УРА́РТУ,

старажытная дзяржава 9—6 ст. да н.э. на тэр. Армянскага нагор’я паміж азёрамі Ван, Урмія і Севан. У клінапісных дакументах вядома пад назвай Біайні, у Бібліі — «царства Арарат». Аб’ядноўвала групу плямён на чале з племем наіры, захапіла ў Асірыі паўн. раёны Сірыі і воз. Урмія; кантралявала шляхі, што звязвалі Пярэднюю Азію з Міжземнамор’ем і М. Азіяй. Сталіца — г. Тушпа. Найб. магутнасці і росквіту дасягнула ў 8 ст. да н.э. пры царах Менуа [810—778 да н.э.], Аргішці I [778—750 да н.э.], Сардуры II [750—730 да н.э.]. На У. двойчы нападала Асірыя (735 і 714 да н.э.). Каля 590 да н.э. заваявана Мідыяй (верагодна, з удзелам скіфаў). Насельніцтва У. займалася арашальным земляробствам (вырошчвала пшаніцу, ячмень, проса), паўкачавой жывёлагадоўляй. Асн. вытворцамі былі вольныя і напаўвольныя абшчыннікі. Рабы пракладвалі арашальныя каналы, будавалі вадасховішчы, палацы, крэпасці, гарады, найб. з іх Эрэбуні (гл. Арын-Берд), Тэйшэбаіні, Тушпа. Высокага развіцця ва У. дасягнула рамяство, асабліва апрацоўка жалеза, бронзы, каляровых металаў, каштоўных камянёў, дрэва. Пры раскопках гарадоў выяўлены гліняныя і бронз. пасудзіны з імёнамі цароў, жал. і бронз. прылады працы, зброя, упрыгожанні, цыліндрычныя пячаткі, асірыйскія пацеркі, рэчы скіфскага паходжання. Насельніцтва У. мела сваю пісьменнасць (клінапіс), метрычную і лічбавую сістэмы, узнікла матэматыка. Культура У. зрабіла ўплыў на развіццё народаў Закаўказзя (перш за ўсё Арменіі).

Літ.:

Пиотровский Б.Б. Ванское царство (Урарту). М., 1959;

Арутюнян Н.В. Новые урартские надписи Кармир-Блура. Ереван, 1966.

т. 16, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Варо́нка ’адтуліна; лаз на гару, ход у склеп і г. д.’ (Тарн., Маш., Сцяшк. МГ, Жд., 2); ’дупло’ (Шатал.). Укр. воро́нка, рус. воро́нка ’варонка’, ворона́ ’адтуліна ў карме судна, дзе праходзіць руль’, польск. wrona, wronka ’адтуліна ў бочцы’, чэш. vrana, vranka ’тс’, балг. вра́на ’корак, затычка’, серб.-харв. вра̑њ ’затычка ў бочцы’. Прасл. *vorna ’прылада для закрывання і адкрывання пасудзіны (затычка і адтуліна)’; утварэнне ад кораня *u̯er‑: *u̯or‑, які выступае ў прасл. *verti ’адкрываць, закрываць, утыкаць, хаваць’ (параўн. варо́ты) (Фасмер, 1, 354; Міклашыч, 382; Шанскі, 1, В, 167; Брукнер, 632 і інш.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бакла́га. Ст.-бел. боклаг, боклага, баклага, биклаха (Гіст. лекс., 139; Булыка, Запазыч.). Рус. бакла́га, бакла́жка і інш., укр. бакла́г, бакла́га, бакло́, боклаг, боклага (дзве апошнія формы з XVI ст.) і г. д. Запазычанне з цюрк. моў (параўн. каз.-тат., тур. baklak від пасудзіны для вады’). Міклашыч, Türk. El. Nachtr., І, 9; Карловіч, Wyr. obce, 73; Брукнер, KZ, 48, 161; Фасмер, 1, 110. Для ўкр. мовы, магчыма, некаторыя формы праз польск. (бо́кло, бо́кла, бо́клак, параўн. польск. bukłak, bokłak). Адносна рум. версіі гл. Шалудзька, Rum., 126 і Крынжалэ, 216. Параўн. яшчэ бікла́га.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жо́лаб ’прадаўгаватае паглыбленне; карыта’. Рус. желоб ’прыстасаванне для стоку вады’, укр. жо́лоб ’карыта, прыстасаванне для перасыпання, пералівання’, польск. żłób, серб.-луж. žłob, чэш., славац. žlab, славен. žlêb, балг., макед. жлеб ’тс’. Ст.-рус. желобъ, жолобъ. Ц.-слав. жлѣбъ. Прасл. *želbъ < gelbъ. Ільінскі (РФВ, 1918, 78, 3–4, 198) звязваў са ст.-ісл. golf ’унутранасць пасудзіны; падлога’. Фасмер, 2, 61; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 282; БЕР, І, 550; Махэк₂, 729; Скок, 3, 683. Пятлёва (Этимология, 1975, 47–49) звязвае з серб.-харв. ижуњити ’выдаўбаць’ і лічыць першасным значэнне ’выдаўбанае’. Іншыя этымалогіі (гл. Фасмер) малаверагодныя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГАНЧА́РНЫ КРУГ,

