горад, сталіца Бельгіі. Размешчаны на р. Сена (бас.р. Шэльда) і некалькіх каналах. Адм. ц.прав. Брабант. 949,1 тыс.ж. (з прыгарадамі; 1993); паводле нац. складу — фламандцы і валоны. Падзяляецца на Ніжні горад, перасечаны рукавамі Сены, і Верхні горад, размешчаны на ўсх. грэбені ўзвышшаў. Цэнтр.ч. горада абкружана 18 прыгарадамі з самаст. кіраваннем. Буйны трансп. вузел чыгунак і аўтадарог. Порт (звязаны каналамі з вусцем р. Шэльда і Паўн.м., а таксама з цэнтр.прамысл. раёнамі краіны). Міжнар. аэрапорт Завентэм. Важны фін., прамысл., навук. і культ.цэнтр.Прам-сць: машынабудаванне (у т. л. аўта-, прылада- і станкабудаванне, эл.-тэхн. і радыёэлектроннае); хім., фармацэўтычная, парфумерная, паліграф., гарбарная, тэкст., швейная, папяровая, фарфоравая, шкляная, тытунёвая, піваварная, харч., вытв-сць дываноў, ювелірных вырабаў, карункаў. Метрапалітэн. У Бруселі штаб-кватэры НАТО, ЕЭС, Бенілюкса і інш. Месца правядзення міжнар. канферэнцый, з’ездаў, муз. конкурсаў.
Упершыню ўпамінаецца ў 966. З 12 ст. рэзідэнцыя герцагаў брабанцкіх, адзін з гал. цэнтраў Брабанта. З 16 ст. ў складзе Ісп. Нідэрландаў, у часы Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. прымкнуў да Утрэхцкай уніі 1579. У 1585 заваяваны іспанцамі, з 1713 пад уладай Аўстрыі, з 1794 — Францыі, з 1814 — Галандыі. Цэнтр Бельгійскай рэвалюцыі 1830, з 1830 — сталіца Бельгіі.
Цэнтр Бруселя захаваў сярэдневяковую радыяльна-кальцавую планіроўку (удасканалена ў 18—19 ст.). У Ніжнім горадзе, на пл. Грандплас і каля яе гатычны сабор Сен-Мішэль-э-Гюдзюль (1226—1490), ратуша (1401—55), «Каралеўскі дом» (1515—25), шматлікія дамы гільдый канца 17 — пач. 18 ст., барочныя цэрквы і інш. У Верхнім горадзе ансамблі ў стылі класіцызму (пл. Плас-дэ-Маргыр, 1772—75, і Плас-Руаяль, 1774—80), Каралеўскі палац (18—20 ст.), Палац Нацыі (цяпер парламент, 1779—83), «Брусельскі парк» (1774—76), Палац прыгожых мастацтваў (1922—28, арх. В.Арта), сярод пабудоў канца 19—20 ст. асабнякі ў стылі мадэрн (арх. Арта), Палац стагоддзя (1935), аэравакзал «Сабена» (1954) і інш. Да Сусв. выстаўкі 1958 створаны новыя магістралі, трансп. развязкі на бульварным кальцы. Помнікі: «Бельгія» на пл. Плас-дэ-Мартыр (1838), Працы (1930, скульпт. К.Менье) і інш.
У Бруселі — 2 каралеўскія АН: валонская (з 1772) і флам. (з 1938), 2 каралеўскія мед. акадэміі: валонская (з 1841) і фламандская (з 1938); Каралеўская археал. акадэмія прыгожых мастацтваў (з 1711), ун-т (з 1834), кансерваторыя (з 1832). Геагр.ін-т (засн. Э.Рэклю), Пастэраўскі ін-т. 30 музеяў, у т. л.Бельг. каралеўскі музей мастацтваў, Каралеўскі музей мастацтва і гісторыі.
Да арт.Брусель. Дом карпарацыі лодачнікаў. 1697.Да арт.Брусель. Панарама горада. На пярэднім плане сабор Сен-Мішэль-э-Гюдзюль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЛІ,
горад, сталіца Індыі і адм. ц. саюзнай тэр. Дэлі. Знаходзіцца на Пн краіны на р. Джамна (прыток р. Ганг), каля паўн.-ўсх. падножжа ўзгорыстай грады Аравалі. 7,2 млн.ж., з прыгарадамі 8,4 млн.ж. (1991). Складаецца са Старога Д. (Шахджаханабада, гіст. ядро горада), тэр.ваен. пасялення і Новага Д. (Нью-Дэлі з нас. 301,3 тыс.ж., 1993), які лічыцца афіц. сталіцай. Вузел 5 чыгунак і 11 аўтадарог. Міжнар. аэрапорт (Палам). Буйны прамысл., фін. і культ. цэнтр краіны. Развіты галіны прам-сці, што абслугоўваюць патрэбы сталіцы: тэкст. (баваўняныя і шарсцяныя тканіны), швейная, трыкат., хім., фармацэўтычная, гарбарна-абутковая, шклокерамічная, металаапр., паліграф., буд., некат. галіны машынабудавання (станкабудаванне, радыёэлектронная прам-сць). Маст. рамёствы (філігранныя сярэбраныя і залатыя ювелірныя вырабы, кераміка, разьбярства па слановай косці і камені, вырабы з пап’е-машэ), саматужнае ткацтва. Цэнтр турызму. 4 ун-ты. Акадэмія музыкі, танца і драмы.
