КАНЕ́ЧНЫ АЎТАМАТ,

матэматычная мадэль сістэмы, якая пераўтварае дыскрэтную інфармацыю і мае канечны фіксаваны аб’ём памяці; важнейшы від кіравальных і вылічальных сістэм. Мае ўваходны і выхадны каналы і ў кожны дыскрэтны (тактавы) момант часу знаходзіцца ў адным з унутр. станаў з пэўнага канечнага набору (мноства).

У кожны тактавы момант часу на ўваход падаецца некаторы сімвал уваходнага канечнага алфавіта, аўтамат выдае адпаведны выхадны сімвал (вызначаецца функцыяй выхаду) і пераходзіць у інш. ўнутр. стан (вызначаецца функцыяй пераходу). Найб. важныя кірункі тэорыі К.а. — сінтэз надзейных элементаў сістэм і даследаванне паводзін К.а. ў выпадковых асяроддзях; яе метады выкарыстоўваюцца пры праектаванні дыскрэтных прылад і прыстасаванняў, напр., лічбавых ЭВМ, у біялогіі, псіхалогіі і інш. Гл. таксама Аўтаматаў тэорыя.

А.​Дз.​Закрэўскі.

т. 7, с. 584

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕКУЛЯ́РНЫ ГЕНЕРА́ТАР,

квантавы генератар, у якім незатухальныя ваганні падтрымліваюцца вымушаным выпрамяненнем пучка ўзбуджаных малекул або атамаў; разнавіднасць мазера. Выкарыстоўваецца як актыўны квантавы стандарт частаты ў службе часу (гл. Квантавы гадзіннік), у касм. навігацыі, геадэзіі, картаграфіі, як радыёспектраскоп высокага раздзялення пры даследаваннях малекул аміяку, атамаў азоту і вадароду, а таксама іх ядраў.

Першы М.г. на малекулах аміяку створаны ў 1955 М.Г.Басавым і А.М.Прохаравым і незалежна амер. фізікам Ч.​Таўнсам. Пучок малекул аміяку накіроўваўся ў сартавальнае прыстасаванне, праз якое ў аб’ёмны рэзанатар праходзілі толькі ўзбуджаныя часціцы. Пучок, які пралятае праз настроены на частату малекулярнага пераходу рэзанатар, выпрамяняе лішак сваёй энергіі. Вызначаецца высокімі стабільнасцю частаты генерацыі і монахраматычнасцю.

Л.​М.​Арлоў.

Схема малекулярнага генератара.

т. 10, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАЛІ́Т (ад неа... + грэч. lithos камень),

новы каменны век, апошні перыяд каменнага веку. Пачаўся ў 8-м тыс. да н.э. на Б.​Усходзе, потым у Індакітаі як эпоха пераходу да вытвараючай гаспадаркі. У Еўропе працягваўся з 6-га да канца 3-га тыс. да н.э. У эпоху Н. пашырыліся шліхтаваныя каменныя прылады працы, вынайдзены керамічны посуд, зарадзілася земляробства і жывёлагадоўля, дасягнуў росквіту мацярынска-родавы лад. На Беларусі Н. настаў у канцы 5-га тыс. да н.э., скончыўся ў 2000—1800-я г. да н.э. У гэты час тут пражывалі плямёны днепра-данецкай культуры, верхнедняпроўскай культуры, нёманскай культуры, нарвенскай культуры, культур тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі, лейкападобных кубкаў, шарападобных амфар і інш.

т. 11, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГРА́МА ў інфарматыцы,

дакладнае апісанне на фармальнай мове паслядоўнасці дзеянняў аўтаматычнай прылады (часцей ЭВМ); рэалізуе распрацаваны алгарытм.

П. ЭВМ складаецца з сукупнасці каманд (інструкцый), якія выкарыстоўваюцца для кіравання яе работай. Каманды выконваюць арыфметыка-лагічныя аперацыі над данымі ці аналізуюць вынікі такіх аперацый. Аўтаматызм выканання дасягаецца тым, што за бягучай камандай (акрамя апошняй) абавязкова называецца чарговая або тая, якая вызначаецца камандай умоўнага ці безумоўнага пераходу. Выбар напрамку ў камандах галінавання залежыць ад выніку аперацый над данымі. Некат. каманды ці іх групы могуць выконвацца шматразова, таму працягласць работы П. залежыць ад уваходных даных (П. рэагуе на разнастайнасць даных і іх пераўтварэнні). Распрацоўка П. — адна з асноўных задач прыкладной матэматыкі.

С.​У.​Абламейка.

т. 12, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА ААН У РЭСПУ́БЛІЦЫ БЕЛАРУ́СЬ.

