АПТЫ́ЧНАЯ АКТЫ́ЎНАСЦЬ,

здольнасць актыўнага асяроддзя выклікаць вярчэнне плоскасці палярызацыі святла, што праз яго праходзіць. Натуральная аптычная актыўнасць абумоўлена несіметрычнай будовай малекул рэчываў (цукар, камфора, вінная кіслата і інш.; гл. Аптычная ізамерыя) або выклікана спецыфічнай арыентацыяй малекул (іонаў) у элементарных ячэйках крышталёў (кварц, кінавар і інш.). Крышталі такіх рэчываў не маюць пунктаў, восяў і плоскасцяў сіметрыі, заўсёды існуюць у 2 люстраных формах — правай і левай (гл. Энантыямарфізм). Штучная аптычная актыўнасць выяўляецца ў выніку вонкавых уздзеянняў, напр., магн. поля (гл. Фарадэя эфект). Аптычная актыўнасць вымяраецца з дапамогай палярыметраў, цукрамераў, спектрапалярыметраў і інш. На аснове аптычнай актыўнасці ў малекулярнай фізіцы і хіміі распрацаваны метады даследавання прасторавай структуры малекул, палімераў, крышталёў, унутры- і міжмалекулярных узаемадзеянняў.

т. 1, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІСТРО́Н [ад грэч. klyzō б’ю + (элек)трон],

электронная прылада для ўзмацнення і генерацыі ваганняў ЗВЧ. Бывае адбівальны (мае 1 аб’ёмны рэзанатар) і пралётны (2 ці больш), звышмініяцюрныя К. наз. мінітронамі.

Прынцып работы К. заснаваны на пераўтварэнні патоку электронаў у пераменны па шчыльнасці паток з дапамогай мадуляцыі скарасцей электронаў эл. полем аб’ёмнага рэзанатара. У адбівальных К. электронны паток праходзіць праз зазор рэзанатара, дзе мадулюецца эл. полем ЗВЧ, далей адкідваецца назад полем адбівальніка і пры другасным праходжанні праз зазор у адваротным напрамку аддае частку кінетычнай энергіі эл. полю ЗВЧ. У пралётных К. электроны паслядоўна пралятаюць праз зазор уваходнага рэзанатара, дзе адбываецца мадуляцыя па скарасцях, і выхаднога, дзе пры тармажэнні частка іх энергіі пераўтвараецца ў энергію ваганняў ЗВЧ.

т. 8, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАДА́ЧА ДА́НЫХ,

перадача інфармацыі, прадстаўленай у выглядзе пэўнага кода. Тэрмін выкарыстоўваўся ў тэлеграфіі, пазней таксама для абазначэння працэсу абмену інфармацыяй паміж ЭВМ з дапамогай апаратуры. Асн. характарыстыкі сістэм П.д. — скорасць перадачы, імавернасць памылкі і інш.

У пашыраным сэнсе П.д., у т. л. тэлефанія, электронная пошта, відэаканферэнцсувязь, праграмы радыё- і тэлевізійнага вяшчання — перадача эл. сігналаў (пераважна лічбавых) сродкамі электрасувязі. Адрозніваюць лакальныя і глабальныя (напр., Інтэрнет) сеткі П.д., якія дазваляюць атрымліваць любы від паведамленняў. Глабальныя сеткі П.д. з’яўляюцца сеткамі агульнага карыстання і даюць абанентам максімум паслуг сувязі. П.д. ажыццяўляецца па лічбавых каналах правадной і бесправадной (напр., радыёканалах) сувязі; пры П.д. па аналагавых каналах дадаткова выкарыстоўваюцца спец. прылады — мадэмы.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 12, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАШКО́ДЫ РАДЫЁПРЫЁМУ,

знешнія і ўнутраныя эл.-магн. ці эл. ўздзеянні на эл. ланцугі радыёпрыёмнай апаратуры і ўнутраныя ў іх эл. працэсы, якія перашкаджаюць правільнаму прыёму сігналаў. Праяўляюцца ў выглядзе пабочных гукаў у радыёпрыёмніку, скажэнняў відарысаў на экране тэлевізара і інш. Абмяжоўваюць якасць узнаўлення прынятага сігналу і далёкасць яго перадачы.

