НАХІ́МАЎ Павел Сцяпанавіч [5.7.1802, с. Гарадок (б.с. Гарадок на тэр. сучаснага Вяземскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 12.7.1855], расійскі флатаводзец. Адмірал (1855). Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1818), служыў на Балт. флоце. Удзельнік кругасветнага плавання на фрэгаце «Крэйсер» пад камандаваннем М.П.Лазарава (1822—25), Наварынскай бітвы 1827, рус.-тур. вайны 1828—29. Камандаваў фрэгатам «Палада» (з 1829), потым на Чарнаморскім флоце лінейным караблём «Сілістрыя» (з 1834), брыгадай караблёў (з 1845), флоцкай дывізіяй (з 1852). У Крымскую вайну 1853—56 разграміў гал. сілы тур. флоту ў Сінопскай бітве 1853, адзін з кіраўнікоў Севастопальскай абароны 1854—55 (з лют. 1855 камандзір Севастопальскага порта і ваен. губернатар). 10.7.1855 смяротна паранены на Малахавым кургане. Помнік у Севастопалі (з 1959) і бюст у Вязьме (з сярэдзіны 1990-х г.). У СССР у 1944—91 існавалі ваен. ўзнагароды — ордэн Н. 1-й і 2-й ступеняў і медаль Н. Імем Н. названы шэраг баявых караблёў сав. і рас. ВМФ. З 1955—56 у С.-Пецярбургу дзейнічае Нахімаўскае вучылішча.

Літ.:

Адмирал Нахимов: Док. и очерки. Калининград, 1997.

П.С.Нахімаў.

т. 11, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТЭВІДЭ́О (Montevideo),

горад, сталіца Уругвая, на левым беразе эстуарыя Ла-Плата. Адм. ц. дэпартамента Мантэвідэо. Засн. ў 1726 іспанцамі. 1,3 млн. ж. (1997). Гал. порт краіны ў заліве Ла-Плата. Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Караска. Прам-сць: нафтаперапр., металаапр., эл.-тэхн., эм., хім., харч. (мясахаладабойная, кансервавая, мукамольная), гарбарна-абутковая, тэкст., паліграфічная. Кліматычны марскі курорт.

Да порта М. прымыкае Стары горад, пабудаваны паводле рэгулярнага плана 1724 (арх. П.​Мільян, Д.​Петрарка). У ім размешчана гал. пл. Канстытуцыі з саборам (1790—1804, арх. К. дэ Са-і-Фарыя, Х. дэль Поса-і-Маркі; рысы класіцызму і барока; фасад 1859—61, арх. Б.​Панчыні; 1941, арх. Р.​Руана) і старой ратушай (1804—08. арх. Т.​Тарыб’ё; класіцызм; завершана ў 1867—69), дамы калан. перыяду з унутр. дварамі. На З ад порта — прамысл. і рабочы раён Вілья-дэль-Сера (18—19 ст.) з прамавугольнай сеткай вуліц, абмежаваных з боку заліва ўзгоркам з крэпасцю (1801—09, інж. дэль Поса-і-Маркі). Паўн.-ўсх. ўзбярэжжа заліва забудавана фешэнебельнымі дамамі, курортнымі будынкамі і атэлямі. На Пн — жылыя раёны (Уньян і інш.) Новы горад склаўся ў 19—20 ст., мае свабодную планіроўку. Найб. значныя збудаванні: т-р «Саліс» (1841—74, арх. К.​Цукі, Ф.​Х.​Гармендыя, В.​Рабю; класіцызм), будынак парламента (1908—20, арх. Я.​Васкес Варэла, А.​Бачыні. Г.​Марэці; эклектыка), палац Сальва (1923—28, арх. М.​А.​Горы), у сучасных стылях — новая ратуша (1930), «Рамбла-атэль» (1931, абодва арх. М.​Кравота), інж.-геад. ф-т Рэсп. ун-та (1937—38, арх. Х.​Віламахо), комплекс Рамбла-і-Гуаякі (1952) і будынак «Панамерыкана» ў Бусеа (1957, абодва арх. Р.​Січэра Бурэ), мікрараён Касавалье (1960, арх. А.​Р.​Страта). Манументы: калона «Свабода» (1865—67, арх. І.​Гапрагоры, скульпт. Дж.​Ліві), «Праметэй прыкаваны» (1893, Х.​М.​Ферары), 2 помнікі Х.​Х.​Артыгасу (1913—23. італьян. скульпт. А.​Дзанелі; 1957, арх. Х.​Л.​Сарылья дэ Сан-Марцін), каланістам-перасяленцам «Фургон» (1929—34) і «Дыліжанс» (1953, абодва арх. Х.​Бельёні) і інш. У М. ун-ты, Нац. акадэмія. Ін-т геаграфіі і гісторыі. Нац. б-ка. Нац. кансерваторыя (з 1849), Ін-т Вердзі (з 1890), Муз. акадэмія Ф.​Ліста. Музеі: Нац. пластычных мастацтваў, гістарычны, муніцыпальны прыгожых мастацтваў. Т-ры «Вікторыя», «Саліс» і інш.

