КСЕНАФО́НТ (Xenophōn; каля 430 да н.э., Афіны — каля 354 да н.э.),
старажытнагрэчаскі гісторык, пісьменнік.
Вучань Сакрата. Праціўнік афінскай дэмакратыі, прыхільнік арыстакратычнага ладу Спарты. Удзельнік паходаў перс. палкаводца Кіра Малодшага супраць Артаксеркса II (401 да н.э.), вайны спартанскага цара Агесілая II супраць персаў (396—394 да н.э.), афінян і фіванцаў (394 да н.э), Карынфскай вайны 395—387 да н.э. на баку Спарты. У Афінах быў завочна прыгавораны да смерці. За заслугі перад Спартай атрымаў маёнтак у Элідзе, дзе займаўся земляробствам і літ. працай. Пасля 371 перасяліўся ў Карынф, пасля 369 адноўлены ў грамадз. правах, але ў Афіны не вярнуўся. Гал. творы: «Кірапедыя» (пра выхаванне Кіра), «Анабасіс» («Паход Кіра»), «Грэчаская гісторыя».
Літ.:
Фролов Э.Д. Огни Диоскуров: Антич. теории переустройства общества и государства. Л., 1984. С. 135—167.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗЬМІ́Ч (Іона Савіч) (25.4.1897, г.п. Капаткевічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 26.5.1972),
адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў час яе акупацыі герм. войскамі ў першую сусв. вайну. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1927). У 1-ю сусв. вайну (з 1916) на Зах. фронце вёў рэв. работу сярод салдат. У час Кастр. рэвалюцыі 1917 камісар тэлеграфа ў Стаўцы Вярх. Галоўнакамандуючага (Магілёў). У 1918 адзін з арганізатараў партыз. барацьбы з герм. акупантамі на Палессі, кіраўнік партыз. атрада. З 1919 у Чырв. Арміі, камісар палка, удзельнік вызвалення Беларусі ў 1920 ад польскіх інтэрвентаў, пазней камісар дывізіі. З 1927 на ваен.-гасп. рабоце. У Вял.Айч. вайну на буд-ве ваен. аб’ектаў. У 1947—52 нач.буд-ва Мінскага трактарнага з-да, кіраўнік трэста «Белтрактарабуд». Чл.ЦККП(б)Б у 1949—52.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ЛЬНЕЎ (Якаў Пятровіч) (5.8.1763, Казельскі р-н Калужскай вобл., Расія — 1.8.1812),
расійскі ваен. дзеяч. Ген.-маёр (1808). Скончыў Пецярбургскі кадэцкі корпус (1785). Удзельнікрус.-тур., рус.-швед. і рус.-франц. войнаў канца 18 — пач. 19 ст., задушэння паўстання 1794 (баі каля Ашмян, Ліды, Вільні, Кобрына). У вайну 1812 камандаваў авангардам і ар’ергардам корпуса П.Х.Вітгенштэйна; вытрымаў 8-гадзінны бой з франц. корпусам маршала Ш.Удзіно пад Вількамірам (цяпер Укмерге, Літва), 3.7.1812 разбіў каля мяст. Друя (Браслаўскі р-н Віцебскай вобл.) 2 кав. палкі і захапіў амаль увесь абоз французаў. Трапіў у засаду каля в. Баяршчына (гл.Клясціцкія баі 1812), смяротна паранены. Паводле ацэнкі Напалеона I, быў адным з лепшых рас.кав. генералаў. Вёска Царкавішча Расонскага р-на перайменавана ў в. Кульнева, у г.п. Друя пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРА́КІН (Барыс Іванавіч) (30.7.1676, Масква — 28.10.1727),
расійскі ваен. дзеяч, дыпламат, гісторык, адзін з паплечнікаў цара Пятра I. Ген.-маёр (1712). З роду кн. Куракіных, нашчадкаў Гедзіміна. Удзельнік Азоўскіх паходаў 1695—96 і Палтаўскай бітвы 1709, потым на дыпламат. службе. Садзейнічаў дыпламат. забеспячэнню пазіцый Расіі ў час Паўночнай вайны 1700—21, у т. л. па даручэнні Пятра I заключыў у 1710 дагавор «аб узаемнай дружбе і саюзе» з курфюрстам Гановера Георгам. З 1711 пасол у Нідэрландах, у 1724—27 — у Францыі. Пакінуў багатую рукапісную спадчыну (надрук. ў «Архіве князя Ф.А.Куракіна», т. 1—10, 1890—1902) — дыпламат. матэрыялы, аўтабіяграфію «Жыццё князя Барыса Карыбута-Куракіна з роду, які паходзіць з Польшчы і Літвы», «Гісторыю пра цара Пятра Аляксеевіча» і інш.
