РАГО́ВІЧ Уладзімір Іосіфавіч (н. 28.3.1938, г.п. Парычы Светлагорскага р-на Гомельскай вобл.),
бел.хар. дырыжор, фалькларыст, педагог. Скончыў Бел. кансерваторыю (1964). З 1964 дырыжор-хормайстар, з 1970 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы Рэспублікі Беларусь імя Р.Шырмы. З 1982 выкладаў у Мінскім пед. ін-це, у 1988—92 — Пінскім пед. вучылішчы. У 1987—88 і 1992—98 працаваў у н.-д. лабараторыі бел. фальклору і дыялекталогіі БДУ. Стваральнік і кіраўнік прафес. мужчынскага вак. актэта (з 1998), самадз.хар. калектываў, у т. л.Нар.хар. капэлы і хору хлопчыкаў Мінскага трактарнага з-да, Нар.хар. капэлы БДУ. З 1957 збірае бел.нар. песні (больш за 3 тыс.). Аўтар Боскай літургіі св. Іаана Златавуста для салістаў і мяшанага хору, больш за 200 апрацовак і пералажэнняў нар. і аўтарскіх твораў для аднароднага і мяшанага хароў; зборнікаў бел. песеннага фальклору, у т. л. «Беларускія абрадавыя песні» (1985), «Вянок беларускіх народных песень» (1988), укладальнік муз. часткі зб. «Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыц. жанры: Гомел. вобл.» (1989).
Тв.:
Песні і строі Піншчыны. Мн., 1994 (разам з В.Ліцвінкам, М.Гаманюком;
Песенны фальклор Палесся: У 3 т. Т. 1. Песні святочнага календара. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯЛІ́ЦКІ (Sielicki) Францішак (29.11.1923, в. Мікуліна Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 2.9.2001),
польскі літ.-знавец-славіст, фалькларыст. Д-рфілал.н. (1966). Скончыў Вроцлаўскі ун-т (1955), з 1978 праф. Ін-та слав. філалогіі гэтага ун-та. Аўтар кніг «Аповесць мінулых гадоў»: Гістарычна-літаратурная характарыстыка, пераклад і каментарый» (1968), «Максім Горкі сярод польскіх спраў» (1971), «Падарожжа баярына Барыса Шарамецева праз Польшчу і Аўстрыю ў Рым, а таксама на Мальту, 1697—1698» (1975). Даследаваў рус. класіку (творы І.Тургенева, Л.Талстога, Ф.Дастаеўскага, А.Чэхава). Выдаў падручнік «Беларускі фальклор» (1983). Аўтар прац «Беларускія вясельныя абрады і песні з вёскі Мікуліна...» (1979), «Беларускія жартоўныя песні і вершы з ваколіц вёскі Мікуліна» (1980), «Пахавальныя і дзядоўскія песні, якія выконваліся ў б. Вілейскім павеце», «Відовішчы ў вёсцы Мікуліна б. Вілейскага павета ў міжваенны перыяд» (абедзве 1982). Арт. «Францыск Скарына ў польскай навуцы» (1990) прысвечаны скарыназнаўству ў Польшчы.
Тв.:
Region dołhinowsko-budsławsko-krzywicki na dawnej Wileńszczyźnie. Warszawa;
Wrocław, 1989;
Krzyż w wierzeniach ludu Wilejszczyźny // Наш радавод. Гродна, 1991. Кн. 3, ч. 3;
Pieśni białoruskie i rosyjskie śpiewane na Wileńszczyźnie w okresie międzywojennym. Wrocław, 1992;
Podania, legendy, anekdoty i przysłowia na Wilejszczyźnie w okresie międzywojennym. Wrocław, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІ́ШЧАНКА Іван Кірылавіч (22.5.1930, в. Улукі Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 22.2.2001),
бел.фалькларыст, літаратуразнавец, крытык. Канд.філал.н. (1968), праф. (1992). Скончыў БДУ (1956). З 1957 працаваў у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1992 заг. кафедры ў Бел. ун-це культуры. Даследаваў праблемы гісторыі бел. фалькларыстыкі, жанры фальклору, міфалогію. Складальнік кніг «Беларускія частушкі» (1960, з К.П.Кабашнікавым), «Жартоўныя песні» (1974), «Песні пра каханне» (1978), «Сямейна-бытавыя песні» (1984), «Паэзія барацьбы» (1985), «Сацыяльна-бытавыя песні» (1987, з В.І.Скіданам), «Прыпеўкі» (1989) са зводу «Беларуская народная творчасць». Сааўтар манаграфій «Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць» (1967), «Беларуская народна-паэтычная творчасць» (1979), «Беларуская фалькларыстыка» (1989) і інш. Аўтар літ.-знаўчых артыкулаў, рэцэнзій на творы бел., рус., укр. і польскіх пісьменнікаў, сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Бывайце здаровы» (1981), «Песня на ўсё жыццё» (1986, з А.Лісам) і «Вяртанне Міхася Забэйды» (1990, з П.Марчуком). Дзярж. прэмія Беларусі 1986.