Т.​Р.​Мартыненка (архітэктура).

Палац Сальва (злева) на плошчы Незалежнасці ў Мантэвідэо.

т. 10, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

По́рткі мн. л. ’штаны, летнія штаны’, ’нагавіцы з саматканага сукна’, ’гаці’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл.; гродз., зах.-мін., ДАБМ, к. 326; Мал., Малч., Касп., Сл. ПЗБ, Ласт.), ’кальсоны’ (Мат. Гом.), ст.-бел. порты ’шаты, адзенне’: и подрал мордохаи порты свои (Альтбаўэр, 159), поръты ’назва для сподніх палатняных штаноў’ (Сл. Скар.), рус. портки ’тс’, польск. portki, porciaki, porty, portasy ’мужчынскія звычайныя штаны’, ’шырокія штаны’, ’абы-якія мужыцкія штаны’, ’шляхецкія штаны мясцовага крою, у адрозненні ад замежных’, ’два камлі дрэва з аднаго кораня, вілы’, ’сцёгны нагі’. Усходнеславянскае ўтварэнне ад порт 2 (гл.); адсюль, хутчэй за ўсё, цюрк. pyrty ’зношанае, парванае адзенне, лахманы, шмаццё’. Аг.-польск. portki лічыцца запазычаннем з усх.-слав., бо замест *partki Банькоўскі (2, 706) адзначае з’яўленне польск. portki ў XVI–XVIII стст. Мабыць, порты, порткі ў першасным значэнні ’сшытыя два кавалкі порта без дадатковага крою’ з выразнай анатацыяй ’простае адзенне’, ’адзенне простага чалавека’, параўн. рус. дыял. по́рты/порты́ ’сшытае палатно, сшыты порт’, ’шматы’, польск. portka ’доўгі і вузкі мяшэчак, падобны да калашыны’: pszenica w portkach.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЕРАНЕ́ЗЕ (Veronese; сапр. Кальяры; Caliari) Паала

(1528, г. Верона, Італія — 19.4.1588),

італьянскі жывапісец позняга Адраджэння. З 1553 працаваў пераважна ў Венецыі. Прадстаўнік венецыянскай школы жывапісу. Зазнаў уплыў Мікеланджэла, Рафаэля, Карэджа, Тыцыяна. Аўтар шматфігурных кампазіцый у час святочных баляў, шэсцяў і аўдыенцый, дзе чалавек выступае ва ўзаемасувязі з наваколлем («Шлюб у Кане Галілейскай», 1563, «Пакланенне вешчуноў», «Баль у доме Левія», абедзве 1573, і інш.). У сваім стылі спалучаў лёгкі вытанчаны малюнак і пластыку форм з каларыстычнай гамай, заснаванай на складаных сугуччах чыстых колераў, аб’яднаных серабрыстым тонам. Яго манум.-дэкар. жывапісу ўласцівыя святочнасць, выразнасць ракурсаў і руху, багацце колераў, сінтэз жывапісу і архітэктуры («Старасць і Юнацтва», 1553, «Трыумф Венецыі», 1578—85, «Знаходжанне Майсея», каля 1580, фрэскі для загарадных венецыянскіх віл). Стварыў мноства разнастайных па кампазіцыі алтароў («Мадонна з дзіцем і святымі», каля 1562). Нешматлікія партрэты вылучаюцца мяккай лірычнасцю, часам маюць адценне жанравасці («Граф да Порта з сынам Адрыяна», каля 1556). У 1570—80-я г. ў творчасці Веранезе прыкметны крызіс рэнесансавага светапогляду: у парадных палотнах назіраецца халодная афіцыйнасць, меланхолія, смутак («Мадонна з сям’ёй Кучына», 1571, «Аплакванне Хрыста», паміж 1576 і 1582, і інш.).

П.Веранезе. Знаходжанне Майсея. Каля 1580.

т. 4, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСАБЛА́НКА (араб. Дар-эль-Бейда, літар. — белы дом),

горад на З Марока. Адм. ц. прэфектуры Касабланка. Засн. ў 16 ст. 3,1 млн. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Атлантычным ак. Міжнар. аэрапорт. Гал. эканам. цэнтр Марока. Прам-сць: металаапр., маш.-буд. (у т. л. аўтазборка і суднабудаванне), харчасмакавая (у т. л. рыбакансервавая), тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, хім., паліграфічная. Ун-т. Штогадовыя міжнар. кірмашы.

