фізіка-геаграфічны раёнБеларускага Паазер’я, на Пн Віцебскай вобл. (усх. частка Расонскага р-на) і ў Расіі (большая частка). На Беларусі мяжуе з Полацкай нізінай, працягнулася з Пн на Пд на 22 км, з 3 на У на 29 км. Пл. 650 км². Выш. 180—220 м, найб. 224 м (на ПнУ).
Прымеркавана да Латвійскай седлавіны. Магутнасць асадкавага чахла да 300 м. Вылучаны адклады валдайскай серыі верхняга дакембрыю (пясчаныя і пясчана-гліністыя), ардовіку (вапнякі, мергелі, даламіты), дэвону (стракатаколерная пясчана-гліністая тоўшча). Антрапагенавыя адклады (магутнасць 30—60 м) складзены з валунных супескаў і суглінкаў, участкаў маламагутнага покрыва водна-ледавіковых асадкаў. Фарміраванне ўзвышша звязана з краявой зонай акумуляцыі паазерскага зледзянення.
Сучасны рэльеф сярэднеўзгорысты і ўзгорыста-западзінны, ускладнены камамі і азёрнымі катлавінамі. Ваганні адносных вышынь 10—25 м. Марэнныя ўзгоркі складзены з валунных суглінкаў, супескаў, камавыя — з пяску з уключэннем жвіру і галькі. Трапляюцца озавыя грады з пяскоў, жвіру і валунна-галечнага матэрыялу з марэнным чахлом. Сярэднія т-ры студз. 8,4 °C, ліп. 17,4 °C. Ападкаў 629 мм за год. Н.ў. дрэніруюць р. Дрыса і яе правыя прытокі. Азёры Нешчарда, Усвечча, Валоба, Межава і інш. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя. Пад лесам каля 40% тэрыторыі. Лясы захаваліся невял. ўчасткамі на вяршынях і стромкіх схілах узгоркаў. Пераважаюць бары, субары, ельнікі, па далінах рэк і азёр з дамешкамі дубу. Па паніжэннях бярозавыя і альховыя лясы. Пад ворывам 15% тэрыторыі.
Нешчардаўскае ўзвышша ў Расонскім раёне Віцебскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГНО́З НАДВО́Р’Я,
навукова абгрунтаванае прадбачанне і разлік будучага стану надвор ’я. Складаюцца на падставе аналізу развіцця буйнамаштабных атм. працэсаў. Адрозніваюць П.н. кароткатэрміновыя (ад некалькіх гадзін да 1—2 сут), доўгатэрміновыя малой заўчаснасці (3—10 сут) і доўгатэрміновыя вял. заўчаснасці (на месяц, сезон). П.н. папярэднічае назіранне (пры дапамозе метэаралагічных станцый, радыёзондаў, радыёлакатараў, метэаралагічных ракет, ШСЗ і інш.), збор і аналіз стану надвор’я. Падставай для распрацоўкі кароткатэрміновых прагнозаў з’яўляецца аналіз сінаптычных карт або выкарыстанне лічбавых метадаў П.н., якія дазваляюць рашаць ураўненні атм. гідрадынамікі і тэрмадынамікі пры дапамозе ЭВМ. Аналіз гэтых матэрыялаў дае магчымасць выявіць раёны развіцця цыклонаў і антыцыклонаў, паветраных мас рознага паходжання, франтоў атмасферных, вызначыць іх эвалюцыю, напрамак і хуткасць перамяшчэння, тэрмадынамічныя ўласцівасці паветраных мас і іх магчымыя змены. У доўгатэрміновых П.н. выкарыстоўваюць розныя стат. сувязі паміж мінулым і будучым развіццём атм. працэсаў і станам надвор’я. П.н. складаецца па пункце (горад, аэрадром), маршруце (авіяц. траса, марскі шлях) і тэрыторыі (краіна, вобласць, раён). П.н. бываюць агульнага карыстання (для насельніцтва) і спецыялізаваныя (авіяц., аграметэаралагічныя, марскія і інш.). У агульных даюцца звесткі пра прагназіруемыя метэаралагічныя элементы (т-ра, вецер, воблачнасць, ападкі) і небяспечныя з’явы надвор’я (бура, град, галалёд, шквалы і інш.). Спецыялізаваныя прызначаны для розных галін гаспадаркі і складаюцца ў адпаведнасці з іх патрабаваннямі. З П.н. цесна звязаны гідралагічны прагноз. На Беларусі рэгулярнае складанне П.н. на суткі вядзецца з 1931, на 3—6 сут — з 1946, спецыялізаваных — з 1948. П.н. для краіны, абласцей, Мінска і абл. цэнтраў складае аддзел метэапрагнозаў Рэспубліканскага гідраметэаралагічнага цэнтра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙНЛАНД-ПФАЛЬЦ (Rheinland-Pfalz),