Тв.:
Беларуская частушка: Пытанні генезісу жанру. Мн., 1971;
Жыццё песні. Мн., 1984;
Да народных вытокаў: Збіранне і вывучэнне бел. фальклору ў 50—60-я гг. XIX ст.Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛА-ЛО́БАС (Villa-Lobos) Эйтар (5.3.1887, г. Рыо-дэ-Жанейра, Бразілія — 17.11.1959),
бразільскі кампазітар, дырыжор, фалькларыст, педагог, муз. дзеяч. У 1905—12 вывучаў муз. фальклор. У 1923—30 жыў пераважна ў Парыжы. У 1930-я г. арганізоўваў адзіную сістэму муз. адукацыі ў Бразіліі, заснаваў шэраг муз. школ і хар. калектываў, Нац. кансерваторыю харавых спеваў (1942), адзін з заснавальнікаў (1945) і прэзідэнт Бразільскай муз. акадэміі. Аўтар спец.навук. дапаможнікаў («Практычнае кіраўніцтва для вывучэння фальклору», т. 1—6, 1932), тэарэт.прац. Яго творчасць — адна з вяршынь лац.-амер. музыкі. Яе нац. аснова арганічна спалучаецца з дасягненнямі еўрап. музыкі (тэхніка імпрэсіянізму ў фп. сюіце «Свет дзіцяці», фп. цыкле «Сіранды», камерных эпізодах «Шорас», неакласіцысцкія рысы ў цыкле «Бразільскія бахіяны»). Сярод інш. твораў: 9 опер, у т. л. «Ізат» (1914, паст. 1958), «Іерма» (1956, паст. 1971); аперэта «Мадалена» (1948); 15 балетаў, у т. л. «Уірапуру» (1917, паст. 1935), «Імператар Джонс» (1956); 12 сімфоній (1916—57), 2 сімфаньеты, 18 сімф. паэм; творы для духавога арк.; канцэрты для розных інстр. з арк.; камерна-інстр. ансамблі; творы для гітары, для голасу і фп., хары, песні і інш.
Літ.:
Мариз В. Эйтор Вилла-Лобос: Жизнь и творчество: Пер. с фр.Л., 1977;
Пичугин П.А. Эйтор Вилла-Лобос и бразильская национальная музыкальная культура // Культура Бразилии. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСПАДАРО́Ў Піліп Паўлавіч (1865, в. Забаб’е Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 9.7.1938),
рускі і бел.нар. казачнік. У 1905 за ўдзел у сял. выступленні на Магілёўшчыне сасланы пажыццёва ў Алонецкую губ. (в. Шуя). Пасля вызвалення з-пад нагляду паліцыі ў 1907 перасяліўся ў Петразаводск. Працаваў кавалём на Аляксандраўскім з-дзе. Казачны рэпертуар засвоіў у дзяцінстве ад аднавяскоўца, прыгоннага селяніна К.К.Шаўцова. У 1937—38 ад яго фалькларыст М.У.Новікаў запісаў 106 казак, прыказкі, загадкі. Традыц. для бел. казачнага эпасу антыпамешчыцкая, антырэліг. і антыклерыкальная накіраванасць характэрна і для казак Гаспадарова («Салдацкія сыны», «Пра дурнога Амелю», «Пра залатое яечка», «Поп і работнік», «Каваль і поп», «Праўда пра святога Феадосія»). На аснове традыц. сюжэтаў стварыў казкі на сав. тэматыку («Як мужык і рабочы праўду шукалі», «Чырвоныя арляняты», «Як Мар’я з Іванам зраўняліся»). Казкі Гаспадарова вылучаюцца шырокім выкарыстаннем сродкаў традыц. фальклорнай паэтыкі, трапных прыказак, загадак, майстэрствам дыялогаў. Чарадзейныя казкі Гаспадарова паводле стылю блізкія да яго быт. казак. Казка Гаспадарова «Салдацкія сыны» ў перакладзе на ням. мову Г.І.Грыма ўвайшла ў складзены Л.Р.Барагамзб. «Беларускія народныя казкі» (Берлін, 1966, 10-е выд. 1980).
