ПАСТА́УКА,

разнавіднасць дагавора куплі-продажу, якая выкарыстоўваецца ў прадпрымальніцкай дзейнасці. Згодна з Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь (арт. 476) паводле дагавора П. пастаўшчык-прадавец, які ажыццяўляе прадпрымальніцкую дзейнасць, абавязваецца перадаць у абумоўлены тэрмін вырабленыя або набытыя ім тавары пакупніку для выкарыстання іх у прадпрымальніцкіх або ў інш. мэтах, не звязаных з асабістым, сямейным, хатнім і інш. выкарыстаннем. Напачатку ўстанаўліваецца працэдура ўзгаднення ўмоў. П. тавараў ажыццяўляецца шляхам адгрузкі (перадачы тавараў) пакупніку, які з’яўляецца дагаворным бокам П., або асобе, што пазначана ў дагаворы ў якасці атрымальніка. Закон устанаўлівае шэраг правілаў дастаўкі тавараў для дзярж. патрэб. Такая П. ажыццяўляецца на аснове дзярж. кантракта на П., а таксама ў адпаведнасці з дагаворамі П. для дзярж. патрэб (патрэбы краіны і яе адм.-тэр. адзінак). Парадак такіх П. рэгулюецца заканадаўствам.

І.​М.​Сямёнава.

т. 12, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІПЕПТЫ́ДЫ,

арганічныя злучэнні, якія маюць астаткі амінакіслот (ад 6—10 да некалькіх дзесяткаў). Умоўная мяжа паміж П. і бялкамі знаходзіцца ў вобласці малекулярнай масы 6000 (ніжэй за яе — П., вышэй — бялкі). Бялкі сінтэзуюцца на рыбасомах у выглядзе поліпептыдных ланцугоў і маюць адзін або некалькі такіх ланцугоў, кожны з якіх сінтэзуецца асобна, а потым злучаюцца паміж сабой (напр., гемаглабін). У арганізме П. ўтвараюцца пры ферментатыўным расшчапленні бялкоў (аўтоліз тканак, страваванне і інш.) і пры біясінтэзе з амінакіслот. Простыя П. — крышталічныя рэчывы, добра раствараюцца ў вадзе, па фіз. і хім. уласцівасцях блізкія да амінакіслот. Складаныя П. — аморфныя, з вадой утвараюць калоідныя растворы. Многія прыродныя П. маюць біял. актыўнасць гармонаў, антыбіётыкаў і таксінаў. Сінт. П. выкарыстоўваюць у якасці мадэлей пры вывучэнні будовы і біял. актыўнасці бялкоў. Гл. таксама Пептыды.

С.​С.​Ермакова.

т. 12, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НАЎСКАЯ ПАРО́ДА авечак,

грубашэрсная парода аўчынна-мяснога кірунку. Выведзена ў 19 ст. ў Расіі шляхам адбору паўн. караткахвостых авечак па якасці аўчыны і плоднасці. Назву атрымала ад месца першапачатковага пашырэння — Раманава-Барысаглебскага пав. (Яраслаўская губ.). На Беларусі гадуюць у Віцебскай вобл.

Жывёлы сярэдняй велічыні, моцнай канстытуцыі. Бараны і маткі бязрогія і з рагамі. Маса бараноў 60—70 (да 80), матак 45—50 (да 60) кг. У нованароджаных ягнят воўна чорная; у дарослых шэрая з блакітным адценнем (доўгі белы пух і кароткія чорныя восці), на пысе і вушах бываюць белыя плямы. Гадавы настрыг з бараноў да 3, з матак 1,5—2 кг. Маткі здольныя апладняцца і прыносіць прыплод на працягу ўсяго года. Плоднасць 200—300 ягнят на 100 матак.

А.​А.​Козыр.

Раманаўская парода: 1 — баран; 2 — авечка.