станок (прыстасаванне) для фармоўкі ганчарных вырабаў, дзеянне якога заснавана на цэнтральным вярчэнні ў адной плоскасці пры дапамозе верт. восі. Напачатку карысталіся ручным ганчарным кругам, пазней вынайдзены нажны. З паяўленнем ганчарнага круга ганчарства ператварылася ў рамяство з вылучэннем спецыялістаў-ганчароў. Цяпер ганчары карыстаюцца пераважна нажным ганчарным кругам з рухомай воссю на падшыпніках, на прамысл. прадпрыемствах — з электрамех. прыводам. Першыя ганчарныя кругі з’явіліся ў 4—3-м тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу, у 2—1-м тыс. да н.э. пашырыліся ў Еўропе, з 1-й пал. 1-га тыс. н.э. — у некат. усх.-слав. плямён, з 9—10 ст. — у Стараж. Русі. На Беларусі вядомыя з 10 ст. Ручны ганчарны круг — драўляны дыск, які насаджваўся на дубовую або жалезную вось, убітую ў зямлю (калоду, плашку, крыжавіну). Пры вярчэнні дыска рукой загладжвалі паверхню зробленай уручную пасудзіны або з камяка гліны выцягвалі полае цела патрэбнай формы. Пазней узнік ручны ганчарны круг з крыжавінай, спіцамі, двума дыскамі. З сярэдзіны 16 ст. бытаваў нажны ганчарны круг, які складаўся з двух злучаных спіцамі дыскаў, насаджаных на нерухомую вось. Ніжні дыск прыводзіўся ў рух нагамі, а на верхнім рукамі фармаваўся выраб. Больш дасканалым стаў нажны ганчарны круг з рухомай воссю, якая ўпіралася ніжнім канцом у падстаўку з гняздом — порпліцу. Нажныя ганчарныя кругі з сярэдзіны 18 ст. выкарыстоўвалі і для вытв-сці фаянсавых вырабаў.

В.​М.​Ляўко.

Ганчарныя кругі: 1 — ручны з нерухомай воссю; 2 — нажны з нерухомай воссю; 3 — нажны з рухомай воссю.

т. 5, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВЯНЕ́ЦКАЯ КЕРА́МІКА,

традыцыйныя вырабы гасп. і дэкар. прызначэння з г.п. Івянец (Валожынскі р-н Мінскай вобл.). Промысел вядомы з 16 ст. Выраблялі кухонны і сталовы посуд (тэракотавы, чорназадымлены, глазураваны) шырокага асартыменту, тэракотавую і паліваную кафлю з рэльефнымі расліннымі, зааморфнымі і геральдычнымі выявамі. Асаблівага развіцця І.к. дасягнула ў канцы 19 — пач. 20 ст., калі працавалі майстэрні па вытв-сці посуду і кафлі, значна пашырыўся асартымент вырабаў (цукарніцы, чайнікі, маслёнкі, вазы, попельніцы, падсвечнікі і інш.). Выраблялі пераважна посуд, глазураваны празрыстай палівай, пад якую наносілі ангобную размалёўку карычневага ці белага колеру ў выглядзе прамых і хвалістых паяскоў, хваёвых лапак інш. геам. і раслінных матываў. У майстэрнях П.​Лотыша, К.​Дамброўскага, братоў Собаляў выраблялі глазураваную манахромную (жоўтую, карычневую, белую, зялёную) кафлю з рэльефнымі матывамі раслін, кветак, адвольных кампазіцый у стылі мадэрн, а таксама карнізы для печаў, цацкі і інш. У 1960 на базе арцелі імя Дзяржынскага была створана ф-ка маст. керамікі і вышыўкі (з 1979 з-д маст. керамікі). Посуд мяккіх круглаватых форм, аздоблены гладкімі і расчасанымі хвалістымі палосамі ангобнага дэкору (фляндроўкай), фігурныя пасудзіны ў выглядзе львоў, бараноў, зуброў, утылітарна-дэкар. вырабы, дробная пластыка карысталіся шырокай папулярнасцю, экспанаваліся на айч. замежных выстаўках, экспартаваліся ў многія краіны. І.к. 1980—90-х г. — штампаваныя і літыя вырабы гасп. і дэкар.-маст. прызначэння.