Паводле «Махабхараты» ў 1-м тыс. да н.э. горад быў рэзідэнцыяй царскай дынастыі Пандаваў і меў назву Індрапрастха. Сучасная назва з 736 пасля буд-ва на месцы стараж. гарадзішча г. Дхіліка (Дэлі). У 1206—1526 сталіца мусульман Дэлійскага султаната, з 1658 — імперыі Вялікіх Маголаў. У 1803 захоплены англічанамі, якія ў 1858 перанеслі сталіцу ў Калькуту. Адзін з цэнтраў Індыйскага народнага паўстання 1857—59. З 1911 сталіца Брыт. Індыі, з 1947 — дамініёна, з 1950 — Рэспублікі Індыя.
У Старым горадзе захаваліся гар. муры з брамамі (часткова), Саборная мячэць (1644—58), крэпасць Лал-Кіла (Чырвоны форт, 1639—48, з палацамі Ранг-Махал, Дывані-Ам, Дывані-Кхас, усе 1639—48, і Жамчужнай мячэццю, каля 1660). На Пд ад Старога горада — руіны г. Фіразабад (1351—88), палацава-крапасны ансамбль Пурана-Кіла (закладзены ў 1540; мячэці Кулан, 1380, і Кілаі-Кухна, 1545), маўзалей Хумаюна (2-я пал. 16 ст.). Прыкладна за 20 км на Пд ад Старога горада — 4 гарады-крэпасці: Сіры (будаваўся з 1303), Джаханпанах (14 ст.), Туглакабад (1325; маўзалей Гіяс-ад-дзіна) і Лал-Кот (канец 12 ст.; жал. калона, 415; руіны мячэці Куват-уль-Іслам, пачата ў 1193; мінарэт Кутб-Мінар, каля 1200—20; маўзалей Ільтутмыша, пасля 1235). Новы Д. — буйны раён з шэрагам плошчаў, паркаў і вуліц, якія радыяльна ад іх разыходзяцца. Уключае ансамбль урадавых будынкаў 1912—30-х г., «Браму Індыі» (помнік салдатам, якія загінулі ў сусв. войнах), нац. стадыён, абсерваторыю Джантар Мантар (1725), храм багіні Лакшмі Нараян (1938—39), мемар. музей М.Гандзі (канец 1960-х г., арх. А.Канвіндэ). Музеі: Нац. музей Індыі, нац. галерэя сучаснага мастацтва, Міжнар. музей лялек, мемар. музеі М.Гандзі, Дж.Нэру і інш.
Літ.:
Короцкая А.А., Сапожников Б.Н. Дели. Л., 1983.
Да арт.Дэлі. Брама ў Чырвоным форце.Да арт.Дэлі. Храм багіні Лакшмі. Нараян. 1938—39.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Размешчана на Пн Украіны. Утворана 27.2.1932. Пл. 28,9 тыс.км². Нас. 1,9 млн.чал. (1996, без г. Кіеў), гарадскога 54%. Цэнтр — г.Кіеў. Найб. гарады: Белая Царква, Бравары, Фастаў, Барыспаль, Ірпень, Васількоў, Пераяслаў-Хмяльніцкі, Ягацін (г. Прыпяць і шэраг гарадоў і сельскіх населеных пунктаў на Пн К.в., якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, поўнасцю адселены).
Прырода. Паверхня раўнінная. На Пн — Палеская нізіна, на У — Прыдняпроўская нізіна, на ПдЗ — адгор’і Прыдняпроўскага ўзв. (выш. да 273 м). Карысныя выкапні: буд. матэрыялы, торф, буры вугаль. Клімат умераны кантынентальны, з мяккай зімой і цёплым летам. Сярэдняя т-растудз. на Пн -6,5 °C, на ПдЗ -5,5 °C, ліп. адпаведна 17,5 °C і 20 °C. Ападкаў 500—600 мм за год. Гал.р. Дняпро з прытокамі Прыпяць, Цецераў, Ірпень, Рось (правыя), Дзясна, Трубеж, Супой (левыя). У межах К.в. частка Кіеўскага і Канеўскага вадасховішчаў. Глебы на Пн дзярнова-падзолістыя, на Пд чарназёмы і шэрыя ападзоленыя, у далінах рэк дзярнова-глеевыя і алювіяльныя. Пад лесам каля 20% тэрыторыі. На Пн хваёвыя лясы з дамешкамі бярозы і дуба, на Пд невял. масівы шыракалістых лясоў (дуб, граб, ліпа). Па рэках Дняпро, Дзясна, Ірпень, Цецераў значныя плошчы паплавоў. Залеская і Дняпроўска-Цецераўская запаведна-паляўнічыя гаспадаркі.
