НІ́ЖНІКАВА (Тамара Мікалаеўна) (н. 9.3.1925, г. Самара, Расія),

бел. спявачка (каларатурнае сапрана), педагог. Нар. арт. Беларусі (1955). Нар. арт. СССР (1964). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1949, клас. М.​Уладзіміравай). У 1951—76 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1964 адначасова выкладчык Бел. акадэміі музыкі (з 1980 праф., у 1976—86 заг. кафедры). Валодае голасам чыстага серабрыстага тэмбру, філіграннай каларатурнай тэхнікай. Яе творчасці характэрны мяккі лірызм, жаноцкасць, шчырасць і шматграннасць у абмалёўцы вобразаў. Сярод партый у нац. операх: Марфачка, Баба-Лапатуха («Дзяўчына з Палесся» і «Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага), Марынка («Марынка» Р.​Пукста), Ірына («Калючая ружа» Ю.​Семянякі); у класічным рэпертуары — Антаніда («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Валхава, Марфа, Шамаханская царыца («Садко», «Царская нявеста», «Залаты пеўнік» М.​Рымскага-Корсакава), Ганна («Страшны двор» С.​Манюшкі), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Джыльда, Віялета («Рыгалета», «Травіята» Дж.​Вердзі), Цэрліна («Фра-Д’ябала» Ф.​Абера), Лакмэ («Лакмэ» Л.​Дэліба), Лейла, Мікаэла («Шукальнікі жэмчугу» і «Кармэн» Ж.​Бізэ), Манон («Манон» Ж.​Маснэ), Цэрліна («Дон Жуан» В.​А.​Моцарта), Мюзета («Багема» Дж.​Пучыні); у класічных аперэтах — Адэль, Арсена («Лятучая мыш», «Цыганскі барон» І.​Штрауса), Жэрмен («Карневільскія званы» Р.​Планкета). У яе канцэртным рэпертуары значнае месца займалі творы бел. кампазітараў, напісаныя спецыяльна для яе (Л.​Абеліёвіча, Пукста, Семянякі, Цікоцкага), бел. нар. песні. Удзельнічае ў перадачах бел. тэлебачання і радыё. Сярод вучаніц: засл. артыстка Беларусі Л.​Лют, А.​Бундзелева, В.​Курбацкая, А.​Ніжнікава, А.​Шведава і інш.

Літ.:

Смольскі Б.С. Любімая спявачка // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960;

Івашкоў Л. Артыстка, педагог, калега: Народнай артыстцы СССР Т.​Ніжнікавай — 60 гадоў // Мастацтва Беларусі. 1985. № 4.

А.​Я.​Ракава.

Т.М.Ніжнікава.
Т.Ніжнікава ў ролі Віялеты.

т. 11, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́ЖСКАЯ О́ПЕРА (L’Opéra de Paris),

«Гранд-Апера» (Grand Opéra; афіц. назва Нацыянальная акадэмія музыкі і танца; Académie Nationale de musique et danse), оперна-балетны тэатр у Парыжы; адзін з вядучых цэнтраў франц. муз.-тэатр. культуры. Засн. ў 1669, адкрыты ў 1671 як Каралеўская акадэмія музыкі (да 19 ст. назвы мяняліся). У 1713 пры т-ры створана балетная школа. З 1875 працуе ў будынку, пабудаваным арх. Ш.​Гарнье (рэканструяваны ў 1936; размалёўка плафона М.​Шагала, 1963—65), і наз. «Гранд-Апера». Дзейнасць тэатра звязана з увасабленнем на сцэне твораў розных жанраў нац. франц. оперы: лірычная трагедыя, опера-балет, вялікая опера, лірычная опера і інш. Ставіліся творы Ж.​Б.​Люлі (у 1672—87 кіраўнік тэатра), Ж.​Ф.​Рамо, К.​В.​Глюка, Дж.​Расіні, Дж.​Меербера, Г.​Берліёза, Г.​Даніцэці, А.​Адана, Ш.​Гуно, Дж.​Вердзі, Р.​Вагнера, Ж.​Маснэ, К.​Сен-Санса, Л.​Дэліба і інш., некаторыя з іх у тэатры пастаўлены ўпершыню. Склалася франц. школа класічнага танца. Акрамя опер і балетаў франц. кампазітараў у рэпертуары сусв. класіка, у т. л. руская (творы М.​Мусаргскага, М.​Рымскага-Корсакава, П.​Чайкоўскага, І.​Стравінскага, С.​Пракоф’ева). У тэатры выступалі і выступаюць вядомыя спевакі, у т. л. М.Ф.Малібран, П.М.Віярдо-Гарсія, Джулія Грызі, Д.​Дзюваль, М.Калас, Э.Каруза, Ф.Шаляпін, А.​Няжданава, Ц.Гобі, М.Геда; артысты балета М.Тальёні, К.Грызі, Л.​Дарсанваль, Л.​Дэйдэ, В.Ніжынскі, С.Перэці, С.Атанасаў, П.​Бар; сярод балетмайстраў Ж.Ж.Навер, Л.​Петыпа, С.Ліфар, М.Фокін, М.Бежар, у 1985—89 маст. кіраўнік балетнай трупы Р.Нурыеў; дырыжоры Ш.​Ламуро, Э.​Калон, П.​Манцё, Р.​Дэзарм’ер, Ш.​Мюнш, Л.​Фарэсцье, П.Булез і інш. З 1990 працуе балетная сцэна, у будынку на пл. Бастыліі — оперная.

Л.​В.​Календа.

т. 12, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЎЧАНКА (Аркадзь Маркавіч) (н. 6.4.1936, г. Віцебск),

