РО́ЙЗМАН Леанід Ісакавіч (4.1.1916, Кіеў — 1989),

расійскі арганіст, піяніст, музыказнавец, педагог. Засл. дз. маст. Расіі (1966). Д-р мастацтвазнаўства (1982). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1938, па кл. фп.; 1941, па кл. аргана), з 1942 выкладаў у ёй (з 1963 праф.). Яго выканальніцтва спалучала віртуознае валоданне арганам, маштабнасць і вобразнасць ігры, высакародную строгасць інтэрпрэтацыі. У рэпертуары творы розных стыляў і эпох: Я.​Свелінка, Ф.​Куперэна, І.​С.​Баха, С.​Франка, П.​Хіндэміта, А.​Гедыке, Дз.​Шастаковіча і інш. Аўтар рэдакцый клавірных твораў Баха, Г.​Ф.​Гендэля, фп. санат і канцэртаў І.​Гайдна, В.​А.​Моцарта, К.​М.​Вебера, Ф.​Мендэльсона, М.​Рымскага-Корсакава і інш.; даследаванняў па гісторыі аргана і арганнай музыкі («Арган у гісторыі рускай музычнай культуры», 1979). Сярод вучняў А.Янчанка.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 13, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ГЕР (Reger) Макс Іаган Баптыст Іозеф (19.3.1873, Бранд, каля г. Кемнат, Аўстрыя — 11.5.1916),

нямецкі кампазітар, арганіст, піяніст і дырыжор. Вучань Г.Рымана. У 1890—96 выкладаў у кансерваторыі ў г. Вісбадэн (Германія), з 1905 — у Муз. акадэміі ў Мюнхене, з 1907 праф. Лейпцыгскай кансерваторыі. У 1911—14 прыдворны капельмайстар у г. Майнінген (Германія). Працягваў традыцыі І.​С.​Баха. Аўтар твораў: для салістаў, хору з арк.; сімфаньеты і серэнады для арк.; канцэрта для скрыпкі з арк.; камерна-інстр. ансамбляў; варыяцый і фуг на тэму Баха для фп.; харальных фантазій і прэлюдый для аргана і інш.; шматлікіх тэарэт. прац, у т. л. «Аб мадуляцыі» (1903).

Літ.:

Крейнина Ю.В. Регер и мастера XX в. // Проблемы истории австро-немецкой музыки. Первая треть XX в М., 1983.

т. 13, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́БІХ (Fibich) Здэнак (21.12.1850, Вшэбаржыцы каля г. Часлаў, Чэхія — 15.10.1900),

чэшскі кампазітар, піяніст, дырыжор і хормайстар; адзін са стваральнікаў нац. муз. драмы. Вучыўся ў муз. школе Б.​Сметаны (1865—66), Лейпцыгскай кансерваторыі (1866—67) і інш. З 1871 у Празе. У 1875 і 1877 дырыжор і хормайстар «Часовага тэатра», у 1878—81 рэгент хору рус. правасл. царквы, з 1899 заг. рэпертуарнай ч. ў опернай трупе Нац. т-ра. У 1873—74 выкладаў у Віленскім муз. вучылішчы Рус. муз. т-ва. Прадстаўнік чэш. муз. рамантызму. Свае драм. прынцыпы найб. паслядоўна ўвасобіў у трылогіі сцэн. меладрам «Іпадамія» (паст. 1890—91). Сярод твораў: 7 опер, у т. л. «Бланік» (паст. 1881), «Шарка» (паст. 1897), меладрамы, сімфоніі, камерна-інстр. і фп. п’есы, песні.

т. 16, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУШ (Bush) Алан Дадлі (н. 22.12.1900, Далуіч, каля Лондана),

англійскі кампазітар, піяніст, дырыжор. Вучыўся ў Каралеўскай акадэміі музыкі ў Лондане (1918—22), выкладаў у ёй. У 1929—40 маст. кіраўнік і дырыжор рабочага хар. саюза. Заснавальнік (1936) і старшыня Рабочай муз. асацыяцыі (з 1941 прэзідэнт), кіраўнік створанага ім камернага аркестра (1938—51). Як дырыжор гастраляваў у многіх краінах свету. Сярод тв.: оперы «Уот Тайлер» (1953), «Людзі з Блэкмура» (1956), «Джо Хіл, чалавек, які ніколі не памрэ» (1970); аперэта «Чароўнасць» (1953); кантаты, у т. л. «Галасы прарокаў» (1952); З сімфоніі, у т. л. Нотынгемская (1949) і «Байран» (1960); тв. для аркестра; камерна-інстр. творы; хары «Галодны паход», «Песня працы», «Абаронцы міру», «Песня дружбы», «Увесь свет — яго песня» (апошні прысвечаны П.​Робсану); песні і інш.

