ПАРК КАМЯНЁЎ, Эксперыментальная база ледавіковых валуноў пры Інстытуце геалагічных навук Нацыянальнай АН Беларусі,
геалагічны музей пад адкрытым небам, помнік прыроды рэсп. значэння (з 1989). Прапанаваны Б.І.Гарэцкім у канцы 1970-х г. для захавання ледавіковых валуноў Беларусі, адкрыты ў 1985 у Мінску. Пл. экспазіцыі 6,5 га, больш за 2,1 тыс. экспанатаў (2000). Складаецца з 6 аддзелаў. Цэнтр. — рэльефная мадэль карты Беларусі (пл. 4,5 га; маштаб гарыз. 1:2500, верт. 1:100) з асн. ўзвышшамі, раўнінамі, нізінамі, рачной сеткай, воз. Нарач і Заслаўскім вадасх. Вакол цэнтр. экспазіцыі размешчаны аддзелы: жывільныя правінцыі, петраграфічны збор, форма валуноў, камень у жыцці чалавека, алея валуноў. У П.к. вывучаюцца ледавіковыя валуны, некат. праблемы геалогіі і інш.; праводзіцца папулярызацыя геал. і краязнаўчых ведаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТА́ЎСКІ КАСЦЁЛ, касцёл Антонія Падуанскага,
помнік архітэктуры неаготыкі ў г. Паставы Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1898—1904 з цэглы арх. А.Гойбелем у цэнтр. частцы горада на правым беразе р. Мядзелка, на тэр. былога францысканскага кляштара, заснаванага ў 1617 на сродкі С. і Г. Сянкевічаў-Бяганскіх. У гады 1-й сусв. вайны моцна пашкоджаны, знішчаны арган, гал. алтар, амбон (абодва готыка). У 1920-я г. адбудаваны. Касцёл — крыжападобны ў плане храм з 5-граннай апсідай. Асн. аб’ём накрыты 2-схільным чарапічным дахам. Шмат’ярусная вежа (выш. каля 100 м) завершана шатровым дахам. Бакавыя фасады прарэзаны высокімі стральчатымі аконнымі праёмамі і ўмацаваны ступеньчатымі контрфорсамі. Уваходы аформлены 3 стральчатымі парталамі. У 1988 касцёл адрамантаваны, дзейнічае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ КАСЦЁЛ КА́РЛА БАРАМЕ́ЎШАпомнік архітэктуры барока 18 ст. ў г. Пінск Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1770—82 з цэглы ў б. прадмесці Пінска Каралін на месцы драўлянага касцёла 1695. Асвячоны ў 1784. Адначасова з касцёлам існавалі драўляныя кляштарны корпус і гасп. пабудовы (не захаваліся). Будынак касцёла 1-нефавы, з невял. трансептам. Алтарная частка не вылучана, сакрысціі размешчаны за гал. алтаром нефа. Да касцёла прылягае 2-ярусная званіца з шатровым дахам і купалам. Асаблівасць збудавання — моцныя канструкцыі сцен (таўшчыня больш за 2 м). Бакавыя сцены прарэзаны невял. арачнымі аконнымі праёмамі і расчлянёны лапаткамі. Нешматлікія элементы барочнай аздобы (пілястры, нішы, паяскі і інш.) выкарыстаны пераважна ў званіцы. У 1992 касцёл прыстасаваны пад канцэртную залу арганнай музыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАШКО́ВІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры позняга класіцызму ў г.п. Радашковічы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1850 з цэглы. Касцёл — 3-нефавая 2-вежавая базіліка з паўцыркульнай апсідай і 2 сакрысціямі абапал яе. Асн. прамавугольны ў плане аб’ём накрыты 2-схільным дахам, апсіда — больш нізкім. Гал. фасад вылучаны ў цэнтры глыбокім рызалітам і завершаны 2-схільным шчытом. Квадратныя 4-ярусныя вежы прарэзаны скразнымі арачнымі праёмамі, круглымі люкарнамі і завершаны шлемападобнымі купаламі. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны высокімі арачнымі аконнымі праёмамі і шырокімі пілястрамі ў прасценках. Інтэр’ер перабудаваны. Часткова захавалася керамічная падлога з арнаментальным малюнкам. Перад касцёлам брама з 3 арачнымі праходамі, аздобленая на гал. фасадзе паўкалонамі і завершаная лучковым франтонам. У касцёле хрысцілі Я.Купалу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗВАДО́ЎСКІ ((Rozwadowski) Ян Міхал) (7.12.1867, каля г. Тарнаў, Польшча — 13.3.1935),
польскі мовазнавец-індаеўрапеіст. Чл. Польскай АН у Кракаве (з 1903), чл.-кар. Пецярбургскай АН (з 1911). Ў 1885—89 вучыўся ў Кракаве і Лейпцыгу. З 1899 праф. Ягелонскага ун-та ў Кракаве. З 1920 віцэ-прэзідэнт, у 1925—29 прэзідэнт Польскай АН. Аўтар прац па агульным, індаеўрап., польскім мовазнаўстве, анамастыцы: «Утварэнне і значэнне слова» (1904), «Семасіялогія, або Навука аб развіцці значэнняў слова» (1907), «Була 1136 года як найстаражытнейшы помнік польскай мовы» (1909), «Гістарычная фанетыка польскай мовы» (1914), «Адносіны польскай мовы да іншых славянскіх» (1915), «Пра з’явы і развіццё мовы» (1921), «Даследаванні назваў славянскіх рэк» (выд. 1948) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУД ((Rude) Франсуа) (4.7.1784, г. Дыжон, Францыя — 3.11.1855),
