ва ўсх.ч.Беларускай грады на ПдУ Віцебскай і ПнУ Мінскай абласцей. Уваходзіць у Беларуска-Валдайскую правінцыю. Мяжуе з Чашніцкай раўнінай і Лучоскай нізінай на Пн, Верхнебярэзінскай ніз. на ПнЗ, Мінскім узв. на З, Цэнтральнабярэзінскай, Аршанска-Магілёўскай і Горацка-Мсціслаўскай раўнінамі на Пд і ПдУ. Выцягнута з З на У на 110 км, з Пн на Пд на 10—60 км. Абс. вышыні ад 150 м над узр. м. (урэз вады ў р. Дняпро) да 265 м (каля в. Янова Сенненскага р-на), пераважаюць 200—250 м. Над суседнімі раўнінамі і нізінамі ўзнімаецца на 100—127 м. Пл. каля 2,5 тыс.км². Аршанскае ўзвышша — краявое акумулятыўнае ўзвышша лёдападзельнага тыпу сожскага ледавіка, да якога на Пн прымыкаюць невял. краявыя грады паазерскага зледзянення
У геаструктурных адносінах прымеркавана да Аршанскай упадзіны. У будове ўзвышша пераважаюць ледавіковыя адклады трох-чатырох зледзяненняў, міжледавіковыя адклады менш развіты. Магутнасць тоўшчы антрапагенавай сістэмы 60—80 м, на лакальных падняццях ложа яна памяншаецца да 18 м, у ледавіковых лагчынах павялічваецца да 200 м. Карысныя выкапні: дэвонскія даламіты і даламітызаваныя вапнякі, антрапагенавыя цагляна-чарапічныя і керамічныя гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, торф. Вялікія запасы прэсных і мінер. водаў у Аршанскім гідрагеалагічным басейне, які ахоплівае ўсе гарызонты асадкавага чахла і частку крышт. фундамента.
У рэльефе Аршанскага ўзвышша вылучаюцца 2 няроўныя часткі. Меншая, паўн.-ўсх., характарызуецца градава-ўзгорыстым канцова-марэнным і камавым рэльефам Аршанскага стадыяла паазерскага зледзянення. Утварае выгнутую на Пд дугу, вышыня асобных узгоркаў 10—12 м, паміж імі шматлікія лагчыны сцёку талых ледавіковых водаў, тэрмакарставыя западзіны. Рэльеф асн. часткі Аршанскага ўзвышша (лёдападзельнага масіву Ашмянскага стадыяла перадапошняга зледзянення) узгорыста-ўвалісты і спадзіста-хвалісты, перапрацаваны дэнудацыяй, з перарывістым покрывам лёсападобных парод магутнасцю 0,5—7 м. Месцамі да схілаў прымыкаюць флювіякамы, камавыя масівы і озы. На водападзелах суфазійныя западзіны (да 2 м), у прырэчных частках, асабліва на правабярэжжы Дняпра, глыбокія лагчыны і разгалінаваныя яры да 15—20 м глыбіні. У Мацвеевым Рове (каля г.п. Копысь) агаленне адкладаў александрыйскага міжледавікоўя. Адметная рыса Аршанскага ўзвышша — скразныя даліны, найб. выразная паміж вярхоўямі рэк Друць і Усвейка. Т-растудз. -7,8 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 630 мм за год. Па Аршанскім узвышшы праходзіць частка водападзелу паміж бас. Балтыйскага і Чорнага мораў, тут пачынаюцца рэкі Усвейка і Абалянка (бас.Зах. Дзвіны), Бобр, Друць і Адроў (бас. Дняпра). Ёсць невял. зарослыя азёры ў западзінах. Глебы дзярнова-падзолістыя сугліністыя, радзей супясчаныя на лёсападобных пародах, у паніжэннях — тарфяна-балотныя нізінныя, у далінах — поймавыя дзярнова-балотныя. Лясы мяшана-шыракалістыя, захаваліся на ўзгорыстых і забалочаных участках (каля 20% тэрыторыі). Пераважаюць ельнікі, субары, драбналістыя лясы. Лугі б.ч. сухадольныя. Месцамі нізінныя балоты. Пад ворывам каля 50% тэрыторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА ЗДАРО́ЎЯ,
сістэма дзярж. і грамадскіх мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне здароўя кожнага грамадзяніна і насельніцтва ў цэлым. Арыентуецца на забеспячэнне належнага стану асяроддзя, у якім жыве чалавек, стварэнне спрыяльных умоў працы, быту і адпачынку для яго актыўнага даўгалецця, своечасовае аказанне паўнацэннай мед. дапамогі хворым, папярэджанне ўзнікнення і пашырэння хвароб сярод насельніцтва. Аб’ядноўвае меры заканад., паліт., сац.-эканам., культ.-асветнага, навук., мед., сан.-гігіенічнага, прафілакт.-нарматыўнага, кадравага і інш. характару. Робіць уплыў на сац. і эканам. дабрабыт насельніцтва, на вынікі вытв. дзейнасці, дэмаграфічную сітуацыю і якасць народанасельніцтва. Узровень развіцця аховы здароўя залежыць ад сац.-эканам. працэсаў у грамадстве, яго дзярж. будовы і палітыкі.