Гаспадарка. К.в. характарызуецца развітой апрацоўчай прам-сцю, 3/4 якой сканцэнтраваны ў Кіеве Буйная энергетычная база (Кіеўская ЦЭЦ, ГЭС і ГАЭС, Чарнобыльская АЭС, Трыпольская ДРЭС). Машынабудаванне спецыялізуецца на вытв-сці абсталявання для хім., лёгкай і харч. прам-сці, прыбораў, вылічальных сродкаў, с.-г. машын, суднаў, быт. тэхнікі (халадзільнікі, кандыцыянеры) і інш.З-д парашковай металургіі. Хім. і нафтахім. прам-сць выпускае шыны, гумава-тэхн. і гумава-азбеставыя вырабы, хім. валокны, фарбу, быт. хімію, пластмасы. Фармацэўтычная прам-сць. Развіта лёгкая прам-сць (швейная, тэкст., трыкат., гарбарна-абутковая). На харч.прам-сць (цукр., мукамольна-крупяная, спіртавая, плодакансервавая, мяса-малочная) прыпадае 1/3 аб’ёму валавой прадукцыі вобласці. Значнага развіцця дасягнулі дрэваапрацоўка і вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Здабыча граніту. Ёсць паліграф. камбінат. Маст. промыслы (вышыўка, ткацтва). Гал. галіна сельскай гаспадаркі — земляробства Пасяўная пл. займае больш за 1,5 млн.га. Асн. збожжавыя культуры — азімая пшаніца; сеюць жыта, ячмень, авёс, кукурузу, з тэхн. культур — цукр. буракі, сланечнік, лён-даўгунец. Вырошчваюць бульбу, агародніну. Пашырана садоўніцтва (пл. каля 60 тыс.га). Вял. масівы асушаных зямель. Малочна-мясная жывёлагадоўля. Пчалярства. Гал. від транспарту — чыгуначны, які звязвае Кв. з гарадамі Харкаў, Днепрапятроўск, Данецк, Львоў, Адэса, Сімферопаль, Масква, Мінск і інш.Даўж. аўтадарог 10,4 тыс.км. Суднаходства па рэках Дняпро, Дзясна, Прыпяць. Курорты: Ворзель, Белая Царква, Пушча-Вадзіца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБЛЯ́НА (Ljubljana),
горад, сталіца Славеніі. Знаходзіцца ў міжгорнай Люблянскай катлавіне абапал р. Любляніца каля яе ўпадзення ў р. Сава. 276 тыс.ж. (1995). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд. (гідратурбіны, эл.-тэхніка, прыладабудаванне і інш.), тэкст., харч., хім., гарбарна-абутковая, дрэваапр., папяровая, фармацэўтычная, паліграфічная. Славенская акадэмія навук і мастацтваў. Ун-т. Турызм, міжнар. кірмашы, фестывалі.
У 1 ст.н.э. на месцы Л. знаходзіўся рым. лагер, потым г. Эмона (разбураны ў 5 ст.). Як славенскае паселішча вядома з 1144. У 2-й пал. 13 ст. Л. (ням. назва Лайбах) атрымала гар. правы, адм. ц. Крайны. З 1335 уладанне Габсбургаў, з 1460-х г. рэзідэнцыя епіскапа. У 15—16 ст. найбуйнейшы гандл. цэнтр на славенскіх землях. У 16 ст. тут пашырылася Рэфармацыя (П.Трубар), у 1595 засн.ун-т. З 1809 гал. горад Ілірыйскіх правінцый Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 Л. перададзена Аўстрыі. У 1821 тут праходзіў кангрэс Свяшчэннага саюза (Лайбахскі кангрэс). У 19 — пач. 20 ст. цэнтр славенскага нац.-вызв. руху. З 1918 сталіца Славеніі ў складзе Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У крас. 1941 акупіравана войскамі Італіі, у вер. 1943 — Германіі. У маі 1945 вызвалена Нар.-вызв. арміяй Югаславіі. З 1945 сталіца Славеніі.
