ваенна-навуч. ўстанова, якая рыхтавала кадры сярэдняга каманднага саставу для бел.нац., тэрытарыяльных і кадравых фарміраванняў Чырв. Арміі ў 1924—37. Тэрмін навучання 3 гады. Засн. на базе 81-х мінскіх пяхотных курсаў (з 1921). Камплектавалася курсантамі пераважна з карэннага насельніцтва. Большасць дысцыплін выкладалася на бел. мове. Выдавала шматтыражную газ. «Чырвоны сцяг». Рэарганізавана ў Мінскае ваеннае вучылішча. Сярод выхаванцаў Маршал Сав. Саюза І.І.Якубоўскі, генералы арміі В.А.Пянькоўскі, В.П.Маргелаў.
В.М.Герасімаў.
Газета «Чырвоны сцяг» Аб’яднанай беларускай вайсковай школы (6 ліст. 1930).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЗО́Ў (Валерый Піліпавіч) (н. 20.10.1949, г. Самбар Львоўскай вобл.),
украінскі спартсмен (лёгкая атлетыка). Засл. майстар спорту СССР (1970). Скончыў Кіеўскі ін-тфіз. Культуры (1971). Алімп. чэмпіён (1972, Мюнхен) у бегу на 100 м і 200 м, сярэбраны прызёр Алімп. гульняў 1972 у эстафеце 4 × 100 м, бронзавы прызёр Алімп. гульняў 1976 у бегу на 100 м і эстафеце 4 × 100 м. Неаднаразовы чэмпіён Еўропы і СССР у 1969—77. Рэкардсмен Еўропы і СССР у 1970—75. У 1986—91 нам., старшыня Дзяржкамспорту Украіны. З 1991 міністр па справах моладзі і фіз. культуры; прэзідэнт Нац.Алімп.к-та Украіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БА́ЦЬКАЎШЧЫНА»,
газета нац.-дэмакр. кірунку. Выдавалася з 16 да 28.3.1919 у Гродне на бел. мове (№ 5 выйшаў на бел., рус., франц., ням. і яўр. мовах) бел.культ.-асв. т-вам «Бацькаўшчына». Інфармавала пра бел.паліт. рух, паведамляла пра дыпламат. акцыі ўрада Бел.Нар. Рэспублікі. Надрукавала праграму Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў, артыкулы «Беларусы» (пад крыптанімам Э.Б.), «Некалькі слоў аб беларускім руху» (пад крыптанімам КіК), «Лісты з Мінска» Р.Суніцы (Р.Зямкевіча) пра абвяшчэнне БССР, становішча ў Мінску і інш. Закрыта ў сувязі з акупацыяй Гродзеншчыны легіёнамі Пілсудскага і выездам з Гродна Беларускай Рады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ВІН ((Bevin) Эрнест) (9.3.1881, Уінсфард, графства Сомерсет, Вялікабрытанія — 14.4.1951),
палітычны і прафс. дзеяч Вялікабрытаніі. У 1910—21 у складзе кіраўніцтва заснаванага ім прафсаюза докераў. У 1922—40 ген. сакратар аб’яднанага прафсаюза транспартных і некваліфікаваных рабочых. У 1925—40 член і ў 1937 старшыня Генсавета Брыт. кангрэса трэд-юніёнаў. У 1940—45 міністр працы і нац. павіннасці ў кааліцыйным урадзе У.Чэрчыля. У 1945—51 міністр замежных спраў у лейбарысцкім урадзе К.Этлі. Садзейнічаў ажыццяўленню Маршала плана, заключэнню Брусельскага (1948) і Паўночнаатлантычнага (1949) дагавораў. У 1951 ініцыятар плана эканам. дапамогі Азіі (план Каломба).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕГЕМО́Т, гіпапатам (Hippopotamus amphibius),
род млекакормячых жывёл атр. парнакапытных. 1 від. Пашыраны ў Цэнтр. і Усх. Афрыцы пераважна ў нац. парках. Жыве ў неглыбокіх (каля 1,2 м) вадаёмах са спадзістымі берагамі і пышнай каляводнай расліннасцю.
