старажытны горад Русі (цяпер с. Стары Ізборск у Пячорскім р-не Пскоўскай вобл.). Упершыню згадваецца пад 862. Паводле легенды, у І. пасяліўся Трувор (адсюль назва першага стараж. паселішча — Труворава гарадзішча, што ўзнікла ў 8 ст.). У 1313—1320-я г. неаднаразова асаджваўся крыжакамі. У 1329 крэпасць перанесена на т.зв. Жэраўю Гару, а ў канцы 14 — пач. 15 ст. вакол крэпасці фарміравалася новая гар. структура з пасадамі і могільнік. На думку некат. даследчыкаў, летапісны І. знаходзіўся ў сутоках рэк Пскава і Вялікая, дзе ў сярэдзіне 11 ст. быў знішчаны і потым адноўлены пад назваю Пскоў. Частка жыхароў зруйнаванага горада пасялілася на Труворавым гарадзішчы, якое з таго часу пачалі называць І.
А.В.Іоў.
Да арт.Ізборск. Сцяна Ізборскай крэпасці з вежамі. 14 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРВА́Л (ад лац. intervallum прамежак, адлегласць),
1) перапынак (у прасторы або часе), прамежак, паўза, адлегласць паміж чым-небудзь.
2) У матэматыцы — мноства лікаў або пунктаў на прамой, размешчаных паміж двума лікамі (пунктамі) a і b. Пазначаецца (a, b), a і b — канцы І. ў яго не ўключаюцца.
3) У тэорыі адноснасці — велічыня, якая характарызуе сувязь паміж прасторавай адлегласцю і прамежкам часу, што раздзяляе 2 падзеі; «адлегласць» паміж дзвюма падзеямі ў чатырохмернай прасторы-часе. Квадрат І. Sab паміж дзвюма падзеямі А і В роўны S2AB = c = (∆t)2 − (∆r)2, дзе ∆t і ∆r — прамежак часу і прасторавая адлегласць паміж гэтымі падзеямі адпаведна, c — скорасць святла ў вакууме. І. Sab застаецца нязменным (інварыянтным) пры пераходзе ад адной інерцыяльнай сістэмы адліку да другой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЯЎЛЕ́ВІЧ Фама, бел. пісьменнік і педагог 1-й пал. 17 ст. Нарадзіўся ў Магілёве. Вучыўся ў Магілёўскай брацкай школе, у Ягелонскім ун-це (Кракаў, сярэдзіна 1620-х г.). У канцы 1620 — пач. 1630-х г. рэктар Кіеўскай брацкай школы. З 1632 педагог у магілёўскім, у 1640-я г. ў слуцкім брацтвах. Аўтар паэмы «Лабірынт» (Кракаў, 1625, на польск. мове). У паэме, прасякнутай ідэямі асветніцтва, услаўляў неабмежаваныя магчымасці чалавечага розуму, асвету, навуку, заклікаў да адзінства слав. народаў у грамадска-паліт. і культ. жыцці. Твор І. — узор экспрэсіўна-метафарычнай паэзіі барока.
Літ.:
Голенченко Г.Я. Новые материалы по истории культурных связей Белоруссии с Украиной и Россией в конце XVI — первой половине XVII в // Книга в Белоруссии: Книговедение, источники, библиогр., Мн. 1983. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗУ́РА ((Kazuro) Станіслаў) (2.8.1881, б. фальварак Тэклінаполь Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. — 30.11.1961),
польскі кампазітар, харавы дырыжор, педагог. Скончыў Варшаўскую кансерваторыю (1910) і акадэмію «Санта Чэчылія» ў Рыме (1914). У 1916—39 праф., у 1945—51 рэктар Вышэйшай муз. школы ў Варшаве. Арганізатар і кіраўнік масавых хароў у Варшаве, у т. л. Польскай нар. капэлы, аратарыяльнага хору Варшаўскай філармоніі. Аўтар опер, араторый, сімф. паэм, канцэртаў для розных інструментаў з аркестрам, рамансаў і песень, падручнікаў па спевах для агульнаадук. і муз. школ. У канцы 1920-х г. запісаў у в. Камаі (Пастаўскі р-н Віцебскай вобл.) шэраг бел.нар. песень, частку іх апрацаваў для аматарскіх хароў і голасу сола («Чырвоная калінанька», «Малады дубочак» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЦІ́НСКІ САЮ́З,
федэрацыя старажытнаіталійскіх гарадоў на тэр. сучаснай вобл.Лацыо, якая ўзнікла ў пач. 1-га тыс. да. н.э. і аб’ядноўвала (паводле ант. традыцыі) 30 абшчын. Напачатку Л.с. узначальваў г.Альба-Лонга, з 6 ст. да н.э. — Рым. Гарады мелі агульныя святы, саюзны сход вырашаў агульныя пытанні і спрэчкі паміж яго членамі. У канцы 6 — пач. 5 ст. да н.э. некаторыя лац. абшчыны часова вызваліліся ад рым. панавання. У 493 да н.э. Л.с. адноўлены (на чале з Рымам) на ўмовах узаемадапамогі ў войнах, удзеле камандавання пры падзеле здабычы. У час гальскага нашэсця (390 ці 387 да н.э.) Л.с. распаўся. У 358 да н.э. аднавіўся на больш выгадных для Рыма ўмовах. Скасаваны пасля 2-й Лацінскай вайны (340—338 да н.э., гл.Лацінскія войны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛА́Н (Equus hemionus),