Літ.:

Котляров Б. Алан Буш. М., 1981.

т. 3, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯПУНО́Ў Сяргей Міхайлавіч (30.11. 1859, г. Яраслаўль, Расія — 8.11.1924),

расійскі кампазітар, піяніст, дырыжор.

Брат А.М.Ляпунова і Б.М.Ляпунова. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1883). З 1885 у Пецярбургу: у Прыдворнай пеўчай капэле, дырэктар Бясплатнай муз. школы, у 1910—23 праф. кансерваторыі, з 1919 Ін-та гісторыі мастацтваў. У творчасці прадаўжаў традыцыі «Магутнай кучкі». Сярод твораў: 2 сімфоніі (1887, 1917), Канцэртная уверцюра (1883), Урачыстая уверцюра на рус. тэмы (1896), сімф. паэмы і інш. для арк.; 2 канцэрты, Рапсодыя на ўкр. тэмы для фп. з арк.; камерна-інстр. ансамблі; саната, 12 эцюдаў вышэйшага выканальніцкага майстэрства, прэлюдыі, вальсы, мазуркі для фп.; хары, рамансы, песні; аркестроўкі. Запісваў і вывучаў нар. песні (зб. «Песні рускага народа», 1899). Разам з М.​Балакіравым удзельнічаў у выданні найб. поўнага збору твораў М.​Глінкі. Завяршыў і інструментаваў шэраг твораў Балакірава.

т. 9, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАК-ДО́ЎЭЛ (Mac Dowell) Эдуард Александэр (18.12.1860, Нью-Йорк — 23.1.1908),

амерыканскі кампазітар, піяніст, педагог; адзін з заснавальнікаў амер. кампазітарскай школы. Паводле паходжання шатландзец. У 1876—78 вучыўся ў кансерваторыях па класах фп. і кампазіцыі ў Парыжы і Франкфурцена-Майне. З 1888 вёў пед. і канцэртную дзейнасць у г. Бостан. У 1896—1904 праф. і кіраўнік першай у ЗША кафедры музыкі ў Калумбійскім ун-це (Нью-Йорк). Сярод твораў: 3 сімф. паэмы (1885, 1888, 1889), 2 сюіты (1891, 1895) і інш. для аркестра; канцэрты для фп. з арк. (1885, 1890); 4 санаты (1893, 1895, 1900, 1901), 6 ідылій паводле І.​В.​Гётэ (1887), «Марскія сцэны» (1898), 12 віртуозных эцюдаў (1894) і інш. для фп.; хары, цыклы песень, у т. л. на ўласныя словы, а таксама на словы Р.​Бёрнса, Гётэ і інш.

т. 9, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФА́ЛЬЯ (Falla) Мануэль дэ (23.11.1876, г. Кадыс, Іспанія — 14.11.1946),

іспанскі кампазітар і піяніст; адзін з вядучых дзеячаў нац. адраджэння (Рэнасім’ента). Вучань Ф.​Педрэля (кампазіцыя), Х.​Трага (фп.). У 1907—14 жыў у Парыжы, зблізіўся з імпрэсіяністамі. У 1940 эмігрыраваў у Аргенціну. Творчасць Ф. абагульніла рэгіянальныя асаблівасці нац. фальклору, традыцыі ісп. музыкі эпохі Рэнесансу і барока і стала вяршыняй ісп. сучаснай музыкі. Найб. вядомыя творы: опера «Кароткае жыццё» (паст. 1913), лялечная опера «Балаганчык маэстра Педра» (паст. 1923), балеты «Любоў-чараўніца» (паст. 1915) і «Трохвуголка» (паст. 1919), сюіта для фп. з арк. «Ночы ў садах Іспаніі» (1915), 7 нар. ісп. песень.

Тв.:

Рус. пер. — Статьи о музыке и музыкантах. М., 1971.