бел. спявак (барытон). Нар. арт. Беларусі (1976). Нар. арт. СССР (1985). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1960). З 1960 саліст Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Валодае мяккім лірычным голасам своеасаблівага прыгожага тэмбру, шырокага дыяпазону, высокай вак. тэхнікай, майстэрствам сцэн. пераўвасаблення. Яму ўласціва ўдумлівая адпрацоўка, філігранная шліфоўка дэталей вак. і сцэнічнага бакоў ролі. Сярод партый нац. рэпертуару: Апанас і Фон Шолен («Алеся» Я.​Цікоцкага), Лагоўскі («Яснае світанне» А.​Туранкова), Лявон Бурак, Максім Багдановіч, Міхал («Калючая ружа», «Зорка Венера», «Новая зямля» Ю.​Семянякі), Кізгайла («Сівая легенда» Дз.​Смольскага), Ляўчук («Сцежкаю жыцця» Г.​Вагнера), Фаскары, Бургамістр («Джардана Бруна», «Візіт дамы» С.​Картэса), Понцій Пілат («Майстар і Маргарыта» Я.​Глебава); класічных і сучасных опер: Анегін, Ялецкі, Томскі («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Мізгір («Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава), Януш («Галька» С.​Манюшкі), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Марсель, Шарплес («Багема», «Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні), Валянцін («Фауст» Ш.​Гуно), Эскамільё, Зурга («Кармэн», «Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ), Дон Жуан, граф Альмавіва («Дон Жуан», «Вяселле Фігара» В.​А.​Моцарта), Рыгалета, граф ды Луна, Радрыга, Жэрмон, Рэната («Рыгалета», «Трубадур», «Дон Карлас», «Травіята», «Баль-маскарад» Дж.​Вердзі), Тэльрамунд («Лаэнгрын» Р.​Вагнера), Малатэста («Дон Паскуале» Г.​Даніцэці), Лістрат («У буру» Ц.​Хрэннікава), Камісар («Брэсцкая крэпасць» К.​Малчанава), Фердынанд, Андрэй Балконскі («Заручыны ў манастыры», «Вайна і мір» С.​Пракоф’ева). Выканаў партыі Адама ў тэлеоперы «Ранак» Вагнера, Яўхіма ў радыёоперы «Барвовы золак» К.​Цесакова, Скарыны ў фільме-оперы «Францыск Скарына» Дз.​Смольскага. У канцэртным рэпертуары арыі з класічных і сучасных опер, рамансы, творы бел. кампазітараў, бел., рус. і ўкр. нар. песні.

А.​Я.​Ракава.

Аркадзь Маркавіч Саўчанка.
А.Саўчанка ў ролі Радрыга.

т. 14, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБЭ́ЙДА-СУМІ́ЦКІ (Міхаіл Іванавіч) (14.6.1900, в. Шэйпічы Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 21.12.1981),

бел. спявак (лірычны тэнар). Скончыў Маладзечанскую семінарыю (1918, на той час пераведзена ў Смаленск). Вакальную падрыхтоўку атрымаў у Харбіне (1920—22). У 1929—32 у Харбінскай оперы, у 1932—34 у Мілане, удасканальваўся ў Ф.​Карпі, канцэртаваў у Міланскай кансерваторыі. У 1935—36 у Пазнанскай оперы (Польшча), з 1937 саліст Варшаўскага радыё, з 1940 саліст Нар. т-ра ў Празе, пазней канцэртны спявак. Адзін з яркіх прадстаўнікоў еўрап. вак. школы. Меў гнуткі, прыгожага тэмбру голас, яркую сцэн. знешнасць, акцёрскі талент; спяваў заўсёды на мове арыгінала. Сярод партый: Сінадал («Дэман» А.​Рубінштэйна), Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Альфрэд, Герцаг («Травіята», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Уладзімір («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Пінкертон, Рудольф («Мадам Батэрфляй», «Багема» Дж.​Пучыні). У канцэртным рэпертуары значнае месца займалі бел. нар. песні, творы бел. кампазітараў (М.​Аладава, А.​Багатырова, М.​Чуркіна, Р.​Пукста і інш.). Першыя грампласцінкі, якія наспяваў З.-С., уключалі бел. нар. песні («Малады дубочак», «Чаму ж мне не пець», «Лявоніха» і інш.), у 1968 запісаў грампласцінку з бел. нар. песнямі. У гады 2-й сусв. вайны канцэртаваў у Ваўкавыску (1943), Вільні (1944) і інш. У 1963 канцэртаваў у розных гарадах Беларусі. На працягу многіх гадоў не парываў сувязі з Беларуссю, цікавіўся творчасцю бел. пісьменнікаў, быў асабіста знаёмы з М.​Танкам, Р.​Шырмам. Пераможца многіх конкурсаў вакалістаў. Архіў З.-С. захоўваецца ў Бел. дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва.

Тв.:

Песня сталася маёю моваю // Мастацтва Беларусі. 1990. № 6—7.

Літ.:

Станкевіч А. Міхаіл Забэйда-Суміцкі і беларуская народная песня. Вільня, 1938;

Плавінскі М. Салавей бацькаўшчыны мілай // Беларусь. 1990. № 2;

Сачанка Б. Беларуская эміграцыя: Факты і меркаванні // Маладосць. 1988. № 10.

Л.​Ф.​Голікава.

М.І.Забэйда-Суміцкі.
М.​Забэйда-Суміцкі ў ролях Ленскага (злева) і Герцага.

т. 6, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАКЦЮ́РН (франц. nocturne літар. начны),

першапачаткова цыкл рознахарактарных муз. п’ес пераважна для ансамбля струнных ці духавых інструментаў, прызначаны для выканання ў начны ці вячэрні час на вольным паветры. Блізкі да дывертысмента, серэнады, касацыі (В.​А.​Моцарт, І.​Гайдн). Вядомы таксама вак. і хар. Н. З 19 ст. Н. называюць інстр. мініяцюру (пераважна для фп.) лірыка-сузіральнага характару з кантыленнай мелодыяй і акампанементам, які мерна пагойдваецца. Форма звычайна 3-часткавая з кантрастнай сярэдзінай, радзей ронда.

Стваральнік фп. Н. — Дж.​Філд. Лепшыя ўзоры Н. належаць Ф.​Шапэну, які паглыбіў яго вобразна-эмацыянальны змест. Тып праграмнага Н. ёсць у Р.​Шумана (цыкл «начных п’ес» ор. 23) і Ф.​Ліста («Мроі кахання»), Часам Н. уваходзіць у склад буйных інстр. форм (7-я сімф. Г.​Малера, саната h moli Шапэна), у сцэн. музыку («Сон у летнюю ноч» Ф.​Мендэльсона, «Дафніс і Хлоя» М.​Равеля), у камерна-інстр. (2-і квартэт А.​Барадзіна) і вак. творы (Дж.​Расіні, Дж.​Вердзі, М.​Глінка, Б.​Брытэн). Узоры Н. ў рус. класічнай музыцы стварылі П.​Чайкоўскі, А.​Скрабін. Тэрмін «Н.» выкарыстаў К.​Дэбюсі для назвы праграмнай сімф. сюіты, П.​Хіндэміт уключыў Н. у фп. сюіту «1922».

У бел. музыцы Н. ёсць у П.​Падкавырава, Я.​Цікоцкага. Найчасцей бел. кампазітары пішуць Н. для розных інстр. складаў, уключаюць у цыклы рознахарактарных п’ес (М.​Аладаў, А.​Багатыроў, Л.​Абеліёвіч, С.​Картэс, Л.​Шлег). У буйных інстр. формах Н. трапляецца пераважна ў перапрацаваным выглядзе ў Абеліёвіча, Аладава, Г.​Вагнера (лірыка-філас. павольныя часткі сімфоній). Блізкія да Н. некат. лірычныя сцэны бел. балетаў («Мара», «Маленькі прынц» Я.​Глебава).