зямля (адм. адзінка) на З Германіі, у бас.р. Рэйн і яго прытокаў Мозеля і Лана. Пл. 19,8 тыс.км². Нас. каля 4 млн.чал. (2000). Адм. ц. — г.Майнц. Найб. гарады і гал.прамысл. цэнтры — Людвігсгафен, Кобленц, Кайзерслаўтэрн, Трыр. Большую ч.тэр. займаюць Рэйнскія Сланцавыя горы. Клімат умераны. Сярэдняя т-раліп. 19 °C, студз. 2 °C. Ападкаў каля 600—800 мм за год. Натуральная расліннасць найб. захавалася ў гарах, пераважаюць дубовыя, букавыя і дубова-грабава-букавыя лясы. Пад лесам каля 40%. Эканоміка мае індустр.агр. характар. Распрацоўваюцца невял. радовішчы нафты і прыроднага газу. Развіты хім. (гал. цэнтр Людвігсгафен), машынабудаванне і металаапрацоўка (Кайзерслаўтэрн), абутковая (каля 25% вытв-сці абутку ў краіне), харчасмакавая, аўтамабільная, буд. матэрыялаў прам-сць. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 50%. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля (малочнага кірунку і свінагадоўля). Вырошчваюць пшаніцу, бульбу, цукр буракі, тытунь, кармавыя культуры. Найважн.раён вінаградарства (дае каля 75% збору вінаграду ў краіне, гал. чынам у далінах Рэйна, Мозеля і Наэ). Транспарт чыг. і аўтамабільны. Суднаходства па Рэйне і Мозелі. Турызм.
Зямля ўтворана пасля 2-й сусв. вайны паводле распараджэння франц.акупац. улад ад 30.8.1946 з частак Баварыі (Пфальц), Гесена, Прусіі (Рэйнская прав.). Спачатку яе адм. цэнтрам быў г. Кобленц, з 1950 — г. Майнц У 1947 прынята зямельная канстытуцыя. З 1949 зямля ў складзе ФРГ. У 1969—76 прэм’ер-міністрам зямлі быў Г.Коль. У 1947—91 у яе паліт. жыцці дамінаваў Хрысц.-дэмакр. саюз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІБІ́РСКАЯ ПЛАТФО́РМА,
дакембрыйская платформа, паміж р. Енісей, воз. Байкал і Верхаянскім хр.; адзін з буйнейшых адносна ўстойлівых участкаў кантынентальнай зямной кары ў Паўн. Азіі. Абмежавана на З палеазойскай складкавасцю Заходне-Сібірскай пліты, на Пд і ПдУ — Усходне-Забайкальска-Ахоцкім, на У — Верхаяна-Чукоцкім мезазойскімі складкавымі паясамі. На паверхні С.п. размешчаны Сярэднесібірскае пласкагор’е, Алданскае нагор’е, Паўн.-Сібірская і Цэнтральнаякуцкая нізіны. Магутнасць зямной кары ў межах С.п. 40—48 км, шчыльн. цеплавога патока 20—40 мВт/м². Складзена са складкавага крышт. фундамента (метамарфічныя і інтрузіўныя ўтварэнні архею і ніжняга пратэразою) і платформавага чахла. У будове чахла вылучаюць 2 мегакомплексы: ніжні, або даплітны (адклады рыфею), і верхні, або плітны (тоўшчы венду, палеазою, мезазою і кайназою). Магутнасць асадкавых парод да 5 км, у глыбокіх упадзінах да 10—12 км. У раннім пратэразоі, рыфеі, раннім кембрыі, сярэднім палеазоі, верхнім палеазоі, раннім і познім мезазоі С.п. вызначалася інтэнсіўным магматызмам. У яе платформавым чахле пашыраны вулканічныя ўтварэнні і інтрузіі раннетрыясавай трапавай фармацыі, а таксама каледонскія лінейна-складкавыя дыслакацыі. На значнай частцы С.п. адбыліся неатэктанічныя падняцці да 1—2 км. У тэктанічнай будове С.п. вылучаюць гал. структуры: Алданскі шчыт, Лена-Енісейская пліта, ускладненая Анабарскім масівам (з выхадам крышт. парод на паверхню), Тунгускай, Вілюйскай сінеклізамі і ўпадзінамі, закладзенымі ў рыфеі. У межах С.п. буйныя радовішчы жалезных (Алданскі шчыт) і медна-нікелевых руд (Нарыльскі рудны раён), каменнага вугалю (Ленскі, Тунгускі, Канска-Ачынскі і інш. вугальныя басейны), каменнай і калійных солей, гіпсу, фасфарытаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
напіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1.Незак.да наперці (у 1, 3 і 4 знач.).