Ад ант. часоў захаваліся рэшткі ўмацаванняў, акведука, некропаля. Гіст. ядро горада — замак Град на ўзгорку каля р. Любляніца (засн. ў 9 ст.; перабудаваны ў стылі барока ў 16—17 ст., вежа — сярэдзіна 19 ст.) і размешчаныя каля яго падножжа раёны плошчаў Старой, Гарадской і Новай. Барочная забудова моцна пашкоджана землетрасеннем 1895 (горад адноўлены і рэканструяваны ў 1-й трэці 20 ст.). Найб. значныя пабудовы: палац епіскапа (1512—1733, арх. А.Тыфернус; готыка), у стылі барока — цэрквы св. Якаба (1613—15, перабудавана ў 1701) і урсулінак (1718—26; 1744), сабор св. Мікалая (1700—07, праспект А.Поца, купал сярэдзіны 19 ст.), ратуша з аркадным унутр. дваром (1717—18, арх. Г.Мачак), палацы Швейгера (каля 1755) і Грубера (1782, арх. Д.Грубер). Пабудовы канца 19 — пач. 20 ст. ў духу эклектыкі (Оперны т-р, будынак Выканаўчага веча) і стылю мадэрн (атэль «Уньён»), У духу нац. рамантыкі пабудаваны стадыён (1930), б-ка ун-та (1936—40, абодва арх. І.Плечнік). Паводле плана рэканструкцыі 1950 узведзены будынак Нар. скупшчыны (1959, арх. В.Гланц), спарт. зала «Цівалі» (1965, арх. М.Божыч), дом друку (1960-я г.арх. Б.Коцмут), ансамбль будынкаў на пл. Рэвалюцыі (1963—75, арх. Э.Раўнікар). Сярод помнікаў «Фантан славенскіх рэк» (1751, скульпт. Ф.Роба), змагарам Супраціўлення (1952) і інш. У Л. музеі Нацыянальны, Нац. галерэя, Славенскі этнаграфічны, Сучасная галерэя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАШЫНАБУДАВА́ННЕ ДЛЯ ЛЁГКАЙ І ХАРЧО́ВАЙ ПРАМЫСЛО́ВАСЦІ І БЫТАВЫ́Х ПРЫЛА́Д,
галіна машынабудавання і металаапрацоўкі, якая вырабляе абсталяванне для лёгкай і харч. прам-сці, прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання, а таксама быт. прылады (халадзільнікі і пральныя машыны, электрапыласосы, швейныя машыны, электрапрасы, электраміксеры, электрасокавыціскалкі і інш.). Найб. развіццё вытв-сцьбыт. прылад атрымала ў ЗША, Японіі, Францыі, Італіі, Вялікабрытаніі на спецыялізаваных буйных прадпрыемствах.
На Беларусі гэта галіна прам-сці пачала развівацца ў 19 — пач. 20 ст. на металургічных і машынабудаўнічых з-дах, пераважна ў Мінску, якія выраблялі абсталяванне для бровараў, вінакурняў, мукамольнай і крухмала-патачнай прам-сці. У час індустрыялізацыі мінскі з-д «Энергія» асвоіў вытв-сць некаторых станкоў для тэкст. і абутковай прам-сці. У пасляваенны перыяд на базе прадпрыемстваў мясц. прам-сці і рамонтных майстэрняў створаны спецыялізаваныя з-ды: у Оршы швейных машын (1952, з 1968 з-д лёгкага машынабудавання), у Мінску быт. халадзільнікаў (1959), у Баранавічах гандл. машынабудавання (машыны для перапрацоўкі мяса, цеста і агародніны; 1964), у Гродне па вырабе пасудамыйных машын (1963).
У 1997 вытв-сцю абсталявання і запасных частак для лёгкай прам-сці было занята 52 прадпрыемствы і толькі адно з іх спецыялізаванае — ВА «Прамшвеймаш» у Оршы. Большая ч. яго выраблялася на прадпрыемствах лёгкай прам-сці ў Мінску, Баранавічах, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Лідзе і некаторая ч. прадукцыі на ВА «Мінскі трактарны завод» і Мінскім мех. з-дзе імя Вавілава, а таксама ВА «Прамшвеймаш» у г. Орша. Па вырабе абсталявання для гандлю і грамадскага харчавання працуюць спецыялізаваныя прадпрыемствы: Беларускае вытворчае аб’яднанне гандлёвага машынабудавання «Беларусьгандальмаш» у Баранавічах, навук.вытв. прадпрыемства «Тэхнамаш» у Брэсце, з-ды: гандл. машынабудавання ў Гродне, «Прадмаш» у Мінску. Некаторая ч. абсталявання для гэтай галіны выпускаецца на інш. машынабуд. з-дах. У 1997 выпушчана абсталявання і запчастак на 230,5 млрд.руб. (машыны для перапрацоўкі мяса, агародніны, бульбы; халадзільныя камеры, шафы, гандл. прылаўкі, універсальныя пасудамыйныя машыны, машыны для прыгатавання паўфабрыкатаў).