Літ.:

Панкратова В. Малые инструментальные формы (прелюдия, ноктюрн, этюд). М., 1962;

Попова Т. Одночастные инструментальные жанры // Музыкальные жанры. М., 1968;

Цуккерман В. Музыкальные жанры и основы музыкальных форм. М., 1964.

А.​У.​Валадковіч.

т. 11, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКОРАБАГА́ТАЎ (Віктар Іванавіч) (н. 15.11.1951, Мінск),

бел. спявак (лірычны барытон), педагог, муз. дзеяч. Засл. арт. Беларусі (1982). Скончыў Бел. кансерваторыю (1977). З 1977 саліст Нац. т-ра оперы Беларусі, адначасова з 1985 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. У 1980—81 стажыраваўся ў т-ры «Ла Скала» (Мілан). З 1992 маст. кіраўнік створанай ім «Беларускай капэлы». Валодае лёгкім рухомым голасам яркага тэмбру. Адзін з буйн. камерных выканаўцаў, рэпертуар якога складаюць больш за 600 твораў айч. і сусв. класікі розных гіст. і эстэт. кірункаў. Сярод партый нац. рэпертуару: Беларэцкі («Дзікае паляванне караля Стаха» У.​Солтана), Мефістофель («Фауст» А.​Радзівіла, опера адноўлена ў пастаноўцы С. ў 1999), Бусыга («У пушчах Палесся» А.​Багатырова). Інш. ролі: Ніклаўс («Казкі Гофмана» Ж.​Афенбаха), Жэрмон («Травіята» Дж.​Вердзі), Валянцін («Фауст» Ш.​Гуно), Малатэста («Дон Паскуале» Г.​Даніцэці), Фігара, граф Альмавіва, Папагена («Вяселле Фігара», «Чароўная флейта» В.​А.​Моцарта), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Ялецкі, Анегін, Раберт («Пікавая дама», «Яўген Анегін», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Маэстра («Маэстра капэла» Д.​Чымароза). У 1988—94 ажыццявіў першы ў бел. выканальніцкім мастацтве праект з 10 канцэртных праграм «Анталогія беларускай вакальнай музыкі XVI—XX ст.». Даследуе старадаўнюю бел. музыку, творчасць малавядомых бел. кампазітараў, у т. л. Я.​Тарасевіча. Аўтар кніг па гісторыі бел. муз. мастацтва. Гал. рэдактар серый нотных выданняў: «Музыка старажытных сядзібаў» і «Беларускі гістарычны нотазбор» (з 1995). Маст. кіраўнік штогодняга фестывалю «Адраджэнне беларускай капэлы» (з 1991). Лаўрэат Рэсп. конкурсу вакалістаў (Мінск), Міжрэсп. конкурсу вакалістаў (Талін), Усесаюзнага конкурсу маладых выканаўцаў сав. песні (Рыга; усе 1976). Усесаюзнага конкурсу імя М.​Глінкі (1979; Талін), дыпламант Міжнар. конкурсу вакалістаў (1980, Парыж). Дзярж. прэмія Беларусі 1990.

Тв.:

Зайгралі спадчынныя куранты Мн., 1998;

Абышоўся без славы...: Кампазітар Ян Тарасевіч. Мн., 2001.

Н.​Г.​Мазурына.

В.Скорабагатаў у ролі Маэстра.

т. 14, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПУРЫ́ (ад франц. pot-pourri мяшаная страва, усякая ўсячына),

інструментальны (радзей вак.) твор, пабудаваны на чаргаванні папулярных тэм з опер, аперэт, балетаў, песень, танцаў, музыкі з кінафільмаў і інш., мелодый ці песень пэўнага кампазітара. Тэмы ў П. не развіваюцца, а ідуць паслядоўна адна за адной, паміж асобнымі мелодыямі ўводзяцца кароткія звязкі для мадулявання і тэматычнага пераключэння. Найб. пашыраны П. для духавога і эстр. аркестраў.

Узніклі ў 18 ст. ў Францыі, у пач. 19 ст. распаўсюдзіліся ў Еўропе (найб. раннія творы належаць ням. кампазітару І.​Б.​Крамеру). Сярод узораў: «Бліскучае папуры на любімыя тэмы з оперы Шпора «Фауст» К.​Чэрні, «Папуры на тэмы Бетховена» А.​Дыябелі, «Фантазія на польскія тэмы» Ф.​Шапэна. У Расіі ў канцы 19 ст. былі пашыраны П. для т.зв. садовых аркестраў, заснаваныя на папулярных танц. мелодыях.

На Беларусі ў пач. 19 ст. былі вядомы П. на тэмы маршавых і танц. мелодый Няльгоўскага, І.​Дабравольскага, Вуса і інш. (у рэпертуары Магілёўскага духавога аркестра пад кіраўніцтвам Дабравольскага), папуры В.​Стафановіча на тэмы сімфоній, уверцюр Л.​Бетховена, І.​Гайдна, Ш.​Гуно, Л.​Керубіні, В.​А.​Моцарта, Дж.​Расіні, Д.​Чымарозы, Р.​Крэйцэра, М.​Глінкі, вальсаў, кадрыляў і полек І.​Штрауса, Лябіцкага, маршаў Ф.​Мендэльсона, Б.​Більзе (у рэпертуары Мінскага гар. аркестра), П. на мелодыі з італьян. опер выконваў духавы аркестр Мінскай мужч. гімназіі і інш. У пач. 20 ст. П. на тэмы італьян. кампазітараў выконвалі Мінскі гар. духавы аркестр і аркестр ваен. духавой музыкі кавалерыйскай дывізіі, «Маларасійскія папуры» — аперэтачна-драм. трупа пад кіраўніцтвам І.​Канеўскага ў т-ры мініяцюр у Оршы і трупа т-ва маларасійскіх артыстаў пад кіраўніцгвам Ф.​Максімовіча ў Мінскім гар. т-ры. У 1920-я г. былі пашыраны папуры У.​Тэраўскага і В.​Яфімава для арк. на тэмы рэв. песень. Сярод найб. вядомых П. ў рэпертуары бел. прафес. і аматарскіх аркестравых калектываў — «Сябры-аднапалчане» на тэмы песень Вял. Айч. вайны М.​Вахуцінскага, «Беларуская старонка» на тэмы бел. нар. мелодый для духавога арк. М.​Нарко і інш.; на тэмы твораў сучасных бел. (П. на тэмы песень У.​Алоўнікава, Я.​Глебава, І.​Лучанка, «Калейдаскоп эстрадных мелодый В.​Волкава і інш.) і замежных (папуры Л.​Кеэра на тэмы класічных джазавых мелодый «Караван» Х.​Цізола і Э.​Элінгтана, «Фламінга» Г.​Гроя, «Бразілія» А.​Барэса) кампазітараў.