Літ.:

Крейн Ю. Мануэль де Фалья. М., 1960;

Мартынов И. М. де Фалья: Жизнь и творчество. М., 1986.

т. 16, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТО́КГАЎЗЕН (Stockhausen) Карлхайнц (н. 22.8.1928, Мёдрат, каля г. Кёльн, Германія),

нямецкі кампазітар, муз. тэарэтык; адзін з вядучых прадстаўнікоў муз. авангардызму. Вучань А.Месіяна і інш. З 1963 кіраўнік студыі электроннай музыкі Зах.-герм. радыё. У 1971—77 праф. Кёльнскай вышэйшай школы. У імкненні да стварэння універсальнай «музыкі ўсяго свету» звяртаецца да розных муз. сродкаў, у т. л. электроннай музыкі, розных тэхн. прыстасаванняў. З канца 1960-х г. для яго музыкі характэрны сузіральна-медытатыўны характар. Сярод твораў: «Спевы отракаў» (для 5 магнітафонаў, 1956), «Спіраль» (для саліста і кароткахвалевага прыёмніка, 1969), «Сірыус» (для сапрана і ансамбля, 1977) і інш. Выступае як дырыжор, піяніст і гукарэжысёр у выкананні асабістых твораў. Аўтар прац па псіхалогіі муз. ўспрымання, праблемах муз. часу. У 1978 адбыўся Міжнар. конкурс кампазітараў яго імя (Італія).

т. 17, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЛЬДЗЮ́К Юрый Мікалаевіч (н. 15.5.1948 г. Гродна),

бел. піяніст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1992). Скончыў Бел. кансерваторыю (1971, клас І.​Цвятаевай). Удасканальваўся ў Маскоўскай кансерваторыі (1973). У 1973—78 выкладаў у Сярэдняй спец. муз. школе пры бел. кансерваторыі. З 1978 заг. кафедры, з 1991 дацэнт Бел. акадэміі музыкі. З 1983 маст. кіраўнік Бел. філармоніі. Музыкант яркай індывідуальнасці, тонкі інтэрпрэтатар музыкі розных стыляў, гастраліруе як саліст і выканаўца камернай музыкі на Беларусі і за яе межамі, а таксама ў ансамблях з вядомымі інструменталістамі, опернымі і камернымі спевакамі. У рэпертуары творы бел. кампазітараў (Л.​Абеліёвіча, А.​Багатырова, Я.​Глебава, У.​Дамарацкага і інш.), зах.-еўрап. і рус. класічная і сучасная музыка. Сярод вучняў: А.​Сікорскі, В.​Бельцюкова, Н.​Венская і інш. Адзін з заснавальнікаў і арганізатараў міжнар. муз. фестываляў («Беларуская музычная восень», «Мінская вясна»), конкурсаў музыкантаў-выканаўцаў.

В.​П.​Савіцкая.

т. 5, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНА́ДАС, Гранадас-і-Кампінья (Granados y Campiña) Энрыке (27.7.1867, г. Лерыда, Іспанія — 24.3.1916), іспанскі кампазітар, піяніст, педагог. Вучыўся ў Ш.Берыо, Ф.Педрэля і Ж.Маснэ. Шмат канцэртаваў, вядомы як выканаўца твораў Ф.​Шапэна і Э.​Грыга. Выступаў з І.Альбенісам, Э.Ізаі, К.Сен-Сансам, Ж.Цібо і інш. У 1900 заснаваў у Барселоне Т-ва класічных канцэртаў (выступаў як дырыжор), у 1901 — Акадэмію музыкі (кіраўнік да 1916; пазней яго імя). Кампазітарская творчасць Гранадаса звязана з адраджэннем ісп. нар. музыкі, т.зв. Рэнасім’ента; асн. рыса яго твораў — спалучэнне нац. элемента з сучаснай тэхнікай пісьма. Сярод твораў: 7 опер, у т. л. «Марыя дэль Кармэн» (1898), «Гаескі» (1916); сімф. паэма «Боская камедыя» паводле Дантэ (1908) і інш. арк. творы; камерна-інстр. ансамблі; для фп. — 10 ісп. танцаў, «Арагонская рапсодыя», «Іспанскае капрычыо»; для голасу з фп. — танадыллі, песні, і інш.

Літ.:

Розеншильд К. Э.​Гранадос. М., 1971.

т. 5, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)