1) від творчай дзейнасці грамадскага кірунку па зборы, апрацоўцы і распаўсюджванні актуальных паведамленняў і звестак праз сродкі масавай інфармацыі — друк, радыё, тэлебачанне, кіно і інш.;
2) навука пра ролю і месца сродкаў масавай інфармацыі ў жыцці грамадства, пра формы і метады журналісцкай дзейнасці.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АЎСТРАЛІ́ЙЦЫ,
1) карэннае насельніцтва (абарыгены) Аўстраліі. У канцы 18 ст. былі расселены па ўсім мацерыку (250—300 тыс.чал.); больш за 500 плямёнаў. У аснове рэлігіі татэмізм і розныя формымагіі, мова — аўстралійская. Еўрап. каланізацыя з канца 18 ст. суправаджалася масавым вынішчэннем і выцясненнем аўстралійцаў у неўрадлівыя раёны ўнутр. Аўстраліі. У 1966 іх захавалася каля 40 тыс.чал. 2) Нацыя (англа-аўстралійцы), асн. насельніцтва Аўстраліі (12,15 млн.чал., 1987). Амаль выключна нашчадкі перасяленцаў з Англіі, Шатландыі і Ірландыі. Гавораць на аўстрал. варыянце англійскай мовы. Паводле рэлігіі хрысціяне (англікане, католікі, прэсвітэрыяне, метадысты, баптысты і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРАГЕНЕ́З
[ад грэч. anër (andros) мужчына + ...генез],
мадыфікацыя палавога размнажэння, пры якой новы арганізм развіваецца ў адпаведнасці толькі з генетычным матэрыялам сперматазоідаў; разнавіднасць партэнагенезу. Пры андрагенезе мацярынскае ядро гіне яшчэ да пранікнення сперматазоідаў у клетку і ўзнікае гаплоідны арганізм з храмасомным наборам бацькоўскай формы (наз. андрагенетычным). Звычайны ў кукурузы, некаторых відаў тытуню, эксперыментальна атрыманы ў шаўкапрада, наезнікаў. Штучнае атрыманне жыццяздольных зародкаў магчыма пры аднаўленні дыплоіднага набору храмасом, калі ў яйцаклетку пранікае адначасова некалькі сперматазоідаў і зліваюцца 2 бацькоўскія гаплоідныя ядры. У доследах андрагенез выкарыстоўваецца для вывучэння магчымасцяў кіравання полам пры неабходнасці атрымаць толькі мужчынскае патомства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПУСКНЫ́ КАЛО́ДЗЕЖ,
полая замкнёная звычайна жалезабетонная канструкцыя, якая апускаецца ў грунт ад уласнай вагі і агароджвае грунтавую выпрацоўку. Бывае круглай (дыяметрам да 80 м), эліптычнай ці прамавугольнай у плане формы. Грунт унутры апускнога калодзежа распрацоўваецца пераважна грэйферам, таксама экскаватарам, гідраэлеватарам. У малазвязных грунтах і пясках апусканне калодзежа паскараюць вібраўстаноўкамі, у гліністых — напампоўваннем паміж сценкамі калодзежа і грунтам гліністай суспензіі. Выкарыстоўваюцца апускныя калодзежы пры збудаванні глыбокіх масіўных фундаментаў (70 м і болей), падземных памяшканняў, рэзервуараў і інш. Калі апускны калодзеж прызначаецца пад фундамент, то запаўняецца бетонам ці замуроўваецца, калі пад памяшканне (напр., помпавую станцыю) — робіцца днішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПУСТЫ́НЬВАННЕ,
страта мясцовасцю суцэльнай расліннасці пры немагчымасці яе ўзнаўлення без удзелу чалавека. Адбываецца ў выніку прыродных змен, часцей у выніку антрапагеннага ўздзеяння на прыроду: высечка лясоў у сумежных з пустынямі рэгіёнах і празмерны выпас жывёлы. Назіраецца ў засушлівых (не абавязкова гарачых) абласцях.
Адрозніваюць 2 формы апустыньвання: дэзертыфікацыю — пашырэнне арэала пустыні — і дэзертызацыю — паглыбленне працэсаў апустыньвання на месцы. Агульная плошча пустыняў і паўпустыняў свету складае каля 43% усёй сушы, плошча антрапагенных — каля 6,7%. Мяркуюць, што працэс апустыньвання ідзе са скорасцю 7—24 км² у гадзіну. Пад пагрозай апустыньвання знаходзіцца яшчэ 30 млн.км² — 19% сушы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБАЎНЯ́НСКІ ПА́РК,
помнік садова-паркавага мастацтва. Створаны ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў в. Бабоўня Капыльскага р-на Мінскай вобласці. Пл. каля 9 га. Парк амаль квадратнай формы з роўным рэльефам. З трох бакоў акружаны ровам і суцэльнымі пасадкамі, з захаду — сістэмай вадаёмаў. Планіроўка рэгулярная. У цэнтры стаяў сядзібны дом (не захаваўся). З Пн да яго прымыкаў пладовы сад, з Пд — партэр з сажалкай і пладовымі садамі вакол яе (збярогся часткова).
