абарона Бабруйска казакамі і гараджанамі ад урадавых войскаў ВКЛ у час антыфеадальнай вайны 1648—51. У кастр. 1648 паўстаўшыя жыхары Бабруйска разам з казацкім атрадам Паддубскага перабілі заможную шляхту, утапілі ў Бярэзіне гар. старасту. Каля сцен горада быў разбіты пасланы на задушэнне паўстання атрад харужага Паца. У пач.студз. 1649 да Бабруйска падышлі 1,5 тыс. шляхты і наёмнікаў на чале з польным пісарам ВКЛ У.Валовічам. 4 тыдні паўстанцы адбівалі атакі. На дапамогу Валовічу падышоў атрад польнага гетмана ВКЛ Я.Радзівіла. Скарыстаўшы рознагалоссі сярод паўстанцаў, Радзівіл схіліў на свой бок багатых мяшчан, гандляроў, рамеснікаў, духавенства. Ноччу 21.2.1649 яны адчынілі гар. вароты. Войскі Радзівіла ўчынілі расправу над паўстанцамі, забіта некалькі тысяч гараджан і казакоў, Паддубскі быў пасаджаны на кол.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСЛАВУ́Х (Фелікс Аўгусцінавіч) (23.9.1833, Рэчыцкі пав. Мінскай губ. — ?),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Літве. З 1856 вучыўся ў Маскоўскім, з 1858 у Кіеўскім ун-тах. У 1861 праходзіў вайск. падрыхтоўку ў польск. ваен. школе ў Італіі. Прыхільнік партыі «чырвоных». У пач. паўстання паводле загаду Літ. правінцыяльнага к-та на чале атрада вёў баявыя дзеянні ў Свянцянскім і Ашмянскім пав. 15.2.1863 яго атрад разбіты непадалёку ад мяст. Солы. З канца мая 1863 паўстанцкі ваен. начальнік Трокскага пав., аб’ядноўваў дзеянні 3 атрадаў. Некалькі месяцаў вёў партыз. барацьбу супраць царскіх карнікаў на Віленшчыне, быў паранены. Паводле некат. звестак, у апошні перыяд паўстання кіраўнік паўстанцкіх узбр. сіл усёй Віленскай губ. Пасля задушэння паўстання эмігрыраваў. У 1869 жыў у Парыжы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКІ БОЙ 1651,
бой паміж казацка-сялянскім войскам і войскам ВКЛ у час антыфеадальнай вайны 1648—51. У чэрв. 1651 4 тыс.ўкр. казакоў на чале з палк. І.Шохавым зрабілі рэйд праз тэр. Расіі ва ўсх. паветы ВКЛ. 6 чэрв. яны захапілі Рослаўль, частка казакоў і сялян, якія далучыліся да іх, пасланы Шохавым да Крычава. На дапамогу гарнізону горада Я.Радзівіл накіраваў атрад Вейса ў 300 коннікаў і 600 пехацінцаў, які злучыўся з атрадам мсціслаўскай, аршанскай і віцебскай шляхты на чале з мсціслаўскім падсудкам Валовічам. 28.6.1651 недалёка ад Крычава ўрадавыя войскі былі разбіты казацка-сялянскім войскам. У баі загінулі Валовіч, мсціслаўскі пісар Сухадольскі і інш. знатныя шляхціцы. Вейс узяты ў палон і забіты. Крычаў узяты штурмам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЎКТРЫ (Leuktra),
старажытнагрэчаскі горад у Беотыі, за 11 км ад Фіваў, каля якіх 5.8.371 да н.э. адбылася бітва паміж спартанцамі на чале з царом Клеамбротам (10 тыс. гаплітаў і 1 тыс. коннікаў) і фіванцамі пад камандаваннем Эпамінонда (каля 6 тыс. гаплітаў і 1,5 тыс. коннікаў). Фіванцы ўпершыню выкарысталі новы тактычны прыём: размясцілі войскі нераўнамерна па фронце (т. зв. косым баявым парадкам), сканцэнтраваўшы на левым флангу ўдарную групоўку і рэзерв з лепшых воінаў, а ў цэнтры і на процілеглым флангу паставілі меншыя па колькасці сілы. Зыход бітвы вырашыў удар намнога большымі сіламі па адборнай частцы войска спартанцаў. Непераможныя да гэтага часу на сушы спартанцы былі разбіты, загінуў іх цар Клеамброт. У выніку Спарта страціла гегемонію ў Грэцыі. Пелапанескі саюз распаўся. Пачалося кароткатэрміновае панаванне Фіваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
наступальная аперацыя войскаў правага крыла 1-га Бел. фронту (ген. арміі К.К.Ракасоўскі) 24—29 чэрв.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял.Айч. вайну. Удзельнічалі 3-я, 28, 48, 65-я арміі, конна-механізаваная група, 16-я паветр. армія, Дняпроўская ваен. флатылія, злучэнні авіяцыі і бел. партызаны. Ім процістаяла 9-я і частка 4-й ням. арміі, якія мелі ўмацаваную глыбокаэшаланіраваную абарону. Задача аперацыі — акружыць і разграміць бабруйскую групоўку праціўніка. У ходзе аперацыі разбітыгал. сілы ням. 9-й арміі, на ПдУ ад Бабруйска акружана і ліквідавана 40-тысячная групоўка ворага (гл.Бабруйскі «кацёл»). Войскі Чырв. Арміі прасунуліся на 100—110 км, былі створаны спрыяльныя ўмовы для наступлення на Мінск і Баранавічы.