т. 13, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЦАРСКАЕ ВЫХАВА́ННЕ,

сістэма выхавання сыноў свецкіх феадалаў у сярэдневякоўі ў Зах. і Цэнтр. Еўропе. З 7-гадовага ўзросту хлопчыкаў аддавалі ў двор сюзерэна (сеньёра), дзе да 14 гадоў яны былі пажамі і да 21 — збраяносцамі. Апрача фіз. загартоўкі маладыя феадалы павінны былі навучыцца «сямі рыцарскім дабрачыннасцям» (верхавой яздзе, фехтаванню, валоданню кап’ём, плаванню, паляўніцтву, гульні ў шашкі, складанню вершаў і спевам у гонар дамы сэрца), выпрацаваць у сабе маральныя якасці — храбрасць, настойлівасць, вернасць сюзерэну. Вял. значэнне ў Р.в. мелі рэлігія і правілы прыдворнага этыкету. У канцы сярэдневякоўя для рыцара лічылася неабходным валодаць франц. мовай, якая стала мовай прыдворнай знаці. Сістэма Р.в. з яе культам дамы сэрца адыграла станоўчую ролю ў змене становішча жанчыны ў феад. асяроддзі. З падзеннем рыцарства знікла і Р.в. Асобныя яго элементы на пэўны час адрадзіліся ў рыцарскіх акадэміях.

т. 13, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭАБІЛІТА́ЦЫЯ (ад позналац. rehabilitatio аднаўленне),

аднаўленне ў правах. Паводле права Рэспублікі Беларусь Р. асобы, якая прыцягвалася ў якасці абвінавачанага ці была прызнана вінаватай паводле прыгавору суда, або прыцягвалася да адм. адказнасці і панесла адм. спагнанне, лічыцца вынясенне апраўдальнага прыгавору пры пераглядзе справы, пастановы (вызначэння) пра спыненне справы за адсутнасцю падзеі злачынства, за адсутнасцю саставу злачынства або за недаказанасцю ўдзелу ва ўчыненні злачынства, а таксама пастанова пра спыненне справы аб адм. правапарушэнні. Суправаджаецца кампенсацыяй шкоды, прычыненай незаконным прыцягненнем да адказнасці. Шэраг асаблівасцей мае Р. ахвяр паліт. рэпрэсій. Паводле заканадаўства рэабілітаваныя асобы аднаўляюцца ў страчаных імі ў сувязі з рэпрэсіямі сац.-паліт. і грамадзянскіх правах, воінскіх і спец. званнях, ім вяртаюцца дзярж. ўзнагароды, даюцца льготы, выплачваюцца кампенсацыі і да т.п. Гл. таксама Рэпрэсіі палітычныя ў СССР.

т. 13, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРО́КА Эдуард Максімавіч (н. 31.7.1940, г. Шклоў Магілёўскай вобл.),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1992), Скончыў Таджыкскі ун-т (1962). З 1970 у Ін-це філасофіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па сінергетыцы ў трансдысцыплінарным аспекце, філас. праблемах структурнай устойлівасці самаарганізавальных сістэм, сац. экалогіі, глабальнага эвалюцыянізму, сістэмнай якасці, інтэгральнага вымярэння рэчаіснасці, сімволікі піфагарэйскай спадчыны. Распрацаваў дыялектыка-сінергетычную канцэпцыю структурнай гарманізацыі сістэм у прыродзе і грамадстве.

Тв.:

Концепция уровней, отношение, структура;

(К методологии социол. исслед.). Мн., 1978;

Производственный коллектив: Функционирование и управление. Мн., 1978 (у сааўт);

Структурная гармония систем. Мн., 1984;

Управление развитием социально-экономических структур. Мн., 1985;

Критерий гармонии самоорганизующихся социоприродных систем. Владивосток, 1989;

В поисках скрытого порядка. Владивосток, 1995 (у сааўт.);

Философия: Уч.-метод. пособие. Мн., 2001 (разам з П.​В.​Кікелем).

т. 14, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРАДА́ Валерый Сцяпанавіч (5.12.1936, в. Акрыёны Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 17.6.1997),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1986), праф. (1987). Скончыў Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (1959). У 1978—97 заг. кафедры Бел. пед. ун-та. Навук. працы па эканам. тэорыі, праблемах развіцця нар. гаспадаркі, удасканальвання вытв. адносін, якасці прадукцыі, кіравання ў сферы адукацыі.

Тв.:

Вопросы научного творчества студентов: (Методика, теория, практика). Мн., 1975 (разам з М.​І.​Базылевым);

Научно-технический прогресс и качество промышленной продукции. Мн., 1978;

Резервы развития народного хозяйства. Мн., 1986;

Экономический словарь-справочник. Мн., 1989 (разам з М.​А.​Кушыным, І.​С.​Святліцкім);

Эканамічная тэорыя. Ч. 1—3. Мн., 1994;

Экономика для всех: вопр. и размышления. Вып. 1. Мн., 1995;

Экономика и управление в сфере образования. Мн., 1999 (у сааўт.).