У 1997 выпушчана (тыс.шт.): халадзільнікаў 722, маразільнікаў 73, пральных машын 88,2, электрапыласосаў 4,1, печаў ЗВЧ 0,3, электрапрасаў 274, швейных машын 14,2, электраміксераў 46,2, электрасокавыціскалак 112,7. Найб. прадпрыемствы па выпуску быт. прылад: акц.т-ва«Атлант» у Мінску (па выпуску халадзільнікаў і маразільнікаў), Беларускае вытворчае аб’яднанне радыётэхнікі «Белвар» у Мінску (электрабытавыя прылады), акц.т-ва«Брэстгазаапарат» (газавыя пліты, быт. паветраачышчальнікі), Брэсцкі электрамеханічны завод, Гомельскі завод «Электраапаратура», Мінскі завод «Тэрмапласт» (электраміксеры), Авіяц. рамонтнае прадпрыемства ў Баранавічах (пыласосы), пральныя машыны выпускаюцца ў Мінску і Магілёве.
П.І.Рогач.
Да арт.Машынабудаванне для лёгкай і харчовай прамысловасці і бытавых прылад. Галоўны канвеер на Брэсцкім заводзе газавай апаратуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕА́ПАЛЬ (Napoli),
горад на Пд Італіі, каля падножжа вулкана Везувій. Адм. ц. вобласці Кампанія і прав. Неапаль. У агламерацыі Вял. Н. 3012 тыс.ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт у Неапалітанскім зал. Тырэнскага м.Міжнар. аэрапорт. Найважнейшы эканам. і культ. цэнтр на Пд Італіі. Прам-сць: нафтаперапр. і нафтахім., металургічная, маш.-буд. (суднабудаванне, эл.тэхн., радыёэлектроннае), абутковая, тэкст., мэблевая, харч. (вял. макаронныя ф-кі). Метрапалітэн. Ун-т (з 1224). Кансерваторыя. Абсерваторыі. Бат. сад. Марскі акварыум. Нац. музей, буйнейшы ў Еўропе археал. музей, маст. галерэі. Оперны тэатр «Сан-Карла». Цэнтр міжнар. турызму. Ваен.-марская база.
Засн. каля 600 да н.э. як грэч. калонія выхадцамі з г. Кумы. У 326 да н.э. заваяваны рымлянамі. У канцы 5 ст.н.э. ў складзе остгоцкай дзяржавы. З сярэдзіны 6 ст. тут замацаваліся візантыйцы. У 1139 заваяваны нарманамі і далучаны да Сіцылійскага каралеўства, пасля 1266 яго сталіца. У 1268 захоплены франц. герцагам Карлам Анжуйскім. У 1282—1442, 1501—04 сталіца Неапалітанскага каралеўства. З 1504 у складзе Сіцылій абедзвюх Каралеўства. У 1799 тут абвешчана Партэнапейская рэспубліка. У 1806—15 Н. — сталіца залежнага ад Францыі Неапалітанскага каралеўства, з 1815 — Каралеўства абедзвюх Сіцылій. Н. — адзін з цэнтраў рэвалюцыі 1848—49 у Італіі. Ў 1860 вызвалены войскамі Дж.Гарыбальдзі і ўвайшоў у склад аб’яднанага Італьян. каралеўства. У час фаш. дыктатуры Б.Мусаліні — буйная ваен.-марская база. Пасля выхаду Італіі з 2-й сусв. вайны акупіраваны ў 1943 ням.-фаш. войскамі; вызвалены ў выніку паўстання (т.зв. Чатыры дні Неапаля).
