група водных раствораў солей, якія паводле асматычнага ціску, саставу, актыўнай рэакцыі асяроддзя і буферных уласцівасцей блізкія да плазмы крыві і пазаклетачнай вадкасці чалавека і жывёл. Першы Р.ф. (раствор Рынгера) прапанаваны ў 1883 для правядзення фізіял. эксперыментаў над халаднакроўнымі жывёламі, у 1901 — Р.ф. Рынгера—Лока для цеплакроўных жывёл, варыянты якога адрозніваюцца суадносінамі асн. інгрэдыентаў. У саставе Р.ф. хларыды натрыю, калію, кальцыю, гідракарбанат натрыю, таксама хларыд магнію, глюкоза, фасфаты. Выкарыстоўваюцца ў медыцыне (пры абязводжванні арганізма, страце крыві, парушэнні водна-салявага балансу, атручэннях і інш.), у мед.-біял. эксперыментах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́КЕТС ((Ricketts) Хаўвард Тэйлар) (9.2.1871, г. Фіндлі, штат Агайо, ЗША — 3.5.1910),
амерыканскі патолаг і мікрабіёлаг. Скончыў ун-т у г. Лінкальн (1894) і мед. каледж Паўн.-зах. ун-та ў г. Чыкага. З 1902 праф. Чыкагскага ун-та. Навук. працы па пытаннях інфекц. хвароб. Апісаў плямістую ліхаманку Скалістых гор, выявіў яе ўзбуджальніка, эксперыментальна даказаў, што хваробу перадаюць кляшчы пэўных відаў. Высветліў, што брушны тыф перадаецца праз адзежную вош (узбуджальнік жыве і ў крыві ахвяры, і ў целе вошы). Яго імем названа група ўнутрыклетачных мікраарганізмаў (гл.Рыкетсіі). Калі вывучаў сыпны Тыф у Мексіцы, заразіўся і памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАПАЛІ́Т (ад грэч. skapos слуп + lithos камень),
група мінералаў, каркасных алюмасілікатаў, (Na, Ca, K)4 [Al3 (Al, Si)3 Si6 O24] (Cl, CO3, SO4, F, OH). Мінералы гэтай групы ўтвараюць бесперарыўны ізаморфны рад ад марыяліту Na4 [Al3 Si9 O24]Cl да меяніту Ca4 [Al6 Si6 O24]∙CO3. Маюць прымесі жалеза, магнію, тытану, марганцу. Крышталізуюцца ў тэтраганальнай сінганіі. Утвараюць слупкаватыя крышталі, зярністыя і паралельна-шаставатыя агрэгаты і інш. Колер белы, шэры, шэра-зялёны, мядова-жоўты, ружовы, блакітны да фіялетавага. Празрыстыя і паўпразрыстыя. Бляск шкляны. Цв. 6. Шчыльн. 2,6—2,75 г/см³. Паходжанне метамарфічнае. Пародаўтваральныя мінералы. Буйныя празрыстыя крышталі выкарыстоўваюцца ў ювелірнай справе. Радовішчы ў Расіі, Танзаніі і інш.