Да арт.Бабруйская аперацыя 1944. Разбітая тэхніка ворага ў раёне Бабруйска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ АРХІ́Ў»,
зборнік дакументаў па сац.-эканам. гісторыі Беларусі 15—18 ст. Падрыхтаваны гісторыка-археал. (пазней археаграфічнай) камісіяй Ін-та бел. культуры, выдадзены пад кіраўніцтвам Дз.І.Даўгялы ў Мінску (т. 1—3, 1927—30). Дакументы ў 1-м томе разбіты па раздзелах «Справы вышэйшых устаноў», «Справы мясцовых устаноў» (у асн. датычаць Магілёва), «Справы скарбу Вялікага княства Літоўскага». У 2-м томе (1928) змешчана т.зв. кніга запісаў № 16 з фондаў Метрыкі Вялікага княства Літоўскага (судовая кніга Полацкага і Віцебскага пав. за 1530—38). 3-і том мае падзагаловак «Менскія акты. Вып. 1», змяшчае 245 дакументаў 1494—1791, у асн.сац.-эканам. зместу, заканадаўчыя і ўстаўныя акты, матэрыялы аб цэхавым ладзе і рамесніцкай дзейнасці ў Менску. «Беларускі архіў» — найб. значнае навук. археаграфічнае выданне Беларусі даваен. часу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІШНЯВЕ́ЦКІ (Дзмітрый Іванавіч) (? — 1563),
князь, чаркаскі староста (з 1551), адзін з кіраўнікоў барацьбы запарожскіх казакоў супраць крымскіх татар, туркаў і малдаўскіх гаспадароў. Бараніў граніцы ВКЛ на Пд, на дняпроўскім в-ве М. Хорціца пабудаваў крэпасць. У знак пратэсту супраць загаду вял. князя ВКЛ Жыгімонта II Аўгуста спыніць напады на Крым і Турцыю ў 1557 перайшоў на службу да рус. цара Івана IV Грознага. Двойчы ўдзельнічаў у паходах рус. войска ў Крым. У час Лівонскай вайны 1558—83 уцёк з Масквы (1563), заручыўшыся дазволам вял. князя ВКЛ на вяртанне. У 1563 малд. баяры, незадаволеныя сваім гаспадаром Стафанам IX, запрасілі Вішнявецкага на малд. трон, але яго атрад быў разбіты войскамі Стафана IX. Вішнявецкі трапіў у палон да туркаў, пакараны смерцю ў Стамбуле. Пад імем Байда стаў прататыпам героя нар. песень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫБУ́Т (у хрышчэнні Дзмітрый; ? — пасля 1404),
князь з дынастыі Гедзімінавічаў. Сын вял. князя ВКЛАльгерда і Юльяны Цвярской. Упершыню ўпамінаецца ў 1382, калі разам з братамі Ягайлам, Скіргайлам і інш. падпісаў дагавор з крыжакамі на р. Дубіса. У 1386 у Луцку прысягнуў польскаму каралю Ягайлу. У 1390 дапамог яму пры аблозе Гродна, за што атрымаў у дзяржанне г. Ліда. Адмовіўся прысягаць Вітаўту як вял. князю ВКЛ, у 1392 разбіты яго войскамі, узяты ў палон, адпушчаны, але страціў Новагародскае княства. У хуткім часе памірыўся з Вітаўтам, удзельнічаў у яго паходах. Апошні раз упамінаецца ў 1404 як удзельнік паходу на Смаленск. Быў жанаты з удавой друцкага князя Дзмітрыя Васілевіча, з ёй меў сыноў Івана, Жыгімонта, Фёдара (гл.Карыбутавічы). У гістарыяграфіі часта блытаюць К. і яго брата Дзмітрыя Альгердавіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ САБО́РНАЯ ПЛО́ШЧА,
горадабудаўнічы ансамбль канца 18—1-й пал. 19 ст. ў Магілёве (цяпер плошча перад гасцініцай «Дняпро» па вул. Першамайскай). Створана паводле праекта арх. М.Львова і В.Стасава. Плошча ў плане мела форму эліпса. Кампазіцыйным цэнтрам яе быў Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, па баках яго знаходзіліся 1-павярховыя флігелі з вежамі-ратондамі, злучаныя з саборам мураванай сцяной з металічнымі ажурнымі кратамі. Насупраць сабора ў 1780 пабудавана манум. брама з 2 невял. флігелямі па баках (звязаны з брамай такой жа агароджай). У 1820—30-я г. ансамбль плошчы завершаны будынкам манежа, за ім разбітыгар. сквер (паводле праекта Стасава). Плошча атрымала замкнёную кампазіцыю і стала гал. кампазіцыйным цэнтрам горада. Ансамбль плошчы не захаваўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ВА АБАРО́НА 1654 Адбылася ў г. Мсціслаў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Баі паміж рус. войскамі на чале з А.М.Трубяцкім і войскам ВКЛ пачаліся ў ліп. 1654. Войскі Трубяцкога аблажылі горад. На дапамогу мсціслаўцам падышлі «служылыя людзі» «рословского урядника» М.Посахаўскага колькасцю больш за 3 тыс.чал., якія былі разбіты. У выніку прыступу 22 ліп. горад быў узяты. Паведамляючы аб гэтай перамозе Б.Хмяльніцкаму, цар Аляксей Міхайлавіч у сваёй грамаце пісаў, што горад «взяты взятьем и шляхты, поляков и литвы и иных служилых людей и ксензов и езвуитов и иного их чину побито больши десяти тысяч человек». У якасці палонных баяры і ваяводы адаслалі цару «городничего мсциславского Я.Стенкевича, да ротмистров и иных начальных людей».