службовая асоба ў Польшчы (13—18 ст.) і ВКЛ (16—18 ст.). Прызначаўся ваяводам па прадстаўленні земскага суда і шляхты. У кожным павеце было некалькі возных, галоўнага з іх называлі генералам (енералам). Возны дастаўляў позвы асобам у суд (пры неабходнасці дастаўляў і гэтых асоб у суд), уводзіў ва ўладанне маёнткамі, аглядаў месцы і сляды злачынства, праводзіў апазнанне, допыт падазронага, сведак, пацярпелых, вызначаў памеры шкоды і інш. Вынікі дзеянняў і дазнанняў паведамляў суду пісьмовай рэляцыяй. Пры выкананні абавязкаў павінен быў мець пры сабе панятых (2 шляхціцаў). Узнагароду за службу атрымліваў ад асоб, па справах якіх дзейнічаў. У ВКЛ да 2-й пал. 16 ст. абавязкі вознага выконваў віж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́Г (?—912, паводле інш. крыніц 922),
старажытнарускі князь. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», як сваяк Рурыка (паводле інш. крыніц, Алег — ваявода Рурыка) стаў пасля яго смерці (879) рэгентам пры малалетнім кн.Ігару, княжыў у Ноўгарадзе. Рэгенцтва Алега — гіст. міф, бо да пач.самаст. княжання Ігару было не менш як 33 гады. У 882 Алег рушыў з дружынай на Пд. Заняў Смаленск. Забіўшы кіеўскіх князёў Аскольда і Дзіра, авалодаў Кіевам і зрабіў яго сталіцай. Пашырыў уладанні Русі на У, падпарадкаваўшы севяран і радзімічаў, здзейсніў 2 паспяховыя паходы на Канстанцінопаль (907 і 911). Адзін з найб. яркіх маст. вобразаў Алега створаны А.С.Пушкіным у паэме «Песня пра вешчага Алега» (1822).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНАЯ ЮРЫСДЫ́КЦЫЯ,
дзейнасць органаў дзярж. кіравання і іх службовых асоб па вырашэнні індывідуальных адм. спраў і прымяненні адпаведных юрыд. санкцый у адм. парадку. У некаторых краінах адміністрацыйную юрысдыкцыю ажыццяўляюць спец. органы т.зв.адм. юстыцыі (напр., адм. ведамасныя суды ў ЗША, Вялікабрытаніі, адм. трыбуналы акруг у Францыі і ў інш.). У б.СССР не было адасобленай сістэмы спец. органаў адм. юстыцыі. У Рэспубліцы Беларусь да органаў, што ажыццяўляюць адміністрацыйную юрысдыкцыю, адносяцца адміністрацыйныя камісіі пры выканкомах мясц. Саветаў дэпутатаў, выканкомы пасялковых і сельскіх Саветаў, раённыя камісіі па справах непаўналетніх, раённыя суддзі, службовыя асобы органаў унутр. спраў, дзярж. інспекцыі і інш. Парадак вядзення спраў органамі, якія ажыццяўляюць адміністрацыйную юрысдыкцыю, рэгламентаваны заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Гл. таксама Адміністрацыйнае правапарушэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУБЕ́РНСКАЕ ПРАЎЛЕ́ННЕ,
калегіяльны орган кіравання агульнай кампетэнцыі ў губерні. Фактычна было дарадчым органам пры губернатару, які ўзначальваў губернскае праўленне. Уведзена ў ходзе губернскай рэформы 1775. На Беларусі губернскія праўленні ўтвораны: Магілёўскае і Полацкае ў 1778, Беларускае (у выніку аб’яднання Магілёўскай і Полацкай губ.) і Мінскае ў 1796, Гродзенскае, Віцебскае і Магілёўскае (адноўлена) у 1802. Займалася адм., паліцэйскімі, гасп., фінансавымі пытаннямі, урачэбным наглядам і інш. Фарміравалася шляхам прызначэння. Напачатку падпарадкоўвалася Сенату, потым Мін-ву ўнутр. спраў. Складалася з агульнай дзярж. установы (рашаючы орган) і канцылярыі. Пры губернскім праўленні знаходзіліся друкарня, архіў, рэгістратура, экзекутарская і гасп.-распарадчая часткі, урачэбная ўправа і інш. Скасавана пасля Лют.Рэв. 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОМ УРА́ДА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.
Пабудаваны ў 1930—34 (арх. І.Лангбард) у Мінску. Самае буйное ў Беларусі збудаванне грамадзянскай архітэктуры даваен. часу (аб’ём будынка 240 тыс.м³). Яго стварэнне было пачаткам рэканструкцыі сталіцы.
Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя пабудавана на сіметрычных рознавышынных аб’ёмах, што надае сілуэту будынка дынамічнасць. 9-павярховая цэнтр.ч. адсунута ў глыбіню і фланкіравана бакавымі крыламі, якія ўтвараюць плошчу 100 × 50 м. Увесь складаны комплекс атрымаў зручную функцыян. арганізацыю ўнутр. прасторы, падпарадкаваную строгай канструкцыйнай сістэме. Інтэр’ер аформлены размалёўкамі і шматфігурнымі рэльефамі. Дом урада — адзін з першых і найб. значных прыкладаў сінтэзу архітэктуры і манум. мастацтва.