Літ.:

Способий И.В. Музыкальная форма. 6 изд. М., 1980. С. 251—252.

А.​Л.​Карацееў.

т. 12, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ МУЗЫ́ЧНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА імя М.​І.​Глінкі,

сярэдняя спецыяльная навуч. ўстанова ў сістэме музычнай адукацыі. Засн. ў 1924 у Мінску, да 1937 наз. Бел. дзярж. муз. тэхнікум. З 1957 імя Глінкі. Рыхтуе музыкантаў-інструменталістаў, спевакоў, дырыжораў, музыказнаўцаў, артыстаў эстрады і цырка, выкладчыкаў. Навучанне дзённае.

Выкладчыкі і навучэнцы М.м.в. вялі актыўную канцэртную дзейнасць. Напр., у 1924/25 навуч. г. яны правялі 2 цыклы з 15 гіст. канцэртаў, у якіх выконвалі творы бел. кампазітараў, рус. і замежнай класікі. З 1925 выступаў і сімф. аркестр, яго рэпертуар уключаў творы муз. класікі, бел. кампазітараў Р.​Пукста, Я.​Цікоцкага, М.​Чуркіна і інш. У 1928 оперны клас паставіў пад кіраўніцтвам В.​Цвяткова і І.​Гітгарца оперу «Фауст» Ш.​Гуно ў перакладзе на бел. мову Ю.​Дрэйзіна. Гал. партыі выканалі навучэнцы Л.​Александроўская, П.​Валадзько, М.​Цюрэмнаў, удзельнічалі хор, аркестр, балет. Пастаўлены таксама оперы «Русалка» А.​Даргамыжскага (1929) і «Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні (1930). У 1930 на базе опернага і балетнага класаў вучылішча створана Беларуская студыя оперы і балета (з 1933 Дзярж. т-р оперы і балета БССР). М.м.в. адыграла значную ролю ў станаўленні і развіцці бел. муз. культуры. У розныя гады ў ім выкладалі нар. арт. СССР І.​Жыновіч, нар. арт. Беларусі М.​Аладаў, засл. дзеячы маст. Беларусі М.​Браценнікаў, І.​Гітгарц, М.​Маслаў, Л.​Мухарынская, Г.​Папавіцкі, Г.​Пятроў, Б.​Смольскі, Р.​Шаршэўскі, засл. артысты Беларусі А.​Амітон, М.​Бергер, А.​Бяссмертны, С.​Навіцкі, засл. дзеяч культуры Беларусі М.​Мінянкова, а таксама Э.​Азарэвіч, А.​Баначыч, І.​Бары, І.​Варэнікаў, А.​Віўен, Ю.​Дрэйзін, Я.​Жыў, Г.​Жыхараў, А.​Краўзе, Ю.​Ляцецкі, С.​Маркоўскі, В.​Несцярэнка, С.​Нісневіч, Б.​Паграбняк, Я.​Прохараў, І.​Салодчанка, Я.​Сцягенны, В.​Сямашка, Н.​Фалейчык, Б. і І.​Фідлоны, В.​Цвяткоў, Я.​Цымбал, Л.​Шварц, Т.​Шнітман, Я.​Штэйман, Б.​Яўзераў.

Будынак Мінскага музычнага вучылішча імя М.​І.​Глінкі.

У 1999/2000 навуч. г. спецыяльнасці: фп., струнныя, духавыя і ўдарныя, нар., эстр. інструменты, спевы, хар. дырыжыраванне, тэорыя музыкі, музыказнаўства, артыст эстрады, артыст цырка. Працуюць творчыя калектывы: камерны, духавы, эстр. аркестры, 2 аркестры нар. інструментаў (бел. і рускіх), акад. і нар. хары, шматлікія камерныя ансамблі, у т. л. цымбальны. Сярод выкладчыкаў засл. настаўніца Беларусі Л.​Ліхачэўская, засл. арт. Беларусі Т.​Сцяпанава, засл. дзеячы культуры Беларусі А.​Каландзёнак, А.​Мурзіч. За час існавання вучылішча падрыхтавала больш за 7 тыс. спецыялістаў. Сярод выпускнікоў: І.​Абраміс, Л.​Александроўская, У.​Алоўнікаў, С.​Асновіч, Б.​Афанасьеў, А.​Багатыроў, І.​Балоцін, М.​Бергер, В.​Бурковіч, В.​Вуячыч, Л.​Ганестава, М.​Дзянісаў, С.​Друкер, Я.​Еўдакімаў, І.​Жыновіч, А.​Кавалёў, А.​Кагадзееў, У.​Кіняеў, А.​Кузняцоў, І.​Любан, Л.​Масленікава, С.​Навіцкі, М.​Пігулеўскі, Г.​Пятровіч, Т.​Раеўская, А.​Русак, Н.​Сакалоўскі, Б.​Смольскі, Р.​Сурус, Г.​Халшчанкова, Э.​Ханок, Б.​Шангін, Х.​Шмелькін і інш. У розныя гады вучылішча ўзначальвалі: Бяссмертны, Каландзёнак, Р.​Грышаеў, І.​Мысліўчык, Я.​Бароўскі, В.​Аўраменка, М.​Прашко, У.​Рылатка, У.​Зарэцкі, В.​Башура (з 1991).

В.​П.​Пракапцова, Л.​Я.​Школьнікаў.