2. Рашуча наступаць, цясніць. Танкі напіралі з усіх бакоў. □ Падняўся гвалт і страляніна... Відаць было, што чырвоныя напірапіць...Чарот.// Сабраўшыся ў вялікай колькасці, насоўвацца на што‑н. Вада ўсё прыбывае, напірае, дабіраецца да людзей.Маўр.
3. Рабіць упор, звяртаць асаблівую ўвагу на каго‑, што‑н.; энергічна займацца чым‑н. Мужыкі ў гаспадарцы больш напіралі на валоў, чым на коней, а шляхта раней перайшла на коней.Пестрак.На хлеб павёў атаку я, Пятроў на бульбу напірае.Крапіва.
4. Настойліва дабівацца чаго‑н., настойваць на чым‑н. — Адстань хоць ты, Квадрыга! Азімае трэба ўбіраць. Раён на закуп напірае.Мыслівец.Дзед пратэстуе, напірае на тое, што трэба забраць дзяцей і вярнуцца сюды.Колас.// Настойліва падкрэсліваць што‑н. Напіраць на сваю занятасць. Напіраць на свае заслугі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
НІЛ (сучасная егіпецкая назва Эль-Бахр; лац. Nilus, грэч. Neilos),
рака ў Афрыцы, адна з найб. доўгіх рэк свету. Даўж. 6671 км, пл. басейна 2870 тыс.км². Басейн Н. на тэр. Руанды, Бурундзі, Дэмакр. Рэспублікі Конга, Танзаніі, Уганды, Кеніі, Эфіопіі, Судана, Егіпта. Пачынаецца на Усх.-Афрыканскім пласкагор’і, на У ад возера Ківу, упадае ў Міжземнае м., утварае дэльту. Выток — р. Рукарара на ПдЗ Руанды, у сістэме р. Кагера; у межах Усх.-Афрыканскага пласкагор’я працякае праз воз. Вікторыя, на выхадзе з якога наз. Вікторыя-Ніл, перасякае скалістыя грады (парогі і вадаспады, затопленыя пры буд-ве плаціны Оўэн-Фолс), упадзіну воз. К’ёга, упадае ў воз. Мабуту-Сесе-Сека. З возера выцякае пад назвай Альберт-Ніл, цячэ па раўнінах паўд. Судана, перасякае забалочаны раён Сэд, дзе наз. Бахр-эль-Джэбель. Пасля сутокаў з р. Эль-Газаль рака наз. Белы Ніл (Бахрэль-Аб’яд), цячэ па паўпустыннай мясцовасці ў шырокай даліне. Каля г. Хартум прымае самы вялікі прыток — Блакітны Ніл (Бахр-эль-Азрак) і далей наз. ўласна Н. Ніжэй вусця р. Атбара цячэ па Сахары, перасякае крышталічнае плато, утварае парогі (часткова затоплены пры буд-ве Асуанскай плаціны). Ад Асуана да Каіра цячэ ў шырокай (да 20—25 км) даліне. За 20 км на Пн ад Каіра пачынаецца дэльта Н. (пл. 22—24 тыс.км²), дзе вылучаюцца 9 вял. і мноства дробных рукавоў і лагунныя азёры (у паўн. частцы). Гал. прытокі ў верхняй палавіне цячэння: Эль-Газаль (злева), Асва, Собат, Блакітны Н., Атбара (справа). Рэжым Н. складаны. У экватарыяльнай зоне павышаныя ўзроўні летам і зімой. У цэнтр. і паўн. Судане і Егіпце падняцце вады ў летне-асенні перыяд. Сярэдні расход вады каля г. Асуан 2,6 тыс.м³/с, макс. — да 15 тыс.м³/с, мінім. — каля 500 м³/с. Падняцце вады ў межах Егіпта пры звычайнай паводцы 6—7 м. Цвёрды сцёк каля г. Асуан 62 млн.