КАЗЛО́ЎСКІ (Аляксандр Сцяпанавіч) (н. 27.1.1923, в. Вял. Труханавічы Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. жывапісец. Засл. работнік культуры Беларусі (1975). Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры (1956). Стыпендыят ЮНЕСКА (1961). З 1956 выкладае ў Бел. АМ. Працуе ў жанрах тэматычнай карціны і пейзажа. Творы вылучаюцца рэаліст. вобразнай мовай, дасканалай маст. формай, прыўзнята-рамант. ладам: «На работу ў вёску» (1956), «Блакітная песня» (1972), «Красавіцкі вечар» (1975), «Над возерам» (1977), «9 мая» (1978), «Снегіры» (1982), «Аўтапартрэт. Год 1941» (1984), «Размова» (1985), «Маладзік нарадзіўся» (1987), «Вестка аб Перамозе» (1990), «Час восеньскіх туманаў», «Адліга» (абедзве 1991), «Зварот да вытокаў» (1992), «Туманная раніца» (1993), «У родным краі» (1995).

Л.​Ф.​Салавей.

А.Казлоўскі. Размова. 1985.

т. 7, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛА́БРЫЯ (Calabria),

паўвостраў на Пд Італіі, паўд. частка Апенінскага п-ва. Абмываецца Іанічным м., Месінскім прал. і Тырэнскім м. Даўж. каля 250 км, шыр. ад 40 да 100 км. Большую частку паўвострава займаюць горныя масівы — Калабрыйскія Апеніны выш. да 2271 м. Горы складзены на У пераважна з вапнякоў і флішаў, на З — з гранітаў і гнейсаў. Клімат на больш нізкіх тэр. міжземнаморскі. Т-ра студз. да 10 °C, ліп. 26 °C. Ападкаў 800 мм за год. У гарах клімат больш халодны, са снегам і туманамі. На схілах гор маквіс, месцамі букавыя і хваёвыя лясы. Уздоўж берагоў узгорыстыя апрацаваныя раўніны. Характэрны землетрасенні. Нац. парк Калабрыя. Порт Рэджа-ды-Калабрыя.

т. 7, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЧКАНО́С (Ornithorhynchus anatinus),

млекакормячае сям. качканосавых атр. аднапраходных. Пашыраны ва Усх. Аўстраліі і на в-ве Тасманія. Жыве па берагах вадаёмаў, на раўнінах і ў гарах да выш. 2 тыс. м. Вядзе паўводны лад жыцця. Ахоўваецца.

Даўж. цела да 45 см, хваста да 15 см. Верх цела чорна-буры, ніз шараваты. Футра густое, мяккае. Галава з плоскай «дзюбай» даўж. каля 6,5 см, з адчувальнай скурай. Зубы ў маладых жывёл; у дарослых — рагавыя пласцінкі. Хвост шырокі, пляскаты. Канечнасці пяціпальцыя, з плавальнай перапонкай. На задніх нагах у самцоў ядавітыя шпоры. Вочы і вушныя адтуліны пры ныранні закрываюцца складкай скуры. Корміцца дробнымі воднымі жывёламі. Самка раз у год адкладвае ў нары 1—2 яйцы.

Качканос.

т. 8, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЫ́НЕВА (Пенка Асенава) (н. 15.9.1942, с. Дзімча Велікатырнаўскай акр., Балгарыя),

балгарская перакладчыца. Скончыла Кіеўскі ун-т (1965). На балг. мову пераклала творы І.​Мележа «Подых навальніцы» (1974), В.​Быкава «Яго батальён» (1977) і «Пайсці і не вярнуцца» (1980), К.​Чорнага «Млечны шлях», У.​Караткевіча «Лісце каштанаў» (абодва 1978), «Чорны замак Альшанскі» (1983), апавяданне «Залаты бог» для яго аднатомніка «Паром на бурнай рацэ» (1982), І.​Навуменкі «Развітанне ў Кавальцах», Б.​Сачанкі «Аксана» (абодва 1978), В.​Казько «Высакосны год» і «Цвіце на Палессі груша» (1980), апавяданні Я.​Брыля і А.​Марціновіча для анталогіі «Пад пошум дубоў» (1981), М.​Стральцова, Чорнага і інш., кн. А.​Адамовіча, Брыля і У.​Калесніка «Я — з вогненнай вёскі...» (1980).

т. 9, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЯ ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ ШКО́ЛА ПАВІТУ́Х,

спецыяльная мед. навуч. ўстанова для падрыхтоўкі павітух у 1865—1917 у Магілёве. Падпарадкоўвалася Мін-ву ўнутр. спраў. У 1875 набыла статус цэнтральнай для Магілёўскай, Мінскай і Віцебскай губ. Тэрмін навучання 3—4 гады. Існавалі 2 падрыхтоўчыя і 2 спец. класы. Выкладаліся: Закон Божы, рус. і лац. мовы, арыфметыка, фізіка, анатомія і фізіялогія, малая хірургія, агульная паталогія, фармакалогія і рэцэптура, акушэрства, гінекалогія, гігіена. Прымаліся асобы жаночага полу ад 18 да 25 гадоў, пераважна сял. паходжання, якія падзяляліся на пансіянерак і вольных слухачак. Выпускніцы-пансіянеркі павінны былі адпрацаваць па 1,5 года за кожны год навучання ў якасці сельскіх павітух у губерні, якая іх утрымлівала.

Н.​Я.​Новік.