Вакол старога горада — медыны (16 ст.; магчыма, на месцы стараж. г. Анфа; часткова захаваліся сцены), што прымыкае да порта (докі, 1916, франц. арх. А.​Перэ), паўкругам разросся сучасны горад з няправільнай сеткай вуліц, вял. плошчамі, шматпавярховымі жылымі, канторскімі, культавымі будынкамі, у т. л. царква Сакрэ-Кёр (1930—52, арх. П.​Турнон, П.​Буске), палацавы будынак Махакма-пашы (1941—52, арх. П.​Кадэт; аналагічны ісп.-маўрытанскаму палацу Альгамбра), «Лібертэ» (1950, арх. Л.​Марандзі; выш. 78 м). На гал. плошчы ансамбль ратушы, Палаца суда, т-ра, паштамта, агляднай вежы з гадзіннікам, фантан колерамузыкі. На ўскраіне кварталы 1-павярховай традыц. забудовы з унутр. замкнёнымі дварамі, рынкамі, мячэцямі (Новая медына, Айн-Шок). На ПдЗ — раён віл, пляжаў, на ПнУ — прамысл. зона.

т. 8, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎГУСТ ((Augustus) Гай Актавій) (з 44 да нашай эры Гай Юлій Цэзар Актавіян; Gaius Julius Caesar Octavianus; 23.9.63 да нашай эры, Рым — 19.8.14 нашай эры),

рымскі імператар [27 да нашай эры — 14 нашай эры]. Сваяк і прыёмны сын Юлія Цэзара. Пасля забойства Цэзара па яго завяшчанні стаў наследнікам і пачаў барацьбу за ўладу. У 43 да нашай эры заключыў саюз з Маркам Антоніем і Лепідам (2-і трыумвірат). У 42 да нашай эры трыумвіры разбілі войскі Брута і Касія, забойцаў Цэзара. Абвастрэнне супярэчнасцяў паміж Актавіянам і Антоніем (абодва імкнуліся да адзінаўладдзя) прывяло да грамадз. вайны. У 31 да нашай эры ў бітве каля мыса Акцый Аўгуст разбіў войскі Антонія і Клеапатры VII і стаў фактычна неабмежаваным правіцелем Рыма. У 27 да нашай эры атрымаў тытул «Аўгуст» (вялікі, свяшчэнны). У часы яго праўлення закладзены асновы прынцыпату. Аўгуст меў вышэйшую ваен. ўладу, пажыццёвую трыбунскую ўладу, быў вялікім пантыфікам (першым жрацом), 11 разоў выбіраўся консулам. У адносінах да народа праводзіў палітыку «хлеба і відовішчаў». Пры ім пашыраны межы дзяржавы. Праўленне Аўгуста супала з т.зв. «залатым векам» рым. л-ры і мастацтва. Месяц смерці Аўгуста быў назв. «аўгустам». Аўгуст і яго час услаўлялі Гарацый, Праперцый, Вергілій і інш.

Статуя імператара Аўгуста з Прыма-Порта. 1 ст. да н.э. — 1 ст. н.э.

т. 2, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМЕ́ЙКА (Ігнат Іпалітавіч) (31.7.1802, маёнтак Мядзведка, Карэліцкі р-н Гродзенскай вобл. — 23.1.1889),

геолаг, мінералог, даследчык Чылі. Скончыў Віленскі ун-т (1822). Удзельнік паўстання 1830—31. З 1832 у Парыжы, дзе скончыў Горную школу (1836). З 1838 у Чылі, арганізаваў вывучэнне геалогіі і мінералогіі Андаў, пустыні Атакама і аўтаномнай прав. Араўканіі на Пд Чылі; заснаваў метэаралагічную службу; стварыў этнагр. музей, Горную школу ў г. Какімба (з 1838 праф.); адкрыў медныя і сярэбраныя капальні, арганізаваў золатаздабычу і здабычу салетры; увёў метрычную сістэму вагі і мер; напісаў падручнікі па мінералогіі і метэаралогіі. У 1866—83 абраны рэктарам ун-та ў Сант’яга. У 1884 наведаў радзіму (Мядзведка, Мір, Крошын). Чылійскі ўрад абвясціў Д. нац. героем. Яго імем названы: мінерал дамейкіт, выкапнёвы слімак, фіялка, аманіт чылійскі; горад у Араўканіі на Пд, рабочы пасёлак паблізу порта Антафагаста на Пн Чылі, хрыбет у Андах (Кардыльера-Д.); ун-т і нац. б-ка ў Сант’яга. У яго гонар выбіты медаль і пастаўлены помнік у Сант’яга. У б. фальварку Д. (в. Заполле Лідскага р-на) адкрыты музей.