м³ за год, большая частка якога ў выглядзе ілу асядае на палях, у арашальных каналах і вадасховішчах. Н. мае вял.эканам. значэнне: асн. крыніца арашэння і пітной вады, важная трансп. артэрыя. У даліне і дэльце Н. жыве амаль усё насельніцтва Егіпта (на 3% тэр. краіны). Для рэгулявання сцёку вады і барацьбы з паводкамі пабудаваны вял. плаціны: Старая Асуанская, Вышынная Асуанская (Егіпет), Сенарская (Судан) і шматлікія дробныя ГЭС: Асуанская, Наг-Хамады, Эль-Фаюм (на канале Юсуф), Оўэн-Фолс (на р. Вікторыя-Н.). Вял. сетка арашальных сістэм. Воды Н. арашаюць каля 2,4 млн.га у Егіпце і каля 1,1 млн.га у Судане. Праз канал Ісмалія забяспечваецца прэснай вадой з дэльты Н. раён Суэцкага канала, праз канал Эль-Махмудыя — г. Александрыя з наваколлем, праз канал Ібрахімія і рукаў Юсуф частка вады Н. паступае ў воз. Біркет-Карун і на арашэнне аазіса Фаюм. Вадасховішчы Насэр, Гебель-Аулія (на р. Белы Н.) і інш. Рыбалоўства. Прамысл. значэнне маюць нільскі акунь, тыгровая рыба, зубаты карп, балці (афр. карп). Даўжыня суднаходных шляхоў бас. Н. 3,2 тыс.км. Суднаходства па Н. (у сярэднім і ніжнім цячэнні), рукавах дэльты (Дум’ят і Рашыд), арашальных каналах, па азёрах Вікторыя, К’ёга, Мабуту-Сесе-Сека, Тана. Найб. гарады: Хартум (Судан), Асуан, Каір, Александрыя (Егіпет). Даліна Н. (асабліва яго густанаселеная дэльта) была адным з цэнтраў стараж. цывілізацыі, якая ўзнікла на базе арашальнага земляробства (гл.Егіпет Старажытны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАМБЕ́Й, Вялікі Бамбей,
горад у Індыі. Адм. ц. штата Махараштра. 12,9 млн.ж. (з прыгарадамі, 1992; самы вял. горад краіны). Порт на Аравійскім м. («вароты» Індыі; каля чвэрці марскога знешнегандл. абароту). Міжнар. аэрапорт. Адзін з асноўных прамысл., гандл.-фін. і культ. цэнтраў краіны. Буйнейшы цэнтр баваўнянай прам-сці (больш за чвэрць агульнаіндыйскай вытв-сці). Судна-, аўтамабіле-, станкабудаванне, сярэдняе, дакладнае, энергет., эл.-тэхн. і інш. машынабудаванне, хім., тэкст., нафтахім., фармацэўтычная, нафтаперапр., гарбарна-абутковая, паліграф.прам-сць. Прадпрыемствы харчасмакавай, у т. л. цукровай прам-сці. 2 ун-ты. Цэнтр атамных даследаванняў. Кінематаграфічны цэнтр.Політэхн.ін-т. Ін-т фундаментальных даследаванняў. Паблізу горада АЭС.
Прыбярэжная зона каля Бамбея — асн.раён нафтаздабычы ў краіне.
Горад пабудаваны ў 13 ст., належаў мусульманам з Гуджарату. У 1534 захоплены партугальцамі, у 1661 перададзены англ. каралю Карлу II як частка пасагу яго жонкі. У 1668 здадзены ў арэнду Ост-Індскай кампаніі. У 1672 пабудаваны новы горад, з 1708 адм. сядзіба Ост-Індскай кампаніі. Росквіту дасягнуў у канцы 19 ст. ў выніку буд-ва чыгункі (першая лінія Бамбей — Тхана, 1853), адкрыцця Суэцкага канала (1869) і развіцця тэкст. вытв-сці (з 1860).