Тв.:
Сказки Ф.П.Господарева. Петрозаводск, 1941;
У кн.: Песни и сказки на Онежском заводе. Петрозаводск, 1937.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ПІУС Яўген Уладзіміравіч (7.7.1903, г. Пушкін Ленінградскай вобл., Расія — 5.6.1985),
рускі музыказнавец-фалькларыст. Д-р мастацтвазнаўства (1958), праф. (1944). Скончыў Ін-т гісторыі мастацтваў (1924) і кансерваторыю (1928) у Ленінградзе. У 1927—43 працаваў у навук. установах і ВНУ Ленінграда і Масквы. Заснавальнік і навук. кіраўнік (1927—43) Фонаграмархіва АНСССР (Ін-трус. л-ры — «Пушкінскі дом»). Удзельнік фалькл. экспедыцый, у т. л. на Бел. Палессі (1934). Распрацаваў тэарэт. праблемы збірання, натавання, акустычнага вымярэння гукавышыннага ладу нар. напеваў, займаўся пытаннямі сістэмнай тыпалогіі, параўнальным вывучэннем лакальных меладычных стыляў муз. фальклору рускіх, беларусаў, фіна-угорскіх і цюрк. народаў у іх гіст. развіцці, даследаваў інтэрнац. вытокі рус.рэв. песень. Рэдактар многіх фалькл. выданняў, у т. л. «Песні беларускага народа» (т. 1, 1940, з З.Эвальд), «Беларускія народныя песні» (1941, «Песні народаў СССР»), «Песенная культура беларускага Палесся» З.Мажэйкі (1971), «Песні беларускага Палесся» Эвальд (1979).
Тв.:
Интонационные элементы русской частушки // Советский фольклор. М.; Л., 1936. № 4—5;
Песни Пинежья. Кн. 2. М., 1937 (разам з З.Эвальд);
Белорусский песенный фольклор (разам з З.Эвальд) // Сов. музыка. 1940. № 4;
Сборники русских народных песен М.А.Балакирева // Балакирев М.А. Русские народные песни. М., 1957;
«Эй, ухнем» — «Дубинушка»: История песен. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РТАК (Bartók) Бела (25.3.1881, Надзьсентміклаш, Венгрыя, цяпер г. Сынікалаў-Марэ, Румынія — 26.9.1945),
венгерскі кампазітар, піяніст, музыказнаўца-фалькларыст. Скончыў Будапешцкую муз. акадэмію па класах фп. і кампазіцыі (1903), у 1907—34 яе прафесар. У 1920—30-я г. выступаў як піяніст у краінах Еўропы, у ЗША, СССР. З 1940 у ЗША. Збіраў і вывучаў венг. сялянскую песню, рум., славацкі, серб., харвацкі, зах.-ўкр. фальклор (больш за 30 тыс. узораў); аўтар навук.прац. На аснове фальклору склаўся самабытны дынамічны муз. стыль Бартака, які арганічна спалучыў стараж. квартава-пентатонную аснову венг.сял. песні з найноўшымі муз.-выразнымі сродкамі прафес. музыкі, узбагаціў яе метрарытмічную і тэмбравую палітру. У творах 1910—20-х г. выкарыстоўваў наватарскія элементы дадэкафоніі, атанальнасць, політанальнасць і інш. Сярод твораў: опера «Замак герцага Сіняя Барада» (паст. 1918), балеты «Драўляны прынц» (1917) і «Цудоўны мандарын» (1926); сімф. паэма «Кошут» (1903); Танц. сюіта (1923); Музыка для струнных, ударных і чэлесты (1936); Дывертысмент для струннага аркестра (1939), Канцэрт для арк. (1943), 3 фп. і 2 скрыпічныя канцэрты; 6 струнных квартэтаў; Саната для 2 фп. і ўдарных інстр.; фп. цыкл «Мікракосмас»; хары а капэла і з фп.; цыклы песень і інш. Прэмія імя Л.Кошута 1948.
