Зду́ха ’дрыгва’ (Сл. паўн.-зах.; пруж., ДАБМ, 685), здухавіна2 ’нізкае вільготнае месца’ (Нас.), ’падзолістая глеба’ (Сл. паўн.-зах.), зды́ховина ’дрыгва’ (ганц., ДАБМ, 754). Укр. дыял. зду́ховина ’багна’, серб.-харв. ѝздуха ’непрыкметная трэшчына ў русле, што ўцягвае рачную ваду’. Насуперак Юркоўскаму (Ukr. hydrogr., 164) прэфікс хутчэй не sъ‑, а jьz‑ (параўн. серб.-харв.) ці vъz‑ (параўн. здух). Трэба пагадзіцца з Талстым (СГТ, 185), што тэрмін непасрэдна звязаны з анатамічным тэрмінам (гл. здух) паводле падобнасці знешняга дзеяння.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пі́ва, пі́ва ’напітак з ячменнага соладу’ (ТСБМ, Яруш., Бес., Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк., Стан.), пі́во ’пойла для свіней: вада з дадаткам мукі’ (драг., Нар. лекс.). Укр. пи́во ’піва’, рус. пиво ’піва’, ’пітво, напой’, ’пойла’, польск. piwo, н.- і в.-луж. piwo, чэш., славац. pivo, славен. pívo, серб.-харв. пи̑во, макед., балг. пиво, ц.-слав. пиво. Прасл. *pivo. Да *piti > піць (гл.) і суф. ‑v‑o, які ўтварае назвы прадметаў як вынік дзеяння. Параўн. фрак. πίνο, πίνον (Фасмер, 3, 258).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́кам, ра́ком ’паўзці ці стаяць, абапіраючыся на ногі і рукі’, ’на карачках’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), ракачо́м (ТСБМ), ра́качам (лід., Сл. ПЗБ), ра́кача (шчуч., Нар. словатв.), ра́ка (ТС), ра́чкі, ра́чком (ТСБМ, Ян., ТС), ідзе ра́ком, стаў ра́ка ’задам; як рак’ (ТС). Сюды ж рачкава́ць ’поўзаць ракам, стаяць на карачках’ (ТС), параўн. польск. raczkować (пра дзяцей) (з XVIII ст.). Адыменнае прыслоўе спосабу дзеяння, што ўяўляе застылы склон назоўніка або ўтворанае па гэтай мадэлі (параўн. Карскі 2–3, 75).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раство́р ’аднародная вадкасць, атрыманая растварэннем якога-небудзь рэчыва’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк.), ’рэдкая гразь’ (Касп., Нас.), роство́р ’непраходная гразь’ (ТС). Вытворныя ад раствары́ць ’разбавіць, замяшаць, рашчыніць’ (Сл. ПЗБ), што да тварыць (гл.); параўн. заўвагу Жураўлёва (Язык и миф, 553) аб тым, што значэнне ’рэдкі, няцвёрды’ ўзнікае ў рус. раствор дзякуючы ўзаемадзеянню семантыкі кораня са значэннем прыстаўкі раз‑/рас‑, што дае агульнае значэнне ’ліквідаваць вынік дзеяння, названага матывуючым дзеясловам’, для якога пастулюецца ідэя ’згушчэння, зацвярдзення’, параўн. тварог (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свіргу́ль ‘стрыж, Apus apus L.’ (ушац., бяроз., ЛА, 1; Ласт.). Утворана пры дапамозе непрадуктыўнага суф. ‑уль‑ ад гукапераймальнага дзеяслова свіргата́ць ‘шчабятаць’ (ТСБМ) як суб’ект дзеяння (Сцяцко, Афікс. наз., 67), параўн. таксама свыргота́тэ ‘цвыркаць’ (драг., Нар. словатв.), укр. сверготі́ти ‘тс’, польск. świergotać, szwargotać ‘тс’, якія паводле Брукнера (536; гл. таксама ЕСУМ, 5, 188, 195), утвораны на польскай глебе, што цяжка давесці, паколькі чаргаванне глухіх і звонкіх зычных у гукаперайманняў — звычайная з’ява ў славянскіх мовах. Параўн. наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трубе́ль ‘трубач; той, хто трубіць’ (валож., ашм., Стан.). Рэдкае словаўтварэнне з суф. ‑ель назоўнікаў у якасці назвы асобы, “схільнай да пэўнага дзеяння” (Сцяцко, Афікс, наз., 38), магчыма, пад уплывам літоўскага суф. ‑ėlis, параўн. Атрэмбскі, Gramatyka, 2, 119. Да труба1 (гл.); поўнае фармальнае супадзенне па паходжанні з в.-луж. trubjel ‘поўнае сцябло’, ‘комін’, гл. Шустар-Шэўц, 1535; параўн. таксама н.-луж. tšubal ‘труба’, чэш. trouble ‘комін’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *trǫbjel ‘трубка’ (Сной₂, 785).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВАКУУММЕ́ТР,