Асн. будынкі канца 19 ст.: ун-т (засн. ў 1857, новыя будынкі пастаўлены ў 1923), вакзал Вікторыя, муніцыпалітэт, суд, крыты рынак у псеўдакласічным і псеўдагатычным стылях; будынкі 20 ст.: «Вароты Індыі», гасцініца «Тадж-Махал», паштамт, музей прынца Уэльскага ў псеўданац. стылі. Культавыя будынкі: цэрквы, мячэці, храмы індуісцкія і парсаў. У раёне Малабар Хіл багатыя асабнякі, сады, паркі, кінастудыі, 5 «Вежаў Маўчання» для пахавальнага абраду парсаў. Мані Бхаван (Мемарыял Гандзі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЯВО́ДЗІНА (Bojboguna, Vojvodina),
тэрыторыя на Пн Саюзнай Рэспублікі Югаславія, у Рэспубліцы Сербія. Мяжуе з Харватыяй, Венгрыяй, Румыніяй. Пл. 21,5 тыс.км². Нас. 2013 тыс.чал. (1991), у т. л. сербы (54,4%), венгры (18,9%), група насельніцтва пад саманазвай югаславы (8,2%), а таксама харваты, славенцы, румыны, чарнагорцы і інш.Найб. горад Нові-Сад. Ваяводзіна размешчана ў межах паўд.ч. Сярэднедунайскай раўніны. На ПдЗ краж Фрушка-Гора (выш. да 539 м), на ПдУ адгор’і Паўд. Карпат (выш. да 641 м). Клімат умераны, кантынентальны. Цячэ р. Дунай з прытокамі. Пераважаюць ландшафты асвоеных чарназёмных стэпаў. Гал.с.-г.раён Югаславіі. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, каноплі, сланечнік, цукр. буракі. Садоўніцтва і вінаградарства. Мяса-малочная жывёлагадоўля. Здабыча нафты і газу. Харч.прам-сць (мукамольная, алейная, масларобная, цукр., пяньковая). Развіта таксама тэкст., машынабуд. (с.-г. і электратэхн.), нафтахім., цэм.прам-сць. Вытв-сцьмінер. угнаенняў. Транспарт чыг., аўтамабільны, рачны (па Дунаі і яго прытоках).
Тэр. Ваяводзіны заселена славянамі ў 6—7 ст. З 10 ст. ў складзе Венг. каралеўства. У 1526—1918 пад уладай Габсбургаў (у 1849—60 у складзе іх аўстрыйскіх, у 1860—1918 — венг. зямель). Тут адбыліся антыгабсбургскія (1735) і антыфеад. (1848) выступленні сялян, развіваўся нац.-вызв. (19 ст.) і дэмакр. рух (у 1-ю сусв. вайну). У 1918 Ваяводзіна далучана да Каралеўства Сербаў, Харватаў і Славенцаў. У 1941 акупіравана ням.-фаш. і венг. войскамі. Вызвалена восенню 1944 Нар.-вызв. арміяй Югаславіі. У 1945—63 аўт. вобласць, у 1963—74 аўт. край, у 1974—90 сацыяліст.аўт. край у складзе Сербіі. Аўтаномія Ваяводзіна скасавана ў 1990 сербскім урадам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКА-ТУ́РАЎСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення Усх. Палесся. Бытаваў у асяроддзі мяшчан невял. гарадоў (Тураў, Давыд-Гарадок, Столін), мястэчак і буйных вёсак у 19 — пач. 20 ст. Рэзка вылучаўся сярод інш. строяў ускладненымі сілуэтамі жан. касцюма з арыгінальнымі галаўнымі ўборамі.