т. 10, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ЗЫКА (ад грэч. musikē літар. мастацтва муз),

від мастацтва, у якім маст. вобразы ўвасабляюцца лагічна абумоўленай паслядоўнасцю гукаў і іх спалучэнняў. Падпарадкаваныя вышынным і часавым суадносінам, яны ўтвараюць гукавыя сістэмы, што грунтуюцца на законах акустыкі і фізіялогіі слыху. Сродкі муз. выразнасці: інтанацыя, лад, гармонія, рытм, метр, тэмп, тэмбр, інструментоўка, артыкуляцыя, дынаміка, агогіка і інш. Разгортванне М. ў часе — дыялектычны працэс, у якім узнікаюць пачатковыя муз. пабудовы (матыў, фраза, сказ, перыяд і інш.) і больш складаныя структуры (гл. Форма музычная). Будова кожнага муз. твора спалучае тыповае і індывідуальна-своеасаблівае. М. можа разгортвацца ў адна- (манодыя) і шматгалосым (поліфанія, гамафонія) гучанні, выкладзеным у адпаведнай фактуры. Ва ўвасабленні маст. вобразаў магчымы спалучэнні М. з паэзіяй (вак. музыка, меладэкламацыя) і інш. відамі мастацтва (опера, балет, аперэта, кіно, драм. т-р, тэлебачанне і інш.). Паводле характару драматургіі і прызначэння адрозніваюць М. оперную, сімф., камерную, харавую, ваенна-духавую і інш.; больш дробныя іх жанравыя разнавіднасці: у оперы — seria, buffa, муз. драма, у сімф. М. — сімфонія, сюіта, уверцюра, паэма; у камернай — саната, раманс і інш. Як від мастацтва М. ўключае 2 творчыя акты, што знаходзяцца ў непарыўнай сувязі: кампазіцыю (стварэнне) і выкананне. Паводле спосабу выканання М. падзяляюць на інстр. і вакальную; для аднаго выканаўцы (сола), некалькіх (ансамбль), пэўнага складу інструментаў (аркестр) або галасоў (хор). Тэкст муз. твора, указанні выканаўцам і інш. фіксуюцца нотным запісам (гл. Нотнае пісьмо, Ноты). Сукупнасцю заканамернасцей вобразна-эмацыянальнага зместу і маст. сродкаў вызначаецца муз. стыль. Кожны муз. стыль (класіцызм, рамантызм, імпрэсіянізм, экспрэсіянізм і інш.) — з’ява грамадска-гістарычная. Паняцце «стыль» выкарыстоўваюць і ў дачыненні да пэўнай нац. М. (італьянскі, рускі), да творчасці асобнага кампазітара. Вывучае М. музыказнаўства.

У першабытным грамадстве М. мела дапаможнае значэнне, была неад’емнай ад прац. працэсаў і магічных дзействаў, сінкрэтычна звязаная з паэзіяй і танцам. Паступова, у непарыўнай сувязі з эвалюцыяй форм працы і побыту вылучалася як асобны від мастацтва. Краіны стараж. цывілізацый (Егіпет, Грэцыя, Рым, Кітай, Індыя) мелі развітое муз. мастацтва, у т. л. прафесійнае. У сярэдневяковай Еўропе інтэнсіўна развівалася песенная, інстр. быт. і прафесійная М. Напачатку цэнтрамі прафес. М. былі саборы і манастыры. У краінах Усходу актывізавалася прыдворнае і быт. музіцыраванне. Паваротны этап у станаўленні еўрап. М. — эпоха Адраджэння, калі расквітнелі жанры месы, матэта, мадрыгала, рэквіема, напісаныя ў традыцыях поліфаніі «строгага стылю», зарадзіліся многія жанры М., у т. л. опера, араторыя, кантата, пачала складвацца сістэма прафес. музычнай адукацыі, удасканальвалася нотнае пісьмо. У 1-й пал. 18 ст. дасягнула кульмінацыі мастацтва поліфаніі (І.​С.​Бах). У 18 ст. сфарміраваліся асновы класічнай гармоніі, оперныя і інстр. формы, у т. л. сімфонія, канцэрт, саната, выпрацаваўся класічны склад аркестра, зарадзіліся нац. муз. школы. Уздым муз. творчасці звязаны з антыфеадальным дэмакр. рухам (Бах, Г.​Ф.​Гендэль, К.​В.​Глюк, І.​Гайдн, В.​А.​Моцарт), з франц. рэвалюцыяй 1794, ідэі якой яскрава ўвасоблены ў творчасці Л.​Бетховена. Класіцызм, рамантызм, інш. стылявыя плыні, а таксама нац. школы, што складваліся на аснове нац. муз. традыцый, узбагачалі сусв. муз. культуру. Найб. значныя дасягненні нац. школ у 19 ст. звязаны з творчасцю Ф.​Шуберта (Аўстрыя), К.​М.​Вебера, Р.​Шумана, І.​Брамса, Р.​Вагнера (Германія), Г.​Берліёза, Ж.​Бізэ (Францыя), Дж.​Расіні, Дж.​Вердзі (Італія), Ф.​Шапэна, С.​Манюшкі (Польшча), Ф.​Ліста, Ф.​Эркеля (Венгрыя), Э.​Грыга (Нарвегія), А.​Дворжака, Б.​Сметаны (Чэхія). Вял. роля ў развіцці М. належыць рус. нац. школе, станаўленне і росквіт якой прыпадае на 19 ст. (М.​Глінка, А.​Даргамыжскі, М.​Балакіраў, А.​Барадзін, М.​Мусаргскі, М.​Рымскі-Корсакаў, П.​Чайкоўскі, С.​Танееў, А.​Глазуноў і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў зах.-еўрап. М. сфарміраваліся новыя тэндэнцыі, у выніку якіх адбылася дыферэнцыяцыя аўтарскіх стыляў, у т. л. імпрэсіянізм (К.​Дэбюсі, М.​Равель), верызм (П.​Масканьі, Р.​Леанкавала), неарамантызм (Г.​Малер, Р.​Штраус) і інш. Значнае месца ў гэтым рэчышчы займае творчасць рус. кампазітараў А.​Скрабіна, І.​Стравінскага. Глыбокія змены адбыліся ў гукавышынных сістэмах (Б.​Бартак, А.​Анегер, Ф.​Пуленк, К.​Орф, К.​Шыманоўскі, Л.​Яначак, Б.​Марціну, Б.​Брытэн, А.​Шонберг, А.​Веберн, Ч.​Айвз, А.​Месіян і інш.), што абумовіла існаванне разнастайных стылявых плыняў у М. 20 ст. Традыцыі рус. кампазітарскай школы развівалі Глазуноў, С.​Рахманінаў, М.​Метнер, С.​Пракоф’еў, Дз.​Шастаковіч, М.​Мяскоўскі, Г.​Свірыдаў, Р.​Гліэр, А.​Хачатуран, Ц.​Хрэннікаў і інш. Значнае месца ў сусв. муз. мастацтве займае творчасць Р.​Шчадрына, Э.​Арцем’ева, С.​Сланімскага, Э.​Дзянісава, А.​Шнітке, С.​Губайдулінай. Пра гісторыю развіцця нац. М. гл. раздзелы Музыка ў арт. пра дзяржавы, напр., пра бел. М. ў арт. Беларусь.

