РАЗА́НАЎ (Аляксей Канстанцінавіч) (27.2.1920, в.Вял. Качатоўка Такароўскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія — 1.8.1992),
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Двойчы Герой Сав. Саюза (1943, 1945). Ген.-маёр авіяцыі (1970). Скончыў Барысаглебскую авіяц. школу пілотаў імя В.П.Чкалава (1939), Ваен. акадэмію Генштаба (1958). У Чырв. Арміі з 1939. У Вял.Айч. вайну лётчык-знішчальнік, у 1942—44 камандзір эскадрыллі, у 1944—45 нам. камандзіра авіяц. палка на Паўд.-Зах., Цэнтр., Бранскім, Сталінградскім, Паўд., Паўн.-Каўказскім, 2-м Прыбалтыйскім франтах. Зрабіў 509 баявых вылетаў, збіў асабіста 16, у групавых баях 31 самалёт праціўніка. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі.