РАГО́ВІЧ (Уладзімір Іосіфавіч) (н. 28.3.1938, г.п. Парычы Светлагорскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. хар. дырыжор, фалькларыст, педагог. Скончыў Бел. кансерваторыю (1964). З 1964 дырыжор-хормайстар, з 1970 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы Рэспублікі Беларусь імя Р.Шырмы. З 1982 выкладаў у Мінскім пед. ін-це, у 1988—92 — Пінскім пед. вучылішчы. У 1987—88 і 1992—98 працаваў у н.-д. лабараторыі бел. фальклору і дыялекталогіі БДУ. Стваральнік і кіраўнік прафес. мужчынскага вак. актэта (з 1998), самадз. хар. калектываў, у т. л. Нар. хар. капэлы і хору хлопчыкаў Мінскага трактарнага з-да, Нар. хар. капэлы БДУ. З 1957 збірае бел. нар. песні (больш за 3 тыс.). Аўтар Боскай літургіі св. Іаана Златавуста для салістаў і мяшанага хору, больш за 200 апрацовак і пералажэнняў нар. і аўтарскіх твораў для аднароднага і мяшанага хароў; зборнікаў бел. песеннага фальклору, у т. л. «Беларускія абрадавыя песні» (1985), «Вянок беларускіх народных песень» (1988), укладальнік муз. часткі зб. «Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыц. жанры: Гомел. вобл.» (1989).
Тв.:
Песні і строі Піншчыны. Мн., 1994 (разам з В.Ліцвінкам, М.Гаманюком;
Песенны фальклор Палесся: У 3 т. Т. 1. Песні святочнага календара. Мн., 2001.
Н.Г.Мазурына.
т. 13, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)