Літ.:
Молчанов Н.Н. Дипломатия Петра Великого. 3 изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІПІ́ЛА (Павел Паўлавіч) (н. 28.8.1916, в. Магільна Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),
бел. гісторык. Канд.гіст.н. (1956). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1946). Удзельнікпартыз. руху ў Вял.Айч. вайну. У 1947—91 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦККПБ: навук. супрацоўнік, заг. сектара, нам. дырэктара, навук. кансультант. Асн. даследаванні па гісторыі Вял.Айч. вайны 1941—45 на Беларусі. Адзін з аўтараў і рэдактараў прац «Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза. 1941—1945» (т. 3, 1964), «Усенародны партызанскі рух на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1967—82), «Усенародная барацьба на Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1983—85) і інш.
Тв.:
КПБ — организатор и руководитель партизанского движения в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны. Мн., 1959.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКА́РТУР ((MacArthur) Дуглас) (26.1. 1880, г. Літл-Рок, штат Арканзас, ЗША — 5.4.1964),
амерыканскі ваен. дзеяч. Ген. арміі (1944). Скончыў ваен. вучылішча ва Уэст-Пойнце (1903), якое ўзначальваў у 1919—22. Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1930—35 нач. штаба арміі ЗША, 1935—37 ваен. саветнік на Філіпінах (у 1936—37 фельдмаршал філіпінскай арміі), потым у адстаўцы. У 2-ю сусв. вайну з ліп. 1941 зноў на ваен. службе: камандуючы ўзбр. сіламі ЗША на Д. Усходзе. У 1942—51 галоўнакамандуючы саюзнымі ўзбр. сіламі ў паўд.-зах. частцы Ціхага ак., прыняў капітуляцыю Японіі; адначасова ў 1945—51 узначальваў акупацыйныя сілы ЗША ў Японіі. У 1950—51 камандуючы ўзбр. сіламі ААН у Карэйскую вайну 1950—53, прыхільнік выкарыстання ядз. зброі. У крас. 1951 звольнены ў адстаўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАК-МАГО́Н ((Mac-Mahon) Мары Эдм Патрыс Марыс) (13.6.1808, замак Сюлі, Францыя — 17.10.1893),
дзяржаўны і ваен. дзеяч Францыі. Нашчадак стараж.ірл. роду. Маршал Францыі (1859). Скончыў Сен-Сірскую ваен. школу (1827). З 1830 удзельнічаў у заваяванні Алжыра. У Крымскую вайну 1853—56 дывізія М.-М. 8.9.1855 авалодала пад Севастопалем Малахавым курганам, што прадвызначыла падзенне горада. Удзельнікаўстра-італа-французскай вайны 1859. У 1864—70 ген.-губернатар Алжыра. У час франка-прускай вайны 1870—71 няўдала камандаваў арміяй, разам з якой трапіў ў палон да герм. войск пасля паражэння пад Седанам (1870). Пасля вяртання з палону камандуючы арміяй, якая задушыла Парыжскую камуну 1871. Прэзідэнт франц. рэспублікі ў 1873—79. У 1877 удзельнічаў у падрыхтоўцы няўдалай спробы манархічнага дзярж. перавароту. У студз. 1879 датэрмінова пайшоў у адстаўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЕ́ВІЧ (Леў Яфімавіч) (20.8.1898, г. Чавусы Магілёўскай вобл. — 11.5.1945),