Размешчаны амфітэатрам на прыбярэжных пагорках. У цэнтр.ч. захавалася ант. рэгулярная планіроўка. Сярод помнікаў: раннехрысц. катакомбы з фрэскамі (2—5 ст.), баптыстэрый Сан-Джавані з мазаікамі (5 ст.), замкі Кастэль дэль Ова (з 12 ст.) і Кастэль Нуова (1279—84, перабудаваны ў 1443—53, Г.Сагрэра; трыумфальная арка Альфонса Арагонскага са статуямі і рэльефамі, 1452—67, арх. і скульпт. Сагрэра, скульпт. Ф.Лаўрана, П. да Мілана, рэнесанс), гатычныя касцёлы, часткова перабудаваныя ў стылі барока, — Сан-Ларэнца, Сан-Даменіка (абодва 13 ст.), Санта-Марыя дэль Карміне (1283—1300), сабор (1294—1323); палацы і касцёлы ў стылях рэнесансу і барока; у стылі класіцызму — кляштар Чэртоза ды Сан-Марціна (1325, Ф. ды Віта, Т. ды Камаіна; 1580—1623, Дж.Дозіо, са зборам неапалітанскага і еўрап. жывапісу 17—18 ст.), т-р «Сан-Карла» (1737—1816), касцёл Сан-Франчэска ды Паала (1817—46, П.Б’янкі). З пабудоў 20 ст. вылучаюцца будынак вакзала (1954—60, арх. Дж.Вакара, М.Кампанела, інж. П.Л.Нерві і інш.) і інш. Каля Н. руіны стараж.-рым. гарадоў Пампеі і Геркуланум, Палацца Рэале ў Казерце (з 1752, Л.Ванвітэлі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛО́НІКІ, Саланікі,
Фесалонікі (Thessalonikē),
горад на Пн Грэцыі, на беразе зал. Тэрмаікос Эгейскага м. Каля 1 млн.ж. з прыгарадамі (2000). Марскі порт (выкарыстоўваецца часткова Македоніяй, Югаславіяй, Балгарыяй), вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Другі, пасля Афін, эканам. цэнтр краіны. Прам-сць: нафтаперапр. і нафтахім., металаапр., маш.-буд., у т. л. суднабудаванне і суднарамонт; тэкст., харчасмакавая, у т. л. тытунёвая; гарбарна-абутковая, цэлюлозна-папяровая. Ун-т. Археал. музей. Турызм. Штогадовыя міжнар. кірмашы.
Засн. ў 315 да н.э. царом Македоніі Касандрам. У старажытнасці і сярэднія вякі наз. Фесалонікі. З 148 да н.э. пад уладай рымлян, з канца 4 ст.н.э. — адм. ц. прэфектуры Ілірык. У 5—6 ст. на С. нападалі готы, у 6—7 ст. — славяне. У візант. эпоху С. — другі па значэнні горад пасля Канстанцінопаля. З пач. 9 ст. цэнтр фемы Фесалонікі. З С. паходзілі слав. асветнікі Кірыла і Мяфодзій. У 904 горад разрабаваны арабамі, у 1185 — нарманамі. З 1204 С. — сталіца лац. Фесалонікскай дзяржавы (з 1209 каралеўства). У 1224 стаў цэнтрам Фесалонікскай імперыі. З 1246 у складзе Нікейскай, у 1261 — Візант. імперый. У 1342—49 у горадзе дзейнічала камуна зілотаў. У 1387 захоплены туркамі, з 1403 зноў у Візант. імперыі. З 1430 у складзе Асманскай імперыі. З 1907 цэнтр руху младатуркаў. Пасля Баяканскіх войнаў 1912—13 адышлі Да Грэцыі. У 1-ю сусв. вайну база войск Антанты, якія ўтварылі каля горада Салонікскі фронт 1915—18. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны герм. войскамі (1941—44). Вызвалены грэч. Народна-вызв. арміяй.
Захаваліся рэшткі асобных пабудоў рым. часу, у т. л. арка Галерыя (303 н.э.), руіны палаца. Помнікі сярэдневяковага дойлідства. крэпасць і замак, рэшткі візант.гар. сцен, шматлікія візант. цэрквы, у т. л.св. Георгія (перабудавана ў канцы 4 ст. са стараж.-рым. пабудовы; ратонда, мазаікі канца 4 ст.; цяпер музей раннехрысц. мастацтва), св. Дзімітрыя (перабудавана ў 11 ст., адноўлена ў 1917, мазаікі 5 і 7 ст., фрэскі 10 — пач. 14 ст.), св. Сафіі (пачата ў 5—6 ст., 717—741, мазаікі 9 ст., фрэскі 11 ст.), Маці Божай (1028, фрэскі 14 ст., пры турках перабудавана ў мячэць), Апосталаў (1312—15, фрэскі і мазаікі 14 ст.) і інш. З 20 манастыроў С. захаваўся адзін — Мані Влатадон з царквой 14 ст. У часы тур. панавання выраслі партовая ч. горада і жылыя кварталы са шчыльнай «усходняй» планіроўкай вуліц. З 1920-х г. праводзіцца рэканструкцыя, узведзены новыя сучасныя дамы, комплекс кірмашу (1950-я г.) і ун-та (1960-я г., арх. К.Карандынас і інш.). Дахрысц. і візант. помнікі С. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Я.Ф.Шунейка (архітэктура).
Салонікі. Царква Апосталаў. 1312—15.Салонікі. Царква святога Дзімітрыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
пісьмо́, ‑а; мн. пісьмы, пісьмаў і пісем; н.