Аснову жан. летняга гарнітура складалі кашуля, спадніца, гарсэт (або куртка), фартух, пояс. Кашулю шылі з кужалю або белага «сарвету» (баваўнянай фабр. тканіны), з шырокім адкладным каўняром. У гарадчанак яна сціпла або зусім не аздаблялася, у тураўлянак аздаблялася на рукавах і каўняры раслінным або раслінна-зааморфным арнаментам, вышытым крыжыкам у чырвона-чорнай гаме. Спадніцу-андарак шылі з даматканага гладкафарбаванага цёмна-сіняга або чырвона-бурачковага сукна, спадніцу-сукню — з фабр. цёмнай шарсцянкі, па нізе нашывалі стужкі галуну. Гарсэт (кабат, шнуроўка) з чырвонага, фіялетава-сіняга ўзорыстага або гладкафарбаванага атласу, саціну ці парчы часта прышываўся да спадніцы ў выглядзе ліфа. Фартух аднаполкавы з фабр. цёмных тканін. Гарсэт, спадніцу і фартух падпяразвалі шырокім выплеценым або тканым поясам. Экзатычны і падкрэслена самавіты вобраз жан. касцюма стваралі арыгінальныя галаўныя ўборы галовачка і падушачка. Жанчыны насілі масіўныя нагрудныя ўпрыгожанні — чаканеныя з латуні вял. крыжы мясц. работы, пацеркі з натуральных камянёў і металу, абразкі, а таксама пярсцёнкі. Мужч. адзенне, блізкае да адзення гараджан, вызначалася высокім кравецкім майстэрствам, стрыманым аздабленнем (вышыўка шнуром, аплікацыя, нашыўка з футра і інш.). Летні гарнітур складаўся з кашулі, нагавіц, камізэлькі; галаўны ўбор — капялюш, зімой — разнастайныя варыянты магеркі. Верхнім мужч. і жан. адзеннем былі кажухі, курткі, світы.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Давыд-гарадоцка-тураўскі строй. Адзенне жанчын-мяшчанак. Канец 19 ст. Горад Давыд-Гарадок (Столінскі раён).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМБА́РДЫЯ (Lombardia),
гістарычная і адм. вобласць на Пн Італіі, самая вял. па плошчы і колькасці насельніцтва ў краіне. Уключае 9 правінцый: Бергама, Брэшыя, Варэсе, Крэмона, Кома, Мантуя, Мілан, Павія, Сондрыо. Пл. 23,8 тыс.км². Hac. каля 9 млн.чал. (1995). Адм. і прамысл. цэнтр — г.Мілан. На Пн Ламбардскія Альпы (выш. да 4049 м) і Перадальпы, астатняя ч. Паданская раўніна. Клімат пераходны ад міжземнаморскага да ўмеранага, у гарах умераны. Ападкаў каля 1000 мм за год. Найб. эканамічна развітая вобласць Італіі. Прам-сць сканцэнтравана ў асн. у Мілане і яго прыгарадах: маш.-буд. (радыёэлектронная, электратэхн., выпуск энергасілавога абсталявання, станкоў, прылад, аўтамабіляў, самалётаў і інш.), хім. (мінер. ўгнаенні, фарбавальнікі, сінт. каўчук, пластмасы і інш), тэкст., швейная, харчовая. Асноўны с.-г.раён краіны. Апрацоўваецца каля 1,5 млн.га, у т. л. каля 60% пад ворывам, каля 30% пад лугамі і пашай, 10% пад садамі і вінаграднікамі. Вырошчваюць кукурузу, пшаніцу, рыс, кармавыя культуры, агародніну. Жывёлагадоўля пераважна малочнага кірунку. Транспарт аўтамабільны і чыгуначны. Развіты турызм. Шматлікія курорты, цэнтры зімовых і водных відаў спорту.
Стараж. назва Л. — Інсубрыя (ад назвы кельцкага племя інсубраў). У 2 ст. да н.э. заваявана Рымам. У 5—7 ст.н.э. на Л. нападалі остготы, Візантыя, лангабарды (адсюль назва Л.). З 8 ст. ў складзе імперыі Каралінгаў. З 10 ст. ў «Свяшчэннай Рымскай імперыі», у 11—13 ст. існавалі самакіравальныя гар. камуны, у 14—15 ст. усталяваліся тыранічныя рэжымы. Пазней належала ісп. і аўстр.Габсбургам, напалеонаўскай Францыі, з 1815 пад аўстр. панаваннем, уваходзіла ў склад Ламбарда-Венецыянскага каралеўства. З 1859 у складзе Італіі.