Сістэма аховы здароўя ў эканам. развітых краінах уключае 3 асн. блокі: дзярж.мед. забеспячэнне, кантроль і дапамога; грамадскія формы забеспячэння аховы здароўя; мед. страхаванне. Адпаведна фарміруюцца і крыніцы фінансавання аховы здароўя: з дзярж. бюджэту, адлічэнняў ад даходаў прадпрымальнікаў, страхавых узносаў насельніцтва, дабрачынных ахвяраванняў. Арганізацыйную структуру аховы здароўя складаюць службы: кіравання, падрыхтоўкі кадраў (гл.Медыцынская адукацыя) і навук. забеспячэння (гл.Медыцына), аказання лячэбна-прафілакт. дапамогі насельніцтву, сан.-эпідэміял. абслугоўвання, фармацэўтычнай вытв-сці і забеспячэння насельніцтва лек. прэпаратамі, прафілакт. і дапаможнымі вырабамі мед. прызначэння (гл.Аптэка), буд-ва і аснашчэння мед. устаноў матэрыяламі, абсталяваннем, тэхн. сродкамі і інш.
На Беларусі заканад. базу аховы здароўя складаюць палажэнні Канстытуцыі і законы (гл.Заканадаўства аб ахове здароўя). Асн. прынцыпы дзярж. палітыкі ў дачыненні да аховы здароўя: даступнасць кваліфікаванай мед. дапамогі і фармацэўтычнага забеспячэння насельніцтва; прафілактычная накіраванасць; прыярытэтнае і льготнае мед. абслугоўванне і лекавае забеспячэнне дзяцей, маці інвалідаў, сац. маламаёмных грамадзян; падкантрольнасць дзейнасці ўсіх мед. работнікаў і ўстаноў органам аховы здароўя; адказнасць, эканам. зацікаўленасць і роўныя магчымасці ў забеспячэнні належнага стану здароўя грамадзян; удзел грамадскасці і кожнага грамадзяніна ў ахове здароўя. Да функцый аховы здароўя адносяцца таксама: аказанне хуткай медыцынскай дапамогі і неадкладнай медыцынскай дапамогі, мед.-сан. абслугоўванне і рэабілітацыя сацыяльна небяспечных хворых, донарства і трансплантацыя органаў і тканак, санітарна-курортнае лячэнне санаторна-курортнае лячэнне, мед. экспертыза, кансультаванне і інш. На пач. 1994 на Беларусі 5,8 тыс. амбулаторна-паліклінічных устаноў, больш за 200 станцый хуткай і неадкладнай мед. дапамогі, каля 840 бальнічных устаноў, больш за 230 зубапратэзных майстэрняў, 4 мед. ін-ты, 18 мед. вучылішчаў, ін-т удасканалення ўрачоў, ін-т павышэння кваліфікацыі фармацэўтычных і мед. работнікаў сярэдняга звяна, каля 150 цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі, 1200 аптэк, 60 санаторыяў, больш за 40 тыс. урачоў і каля 110 тыс.мед. работнікаў сярэдняга звяна. Асобны кірунак у ахове здароўя — Ахова здароўя дзяцей і падлеткаў.
Э.А.Вальчук.
Да арт.Ахова здароўя. Санаторый «Радон» (Дзятлаўскі раён Гродзенскай вобл.).Да арт.Ахова здароўя. У лячэбных установах г. Мінска.