1. Папера з напісаным тэкстам, якая пасылаецца каму‑н., каб паведаміць аб чым‑н.; ліст. — Сынок, ад каго гэта табе пісьмо? — спытала маці, уваходзячы ў пакой і паказваючы Мішу ружовы вузенькі канверт.Арабей.// Сам гэты тэкст. У .. [Сцяпана] раптам з’явілася жаданне напісаць аб падзеях гэтага дня Людміле, і ён пачаў у галаве складаць гэтае пісьмо.Шамякін.// Від паштовага адпраўлення. Цэннае пісьмо. Заказное пісьмо.
2.толькіадз. Уменне пісаць, а таксама само пісанне. — Ды ты, брат, малайчына! — пасля некалькіх пытанняў сказаў настаўнік. — Ну, а з пісьмом як твая справа?Колас.
3.толькіадз. Сістэма графічных знакаў, якія ўжываюцца для пісання. Арабскае пісьмо. Славянскае пісьмо.// Почырк, знешні выгляд напісанага. [Карызна] падумаў адразу, што ад дачкі, але ўбачыў на канверце зусім незнаёмае непрыветна крывое пісьмо.Зарэцкі.
4.толькіадз. Стыль, манера мастацкага адлюстравання. Зразумела, што тут [у вершы] няма стрыманасці і строгасці рэалістычнага пісьма, але ёсць досыць канкрэтная прадметная фактура, ёсць паэзія.Бугаёў.
•••
Адкрытае пісьмо — а) незапячатаная паштовая картка, на адным баку якой пішацца адрас, а на другім — пісьмо; б) пісьмо да каго‑н., якое друкуецца ў газеце, часопісе.
Вузлавое пісьмо — пэўная сістэма шнуроў з вузламі для ліку, уліку і пад. у некаторых народаў, якія не маюць пісьменнасці.
Даплатное пісьмо — пісьмо, за дасылку якога бярэцца плата з адрасата.
Закрытае пісьмо — пісьмо, якое пасылаецца ў канверце.
Іератычнае пісьмо (спец.) — скорапіс старажытных егіпцян, які развіўся з іерагліфічнага пісьма.
Складовае пісьмо — сістэма пісьма, знакі якога перадаюць склады, а не асобныя гукі.
Сошнае пісьмо — у Расіі 15–17 стст. — межавыя кнігі, у якіх давалася апісанне земляў для пазямельнага абкладання, што выяўлялася ва ўмоўнай адзінцы — сасе.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шэ́раг, ‑а, м.
1. Сукупнасць аднародных прадметаў, размешчаных адно за другім, у адну лінію. Замест лесу цягнуўся шэраг камяністых узгоркаў, сярод якіх было параскідана шмат велізарных скал.Маўр.Месцамі стаялі густымі шэрагамі тонкія .. дубочкі.Бядуля.Куды дзяваліся яго [рынку] былое ажыўленне, святочны гул натоўпу, шэрагі вазоў.Лынькоў.Млечны шлях выплывае з імглы, Азараючы шэраг зямлянак.Танк.// Строй людзей у адну лінію; шарэнга. Скаваныя камандай «смірна», яны моўчкі глядзелі на нас — два шэрагі па дзевяць чалавек.Брыль./ Пра людзей, якія знаходзяцца ў такім страі. Бягом, з карабінкаю напагатове, [Ганна] ўрэзалася ў шэрагі белапалякаў.Нікановіч.
2. Сукупнасць чаго‑н., што ідзе адно за другім у пэўным парадку. Апавяданне распадаецца на шэраг эпізодаў.«Полымя».Па кампазіцыі «Вясна» К. Чорнага — гэта як бы шэраг асобных замалёвак, звязаных задумай расказаць, што за людзі «ў нас на вёсцы».Адамовіч.Беларускі паэт [А. Абуховіч] увёў у свой тэкст шэраг новых мастацкіх дэталей і жыццёвых падрабязнасцей.Казека.
3. Пэўная, звычайна невялікая колькасць чаго‑н. Зараз .. [Дзіму] непакоіў цэлы шэраг іншых пытанняў, звязаных з перасяленнем.Васілевіч.Поспеху [карціны] перашкаджала не толькі прафесіянальная неспрактыкаванасць, але і шэраг іншых прычын. Бракавала звычайнага іканаграфічнага матэрыялу.Ліс./ Пра пэўную колькасць якіх‑н. асоб. Шэраг паэтаў. □ Аўтар [П. Пестрак] паказвае жыццё глухой палескай вёскі Запалянкі, побыт рамеснікаў горада Глушэц, уводзіць шэраг персанажаў.Хромчанка.