прылада для вымярэння ціску газаў, ніжэйшага за атмасферны. Падзяляюцца на абсалютныя (напр., вадкасныя, дэфармацыйныя, кампрэсійныя) і адносныя (радыеметрычныя, цеплавыя, іанізацыйныя). Кожны тып вакуумметра разлічаны на вымярэнні ў пэўных межах ціску. Выкарыстоўваюцца ў энергетыцы, электроніцы, вакуумнай металургіі, хім. і харч. прам-сці.

Абсалютныя вакуумметры вымяраюць ціск непасрэдна; іх паказанні не залежаць ад роду газу. У вадкасных вакуумметрах вымераны ціск (рознасць ціскаў) ураўнаважваецца ціскам слупа вадкасці. Дзеянне кампрэсійных вакуумметраў заснавана на Бойля—Марыёта законе У рэфармацыйных вакуумметрах ціск вымяраецца па дэфармацыі адчувальнага элемента (сільфон, мембрана і інш.). Адносныя вакуумметры вымяраюць фіз. велічыні, залежныя ад ціску газу; градуіруюцца па абсалютных узорных вакуумметрах; іх паказанні залежаць ад роду газу. Прынцып дзеяння радыеметрычных вакуумметрах заснаваны на радыеметрычным эфекце, цеплавых — на цеплаабмене напаленай металічнай ніці, іанізацыйных — на вымярэнні сілы іоннага току; крыніца іанізацыі — паток электронаў ад напаленага катода, α- або β-часціцы.

М.​І.​Дудо.

Вакуумметры: а — вадкасны з адкрытым каленам; б — мембранны; в — дыяпазоны вымярэння ціску; Pв — вымерны ціск; Pап — апорны ціск; 1 — пругкая мембрана; 2 — нерухомая пласціна; 3 — ізалятар.

т. 3, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́КУУМНЫЯ ПАКРЫ́ЦЦІ,

пакрыцці, нанесеныя на паверхню метал. і неметал. вырабаў у вакууме накіраваным асаджэннем часціц рэчыва. Бываюць метал. і неметалічныя. Наносяцца тэрмічным або электронна-прамянёвым выпарэннем і катодным распыленнем, а таксама іх спалучэннем.

Трываласць счаплення вакуумнага пакрыцця з матэрыялам асновы абумоўлена т-рай асновы, якасцю падрыхтоўкі і ачысткі яго рабочай паверхні, энергіяй часціц, што наносяцца, і інш. Тэрмічнае выпарэнне ажыццяўляецца з дапамогай розных крыніц нагрэву і адпаведных прыстасаванняў у вакууме 1,33∙10​−1 — 1,33∙10​−5 Па. Пры электронна-прамянёвым выпарэнні выкарыстоўваюцца электронна-прамянёвыя пушкі, якія генерыруюць электроны з вял. скарасцямі. Адначасовым выпарэннем некалькіх матэрыялаў атрымліваюць шматкампанентныя і шматфазныя вакуумныя пакрыцці. Пры катодным распыленні матэрыял, які наносіцца, «бамбардзіруюць» іонамі розных элементаў. Найб. пашырана катоднае распыленне ў тлеючым разрадзе, які ўзбуджаецца ў аргоне і інш. інертных газах пры ціску 2,66—13,3 Па і напружанні 1—5 кВ. Вакуумныя пакрыцці выкарыстоўваюцца ў машынабудаванні, мікраэлектроніцы, выліч. тэхніцы, фіз. оптыцы.

М.​І.​Дудо.