Літ.:

Ливанова Т.Н. История западноевропейской музыки до 1789 г. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1982—83;

Яе ж. Из истории музыки и музыкознания за рубежом. М., 1981;

Грубер Р.И. История музыкальной культуры. Т. 1—2. М.; Л., 1941—59;

История русской музыки: В 10 т. Т. 1—6. М., 1983—89;

История музыки народов СССР. Т. 1—7. М., 1970—97.

Т.​А.​Дубкова.

т. 11, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ АКАДЭМІ́ЧНЬІ ТЭА́ТР О́ПЕРЫ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.

Створаны ў 1933 у Мінску як Дзярж. т-р оперы і балета БССР на базе Беларускай студыі оперы і балета. З 1940 — Вялікі, з 1964 — акадэмічны. З 1996 сучасная назва, у складзе творчага аб’яднання «Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь». Адкрыты ў будынку БДТ-1 спектаклем «Кармэн» Ж Бізэ (гал. ролю выконвала Л.​Александроўская). Напачатку дзейнасць т-ра была скіравана на асваенне класічнага, найперш рус. рэпертуару: «Яўген Анегін» (1933) і «Пікавая дама» (1934) П.​Чайкоўскага, «Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава (1933), «Князь Ігар» А.​Барадзіна (1934), «Русалка» А.​Даргамыжскага (1938). Значнымі падзеямі ў гісторыі т-ра сталі пастаноўкі бел. нац. опер «Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага (лібр. П.​Броўкі), «У пушчах Палесся» А.​Багатырова (лібр. Я.​Рамановіча паводле аповесці Я.​Коласа «Дрыгва»; абедзве 1939), «Кветка шчасця» А.​Туранкова (1940, лібр. В.​Барысевіч, Броўкі і П.​Глебкі паводле драмы М.​Чарота «На Купалле»), Яны адметныя пошукамі нац. спецыфічных сродкаў муз. стылістыкі, заснаванай на нар.-песенным меласе, сцэн. выразнасцю і арыгінальнай рэжысёрскай інтэрпрэтацыяй.

Сталенню маст. калектыву т-ра садзейнічалі дырыжоры І.​Гітгарц, Н.​Грубін, М.​Шнейдэрман, рэжысёры Барысевіч, П.​Златагораў, М.​Смоліч, Б.​Чарняўскі, І.​Шляпянаў; мастакі М.​Бобышаў, П.​Вільямс, Б.​Волкаў, Н.​Каровін, С.​Нікалаеў; хормайстры А.​Бельскі, Г.​Пятроў; спевакі Александроўская, Л.​Аляксеева, А.​Арсенка, І.​Балоцін, Т.​Баначыч, В.​Валчанецкая, М.​Дзянісаў, С.​Друкер, П.​Засецкі, В.​Каліноўскі, Д.​Кроз, М.​Лазараў, В.​Лапін, В.​Малькова, Р.​Млодак, І.​Мурамцаў, У.​Таланкін, Г.​Цэпава, Я.​Шаціхін.

У Вял. Айч. вайну значная частка калектыву працавала ў г. Горкі, потым у г. Каўроў (Уладзімірская вобл., Расія), дзе ў канцэртным выкананні паказаны оперы «Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні (1943), «Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні і новая бел. опера «Алеся» Цікоцкага (лібр. Броўкі; абедзве 1944). Пастаноўкай «Алесі» (у гал. ролі Александроўская) у канцы 1944 т-р аднавіў сваю дзейнасць у вызваленым Мінску. У пасляваен. гады разам з рэпертуарным узбагачэннем удасканальваліся рэжысура і сцэн. вырашэнне спектакляў. Плённа працавалі рэжысёры Б.​Пакроўскі («Алеся», «Кармэн», 1945) і Б.​Мардвінаў («Пікавая дама»; «Рыгалета» Дж.​Вердзі, абедзве 1948; «Прададзеная нявеста» Б.​Сметаны і «Князь Ігар», 1949; «Іван Сусанін» М.​Глінкі, 1950), сцэнограф Нікалаеў. Нац. рэпертуар папоўніла опера «Кастусь Каліноўскі» Дз.​Лукаса (1947, лібр. М.​Клімковіча), дзе ў гал. партыі выступіў М.​Сярдобаў. У 1950-я г. асн. лінію дзейнасці т-ра вызначала фарміраванне нац. рэпертуару пад кіраўніцтвам Александроўскай. Пастаўлены оперы «Дзяўчына з Палесся» Цікоцкага (новы варыянт оперы «Алеся», 1953), «Надзея Дурава» Багатырова (1956, лібр. І.​Келера), у якой рэалізаваны выканальніцкія магчымасці К Кудрашовай, Л.​Галушкінай, М.​Ворвулева, паўторна паказана опера «Міхась Падгорны» (1957), дзе акцёрскім дасягненнем стаў вобраз Бабы-Лапатухі, створаны Т.​Ніжнікавай. Народнасцю меласу і значнай драматургічнай роляй хароў вылучалася опера «Яснае світанне» Туранкова (1958, лібр. А.​Бачылы). Створаны першы нац. оперны спектакль для дзяцей «Марынка» Р.​Пукста (1955, лібр. Э.​Агняцвет). Класічны рэпертуар узбагацілі «Мазепа» і «Іаланта» Чайкоўскага (абедзве 1952; у гал. ролі Т Шымко), «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага (1954), «Трубадур» Вердзі (1955), «Садко» М.​Рымскага-Корсакава (1957). Лепшай рэжысёрскай работай Александроўскай стала «Аіда» (1953) Вердзі, якую вызначалі прадуманасць рэжысуры і выдатны акцёрскі ансамбль (Друкер, Кудрашова, Ворвулеў, М.​Зюванаў, Лазараў). Падзеяй стала першая ў СССР пастаноўка камічнай оперы С.​Манюшкі «Страшны двор» (1952, лібр. ў перакладзе на бел. мову М.​Танка).

