БАРТКЕ́ВІЧ (Вінцэнт) (1776, маёнтак Палессе, Пастаўскі р-н Віцебскай вобласці — пасля 1837),
удзельнік паўстанняў 1794 і 1830—31 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве. У 1794 у арміі Т.Касцюшкі абараняў Варшаву. Напярэдадні паўстання 1830—31 завілейскі (свянцянскі) павятовы віцэ-маршалак шляхты. У крас. 1831 узначаліў паўстанцкія ўзбр. сілы Завілейскага пав., на чале іх удзельнічаў у баях за Вільню. Пасля паражэння адступіў са Свянцян у Дзісенскі пав. і далучыўся да дзісенскіх паўстанцаў. Адзін з кіраўнікоў паходу паўстанцаў Завілейскага, Вілейскага і Дзісенскага пав. з сумежжа Беларусі і Літвы ў Жэмайцію, дзе далучыўся да корпуса ген. А.Гелгуда. У студз. 1832 арыштаваны царскімі ўладамі і сасланы ў Волагду. З 1837 жыў пад наглядам паліцыі ў Смаленскай губ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЦЮШКАЎ (Пампей Мікалаевіч) (26.6.1811, маёнтак Данілаўскае Валагодскай губ. — 1.4.1892),
рускі гісторык, дзярж. і грамадскі дзеяч, выдавец.
Брат паэта К.М.Бацюшкава. Скончыў афіцэрскае вучылішча ў Пецярбургу (1831), да 1840 служыў у арміі. З 1850 віцэ-губернатар у Коўне. У 1856—67 віцэ-дырэктар дэпартамента духоўных спраў іншаземных веравызнанняў. У 1868—69 папячыцель Віленскай навуч. акругі. З 1869 член савета міністра нар. асветы. Паводле паліт. поглядаў славянафіл. Адзін з праваднікоў палітыкі русіфікацыі на Беларусі, Украіне і ў Літве. Выдаў «Атлас народанасельніцтва Заходнярускага краю паводле веравызнанняў» (1863), серыю альбомаў «Помнікі рускай даўніны ў заходніх губернях імперыі» (вып. 1—8, 1868—85), манаграфіі прафесараў Кіеўскай духоўнай акадэміі М.І.Пятрова, М.І.Гарадзецкага і І.І.Малышэўскага «Холмская Русь» (1887), «Валынь» (1888), «Беларусь і Літва» (1890).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЗ-КАРНІЛО́ВІЧ (Міхаіл Восіпавіч) (10.10.1796, Магілёўская губ. — 19.1.1862),
бел. гісторык, краязнавец і этнограф, вайсковы тапограф і статыстык. Ген.-маёр рас.арміі. Брат дзекабрыста А.В.Карніловіча. Скончыў 1-ы кадэцкі корпус (1816). Удзельнік вайны з Турцыяй 1828—29. У 1831—47 кіраваў тапаграфічнай экспедыцыяй у Мінскай, Наўгародскай, Валынскай, Віцебскай, Магілёўскай губ. і Беластоцкай вобласці. З 1852 у адстаўцы. Вывучаў гіст. дакументы ў дзярж., манастырскіх, прыватных архівах. Аўтар прац па гісторыі Беларусі, якую абмяжоўваў Віцебскай і Магілёўскай губ., астатнія бел. землі называў Літвой. Апісваў помнікі дойлідства, археалогіі і этнаграфіі, побыт бел. сялян.