У парку растуць лістоўніца еўрапейская, дуб звычайны пірамідальны, каштан конскі васьмітычынкавы, явар і яго пурпуралістая форма, вярба ломкая шарападобная. Парк значна пашкоджаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАЦЯ́НІКІ
(Limnaeidae),
сямейства прэснаводных лёгачных малюскаў класа бруханогіх. Каля 120 відаў, трапляюцца па ўсім свеце. На Беларусі 8 відаў.
Найб. пашыраны балацянік звычайны (Lymnaca stagnalis), балацянік балотны (Stagnicola palustris), балацянік малы (Galba truncatula). Жывуць у прэсных і саланаватых вадаёмах, забалочаных мясцінах.
Ракавіны (даўж. 5—70 мм) рознакаляровыя, закручаныя спіральна, вусце рознай формы і памераў. Цела можа поўнасцю ўцягвацца ў ракавіну. Рухаюцца з дапамогай нагі. Орган дыхання — лёгкае, у некаторых яно запаўняецца вадой і функцыянуе як шчэлепы. Гермафрадыты. Вясной адкладваюць яйцы. Жывуць каля 3 гадоў. Кормяцца водарасцямі, тканкамі раслін, жывёльнымі рэшткамі. Амаль усе — прамежкавыя гаспадары ўзбуджальнікаў гельмінтозаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІТЫ́НІЯ
(Bithynia),
род прэснаводных бруханогіх малюскаў сям. гідрабіід. Каля 20 відаў у Еўразіі і на в-ве Грэнландыя. Занесены ў Паўн. Амерыку. Жывуць у стаячых і праточных вадаёмах, на раслінах, камянях, у глеі. На Беларусі 2 віды: бітынія шчупальцавая (В. tentaculata) пашырана ў рэках, азёрах, вадасховішчах; бітынія Ліча (В. leachi) — рэдкі від, адзначаны ў азёрах Нарач, Дрывяты, Мястра, некаторых вадаёмах Палесся.
Ракавіна выш. да 15 мм, яйцападобная або авальна-канічная, гладкая, радзей спіральнай формы. Раздзельнаполыя. Адкладваюць яйцы. Кормяцца водарасцямі, рэшткамі раслін і жывёл. Корм для рыб. Ачышчаюць вадаёмы. Некаторыя — прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей, у прыватнасці кашэчай двухвусткі (узбуджальнік апістархозу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАДЗЕ́Д Іван Канстанцінавіч
(29.8.1906, с. Успенка Ануфрыеўскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 21.9.1981),
украінскі мовазнавец. Акад.АН УССР (1957) і АНСССР (1972). Засл. дз. нав. Украіны (1966). Скончыў Харкаўскі ун-т (1932). З 1961 дырэктар Ін-та мовазнаўства імя А.А.Патабні АН УССР, адначасова ў 1962—78 віцэ-прэзідэнт АН УССР. Даследаваў праблемы ўсх.-слав. моў, у тым ліку бел. моўны матэрыял («Кантакты ўкраінскай мовы з іншымі славянскімі і уніфікацыя яе вуснай літаратурнай формы», 1968; «Лінгвастылістычная характарыстыка перакладу твораў К.Крапівы на ўкраінскую мову», 1972), агульнае мовазнаўства і сацыялінгвістыку. Дзярж. прэміі УССР 1971 і СССР 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАКРЭО́НТ, Анакрэон (Anakreōn),
старажытнагрэчаскі паэт-лірык сярэдзіны 6 ст. да н.э. Паходзіў з г. Тэас (М.Азія). Жыў на в-ве Самасе, потым у Афінах. Ствараў гімны, элегіі, эпіграмы, бяседныя песні. Вершы пісаў на іанійскім дыялекце стараж.-грэч. мовы. Паэзія Анакрэонта вызначаецца жыццярадаснасцю, прыгажосцю формы і дасціпнасцю; асн. матывы — бестурботная весялосць, віно, каханне. Вершы на гэтыя тэмы пазней атрымалі назву анакрэантычных (гл.Анакрэантычная паэзія). Да творчасці Анакрэонта часта звяртаўся М.Багдановіч.
Тв.:
Рус.пер. — Первое полное собр. соч. в переводах русских писателей / Сост. А.Тамбовский. Спб., [1896];