французскі скульптар, прадстаўнік рамантызму. Вучыўся ў жывапісца Ф.Дэвожа ў Дыжоне (з 1798), у скульпт. Э.Голя і П.Картэлье ў Парыжы (з 1807). Зазнаў уплыў Ж.Л.Давіда. У 1815—27 працаваў у Бельгіі, у 1842 у Італіі. Аўтар манум. рэльефу «Марсельеза» («Выступленне добраахвотнікаў у 1792 годзе», 1833—36), трыумфальнай аркі на плошчы дэ Голя ў Парыжы, якія вызначаюцца абагульненасцю і адначасова глыбокай жыццёвасцю вобразаў, рытмічнай цэласнасцю і дынамікай кампазіцыі, багатай пластыкай фігур. Сярод. інш. твораў: «Меркурый завязвае сандалю», партрэтны бюст Давіда (абодва 1827), «Неапалітанскі рыбак з чарапахай» (1833), надмагіллі Г.Кавеньяка на могілках Манмартр (1845—47), Напалеона (1846), помнік маршалу Нею на плошчы Абсерваторыі (1852—53) у Парыжы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МСКІ ПАНТЭО́Н,
помнікстараж.-рым. архітэктуры ў Рыме. Узведзены каля 118—125 (арх. Апаладор з Дамаска) у гонар усіх багоў пры імператару Адрыяне на месцы аднайм. храма часоў імператара Агрыпы (27 да н.э). Велічная ратонда, перакрытая паўсферычным купалам (дыяметр больш як 43 м) з кесонамі, у цэнтры з адтулінай (дыяметр каля 9 м) для асвятлення інтэр’ера. Уваход вылучаны порцікам з 16 калон з карынфскімі капітэлямі. У інтэр’еры па перыметры размешчаны нішы прамавугольнай і круглай формы. У сярэднія вякі Р.п. ператвораны ў касцёл ; цяпер — нац. маўзалей, дзе пахаваны Рафаэль, арх. Б.Перуцы і Дж.Віньёла, каралі Віктар. Эмануіл II, Умберта I, каралева Маргарыта і інш. Уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЙКАЎСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва ў в. Савейкі Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Закладзены ў 1850 на пл. каля 10 га як сядзіба ў маёнтку Т.Навіцкага. Пейзажнага тыпу. Цэнтр паркавай кампазіцыі — палац (зруйнаваны ў Вял.Айч. вайну, адноўлены ў 1950-я г. ў стылі неакласіцызму, цяпер — будынак санаторыя «Савейкі»), перад ім — партэр, абсаджаны масівамі з мясц. лісцевых парод. На ПнЗ ад палаца вял. паляна з ахоўнымі масівамі па перыметры. З паўн. боку — вял. штучны вадаём, пратокай звязаны з сістэмай вадаёмаў уздоўж узлеску. Дэндрасклад уключае больш за 25 відаў дрэў і кустоў, у т. л. елка, таполя белая, вольха, ліпа галандская, бэз венгерскі, ірга каласацветная, каліна канадская і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЁМКАВА,
вёска ў Папярнянскім с/с Мінскага р-на, на паўн.-ўсх. беразе Заслаўскага вадасховішча. Цэнтр саўгаса. За 16 км на ПнЗ ад Мінска, 12 км ад чыг. ст. Беларусь. 1461 ж., 482 двары (2001). Прадпрыемства па вытв-сці дзіцячых цацак «Метэор». Сярэдняя школа, школа-інтэрнат, клуб, б-ка, аптэка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — сядзіба (2-я пал. 18 ст.).
Вядома з 1567 як сяло, уласнасць Станіслававічаў, Саламярэцкіх, Рэкуцяў, Хмараў. У 1800 пры панскім двары на правым беразе Вячы мост, грэбля, млын, мураваны панскі дом, драўляная каталіцкая капліца, на левым беразе ракі — цагельны з-д. У 1897 у вёсцы 419 ж., 67 двароў, хлебазапасны магазін, карчма, у маёнтку 92 ж., 8 двароў. У 1917 у вёсцы 489 ж., у маёнтку — 115 жыхароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛА́ЎГАРАДСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва ў г. Слаўгарад Магілёўскай вобл.Засн. ў канцы 18 ст. ў сутоку рэк Сож і Проня. Парк пейзажнага тыпу. Абмяжоўваўся лясным масівам; прарэзаны 3 ярамі, паўд. быў мяжой пладовага саду, што прымыкаў да парку. Асн. паркавыя кампазіцыі размяшчаліся абапал сярэдняга вял. яра, на дне якога плацінамі была створана сістэма вадаёмаў са штучнымі каскадамі. Па берагах і плацінах былі дарожкі, раслі групы дрэў і кустоў.
Кампазіцыю парку складалі газон, кветнікі, грот, скульптура, тэхн. збудаванні. У паўн. частцы было гарадзішча, пазней замак, на месцы якога пастаўлены палац (не захаваўся). У парку пераважаюць мясц. лісцевыя пароды дрэў, з экзотаў растуць ясень пенсільванскі (форма аўкубалістая), ясень звычайны (форма драбналістая). С.п. моцна пашкоджаны.