У залежнасці ад прычын узнікнення і відаў крыніц адрозніваюць касм., атм., індустр., а таксама перашкоды, абумоўленыя асаблівасцямі распаўсюджвання радыёхваль, работай інш. радыёстанцый, у т. л. спец. радыёперадатчыкаў, створаных для парушэння нармальнага дзеяння радыёпрыёмнікаў. Унутраныя П.р. абумоўлены ўнутранымі шумамі радыёапаратаў. Знешнія П.р. аслабляюць з дапамогай эл. фільтраў, экранавання ўстановак і інш., унутраныя — рацыянальным канструяваннем апаратаў і інш. сродкамі павышэння перашкодаўстойлівасці ў сістэмах сувязі.

т. 12, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁНАВІГА́ЦЫЯ (ад радыё... + навігацыя),

сукупнасць радыётэхнічных метадаў і сродкаў для забеспячэння ваджэння суднаў, самалётаў і інш. рухомых аб’ектаў; раздзел навігацыі. Садзейнічае бяспечнасці і рэгулярнасці палётаў лятальных апаратаў, плавання суднаў у складаных метэаралагічных умовах. Задачы Р. — выбар дакладнага курсу, вызначэнне геагр. каардынат і навігацыйных велічынь (напр., скорасці перамяшчэння) аб’екта — вырашаюцца з дапамогай радыёнавігацыйных прылад (радыёкомпасы, радыёмаякі, радыёдальнамеры і інш.) і радыёнавігацыйных сістэм.

У залежнасці ад навігацыйных велічынь і становішча рухомага аб’екта адрозніваюць: вугламерныя (ці азімутальныя, гл. Азімут), дальнамерныя (кругавыя), рознасна-дальнамерныя радыётэхн. сродкі, а таксама сродкі для вымярэння вуглавых, лінейных скарасцей і камбінаваныя. У залежнасці ад параметра радыёсігналаў, што выкарыстоўваецца пры Вымярэнні навігацыйных велічынь, радыётэхн. сродкі бываюць амплітудныя, фазавыя, частотныя, часавыя і камбінаваныя.

В.​Р.​Усціменка.

т. 13, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́НЕЧНАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ,

устаноўка (электрастанцыя), якая пераўтварае сонечную радыяцыю ў цеплавую або электрычную энергію. Адрозніваюць тэрмадынамічныя С.э., у якіх сонечная энергія паслядоўна пераўтвараецца ў цеплавую, а затым — у электрычную (напр., па цыкле: геліяканцэнтратары — паравы кацёл—турбіна—генератар) і фотаэлектрычныя станцыі, якія непасрэдна, з дапамогай сонечных батарэй. пераўтвараюць энергію сонечнага выпрамянення ў электрычную. С.э. выкарыстоўваюцца для электразабеспячэння розных аб’ектаў, у т. л. касм. апаратаў, апраснення вады і інш. Магутнасць тэрмадынамічных С.э. больш за 30 МВт, фотаэл. — больш за 10 МВт.

Варыянт касмічнай сонечнай электрастанцыі: 1 — люстэркі; 2 — монакрышталічныя (крэмніевыя) сонечныя элементы, якія пераўтвараюць энергію сонечнага выпрамянення ў электрычную; 3 — перадавальная лінія; 4 — звышвысокачастотнае выпрамяненне, якое пераносіць пераўтвораную электраэнергію на зямлю; 5 — станцыя кіравання.

т. 15, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЕ́КТРЫ АПТЫ́ЧНЫЯ,

спектры вылучэння (эмісіі), паглынання (адсорбцыі), рассеяння і адбіцця эл.-магн. выпрамянення ў інфрачырвоным, бачным і ультрафіялетавым дыяпазонах шкалы электрамагнітных хваль. Рэгіструюцца з дапамогай фатагр. метадаў, лічыльнікаў фатонаў (для ультрафіялетавай вобласці), тэрмаэлементаў і балометраў (для інфрачырвонай вобласці) і інш. С.а. бачнага святла назіраюцца візуальна.