няпарнакапытнае млекакормячае сям. коневых. 8 падвідаў. Пашыраны ў пустынях і паўпустынях Пярэдняй, Сярэдняй і Цэнтр. Азіі. Жыве табунамі (да 100 і больш жывёл). Трапляецца ў высакагор’ях да выш. 5000 м. 2 падвіды: К. індыйскі (E.h. khur) і К. сірыйскі (E.h. hemippus) занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. да 2,6 м, выш. ў карку да 1,5 м, маса да 350 кг. Афарбоўка пясчана-жоўтая, уздоўж хрыбта цёмная паласа, ніз цела і ногі белыя. У адрозненне ад каня мае большую галаву, вушы даўжэйшыя, ногі танчэйшыя з вузкімі капытамі. Грыва кароткая, стаячая. На канцы хваста доўгія грубыя валасы ўтвараюць кутас. Кормяцца травой і хмызняком, могуць піць марскую ваду. Хутка бегаюць (да 75 км/гадз), плаваюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КУЛЬТУРКА́МПФ»
(ням. Kulturkampf барацьба за культуру),
пашыраная ў гіст. л-ры назва мерапрыемстваў урада О.Бісмарка супраць каталіцкай царквы і яе паліт. партыі Цэнтра, якая выражала сепаратысцкія антыпрускія тэндэнцыі (пераважна на З і ПдЗ Германіі) у 1870-я г. З ініцыятывы Бісмарка былі прыняты і дзейнічалі законы аб забароне святарам весці паліт. агітацыю (1871), пазбаўленні духавенства права нагляду за пач. школамі (1872), дзярж. кантролі за царк. справамі (1873), увядзенні грамадз. шлюбу (1875) і інш. У 1875 у Германіі распушчаны амаль усе каталіцкія ордэны. На польскіх землях імперыі ў ходзе «К.» была ўзмоцнена палітыка германізацыі. Пасля прымірэння Бісмарка з каталіцкім духавенствам у канцы 1870 — пач. 1880-х г. большасць законаў часоў «К.» адменена, акрамя законаў аб грамадз. шлюбе і выгнанні езуітаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАКО́МБАВАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён бронзавага веку, якія ў канцы 3—1-й пал. 2-га тыс. да н. э. жылі паміж Дняпром і Волгай, пазней — у Прыазоўі, Крыме, на Паўн. Каўказе. Вылучана В.А.Гарадцовым у пач. 20 ст. Назва ад пахавальнага абраду. нябожчыкаў хавалі ў катакомбах — падбоях, выкапаных у сценах магільных ям, скурчанымі, на баку (у пахаваннях трапляецца охра і вугаль у жароўнях і курыльніцах), побач клалі посуд, прылады працы, зброю. Пласкадонная кераміка вызначаецца разнастайнасцю форм (данецкай К.к. — кубак з канцэнтрычнымі кругамі, перадкаўказскай — рэпападобныя пасудзіны з наляпнымі валікамі), распаўсюджаны шнуравы арнамент. Вядомы каменныя і бронзавыя сякеры, нажы, упрыгожанні, каменныя булавы, крамянёвыя наканечнікі стрэл. У пахаваннях сустракаюцца драўляныя вазкі. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй, матычным земляробствам, бронзаліцейнай вытворчасцю. У плямён К.к. складваўся бацькоўскі род.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́НАН ((Kennan) Джордж Фрост) (н. 16.2.1904, г. Мілуокі, ЗША),
амерыканскі дыпламат, саветолаг. Скончыў ваен. акадэмію Сент-Джонс, Прынстанскі ун-т (1925). З 1926 на дыпламат. службе. У 1944—46 саветнік-пасланнік, у 1952 пасол ЗША у Маскве (адкліканы па патрабаванні сав. ўрада). У 1961—63 пасол у Югаславіі. З 1956 праф. Прынстанскага ун-та. Сфармуляваў прынцыпы палітыкі ЗША ў адносінах з СССР (1947), т.зв. дактрына стрымлівання, якая стала сімвалам «халоднай вайны» і грунтавалася на памылковым перакананні ў хуткім падзенні СССР. У канцы 1950-х г. адмовіўся ад сваёй канцэпцыі і падтрымліваў т.зв. палітыку раз’яднання ўзбр. сіл дзвюх супердзяржаў, скіраваную на пазбяганне ядз. вайны. Аўтар прац «Савецкая замежная палітыка 1917—1945» (1960), «Ядзерная памылка. Савецка-амерыканскія адносіны ў атамны век» (1982) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ВІ (Apterygidae),
сямейства бяскрылых птушак атр. ківіпадобных. 1 род, 3 віды. Пашыраны ў Новай Зеландыі, К. звычайны (Apteryx australis) — на Паўн. і Паўд. а-вах і в-ве Сцьюарта, 2 інш. віды — К. вял. шэры (A. haasti) і К. малы (A. oweni) — на Паўд. в-ве. Скрытныя начныя птушкі. Жывуць у густых зарасніках.
Даўж. 50—80 см, маса 1,35—4 кг (самкі буйнейшыя за самцоў). Цела раўнамерна пакрыта воласападобнымі бураватымі пёрамі. Крылы і хвост адсутнічаюць; ногі кароткія, моцныя, з вострымі кіпцюрамі. Дзюба доўгая, гнуткая, з ноздрамі на самым канцы. Кормяцца беспазваночнымі, апалымі ягадамі.
Гнёзды ў гушчары, пад каранямі. Нясуць 1—2 вял. яйцы; наседжвае і водзіць маладых самец. Ахоўваюцца з 1921; К. малы занесены ў Чырв. кнігу МСАП.