Даўж. цела да 4,5 м, маса 3—4,5 т. Тулава падоўжанае, грузнае. Скура амаль голая, медна-бурага колеру, багатая залозамі, якія ахоўваюць яе ад высыхання. Рот шырокі, сківіцы з вял. зубамі. Іклы (да 64 см) растуць усё жыццё. Палавой спеласці дасягае ў 7—9 гадоў. Нараджае 1 дзіцяня. Корміцца каляводнай і наземнай расліннасцю. Жыве да 50 гадоў. Выкарыстоўваюцца мяса, тлушч, скура і зубы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ГІН (Менахем) (16.8.1913, г. Брэст, Беларусь — 9.3.1992),
палітычны дзеяч Ізраіля, юрыст. Адукацыю атрымаў у Варшаўскім ун-це. Перад вайной узначальваў сіянісцкі рух у Польшчы. У 1939 з акупацыяй Польшчы ням. фашыстамі ўцёк у Вільню, дзе быў арыштаваны сав. ўладамі і сасланы ў Сібір. У 1943 у складзе Андэрса арміі трапіў у Палесціну, камандаваў ваен. групоўкай «Іргун». У 1948—83 старшыня партыі «Херут». У 1973—83 лідэр нац. фронту «Лікуд». Прэм’ер-міністр Ізраіля ў 1977—83. Падпісаў Кэмп-Дэвідскія пагадненні (1978) і мірны дагавор з Егіптам (1979). Нобелеўская прэмія міру 1978 (разам з А.Садатам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ КРАЯЗНА́ЎЧАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БКТ),
добраахвотная грамадская арг-цыя. Створана 27.12.1989 у Мінску. У аснове дзейнасці — прынцыпы, распрацаваныя Цэнтральным бюро краязнаўства (з 1923) пры Інбелкульце, а таксама камісіяй па краязнаўстве (з 1987) Беларускага фонду культуры. Кіраўнічыя органы — рада і сакратарыят. Асн. задачы: спрыяць нац. адраджэнню Беларусі праз творчую, навук. і асв. ініцыятыву па вывучэнні канкрэтных мясцін або рэгіёнаў Беларусі, ствараць у кожным яе раёне грамадскія структуры па развіцці краязнаўчага руху. Краязнаўчыя аб’яднанні БКТ створаны ва ўсіх абл. цэнтрах, арг-цыі існуюць амаль ва ўсіх раёнах Беларусі. Некаторыя з іх маюць уласны статут, сімволіку, арганізуюць свае выданні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ РА́ДА,
пашыраная ў гіст. л-ры агульная назва цэнтр. і рэгіянальных асяроддзяў бел.нац.-вызв. руху і дзярж.-паліт. устаноў Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). У 1917 дзейнічалі Цэнтральная рада беларускіх арганізацый (пазней Вялікая беларуская рада), Цэнтральная беларуская вайсковая рада; на Усебел. з’ездзе 1917 выбрана Рада, якая 18.3.1918 пераўтворана ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1918—20 на Віленшчыне і Гродзеншчыне дзейнічалі Віленская беларуская рада, Цэнтральная беларуская рада Віленшчыны і Гродзеншчыны і інш. У снеж. 1919 Рада БНР раскалолася на Народную раду Беларускай Народнай Рэспублікі і Найвышэйшую раду Беларускай Народнай Рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ СЕ́КЦЫЯ ПРЫ ВІ́ЦЕБСКІМ ГУБЕ́РНСКІМ АДДЗЕ́ЛЕ НАРО́ДНАЙ АСВЕ́ТЫ.
Існавала з 29.10.1921 да вясны 1924. Падпарадкоўвалася Беларускаму цэнтральнаму бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР у Маскве. Задачы: арганізацыя на тэр. Віцебскай губ. сеткі нац. школ і культ.-асв. устаноў для бел. насельніцтва. Арганізавала бел. тэатр і хор у Віцебску і Полацку, дзіцячую тэатр. трупу ў Полацку. Садзейнічала ўвядзенню ў навуч. план Віцебскага пед. ін-та ў 1923/24 навуч.г. курса беларусазнаўства. Супрацьдзеянне парт. і сав. кіраўніцтва, адмова ў фінансаванні прывялі да фактычнага спынення дзейнасці секцыі. Скасавана ў сувязі з далучэннем Віцебскай губ. да БССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ СПРА́ВА»,
газета Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Выдавалася ў Вільні з 9.4 да 31.7.1926 на бел. мове два разы на тыдзень. Замяніла забароненую ўладамі газету «Беларуская ніва». Была разлічана на сялян і рабочых Зах. Беларусі, на актыў БСРГ. Прапагандавала ідэі нац.-вызв. барацьбы, арганізац. формы грамадскага руху, асвятляла развіццё бел. культуры і асветы ў Зах. Беларусі і БССР, расказвала пра эканам. і паліт. становішча ў БССР, міжнар. жыццё. Змяшчала матэрыялы пра дзейнасць ТБШ, творы зах.-бел. пісьменнікаў. Выйшла 29 нумароў, 11 канфіскаваны. Забаронена ўладамі. З чэрв. 1926 БСРГ выдавала газету «Народная справа».