Адкрыта 8.9.1992 у Мінску. Створана і дзейнічае ў адпаведнасці з пагадненнямі паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ААН і Праграмай развіцця ААН (ПРААН). З’яўляецца першым з 8 прадстаўніцтваў ААН, створаных па ініцыятыве ген. сакратара ААН Б.Бутраса-Галі ў краінах СНД. Аказвае дапамогу народу і ўраду Беларусі ў правядзенні праграм эканам. і сац. развіцця ў час пераходу эканомікі краіны да рыначных адносін і яе інтэгравання ў сусв. супольніцтва, спрыяе працэсам дэмакратызацыі, свабоднаму прадпрымальніцтву, каардынуе дапамогу Беларусі з боку краін-донараў і асобных міжнар. арг-цый, распаўсюджвае матэрыялы і дакументы ААН і з’яўляецца крыніцай інфармацыі пра дзейнасць ААН. Супрацоўнічае з грамадскімі арг-цыямі, аб’яднаннямі, сродкамі масавай інфармацыі Беларусі і інш.

т. 12, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ез Перагародка на рацэ, возеры і затоцы ў вузкім месцы для лоўлі рыбы або для закрыцця пераходу рыбе з аднаго месца ў другое (БРС). Тое ж заездкі (Расія, т. 9, стар. 274).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

вы́бух, ‑у, м.

1. Хімічная рэакцыя з імгненным вылучэннем энергіі, якая суправаджаецца моцным гукам, успламяненнем і выклікае разбуральныя дзеянні. Выбух дынаміту. Выбух гранаты. Ядзерны выбух.

2. Выбуховая хваля. У гэты момант магутны раскацісты выбух скалануў вагон. Паслядовіч.

3. перан. Раптоўнае праяўленне якога‑н. дзеяння ці пачуцця. Рэвалюцыйны выбух. Выбух смеху, абурэння. □ Прамова скончана. У зале Выбух воплескаў, як шквал. А. Александровіч.

4. Форма скачкападобнага пераходу якой‑н. з’явы ад старой да новай якасці.

5. Імгненны выхад струменю паветра пры вымаўленні некаторых зычных гукаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Махла́к1 ’тазасцегнавы сустаў’ (даўг., Сл. ПЗБ). З масла́к < масол, маслы́ (гл.). Незвычайнасць пераходу с > х.

Махла́к2 ’стары грыб’ (докш., Янк. Мат.). З масля́к (гл.) пры ад’ідэацыі вахла́к ’неахайны чалавек’.

Махла́к3 ’ашуканец’ (брасл., Сл. ПЗБ). З рус. маклак ’перакупшчык, маклер, хлус’, якое з новав.-ням. ці н.-ням. Makler ’маклер’ або з гал. makelaar ’спекулянт’ (Бернекер, 2, 9; Фасмер, 2, 561).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АГРА́РНАЕ ПРА́ВА,

спецыялізаваная комплексная галіна права, нормы якога замацоўваюць асн. прынцыпы арг-цыі і дзейнасці с.-г. прадпрыемстваў і аб’яднанняў, рэгулююць іх узаемаадносіны паміж сабой і дзяржавай, з работнікамі сельскай гаспадаркі і грамадзянамі, якія вядуць індывід. сялянскую (фермерскую) гаспадарку. Прававымі ін-тамі аграрнага права з’яўляюцца: аграрныя праваадносіны, прававое рэгуляванне пераходу да рыначных адносін у аграпрамысл. комплексе, дзярж. рэгуляванне сельскай гаспадаркі, прававое становішча суб’ектаў гаспадарання, арганізацыйна-прававыя формы іх кіраўніцтва, права ўласнасці на зямлю і сродкі вытв-сці, рэгуляванне працоўных адносін, аплата працы і размеркаванне прыбыткаў і інш. Асн. крыніцы аграрнага права на Беларусі — Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі, законы аб праве ўласнасці на зямлю, аб плацяжах за зямлю, аб сялянскай (фермерскай) гаспадарцы і інш.

М.​В.​Сторажаў.

т. 1, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АКСАМІ́ТНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ» 1989 у Чэхаславакіі,

умоўная назва працэсу пераходу ад камуніст. ладу, што існаваў з 1948, да дэмакр. праўлення. Адбылася ў ліст.снеж. ў мяккай, спакойнай форме (адсюль і назва). Масавыя выступленні 17—26 ліст. працоўных, студэнтаў за ўстанаўленне дэмакратыі і паліт. плюралізму ўзначалілі апазіц. рухі Грамадзянскі форум на чале з В.Гавелам і Грамадскасць супраць насілля. Камуністы вымушаны былі пайсці на перагаворы з апазіцыяй. У выніку ўлада перайшла да прадстаўнікоў апазіцыі. Нац. сход выключыў з канстытуцыі краіны артыкулы аб кіруючай ролі камуніст. партыі і марксісцка-ленінскай ідэалогіі. У снеж. 1989 прэзідэнтам краіны абраны Гавел, старшынёй нац. сходу — А.Дубчак, сфарміраваны ўрад нац. адзінства на чале з М.​Чалфам. Парламенцкія выбары ў чэрв. 1990 замацавалі перамогу дэмакр. сіл.

А.​А.​Чалядзінскі.

т. 1, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)