нідэрландскі драматург і паэт. Яго творчасць увабрала ў сябе традыцыі нар.т-ра і песні, злучыла ў адно цэлае элементы рэнесансавыя, барочныя і тэндэнцыі новага рэалізму. У драмах «Родэрык і Альфонс» (1611), «Грыяна» (1612), «Нямы рыцар» (не скончана) абараняў годнасць чалавека незалежна ад яго саслоўнага паходжання. Нар. гумар, сакавітыя фарбы і вобразная, наўмысна грубаватая мова вылучаюць «Клухт пра карову» (1612) і «Клухт пра мельніка» (1613), напісаныя ў традыцыі нар. сярэдневяковага фарса — клухта. Лепшыя творы — камедыі «Маўрытанка» (1615) і «Іспанец з Брабанта» (1617). Паэзія Брэдэра сабрана ў «Вялікай кнізе песень» (выд. 1622).
Літ.:
Ошис В.В. История нидерландской литературы. М., 1983. С. 81—86.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУКСТЭХУ́ДЭ ((Buxtehude) Дзітрых) (1637, Ольдэсла, зямля Шлезвіг-Гольштэйн, Германія — 9.5.1707),
дацка-нямецкі кампазітар, арганіст. Сын і вучань Іагана Б. З 1657 працаваў царк. арганістам у Швецыі і Даніі, з 1668 у г. Любек (Германія), дзе стаў вядомы як арганіст-віртуоз. Пісаў свецкую і духоўную музыку, якую выконваў на арганізаваных ім т.зв. «вячэрніх канцэртах». Вак.-інстр. музыку пісаў пад уплывам італьян. узораў, у арганных творах выступіў як прадстаўнік паўн.-ням.барока і буйнейшы папярэднік І.С.Баха. Сярод твораў: Missa brevis, магніфікат, араторыі, кантаты (больш за 120), матэты, камерна-інстр.творы (у т. л. 2 зборнікі трыо-санат, 1696), такаты, прэлюдыі і фугі, харальныя апрацоўкі для аргана, сюіты і варыяцыі для клавіра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛГАКО́ЎСКІ (Дзмітрый Гаўрылавіч) (1845—1918?),
бел. этнограф, фалькларыст, краязнавец. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1869). У 1902 адмовіўся ад духоўнага сану. Працаваў настаўнікам рус. і царк.-слав. моў у Ваўкавыску. Друкаваў артыкулы, фальклорна-этнагр.творы ў газетах «Новое время», «Санкт-Петербургские губернские ведомости», «Минские губернские ведомости» і інш. Аўтар прац «Беларускія песні. Валачобныя» (1868), «Практычны дапаможнік па наглядным засваенні рускага правапісу» (1873), «Гістарычны нарыс Ваўкавыска, павятовага горада Гродзенскай губерні» (1881) і інш. У 1890 выдаў фальклорна-этнагр. зборнік «Пінчукі», прысвечаны духоўнай культуры насельніцтва цэнтр. часткі Палесся (уключае песні, загадкі, прыказкі, прымаўкі, а таксама апісанні вераванняў, абрадаў і звычаяў). Аўтар рамана «Блізняты» (1903), аповесці «У баку ад жыцця» (1909; на аўтабіягр. матэрыяле).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́ЦКІ (Уладзімір Сямёнавіч) (25.1.1938, Масква — 25.7.1980),
рускі паэт, акцёр, аўтар і выканаўца песень. У лірыка-рамантычных, камічных і сатыр. песнях, баладах, спавядальных вершах (зб. «Нерв», 1981; «Я, вядома, вярнуся...», 1988) адчувальныя матывы рус. гарадскога раманса. Творы Высоцкага вызначаюцца шчырай пранікнёнасцю і лірызмам (асабліва вершы і песні пра вайну), кожны з іх напісаны «нервам» паэта. З 1964 у Маскоўскім т-ры на Таганцы. Сярод роляў Хлапуша («Пугачоў» паводле С.Ясеніна), Гамлет («Гамлет» У.Шэкспіра), Лапахін («Вішнёвы сад» А.Чэхава) і інш. Здымаўся ў маст. фільмах «Вертыкаль», «Кароткія сустрэчы», «Месца сустрэчы змяніць нельга» і інш. Трагічны герой Высоцкага — асоба нязломная, бунтар-адзіночка, які ўсведамляе сваю асуджанасць, але застаецца непахісны да канца. Дзярж. прэмія СССР 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЯЎЛЕ́НЧЫЯ МАСТА́ЦТВЫ,
раздзел пластычных мастацтваў; аб’ядноўваюць жывапіс, скульптуру, графіку, фотамастацтва. Адлюстроўваюць рэчаіснасць у наглядных вобразах, што ўспрымаюцца зрокам. Структурная ідэнтычнасць, падабенства прадмета і яго вобраза, матэрыялізаванага ў маст.творы на палатне, кардоне або дошцы, на аркушы паперы, у камені ці метале, насценных размалёўках (манум.-дэкар. жывапіс), з’яўляецца адной з характэрных умоў рэаліст. ўзнаўлення прадметнага свету. Выяўленчыя мастацтвы маюць неабмежаваныя магчымасці глыбокага і праўдзівага адлюстравання дынамікі самых розных працэсаў грамадскага жыцця, выяўлення эстэт. сутнасці прыроднай і сац. рэчаіснасці, духоўнага свету чалавека; часам таксама могуць увасабляць вобразы, якія не існуюць у рэальнасці і створаны фантазіяй чалавека. Выяўленчае мастацтва з’яўляецца фактарам фарміравання грамадскага ўсведамлення (гл.Мастацтва); адной з формаў пазнання свету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЮЯ́Р ((Vuillard) Жан Эдуар) (11.11.1868, г. Кюізо, Францыя — 21.6.1940),
французскі жывапісец, графік і дэкаратар. З 1886 вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў і ў акадэміі Жуліяна ў Парыжы. Удзельнік групы «Набі» (1892). Зведаў уплыў П.Гагена, А.Тулуз-Латрэка, яп. гравюры. У партрэтах, пейзажах, бытавых карцінах, дэкар. пано спалучаў сімвалізм з падкрэсленай дэкаратыўнасцю формаў, плоскаснай трактоўкай прасторы, вытанчанай эмацыянальнасцю і гармоніяй фарбаў, імкненнем да інтымнасці вобразаў. Асн.творы: аўтапартрэт (тры пано, 1809), «У ложку» (1891), «У пакоі» (1893), «Сады Парыжа» (тры пано, 1894), «На канапе», «У садзе», партрэт мадам Бенар (1930).