4. Сукупнасць людзей, аб’яднаных якімі‑н. адносінамі, ідэямі, якой‑н. арганізацыяй. Рады быў Селіханаў, сустрэўшы Антося ў шэрагах Чырвонай гвардыі.Чарнышэвіч.І я сваё жыццё прынёс У тыя шэрагі, дзе б’юцца За долю лепшую — свой лёс.Хведаровіч.Ці шмат баявых адзінак улілося або ўліваецца ў шэрагі тых, чыёй зброяй з’яўляецца слова?..Гілевіч.
•••
У першых шэрагах — у ліку самых лепшых.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БРЭ́СЦКАЯ У́НІЯ 1596,
акт пра арганізацыйнае аб’яднанне правасл. царквы з каталіцкай на тэр. Рэчы Паспалітай, абвешчаны 9.10.1596 на царк. саборы ў Брэсце (праходзіў 6—10.10.1596). Зацверджана каралём Жыгімонтам III Вазай. Паводле Брэсцкай уніі правасл. царква прызнавала вяршэнства папы рымскага і каталіцкі догмат аб зыходжанні Св. Духа не толькі ад Бога-айца, але і ад Бога-сына (з часам прынята і іншая каталіцкая дагматыка) і ператваралася ў грэка-каталіцкую (уніяцкую) царкву. Аднак уніяцкая царква захоўвала ўласную арганізац. структуру і іерархію, многія правасл. абрады, царк.-слав. і бел. мовы (на Украіне — укр.) у богаслужэнні, рэліг. л-ры, казаннях. Прыняцце Брэсцкай уніі праводзілася на аснове Фларэнційскай уніі 1439, якую спрабаваў увесці ў ВКЛ у сярэдзіне 15 ст. мітрапаліт Грыгорый Балгарын. Гал. прычынай заключэння уніі было імкненне да кансалідацыі царк. і свецкіх феадалаў ВКЛ і Польшчы пасля Люблінскай уніі 1569. Правасл. іерархі ВКЛ не жадалі падпарадкоўвацца маск. патрыярху, які прыняў гэты тытул у 1589 і меў намер пашырыць сваю ўладу на ўсю тэр.б. Кіеўскай Русі. Адначасова яны разлічвалі атрымаць усе прывілеі каталіцкіх біскупаў, абаперціся на падтрымку каталіцкай царквы ў нарастаючым канфлікце з брацтвамі і ў барацьбе з рэфармацыйным рухам. Папства праз Брэсцкую унію імкнулася пашырыць свой уплыў на Усход. Гал. тэарэтыкам уніі быў польскі езуіт П.Скарга, які абгрунтаваў сваю задуму ў кнізе «Пра еднасць касцёла Божага» (1577). Непасрэднымі ініцыятарамі падпісання Брэсцкай уніі сталі епіскап уладзімірскі і берасцейскі І.Пацей і епіскап луцкі і астрожскі К.Цярлецкі, якія ў 1595—96 наведалі Рым і падрыхтавалі з папам Кліментам VIII тэкст уніі. Унію падтрымала большасць іерархаў, у т. л. мітрапаліт кіеўскі М.Рагоза, які захаваў свой тытул. Аднак частка духавенства і свецкіх феадалаў на чале з кн. К.Астрожскім не прыняла Брэсцкую унію і правяла ў Брэсце свой сабор адначасова з уніяцкім. Правасл. царква ў Рэчы Паспалітай захавалася як самастойная побач з грэка-каталіцкай. Частка насельніцтва (асабліва мяшчане) змагаліся супраць уніі, аднак у канцы 18 ст. уніятамі было ўжо 75% жыхароў Беларусі. Брэсцкая унія скасавана ў Рас. імперыі Полацкім царкоўным саборам 1839 (за выключэннем Люблінскай, Сувалкаўскай і Сядлецкай губ., дзе уніяцтва існавала да 1875), у 1946 — у зах. абласцях Украіны (б. Галіцыя, знаходзілася ў складзе Аўстра-Венгрыі). Пра гісторыю уніяцтва гл. ў арт.Беларуская грэка-каталіцкая царква, Украінская грэка-каталіцкая царква.
Літ.:
Коялович М.О. Литовская церковная уния. Т. 1—2. СПб., 1859—61;
Жукович П.М. Сеймовая борьба православного западнорусского дворянства с церковной унией. Вып. 1—6. СПб., 1901—12;
Мараш Я.Н. Роль Ватикана в подготовке и утверждении Брестской унии 1596 г. // Вопросы истории религии и атеизма: Сб. ст.М., 1963. Т. 11;
Никольский Н.М. История русской церкви. Мн., 1990;
Likowski E. Dzieje kościoła unickiego na Litwie I Rusi w XVIII і XIX wieku. Cz. 1. 2 wyd. Warszawa, 1906;
Panucevič V. Bierasciejskaja vunija. Chicago, 1972.