Тв.:

Moje podróze: Pamiętniki wygnańca. T. 1—-3. Wrocław etc., 1962—63.

Літ.:

Мальдзіс A Падарожжа ў XIX ст. Мн., 1969.;

Szwejcerowa A. Jgnacy Domeyko. Warszawa, 1975;

Wójcik Z. Jgnacy Domeyko. Warszawa;

Wroclaw, 1995.

В.​А.​Ярмоленка.

І.І.Дамейка.

т. 6, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

брандва́хта

(гал. brandwacht)

1) вартавое судна на рэйдзе, якое рэгулюе рух караблёў і сочыць за выкананнем суднаходных правіл;

2) пост на беразе або судне для назірання за пажарнай бяспекай у раёне порта;

3) дапаможнае судна землечарпальнага каравана, якое служыць жыллём для экіпажаў суднаў, што ўваходзяць у гэты караван.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

трады́цыя, ‑і, ж.

Гістарычна выпрацаваныя звычаі, погляды, нормы паводзін, густу і пад., якія пераходзяць ад папярэдняга да наступнага пакалення. Крытычныя традыцыі Бялінскага. Рэвалюцыйныя традыцыі пралетарыяту. Класічныя традыцыі тэатра. □ [Пятро Тадаровіч] чапляўся за зямлю, за традыцыі працавітага простага чалавека, за жыццё. Чорны. Ламаць устаноўленыя традыцыі нельга было без рызыкі здабыць славу нейкага адшчапенца і чалавека падазронага, асабліва ў такі час, калі настаўнікі зарэкамендавалі сябе як людзі з крамольніцкім складам мыслей. Колас. // Парадак, няпісаны закон, што ўстанавіўся ў паводзінах, быце. Стаць традыцыяй. Увайсці ў традыцыю. □ Начальнік порта ў захапленні ад адвагі капітана, які застаўся адзін .. і не пакідаў судн[а] паводле лепшых мараходных традыцый. Самуйлёнак. У брыгадзе з’явілася і такая традыцыя — калектыўна адзначаць дні нараджэння. Лось. // Норма чаго‑н. Традыцыя сцэнічнага вымаўлення.

[Ад лац. traditio — перадача.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АЛЖЫ́Р (араб. Аль-Джазаір),

горад, сталіца Алжыра. Адм. ц. вілаі Алжыр. З прыгарадамі — Вялікі Алжыр (Алжырская агламерацыя), 2,5 млн. ж. (1990). Трансп. вузел. Буйны порт на Міжземным м. Міжнар. аэрапорт. Галоўны эканам., навук. і культ. цэнтр. Маш.-буд., тэкст., харчасмакавая, хім., нафтаперапр., цэментная прам-сць. Метрапалітэн. Ун-т.

Засн. ў 10 ст. на руінах невял. рым. порта Ікозіум. Назва ад араб. слова «аль-джазаір» (астравы). Хутка стаў важным гандл. цэнтрам на Міжземным моры. Да пач. 16 ст. ўваходзіў у араба-берберскія дзяржавы Фатымідаў, Альмаравідаў, Альмахадаў, Заянідаў. У 1510 заняты іспанцамі. У 1530 грэка-тур. карсары выгналі іспанцаў, захапілі ўладу і перайшлі пад апеку Асманскай імперыі. У 1830—62 адм. ц. франц. калоніі Алжыр. У час 2-й сусв. вайны ў Алжыры штаб-кватэра саюзнага камандавання на Міжземным м. З 1962 сталіца Алжыра.

Размешчаны амфітэатрам на зах. беразе Алжырскага заліва каля падножжа і па схілах узгоркаў. Шмат садоў і паркаў. У старым горадзе (з 1978 музей-запаведнік) захаваліся касба-крэпасць (тур. часу), Вял. мячэць (1096) з мінарэтам (1323), мячэць-усыпальніца Сідзі Абдарахман (1611), мячэць Джамі аль-Джэдзід (мячэць Рыбакоў, 1660); палацы Дар Азіза (1551) і Мустафа-пашы (1799—1800); віла Бардо (18 ст., цяпер Музей першабытнай гісторыі і этнаграфіі).

У новым горадзе (развіваўся ў 19 ст. на ПдЗ ад сярэдневяковага) Дом урада (1930, арх. Ж.​Гёшэн, А. і Г.​Перэ), Палац нацый (1965, арх. Мустафа Муса), Дом радыё і тэлебачання (1950-я г., арх. П.​Турнон і М.​Жалі) і інш. Працуе Нац. музей прыгожых мастацтваў.

т. 1, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)