Схема ўстаноўкі бесперапыннага дзеяння для нанясення вакуумных пакрыццяў метадам напылення: 1 — касета; 2 — затвор; 3 — рабочая камера; 4 — награвальнік; 5 — магнетронны распыляльнік; 6 — камера распылення; 7 — высакавакуумная сістэма; 8 — канвеер.

т. 3, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫФРЫКЦЫ́ЙНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ (ад анты... + лац. frictio трэнне),

матэрыялы для дэталяў машын, якія працуюць ва ўмовах трэння слізгання (падшыпнікі, укладышы, утулкі і інш.). Антыфрыкцыйныя матэрыялы маюць высокую ўстойлівасць да зносу і карозіі, добрую прыработку, мінім. каэфіцыент трэння, вытрымліваюць мех. нагрузкі без змены ўласцівасцяў. Антыфрыкцыйныя ўласцівасці антыфрыкцыйных матэрыялаў залежаць ад структурнага стану паверхневых слаёў, мікратапаграфіі кантактуючых паверхняў і ўмоў фрыкцыйнага ўзаемадзеяння.

Найб. пашыраныя антыфрыкцыйныя матэрыялы: сплавы на аснове каляровых металаў (бабіты, бронза, латунь і інш.), чыгун, пластычныя масы, драўніна (у т. л. мадыфікаваная), кампазіты на аснове металаў, металакерамікі і палімераў. Асобная група антыфрыкцыйных матэрыялаў — самазмазвальныя матэрыялы; яны змяшчаюць кампаненты (напр., графіт), якія выконваюць пры трэнні ролю змазвальнага асяроддзя. Для надання матэрыялам антыфрыкцыйных уласцівасцяў іх паверхню мадыфікуюць хіміка-тэрмічнай, лазернай, іонна-прамянёвай апрацоўкай, нанясеннем зносаўстойлівых пакрыццяў, паверхнева-пластычным дэфармаваннем. Антыфрыкцыйныя матэрыялы выкарыстоўваюць ва ўмовах сухога трэння (у газах, паветры, вакууме); для работы з малавязкімі вадкасцямі без змазвальнага дзеяння (вада, арган. растваральнікі), з вадкімі ці пластычнымі змазкамі. На Беларусі вывучэннем і стварэннем антыфрыкцыйных матэрыялаў займаюцца ін-ты механікі металапалімерных сістэм і фізіка-тэхнічны АН Беларусі, Беларускае НВА парашковай металургіі.

А.​У.​Белы.

т. 1, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЫМІ́ЗМ І ПЕСІМІ́ЗМ,

процілеглыя і адначасова ўзаемазвязаныя формы ўспрымання свету, тэндэнцый і заканамернасцяў яго развіцця. Залежаць ад перавагі спрыяльных, стваральных і жыццесцвярджальных, або, наадварот, неспрыяльных і разбуральных пачаткаў. Абазначаюць веру ці нявер’е ў будучае, у здольнасць чалавецтва арганізаваць сваё жыццё на аснове ідэалаў дабра, справядлівасці і г.д. Надаюць пэўную афарбоўку розным ідэйна-паліт. плыням, ідэалогіям, філас. вучэнням, праграмам практычнага дзеяння. Аптымізм становіцца пануючым настроем у эпоху грамадскага ўздыму і пераходу да новага, больш высокага ў параўнанні з ранейшым якаснага стану. Калі пераход заканчваецца і ў грамадстве ўзнікаюць новыя праблемы і цяжкасці, супярэчнасці абвастраюцца, уздым перарываецца спадамі і крызісамі, узмацненнем рэгрэсіўных тэндэнцый у грамадскім жыцці, аптымізм, як правіла, саступае месца песімізму. Крыніцай песімістычных настрояў і змрочных глабальных прагнозаў на будучыню служыць і заснаваная на драпежніцкіх адносінах да прыроды «цывілізацыя спажывання» (экалагічны песімізм). Аптымізм і песімізм здольныя адыгрываць актыўную канструктыўную ролю ў пошуках адказаў на пытанні, што ўзнікаюць перад грамадствам.

Літ.:

Мечников И.И. Этюды оптимизма. М., 1988;

Жибуль И.Я. Экологические потребности: сущность, динамика, перспективы. Мн., 1991.

В.​І.​Боўш.

т. 1, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)