У 1950—60-я г. пастаўлены шэраг муз. камедый і аперэт: «Карневільскія званы» Р.​Планкета (1959), «Цыганскі барон» (1960) і «Лятучая мыш» (1961) І.​Штрауса. У 1960-я г. вызначальная роля належала маст. кіраўніку і гал. рэжысёру т-ра Дз.​Смолічу. Яго пастаноўку оперы Вердзі «Атэла» (1963) вылучае бліскучае муз. (дырыжор І.​Абраміс) і акцёрскае ўвасабленне (З.​Бабій, Н.​Ткачэнка, І.​Сарокін). Дасягненнем калектыву стала пастаноўка оперы С.​Танеева «Арэстэя» (1963) пад кіраўніцтвам дырыжора Т.​Каламійцавай. Сярод інш. пастановак тых гадоў оперы «Чыо-Чыо-сан» Пучыні (1953), «Пікавая дама» Чайкоўскага (1960), «Баль-маскарад» (1961) і «Трубадур» (1964) Вердзі, «Джаконда» А.​Панк’елі (1962), «Любоўны напітак» Г.​Даніцэці (1965), «Багема» Пучыні (1968), а таксама, складаная ў адносінах драматургіі опера С.​Пракоф’ева «Заручыны ў манастыры» (1962). Героіка Вял. Айч. вайны ўвасоблена ў пастаноўцы «Брэсцкай крэпасці» К.​Малчанава (1967). Бел. оперны рэпертуар папоўнілі камедыйныя творы Ю.​Семянякі «Калючая ружа» (1960), з эфектнымі муз. фрагментамі і яскравымі сцэн. знаходкамі, і «Калі ападае лісце (1968; лібр. абедзвюх Бачылы). У 1945—60 у трупе працавалі спевакі Р.​Асіпенка, Л.​Бражнік, Ворвулеў, Галушкіна, А.​Генералаў, У.​Глазаў, Н.​Гусельнікава, Г.​Дзмітрыеў, Зюванаў, Кудрашова, Ніжнікава, Н.​Нікеева, Б.​Нікольскі, Т.​Пастуніна, І.​Сайкоў, Сярдобаў, Шымко, Р.​Яўраеў; дырыжоры Абраміс, А.​Брон, Каламійцава, Л.​Любімаў, У.​Пірадаў; рэжысёры Александроўская, А.​Маралёў, Мардвінаў, Ю.​Ужанцаў, У.​Шахрай; мастакі Нікалаеў, П.​Масленікаў, хормайстар М.​Прысёлкаў.

У 1960-я г. вылучыліся спевакі новага пакалення В.​Бруй, Л.​Ганестава, В.​Ганчарэнка, В.​Глушакоў, В.​Гур’еў, С.​Данілюк, М. і П.​Дружыны, Л.​Златава, В.​Кірычэнка, Сарокін, А.​Саўчанка, В.​Чарнабаеў, І.​Шыкунова; дырыжоры Г.​Дугашаў, К.​Ціханаў, мастак Я.​Чамадураў; хормайстры Т.​Арлова, А.​Кагадзееў; гал. канцэртмайстар С.​Талкачоў. У 1970—80-я г., побач з узбагачэннем рэпертуару творамі опернай класікі і бел. кампазітараў, адбывалася актуалізацыя традыц. школы опернага мастацтва. Пачатак гэтага перыяду азнаменавала пастаноўка А.​Дадышкіліяні «Хаваншчыны» М.​Мусаргскага (1970; вобраз Марфы выканала Данілюк). Вял. роля ў абнаўленні тэатр. традыцый належыць рэж. С.​Штэйну. які паставіў шэраг яскравых спектакляў. Маштабнасцю і глыбінёй муз. і рэж. інтэрпрэтацыі вызначалася яго сумесная з Я.​Вашчаком работа над пастаноўкай «Барыса Гадунова» Мусаргскага (1974; у гал. партыі М.​Зданевіч і Я.​Пятроў). Пастаўлены оперы «Залаты пеўнік» (1971) і «Снягурачка» (1981) Рымскага-Корсакава, 2 новыя інтэрпрэтацыі «Пікавай дамы» Чайкоўскага (1972, 1983), «Дон Жуан» (1973) і «Вяселле Фігара» (1980) В.​А.​Моцарта, дзе выразна раскрыліся вак. майстэрства і сцэн. абаяльнасць Саўчанкі. Творчай удачай т-ра стала пастаноўка «Лаэнгрына» Р.​Вагнера (1977, рэж. К.​Г.​Фіртэль, ГДР; у гал. ролях Данілюк, А.​Дзедзік, Л.​Шамчук, Сарокін). У нац. традыцыях увасоблена польск. рэж. Б.​Янкоўскім «Галька» Манюшкі (1975). Выявілася цікавасць т-ра да італьян. оперы: «Сельскі гонар» П.​Масканьі (1973), «Дон Паскуале» Даніцэці (1977; у гал. ролі Чарнабаеў), «Дон Карлас» (1979) і «Рыгалета» (1981) Вердзі, «Служанка-пані» Дж.​Пергалезі (1981). Пастаноўка М.​Ізворска-Елізар’евай «Дона Карласа» вызначалася ансамблевасцю, высокай сцэн. і пеўчай культурай (Пятроў, Н.​Казлова, Н.​Губская, Данілюк і Н.​Галеева). Нац. рэпертуар папоўнілі оперы «Андрэй Касценя» М.​Аладава (лібр. Глебкі), «Зорка Венера» Семянякі (лібр. Бачылы; абедзве 1970). Філас.-абагульненае ўвасабленне рэчаіснасці, паказ падзей мінулага ў жывой сувязі з нашым часам уласцівы спектаклю «Джардана Бруна» С.​Картэса (1977, лібр. У.​Халіпа; дырыжор Вашчак, рэж. Штэйн, мастак Я.​Лысік). Асн. рысы кампазіцыі і стылістыкі оперы «Сівая легенда» Дз.​Смольскага (1978, лібр. У.​Караткевіча) характарызаваў псіхалагізм вак. партый (Дзедзік, Шыкунова, Сарокін). Драм. экспрэсіяй адметная пастаноўка оперы «Сцежкаю жыцця» Г.​Вагнера (1980, лібр. А.​Вярцінскага і Штэйна паводле аповесці В.​Быкава «Воўчая зграя»), У 1970-я г. калектыў т-ра папоўнілі салісты Ю.​Бастрыкаў, А.​Кеда, Л.​Колас, Пятроў, А.​Рудкоўскі, В.​Скорабагатаў, В.​Цішына, У.​Экнадыёсаў; дырыжор У.​Машэнскі; мастакі Я.​Ждан, В.​Левенталь. 1980-я г. т-р адзначыў шэрагам прэм’ер. Да 100-годдзя з дня нараджэння Я.​Коласа пастаўлена опера «Новая зямля» Семянякі (1982, лібр. А.​Петрашкевіча паводле аднайм. паэмы Я.​Коласа) — спроба сінтэзу фалькл. т-ра і класічнай оперы. У 1989 пастаўлены адзін з лепшых нац. твораў — «Дзікае паляванне караля Стаха» У.​Солтана (лібр. С.​Клімковіч паводле аднайм. аповесці Караткевіча; дырыжоры Вашчак і А.​Анісімаў, рэж. В.​Цюпа, мастак Э.​Гейдэбрэхт; у гал. партыях Н.​Кастэнка, Скорабагатаў, Экнадыёсаў; Дзярж. прэмія Беларусі 1990). Сярод інш. оперных прэм’ер «Вайна і мір» (1985, дырыжор Г.​Праватораў, рэж. Штэйн, мастак Гейдэбрэхт) і першая ў СССР пастаноўка оперы «Мадалена» (1989) Пракоф’ева.