Літ.:
Уйфалуши Й. Бела Барток: Жизнь и творчество: [Пер. с венг.] Будапешт, 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЧКО́ЎСКІ Юльян Фаміч (25.7.1840, в. Азяты Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 25.7.1903),
бел.фалькларыст, этнограф, гісторык і педагог. Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1861). Працаваў настаўнікам у Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, інспектарам нар. вучылішчаў Віленскай навуч. акругі, дырэктарам Полацкай і Туркестанскай настаўніцкіх семінарый і Віленскага настаўніцкага ін-та. У 1888—1902 старшыня Віленскай археаграфічнай камісіі. Складальнік 16-га і 20-га тамоў, аўтар прадмоў да іх і да 25-га т.Актаў Віленскай камісіі. Пад рэдакцыяй К. і з яго прадмовамі выйшлі 12-ы і 13-ы т.Археаграфічнага зборніка дакументаў (1900—02). Апублікаваў нарыс «Старая Вільна да канца XVII ст.» (1893) і зб. дакументаў «Гістарычны агляд дзейнасці Віленскай навучальнай акругі за першы перыяд яе існавання, 1803—1832» (1903). Аўтар першага грунтоўнага даследавання пра радзінны абрад беларусаў і выхаванне дзіцяці «Нарысы быту заходнярускага селяніна» (1869) і фалькл.-этнагр.зб. «Быт заходнярускага селяніна» (1874), прысвечанага сямейным (пераважна вясельным) і каляндарна-агр. абрадам беларусаў, у якім выкарыстаў больш за 300 фалькл. твораў. Распрацоўваў методыкі пед. выхавання ў навуч. установах.
Літ.:
Голуб В. Ю.Ф. Крачковский. Вильна, 1904;
Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст.Мн., 1964;
Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУРО́ЎСКІ Канстанцін Васілевіч (18.4.1894, Мінск — 1.7.1965),
бел.фалькларыст, спявак (тэнар) і лібрэтыст. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю (1914), Бел.муз. тэхнікум (1928), Бел. студыю оперы і балета (1933). З 1918 артыст Першага бел.т-ва драмы і камедыі, Бел.сав.т-ра, у 1924—26 — БДТ (тэатра імя Я.Купалы). Удзельнік Беларускага вакальнага квартэта, арганізаванага ў 1927 пры яго садзеянні. У 1933—49 (з перапынкамі) саліст Дзярж. тэатра оперы і балета Беларусі, з 1949 на рэдактарскай і адм. рабоце. З 1918 збіраў бел. фальклор, у т. л. для дзяцей (з У.Луцэвіч). Выдаў «Піянерскі песеннік» (1931, з А.Ягоравым). Выканаў оперныя партыі Госця («У пушчах Палесся» А.Багатырова), Марціна і Сёмкі Бурачэні («Міхась Падгорны» і «Алеся» Я.Цікоцкага), Мікіты («Кветка шчасця» А.Туранкова), Трыке і Чакалінскага («Яўген Анегін» і «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Гвідона і Бамелія («Залаты пеўнік» і «Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Аўлура («Князь Ігар» А.Барадзіна), Рамендада («Кармен» Ж.Бізэ) і інш. Напісаў лібрэта оперы «Машэка» Р.Пукста, пераклаў на бел. мову лібрэта оперы «Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні. Аўтар успамінаў пра Я.Купалу «Даўняе, незабыўнае» (1962). У 1920-я г. асвятляў у бел. друку працу БДТ-1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПШЧО́ЛКА Аляксандр Раманавіч (1869, в. Чарсцвяды Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 1943),
бел. пісьменнік, этнограф, фалькларыст. Скончыў Віцебскую духоўную семінарыю (1890), юрыд.ф-т Юр’еўскага (Тартускага) ун-та (1907). Настаўнічаў, працаваў адвакатам. Друкаваўся з 1898 у «Витебских губернских ведомостях», пазней у газ. «Сельский вестник», «Минское слово», «Белорусская жизнь» і інш. Пісаў на бел. і рус. мовах. Выдаў больш за 10 кніг апавяданняў і нарысаў («Нарысы з жыцця беларускай вёскі», 1899; «Беларускія апавяданні», 1901; і інш.), дзе паказаў жыццё і побыт бел. сялян канца 19 ст. Для літ. дзейнасці П. характэрны маралізатарства, натуралізм, супярэчлівасць і неакрэсленасць аўтарскай пазіцыі (цыкл нарысаў «Пісьмы з вёскі», 1907). У этнагр. нарысах апісваў звычаі, абрады і побыт Лепельшчыны («Дзяды», «Мікітавы хаўтуры», «Зажынкі і абжынкі», «Талака», «Беларускія святы»), У Полацку стварыў хор, які выконваў бел.нар. песні, у Вільні арганізаваў вечар бел.нар. музыкі. Пад яго рэдакцыяй у Віцебску выдадзена паэма «Тарас на Парнасе» (3-е выд., 1910).
Тв.:
Пилипово веселье: (Бел. очерк). Витебск, 1901;
Очерки и рассказы из белорусской жизни. Вып. 2. Витебск, 1903;
Очерки и рассказы из жизни белорусской деревни. 2 изд. Вильна, 1906;
Очерки и рассказы из жизни Белоруссии. Сб. 2. 2 изд. Витебск, 1910.