Узнікаюць пры квантавых пераходах паміж узроўнямі энергіі атамаў, малекул, а таксама валкіх і цвёрдых цел. Пры адсутнасці тэрмадынамічнай раўнавагі для атамаў характэрны лінейчасты спектр (гл. Атамныя спектры); для малекул — паласатыя спектры, абумоўленыя пераходамі паміж электроннымі, вагальнымі і вярчальнымі ўзроўнямі энергіі (гл. Малекулярныя спектры). С.а. выкарыстоўваюцца для вывучэння характарыстык крыніц святла, структуры і стану рэчыва, а таксама працэсаў, якія працякаюць у ім. Гл. таксама Спектраскапія, Спектральны аналіз.

П.​А.​Апанасевіч.

т. 15, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЫСУ́ЧЫЯ ІНФУЗО́РЫІ, сукторыі (Suctoria) клас прасцейшых тыпу інфузорый. Каля 500 відаў. Пашыраны ў прэсных вадаёмах і морах. На Беларусі найб. адзначаюцца такафрыі квадрыпартыта (Tocophrya quadripartita) і цыклопавая (T. cyclopum), ацынета вялікая (Acineta grandis), падофрыя прымацаваная (Podophria fixa). Пераважна сядзячыя формы.

Даўж. ад 30 мкм да 3 мм. Раснічкі ў дарослых адсутнічаюць. Могуць прымацоўвацца да субстрату, водных раслін і жывёл. У некат. цела моцна разгалінаванае. Рот адсутнічае. З дапамогай хапальных і сысучых шчупальцаў ловяць і высмоктваюць здабычу, пераважна інфузорый (адсюль назва). Размнажэнне бясполае (вонкавае або ўнутр. пачкаванне, пры якім утвараюцца плаваючыя або поўзаючыя «бадзяжкі») і палавое — кан’югацыя. Некат. — паразіты інш. інфузорый.

Сысучыя інфузорыі: 1 — такафрыя квадрыпартыта; 2 — эфелота геміпара; 3 — такафрыя цыклопавая; 4 — дэндрасома радыяльная.

т. 15, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫЛЕ́ЦЫЯ (Tilletia),

род галаўнёвых грыбоў сям. тылецыевых. Каля 80 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 10 відаў. Паразітуюць пераважна на злакавых і асаковых раслінах. Найб. вядомы ўзбуджальнікі цвёрдай, або мокрай (T. caries, ці T. tritici), і карлікавай (T. controversa) галаўні пшаніцы, а таксама галаўні жыта (T. secalis) і ячменю (T. hordei).

Міцэлій шматклетачны, бясколерны, разрастаецца пераважна ў жывых клетках расліны-гаспадара. У заражаных клетках гіфы ўтвараюць гаўсторыі, з дапамогай якіх грыб жывіцца. Хламідаспоры (тэліяспоры) развіваюцца ў завязі, радзей у інш. вегетатыўных ч. расліны. Маюць гладкую, сеткаватую або шчаціністую абалонку, часта селядзечны пах, абумоўлены наяўнасцю трыметыламіну. Пашырэнне інфекцыі адбываецца ў час малацьбы, калі споры трапляюць на здаровыя зярняўкі.

С.​І.​Бельская.

т. 16, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛЬТРАВА́ННЕ,

працэс механічнага раздзялення вадкіх ці газападобных дысперсных сістэм з дапамогай порыстых перагародак (фільтраў), здольных прапускаць дысперснае асяроддзе і затрымліваць часцінкі, памеры якіх перавышаюць дыяметр пораў перагародкі.

Адбываецца пад дзеяннем рознасці ціску па абодвух баках фільтра. Для паскарэння Ф. ствараюць дадатковы ціск над фільтрам ці вакуум пад фільтрам. Больш інтэнсіўнаму Ф. спрыяе павышэнне т-ры суспензіі, памяншэнне слоя асадку, рацыянальны выбар фільтра, спосабаў яго рэгенерацыі і інш. Выкарыстоўваецца ў лабараторных (хім. аналіз, клінічная, біяхім., мікрабіял. дыягностыкі) і прамысл. (у хім., харч., хім.-фармацэўтычнай, нафтахім., гарнаруднай і інш. прам-сцях) умовах, пры газаачыстцы і інш.

Літ.:

Жужиков В.А. Фильтрование. 4 изд. М., 1980;

Лунев В.Д., Емельянов Ю.А. Фильтрование в химической промышленности. Л., 1982.

т. 16, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)