Тв.:
Витебская губерния. СПб., 1852;
Исторические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии с присовокуплением и других сведений, к ней же относящихся. СПб., 1855 (репр. изд. Мн., 1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛЬНАЯ РА́ДА МЕ́НШЧЫНЫ,
культурна-асветная ўстанова ў 1919—20. Засн. 30.8.1919 у Мінску на базе школьнай камісіі Часовага беларускага нацыянальнага камітэта. Дзейнічала ва ўмовах польск. акупацыі. У прэзідыум рады ўваходзілі С.Рак-Міхайлоўскі (старшыня), У.Ігнатоўскі (нам. старшыні), Я.Шнаркевіч (сакратар), А.Смоліч, А.Данілевіч, Ч.Родзевіч, П.Дземідовіч і інш. Кіравала дзейнасцю бел.навуч. устаноў Мінскай губ., стварала бел. школы і культ.-асв. гурткі, павятовыя і валасныя бел. школьныя рады, арганізавала ў Мінску і Слуцку бел. настаўніцкія курсы, стварыла камісію, якая склала і выдала навуч. праграму для малодшых класаў бел. школ, выдавала бел. падручнікі і дапаможнікі для школ. Стала асновай для стварэння Цэнтральнай беларускай шкальнай рады. Спыніла дзейнасць у ліп. 1920 з прыходам Чырв.Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОК ((Bock) Фёдар фон) (3.12.1880, г. Костшын, Польшча — 3.5.1945),
германскі военачальнік. Ген.-фельдмаршал ням.-фаш.арміі (1940). Службу пачаў у 1898. Удзельнік 1-й сусв. вайны. З 1919 на камандных і штабных пасадах у рэйхсверы. Выступаў за пераўзбраенне Германіі і ўстанаўленне фаш. дыктатуры. У 2-ю сусв. вайну 1939—45 камандуючы групай армій «Поўнач» (1939, Польшча), групай армій «Б» (1940, Францыя). З чэрв. 1941 на сав.-герм. фронце, камандуючы групай армій «Цэнтр», якая ў чэрв.—жн. 1941 акупіравала тэр. Беларусі. У снеж. 1941 пасля паражэння ням.-фаш. войскаў пад Масквой зняты з пасады. У студз.—ліп. 1942 камандуючы групамі армій «Поўдзень» і «А», потым у распараджэнні вярх. камандавання вермахта. Загінуў у час налёту англа-амер. авіяцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ НАРО́ДНАЕ АПАЛЧЭ́ННЕ 1941.
Сфарміравана 5—6 ліп. ў Вял.Айч. вайну. 9—11 ліп. разам з войскамі Чырв.Арміі вяло баі ў час Віцебска абароны 1941. Складалася з 4 батальёнаў (2 тыс.чал.): Асаавіяхіма (участак уздоўж берага Зах. Дзвіны ў раёне Мазурына, паўн.-ўсх. ўскраіна Віцебска, дзе 11 ліп. 1-я рота батальёна амаль уся загінула каля в. Журжава), Кастрычніцкага (баі на тэр. прадпрыемстваў, вуліцах горада, у раёне Смаленскай шашы і інш.), Першамайскага (цэнтр горада на левым беразе Зах. Дзвіны, дзе адбіваў неаднаразовыя спробы гітлераўцаў пераправіцца цераз раку), Чыгуначнага (раён воз. Лосвіда, у напрамку Суражскай шашы і інш.). 11 ліп. апалчэнцы пакінулі Віцебск разам з сав. войскамі, многія ўліліся ў іх рады, частка пайшла да партызан і падпольшчыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКА́НА-ФІЛІПІ́НСКАЯ ВАЙНА́ 1899—1901,