Літ.:
Крючкова В.А. Символизм в изобразительном искусстве: Франция и Бельгия, 1870—1900. М., 1994. С. 190—219.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВАСІЛЁК»,
беларускі фальклорна-харэаграфічны ансамбль у ЗША. Існаваў у 1956—92. Створаны ў Нью-Йорку членамі эмігранцкіх арг-цый Бел.-амер. задзіночання (БАЗА) і Арганізацыі бел.-амер. моладзі (АБАМ). Кіраўнік А.Орса-Рамана. У складзе ансамбля танц., інстр. і вак. групы. У аснове рэпертуару бел.нар. танцы «Лявоніха», «Полька-Янка» і інш., а таксама творы, вывезеныя ў Амерыку і захаваныя бел. каланістамі з розных рэгіёнаў Беларусі. Калектыў удзельнічаў у культ.-паліт. імпрэзах, якія наладжвалі ў Амерыцы і Канадзе бел. эмігранцкія асяродкі, выступаў на агульнаамер. этнічных святах на сцэнах «Лінкальн-Цэнтра» і «Эліс-Тыл-Хола». У 1990 гастраліраваў на Беларусі і ў Вільні, удзельнічаў у свяце Купалля ў Вязынцы і ў Заслаўі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАТА́ГІН (Васіль Аляксеевіч) (1.1.1884, Масква — 31.5.1969),
рускі скульптар і графік, анімаліст. Нар. мастак Расіі (1964), правадз.чл.АМСССР (1957). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1902—07), у маст. студыях М.Мартынава (з 1899) і К.Юона (1904—06). Выкладаў у Маскоўскім вышэйшым маст.-прамысл. вучылішчы (з 1963). Яго скульптурныя творы заснаваны на глыбокім веданні жывёльнага свету, выкарыстанні пластычных магчымасцей матэрыялу для трапнай і вострай перадачы натуры жывёл, іх характэрных звычак («Тыгр», 1925—26, «Пінгвін з птушанём», 1960). Стварыў ілюстрацыі да «Маўглі» Р.Кіплінга (выд. 1926, 1934) і інш.маст. і навук. кніг пра жывёл. Афармляў маскоўскія Дарвінаўскі, Антрапалагічны і Заалагічны музеі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЯ́Н ((Vailland) Ражэ Франсуа) (16.10.1907, Асі-ан-Мюльцьен, дэпартамент Уаза, Францыя — 12.5.1965),
французскі пісьменнік. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік антыфаш. Супраціўлення. Захапляўся сюррэалізмам. У раманах «Забаўная гульня» (1945), «Цвёрды поступ, трапнае вока» (1950), «Адзінокі малады чалавек» (1951), «Бамаск» (1954; рус.пер. «П’ерэта Амабль», 1956), «325 000 франкаў» (1955) пераважае сац.-паліт. праблематыка, адыход ад якой назіраецца ў пазнейшых творах (раманы «Закон», 1957; «Свята», 1960; «Фарэль», 1964). Аўтар п’ес «Палкоўнік Фастэр прызнае сябе вінаватым» (1951) і інш., эсэ і артыкулаў (у т. л. «Сюррэалізм супраць рэвалюцыі», 1948). Многія яго творы маюць рысы аўтабіяграфічнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́БЕРН ((Webern) Антон Фрыдрых Вільгельм фон) (3.12.1883, Вена — 15.9.1945),
аўстрыйскі кампазітар і дырыжор; адзін з прадстаўнікоў новай венскай школы. Вучыўся ў Венскім ун-це (1902—06), у А.Шонберга (1904—08). Творчасць кампазітара фарміравалася пад уплывам эстэтыкі экспрэсіянізму. Манера яго муз. пісьма вызначаецца гранічным лаканізмам і эканомнасцю гукавых сродкаў, якія ствараюць уражанне «бесцялеснасці», ірэальнасці вобразаў. Метад дадэкафоніі, распрацаваны Шонбергам, Веберн развіў у строгую сістэму. Адзін з найб. відных прадстаўнікоў серыйнай тэхнікі і пуантылізму ў музыцы 20 ст.
Тв.:
3 кантаты (1935, 1939, 1943), сімфонія (1928), канцэрт для 9 інструментаў сола (1934), стр. квартэт (1938), хары і сольныя вак.творы на вершы паэтаў, кананічныя і нар.рэліг. тэксты.