ваенны разведчык, Герой Сав. Саюза (1965), камбрыг (1938). Скончыў Вышэйшую школу штабной службы камсаставу РСЧА (1921), Ваен. акадэмію РСЧА (1924), вучыўся ў Ваен.-паветр. акадэміі імя Жукоўскага. У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнікграмадз. вайны. Перад 2-й сусв. вайной у некат. краінах Еўропы быў вядомы як камерсант, уладальнік камерцыйных фірм; на самай справе вёў разведку (псеўд.Эцьен, Конрад Кертнер, Старасцін). У канцы 1936 арыштаваны і італьян. асобым трыбуналам асуджаны да 12 гадоў зняволення, якое адбываў у турмах і канцлагерах. У 1943 перададзены гітлераўцам, прайшоў канцлагеры Маўтхаўзен, Мельк, Эбензе. Адзін з арганізатараў падполля, кіраўнік падп. арг-цыі ў канцлагеры Эбензе (Аўстрыя). Вызвалены 6.5.1945 амер. войскамі безнадзейна хворы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТГО́МЕРЫАламейнскі
(Montgomery of Alamein) Бернард Лоу (17.11.1887, Лондан — 25.3.1976),
брытанскі ваен. дзеяч, фельдмаршал (1944), віконт (1946). Скончыў ваен. вучылішча ў Сандхерсце (1908). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У пач. 2-й сусв. вайны (1939—40) удзельнічаў у баях на тэр. Францыі і Бельгіі. З жн. 1942 камандуючы 8-й англ. арміяй у Паўн. Афрыцы, нанёс паражэнне італа-герм. войскам (гл.Эль-Аламейнская аперацыя 1942). Са студз. 1944 камандуючы саюзнымі арміямі, якія высадзіліся ў Францыі і дзейнічалі ў Нармандыі, Бельгіі і Паўн. Германіі (гл.Нармандская дэсантная аперацыя 1944). З 1945 галоўнакамандуючы брыт. акупацыйнымі войскамі ў Германіі. З 1946 на розных ваен. пасадах, у т. л. ў 1951—58 першы нам. галоўнакамандуючага ўзбр. сіламі НАТО. Узнагароджаны ордэнамі СССР «Перамога» і Суворава 1-й ступені. Аўтар успамінаў (1958).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РКАС ((Marcos) Фердынанд Эдралін) (11.9.1917, Сарат, каля г. Лаааг, Філіпіны — 28.9.1989),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Філіпін. Адвакат. Скончыў ун-т Філіпін (г. Кесан-Сіці). Удзельнік абарончых баёў супраць японцаў на Філіпінах (1941—42) у 2-ю сусв. вайну. З 1949 у кангрэсе Філіпін: чл. Палаты прадстаўнікоў (1949—59), сенатар (1959—66), прэзідэнт сената (1963—65). Адначасова ў 1960—64 старшыня Ліберальнай партыі, з 1964 у кіраўніцтве Партыі нацыяналістаў. У 1965—86 прэзідэнт Філіпін, адначасова ў 1973—81 прэм’ер-міністр. Рабіў захады па ўмацаванні дзярж. суверэнітэту краіны, у 1970 спыніў удзел Філіпін на баку ЗША у В’етнамскай вайне 1964—73. У 1972 увёў у краіне ваен. становішча (да 1981). Рэжым асабістай улады М. выклікаў шырокі апазіцыйны рух, пад націскам якога праведзены датэрміновыя прэзідэнцкія выбары. З 1986 у эміграцыі ў ЗША.