П.​М.​Бараноўскі.

т. 14, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАНДА́РТНЫ ПАТЭНЦЫ́ЯЛ у электрахіміі, нармальны патэнцыял,

значэнне электроднага патэнцыялу, вымеранае ў стандартных умовах, пры актыўнасці ўсіх кампанентаў электроднага працэсу роўнай 1. С.п. роўны эрс электрахім. ланцуга, складзенага са стандартнага электрода параўнання і электрода, што даследуюць. Для водных раствораў у якасці стандартнага выкарыстоўваюць вадародны электрод, патэнцыял якога пры ўсіх т-рах прымаюць роўным нулю. С.п. металаў і вадароду, што размешчаны паводле іх нарастання, складаюць электрахімічны рад напружанняў.

Разлічваюць С.п. па выніках вымярэння эрс гальванічных элементаў, а таксама на аснове стандартных значэнняў змянення энергіі Гібса ∆G°пры хім. рэакцыі. С.п. Е° звязаны з ∆G° і канстантай раўнавагі Kp электрахім. рэакцыі: -∆G° = nFE° = RTlnKp, дзе F — пастаянная Фарадэя, n — колькасць электронаў, што прымаюць удзел у рэакцыі, R — газавая пастаянная, T — абс. т-ра. Велічыні С.п. выкарыстоўваюць для тэрмадынамічных разлікаў.

т. 15, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СХО́ВІШЧА вайсковае,

спецыяльнае збудаванне закрытага тыпу, прызначанае для засцярогі людзей ад сродкаў паражэння. Паводле прызначэння падзяляюцца на вайсковыя і грамадзянскай абароны. Вайск. С. класіфікуюцца паводле ступені засцярогі, выкарыстаных матэрыялаў, канструкцый і спосабаў узвядзення. Бываюць лёгкага і цяжкага тыпу. Для засцярогі асабовага складу на баявых пазіцыях, пунктах камандных, назіральных пунктах і інш. С. будуюць катлаванным і падземным спосабамі з мясц. матэрыялаў або элементаў і канструкцый прамысл. вырабу. Найчасцей складаюцца з асн. памяшкання для асабовага складу і 1—2 уваходаў (выхадаў). Звычайна абсталяванне вайск. С. засцерагае людзей ад атрутных і радыеактыўных рэчываў, бактэрыяльных сродкаў і інш. С. грамадз. абароны размяшчаюцца, як правіла, у вытв., дапаможных, жылых, грамадскіх будынках і нар.-гасп. аб’ектах (звычайна заглыбленых). У якасці С. могуць выкарыстоўвацца станцыі метро і аб’екты інш. падземных камунікацый. Гл. таксама Ахоўныя збудаванні.

С.​А.​Фамін.

т. 15, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЦЁКАВЫЯ ВО́ДЫ,

вадкія адходы, якія ўтвараюцца ў выніку антрапагеннай дзейнасці; адна з асн. крыніц забруджвання вод. Падзяляюцца на камунальныя (гаспадарча-бытавыя), вытворчыя (прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі), жывёлагадоўчыя (сцёкі жывёлагадоўчых комплексаў і ферм), ліўневыя (дажджавыя і ад раставання снегу з забудаваных тэрыторый або палівання вуліц і зялёных насаджэнняў), мяшаныя (камунальныя, вытв. і інш. сцёкі, якія паступаюць у агульную сістэму каналізацыі). Ствараюць пагрозу для здароўя чалавека і навакольнага прыроднага асяроддзя. Ачыстка С.в. адбываецца на ачышчальных збудаваннях (штучны спосаб) і цераз глебу і ваду на палях фільтрацыі і арашэння, біял. сажалках (натуральны спосаб). Нарматыўна-ачышчаныя С.в., якія адпавядаюць нормам якасці, могуць паўторна выкарыстоўвацца для водазабеспячэння. На Беларусі аб’ём С.в. у 1996—2000 складаў каля 1,2 км³/год, у т. л. нарматыўна-ачышчаных 0,9 км³/год.

А.​А.​Макарэвіч.

т. 15, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)