Музыкальнасцю і дынамізмам адзначаны спектакль «Казкі Гофмана» Ж.​Афенбаха (1980, дырыжор Каламійцава; у гал. ролях Экнадыёсаў, Бастрыкаў, Колас, Кастэнка). Упершыню на Беларусі пастаўлены оперы «Кавалер руж» Р.​Штрауса і «Чароўная флейта» Моцарта (1987), адноўлены оперы «Баль-маскарад» (1981), «Пікавая дама» (1983), «Іван Сусанін» (1984), «Севільскі цырульнік» (1986), «Яўген Анегін» (1986). У складзе трупы: спевакі Т.​Глаголева, М.​Гулегіна, М.​Жылюк, Н.​Залатарова, Л.​Златава, Т.​Кучынская, Г.​Лукомская, М.​Майсеенка, Э.​Пелагейчанка, Пятроў, Н.​Руднева, М.​Рысаў, Цішына, мастакі Л.​Ганчарова, Гейдэбрэхт, хормайстар Кагадзееў. У 1990-я г. рэпертуар т-ра ўзбагацілі нац. оперы «Князь Наваградскі» А.​Бандарэнкі (1992, лібр. В.​Іпатавай паводле п’есы Л.​Пракопчыка; Дзярж. прэмія Беларусі 1996), «Майстар і Маргарыта» Я.​Глебава (1992, лібр. аўтара і Л.​Глебавай паводле аднайм. рамана М.​Булгакава) і «Візіт дамы» Картэса (1995, лібр. Халіпа паводле п’есы «Візіт старой дамы» Ф.​Дзюрэнмата; дырыжор Праватораў, рэж. М.​Пінігін, мастак З.​Марголін; у гал. партыях Руднева і Пелагейчанка). У 1994 адбылася прэм’ера оперы Дз.​Шастаковіча «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» (лібр. А.​Прэйса паводле аднайм. аповесці М.​Ляскова), пастаноўка якой вылучалася экспрэсіўнай муз. стылістыкай у спалучэнні з дзейснай рэжысурай і сцэнаграфіяй (дырыжор Анісімаў, рэж. Ізворска-Елізар’ева, мастак В.​Окунеў; у гал. партыях Залатарова і Т.​Цівунова, В.​Кавальчук). Сярод новых пастановак таксама камічная опера «Шлюбны вэксаль» Расіні (1998). Асаблівасць дзейнасці т-ра гэтага часу — выкананне зах.-еўрап. опер на мове арыгінала. Створаны новыя версіі спектакляў «Тоска» Пучыні (1991), «Іаланта» Чайкоўскага (1993), «Рыгалета» (1994), «Травіята» Вердзі (1997), «Паяцы» Р.​Леанкавала (1999), «Кармэн» Бізэ (1995), «Князь Ігар» Барадзіна (1996). Т-р практыкуе форму канцэртна-сцэн. паказу: оперы «Барыс Гадуноў» Мусаргскага (1998), «Лючыя ды Ламермур» Даніцэці (у гал. партыі В.​Курбацкая) і «Набука» Вердзі (1999; Бастрыкаў, Глаголева, А.​Мельнікаў у гал. партыях), «Турандот» Пучыні (2000). Калектыў т-ра неаднаразова выступаў у Вял. т-ры ў Маскве і за мяжой. З 1990 г. на базе т-ра працуе Дзіцячы муз. тэатр-студыя, дзе пастаўлены шэраг спектакляў для дзяцей. У т-ры працавалі: гал. дырыжоры Гітгарц (1933—36), Грубін (1938—41), Брон (1944—48), Пірадаў (з 1948), Любімаў (1951—64), Дугашаў (1966—68), Ціханаў (з 1969), Вашчак (1972—80), Г.​Праватораў (з 1984), А.​Анісімаў (1980—84 і з 1989); гал. рэжысёры Златагораў (1939—40), Мардвінаў (з 1947), Александроўская (1951—60), Смоліч (1962—69), Дадышкіліяні (1972—76); гал. хормайстры Г.​Пятроў (1933—37, 1945—50), А.​Сцяпанаў (1937—41), М.​Прысёлкаў (1951—59), Кагадзееў (1960—93); гал. мастакі Нікалаеў (з 1938), Чамадураў (1959—76), Лысік (1979—81), Э.​Гейдэбрэхт (1984—90).

У складзе трупы (на 2000): нар. арт. СССР Саўчанка, нар. артысты Беларусі Бастрыкаў, Я.​Пятроў, Руднева, Чарнабаеў, нар. арт Расіі Пелагейчанка, засл. арт. Расіі М.​Майсеенка, засл. артысты Беларусі Галеева, Губская, М.​Дружына, Жылюк, Казлова, Мельнікаў, У.​Пятроў, Скорабагатаў, В.​Стральчэня, майстры сцэны Т.​Варапай, А.​Гардынец, Глаголева, М.​Грыгорчык, Кавальчук, Курбацкая, С.​Франкоўскі; канцэртмайстры засл. артысты Беларусі Г.​Карант, Л.​Талкачова, засл. арт. Бураціі Ж.​Габа, артысты аркестра — засл. артысты Беларусі М.​Баркоўскі, У.​Тарашкевіч; дырэктар — маст. кіраўнік т-ра нар. арт. Беларусі Картэс, гал. дырыжор — засл. дз. маст. Расіі Анісімаў, дырыжоры засл. дзеячы маст. Беларусі М.​Калядка, Л.​Лях; рэж. С.​Цырук, гал. хормайстар — засл. дз. маст. Беларусі Ламановіч, мастак Ганчарова, мастак па касцюмах Э.​Грыгарук. Працуе ў адным будынку з Нацыянальным акадэмічным тэатрам балета Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Смольский, Б.С. Белорусский музыкальный театр. Мн., 1963;

Кулешова Г.Г. Белорусская советская опера. Мн., 1967;

Мастацтва Беларусі. 1983. № 10;

Музычны тэатр Беларусі. [Кн. 2—3]. Мн., 1993—96.

Б.​С.​Смольскі, А.​В.​Казлоўская.

Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Тоска» Дж.​Пучыні. 1991.
Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Сцэна з оперы «Кармэн» Ж.​Бізэ. 1945.
Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага. 1974.
Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Дзікае паляванне караля Стаха» У.​Солтана. 1989.
Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Візіт дамы» С.​Картэса. 1995.

т. 11, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)