Літ.:
Воинов А.А., Самбук С.Ф. Дом правительства Белорусской ССР. Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРНГУ́ТЭРСКІЯ АБШЧЫ́НЫ,
рэлігійна-грамадскі рух у Прыбалтыцы ў 18—19 ст. Распаўсюдзіўся ў Латвіі з 1729 з мяст. Гернгутэ ў Саксоніі (адсюль назва). Вучэнне запазычылі ад «мараўскіх братоў» (гл.Чэшскія браты). Прапаведавалі працавітасць, беражлівасць і паслухмянасць, усе члены абшчыны называліся братамі і выбіралі са свайго асяроддзя старастаў. У гернгутэрстве лат. і эст. сяляне шукалі ратунак і вызваленне ад ням. памешчыкаў і пастараў. У 1743 Гернгутэрскія абшчыны забаронены. У 1764 Кацярына II дазволіла аднавіць дзейнасць Гернгутэрскіх абшчын. Найб. размаху яны дасягнулі ў 1-й пал. 19 ст. (у 1828 у Прыбалтыцы было больш за 40 тыс. гернгутэраў). У 2-й пал. 19 ст. колькасць абшчын скарацілася. Асобныя асяродкі руху існавалі і ў пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЗУІ́ЦКАЕ ВЫХАВА́ННЕ,
сістэма выхавання, распрацаваная ордэнам езуітаў. Яе прынцыпы і методыка выкладзены ў спец. школьным статуце «Ratio atque institutio studiorum Societatis Jesu» («План і арганізацыя заняткаў у грамадстве Icyca»), зацверджаным y 1599. Адна з характэрных рыс Е.в. — адмова ад суровай дысцыпліны, якая існавала ў сярэдніх і вышэйшых школах сярэдневякоўя. Аднак езуітамі была распрацавана сістэма пакаранняў, якая прыніжала чалавечую годнасць вучняў (каўпак з аслінымі вушамі, ганебная лава і інш.) і сістэма ўзнагарод (пачэснае месца ў класе, адзнакі і г.д.). Настаўнікі-езуіты імкнуліся кантраляваць кірунак думак навучэнцаў, вялі за імі пастаянны нагляд. Е.в. было накіравана на падрыхтоўку вучняў да служэння каталіцкай царкве, аўтарытэту папы рымскага, вышэйшых царк. іерархаў (гл. таксама Езуіцкія навучальныя ўстановы, Калегіум).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМО́ВЫЯ ПЕ́СНІ,
адзін з цыклаў песень каляндарна-земляробчага круга. Распаўсюджаны ў народаў з часавай цыклізацыяй традыцыйнай песнятворчасці, у т. л. ў славян. На Беларусі ўключаюць абрадавыя, строга прымеркаваныя віншавальныя калядныя песні і шчадроўскія — «каляднае вяселле для ўсіх», «Жаніцьба Цярэшкі» і ўмоўна прымеркаваныя да зімы піліпаўскія песні і калядныя («ражстоўскія») гульні («Яшчур», «Халімон» і інш.). У нар. побыце тэрмін «З.п.» найчасцей ужываецца як сінонім піліпаўскіх. Яны арганічна спалучаюць прац. тэматыку (адсюль таксама назва «песні за кудзеляй») з сямейна-бытавой. Большасць з іх, асабліва з баладным сюжэтам («Да было ў бацькі да дзевяць сыноў»), апавядальнага характару. У паўн. раёнах Беларусі некат. з умоўна прымеркаваных З.п. — узоры працяжнага адзіночнага спеву («Ночы мае, ночушкі»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНЕ́ЕВА (Ніна Аляксееўна) (н. 23.7.1920, г. Рцішчава Саратаўскай вобл., Расія),
бел. актрыса. Нар.арт. Беларусі (1990). Скончыла тэатр. студыю Маск. камернага т-ра (1946). Працавала ў т-рах Тулы, Масквы, Алматы. З 1957 у Гомельскім абл.драм. т-ры. Выканаўца вострахарактарных, камед. роляў. Творчасць вызначаецца глыбокім раскрыццём унутр. свету гераінь, імкненнем да яркай сцэн. формы. Сярод роляў: Жыгоцкая («Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча), княгіня Вольга [«Гора і слава» («Русь Кіеўская») А.Петрашкевіча], Мігачова («Не было ні гроша, ды раптам шастак» А.Астроўскага), Акуліна Іванаўна («Мяшчане» М.Горкага), Мар’я («Любоў Яравая» К.Транёва), Жанна («Чаму ўсміхаліся зоркі» К.Карнейчука), Заначаалава («Кафедра» В.Урублеўскай), Нуйкіна («Мы, што ніжэй падпісаліся» А.Гельмана) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТЛІ́ЙСКАЕ ЦА́РСТВА,
дзяржава ва Усх. Грузіі на тэрыторыі гіст. вобласці Картлі ў 2-й пал. 15—18 ст. Узнікла ў выніку распаду адзінага Груз. царства. Сталіца — г. Тбілісі. Аснова эканомікі — натуральная гаспадарка. Падзялялася на паўсамаст. адзінкі — сатавада. У канцы 17 — пач. 18 ст. перажывала пэўны эканам. і культ. ўздым. У 16—18 ст. К.ц. пад кіраўніцтвам Луарсаба I, Георгія Саакадзе, Вахтанга VI і інш. супраціўлялася ірана-тур. агрэсіі. У 1723 К.ц. авалодалі туркі, у 1735 — іранцы. У 1744 аднавіла незалежнасць. Існавала да 1762, калі пад уладай кахецінскага цара Іраклія IIбыло аб’яднана з Кахеты ў адзінае Картлійска-Кахецінскае царства са сталіцай у Тбілісі, якое ў 1801 далучана да Расіі.