каланіяльная вайна ЗША супраць Філіпін. Не прызнаўшы незалежнасці маладой Філіпінскай Рэспублікі, ЗША абвясцілі сябе яе суверэнам. Размешчаная на Філіпінах 25-тысячная армія ЗША 4.2.1899 разгарнула баявыя дзеянні супраць рэсп. войскаў (каля 16 тыс.чал.). Але за паўгода яна прасунулася толькі на 100—120 км на Пн ад Манілы. Выклікаўшы сярод філіпінцаў раскол, які прывёў да прымусовай адстаўкі кіраўніка ўрада А.Мабіні і забойства галоўнакамандуючага рэсп. арміяй А.Луны, амер. войскі ў кастр. пачалі новае наступленне. Пераход на бок ЗША часткі мясц. памешчыкаў і буржуазіі аслабіў супраціўленне філіпінскай арміі, і яна распалася на партыз. атрады. Паланенне прэзідэнта Э.Агінальда (23.3.1901) і яго прысяга на вернасць ЗША фактычна спынілі вайну. Баі партыз. груп працягваліся да 1913.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎСТЭРЛІЦКАЯ БІ́ТВА,
адбылася 2.12.1805 паміж руска-аўстр. і франц. арміямі каля г. Аўстэрліц (цяпер г. Слаўкаў, Чэхія) у час руска-аўстра-франц. вайны 1805. Рус.-аўстр. армія (галоўнакаманд. М.І.Кутузаў, за прапанову пачакаць падмацавання фактычна адхілены ад камандавання) налічвала 86 тыс.чал., франц. — 73 тыс. План бітвы выпрацаваў ген.-кватэрмайстар аўстр. штаба Ф.Вейратэр без папярэдняй разведкі сіл праціўніка. Памылкі саюзнага камандавання ўмела выкарыстаў Напалеон і нанёс паражэнне рус.-аўстр.арміі, якая адступіла, страціўшы забітымі і палоннымі 27 тыс.чал., французы страцілі 12 тыс.чал. Вынікам Аўстэрліцкай бітвы быў распад 3-й антыфранц. кааліцыі. Аўстрыя выйшла з вайны і 26 снеж. заключыла з Францыяй мір. У выніку перастала існаваць т.зв. «Свяшчэнная Рымская імперыя».
рускі паэт, перакладчык. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1885). Вучыўся ў Аланецкай гімназіі, у 2-м Пецярбургскім кадэцкім корпусе (1821—27). У 1827—32 служыў у арміі, потым — чыноўнікам у мін-ве фінансаў. Першы зб. «Вершы» (1835) меў шумны, але кароткачасовы поспех. Творчасці Б. ўласцівы вычварнасць, эпігонскае выкарыстанне ходкіх тэм і вобразаў рамант. паэзіі. Пасля 1855 пісаў вершы ў духу «ліберальнага выкрывальніцтва». Выдаў кнігі «Вершы» (т. 1—3, 1856), «Новыя вершы» (1857). Перакладаў на рус. мову творы А.Міцкевіча, Ш.Пецёфі, У.Шэкспіра, Дж.Байрана, І.В.Гётэ, Ф.Шылера, А.Барб’е, В.Гюго і інш.
Тв.:
[Стихи] // Мастера русского стихотворного перевода. Кн. 1. Л., 1968;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫНЕ́ВІЧ (Клім Лазаравіч) (18.2.1912, в. Шасцёраўка Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 3.3.1941),
бел.паэт. Працаваў на будоўлях, карэктарам у друкарні, літсупрацоўнікам газ. «Рабочий», сакратаром рэсп.ЦК прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі. З 1932 вучыўся ў Мінскім Вышэйшым пед. ін-це. У 1933 беспадстаўна рэпрэсіраваны і высланы ў Казахстан, дзе працаваў настаўнікам. Служыў у арміі. Хварэў на сухоты. Пераехаў у г. Балагое (Цвярская вобл.), дзе настаўнічаў, завочна вучыўся ў Ленінградскім пед. ін-це (1937—41). Там і памёр. Друкаваўся з 1929. Выдаў кн. паэзіі «На бераг» (1932). У лірычных вершах — хараство прыроды, любоў да Радзімы, жыццё вёскі. Некат. не пазбаўлены шчырасці, лірызму, душэўных перажыванняў, здольнасці тонка адчуваць красу прыроды.
Літ.:
Пруднікаў П. Далёкае і блізкае // Пруднікаў П. Мая магістраль. Мн., 1981.