т. 9, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАСЗО́Н (Монас Ісакавіч) (26.12. 1907, г. Магілёў — 30.11.1980),

бел. жывапісец. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1929). Працаваў у гіст. і быт. жанрах. Гіст. падзеям прысвечаны творы «Уступленне Чырвонай Арміі ў Мінск 11 ліпеня 1920 г.» (1937), «Сустрэча савецкіх танкістаў у Заходняй Беларусі. 1939 год» (1940), «Паўстанне рамеснікаў у Магілёве ў 1606 г.» (з М.​Беляніцкім, 1964), «Максім Багдановіч і Змітрок Бядуля ў 1916 годзе ў Мінску» (1974), «Камуністычны Маніфест» (1980) і інш. Тэме Вял. Айч. вайны прысвечаны карціны «Клятва танкістаў» (1946), «Вяртанне» (1958), трыпціх «Не забудзем, не даруем!» (1965) і інш. Аўтар твораў «Мінск адраджаецца» (1949), «Раніца» (1958), «На будоўлі» (1965), «Мінск і мінчане» (1973) і інш.

Літ.:

М.​І.​Манасзон. Мн., 1978.

М.Манасзон. Раніца. 1958.

т. 10, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНА́МСКАЯ НІЗІ́НА У басейне р. Менам-Чао-Прая, у Тайландзе. Абмываецца Сіямскім зал. Паўд.-Кітайскага м. Даўж. каля 500 км. Пл. каля 100 тыс. км². Размешчана на месцы тэктанічнай упадзіны, паміж гарамі цэнтр. ч. Індакітая на З і плато Карат на У. Запоўнена алювіяльнымі адкладамі р. Менам-Чао-Прая і яе прытокаў. Пераважаюць раўніны, на Пн з градамі астанцовых узгоркаў, складзеных пераважна з вапнякоў. На Пд — берагавыя валы ўздоўж узбярэжжа Сіямскага зал. Густая сетка рэк і арашальных каналаў, шмат балот. Клімат субэкватарыяльны мусонны, ападкаў больш за 1000 мм за год. Лістападныя мусонныя лясы і хмызнякі, у дэльце — мангравыя лясы, зараснікі пальмы ніпа. Значныя тэрыторыі разараны пад пасевы рысу (жытніца краіны). На М.н. — г. Бангкок.

т. 10, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЭО́РНЫ ПАТО́К,

сукупнасць метэораў у зямной атмасферы, якія маюць агульнае паходжанне. Траекторыі ўсіх метэораў патоку амаль паралельныя, але, з прычыны перспектывы, назіральніку здаецца, што ўсе яны выходзяць з аднаго пункта нябеснай сферы — радыянта. Назвы гал. М.п. паходзяць ад назваў сузор’яў, у якіх знаходзяцца іх радыянты (гл. табл.). Метэоры патокаў звычайна складаюцца з рэчыва нізкай шчыльнасці, маюць вял. эксцэнтрысітэты і звязаны з каметамі. Распад ядра каметы суправаджаецца размеркаваннем рэчыва ўздоўж арбіты з утварэннем рою каметных часцінак. М.п. ўзнікаюць пры перасячэнні Зямлёй арбіты каметы. Пры размеркаванні рою па ўсёй арбіце М.п. назіраюцца кожны год у пэўную дату, пры размеркаванні рою па частцы арбіты — у гады збліжэння каметы з Сонцам.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 10, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНО́РКА,

парода курэй яечнага кірунку. Выведзена ў Іспаніі (в-аў Менорка, адсюль назва). Разнавіднасці: чорная (крыху буйнейшая) і белая. Пашыраны М. англ., амер. і ням. тыпаў. Гадуюць пераважна ў міжземнаморскіх краінах, на Беларусі — аматары.

Тулава і шыя падоўжаныя, спіна прамая, грудзі шырокія, глыбокія. Галава сярэдніх памераў, грэбень ліста- (у пеўняў прамастойны) або ружападобны; вушныя мочкі белыя. Махавыя і рулявыя пёры моцна развітыя, у пеўняў коскі доўгія. Ногі высокія. У белых М. дзюба і ногі цялеснага колеру, у чорных — чорнага колеру, апярэнне бліскучае, з зялёным адлівам. Сярэдняя маса пеўняў 3—3,5 кг, курэй 2,5—3 кг. Яйцаноскасць 150—180 яец за год. Маса яйца 60—65 г.

Мінорка (чорная): 1 — певень; 2 — курыца.

т. 10, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ГУБЕ́РНСКАЯ ДРУКА́РНЯ.

Існавала ў 1797—1917 у Мінску. Друкавала афіц. матэрыялы, газ. «Минские губернские ведомости», «Памятную кніжку Мінскай губерні» (1860—1916), «Агляд Мінскай губерні за ... год» (1882—1914), працы па пытаннях гісторыі, археалогіі, этнаграфіі, асветы, маст. л-ры на рус. мове. Сярод выданняў «Збор старажытных грамат і актаў гарадоў Мінскай губерні» (1848), «Паўночна-Заходні каляндар» на 1892—93 пад рэд. А.​Слупскага, «Нарыс археалагічных помнікаў на прасторы Мінскай губерні і яе археалагічнае значэнне» Г.​Х.​Татура (1892), «Працы Таварыства мінскіх урачоў» (1895—1901), «Працы Мінскай раённай доследнай балотнай станцыі» (1914—15), аповесць у вершах «Пан Дольскі, ці Спатканне з дачкой» Дз.​Сергіеўскага (1845) і інш. Надрукавала больш за 170 выданняў.

З.​В.​Шыбека.

т. 10, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)