Літ.:

Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 6 Мн., 1994;

Сахута Я. Беларуская народная кераміка. Мн., 1987;

Яго ж. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.

Я.​М.​Сахта.

Івянецкая кераміка. Пач. 20 ст.

т. 7, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЯГЕ́ННАЯ ТЭ́ХНІКА,

галіна тэхнікі, звязаная з атрыманнем, захоўваннем і выкарыстаннем крыягенных т-р (ніжэй за 120 К; гл. Нізкія тэмпературы). Да сродкаў К.т. адносяцца ўстаноўкі і апараты для звадкавання газаў (азоту, кіслароду, вадароду, гелію і інш.) і раздзялення ізатопаў і газавых сумесей нізкатэмпературнымі метадамі, крыягенныя вакуумныя помпы, ёмістасці для захоўвання і транспарціроўкі звадкаваных газаў (Дзьюара пасудзіны, крыястаты, крыярэфрыжэратары і інш. халадзільныя машыны).

Сродкі і метады К.т. выкарыстоўваюцца ў касм. і ракетнай тэхніцы (стварэнне глыбокага вакууму для касм. трэнажораў і аэрадынамічных труб, атрыманне крыягеннага паліва і акісляльнікаў для ракетных рухавікоў), энергетыцы (звышправодныя крыягенныя генератары, электрарухавікі, трансфарматары, кабелі, устройствы для атрымання звышмагутных магнітных палёў — звышправодныя магніты, саленоіды), электроніцы і вылічальнай тэхніцы (сродкі крыяэлектронікі, квантавыя ўзмацняльнікі і генератары, крыятроны на аснове звышправодных элементаў для апрацоўкі і запамінання інфармацыі, крыя-ЭВМ), медыцыне (сродкі крыятэрапіі. крыяхірургічныя інструменты, сродкі кансервацыі крыві, тканак і інш.), біялогіі (гл. Крыябіялогія), навуцы (прылады крыяскапіі, пузырковыя камеры, прыёмнікі інфрачырвонага выпрамянення), металургіі, сельскай гаспадарцы, харч. прам-сці і інш.

На Беларусі праблемамі К.т. займаюцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, у Акад. навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.​В.​Лыкава» Нац. АН, БДУ і інш.

Літ.:

Фастовский В.Г., Петровский Ю.В., Ровинский А.Е. Криогенная техника. 2 изд. М., 1974;

Околотин В.С. Сверхзадача для сверхпроводников. М., 1983.

В.​У.​Гіль.

Да арт. Крыягенная тэхніка. Схема атрымання крыягенных (ніжэй за 120 К) тэмператур: 1 — пасудзіна Дзьюара; 2 — кандэнсатар; 3 — кампрэсар; 4 — цеплаабменнік; 5 — турбадэтандэр.

т. 8, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́КАЎСКАЯ КЕРА́МІКА,

традыцыйныя ганчарныя вырабы з в. Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл. Як ганчарны цэнтр Ракаў вядомы з сярэдневякоўя. Тут выраблялі гасп. посуд, аздоблены выціснутым арнаментам ці ангобнай размалёўкай, а таксама кафлю з рэльефным малюнкам рэнесансавага, барочнага, класіцыстычнага характару, з канца 19 ст. ў стылі мадэрн. Найб. развіцця Р.к. дасягнула ў 19 — пач. 20 ст. (працавала больш за 100 ганчароў). Паводле памераў і аб’ёмаў гасп. посуд меў пэўныя назвы; цацкавы (аб’ёмам да 0,5 л), смятанкавы (1 л), рублёвы (2 л), квартавы (3 л), паўгарцавы (4—5 л), гарцавы (10 л), двухгарцавы (20 л), васьміквартавы, ці пакавы (больш за 20 л). Посуд пластычных акруглых форм звонку і ўнутры звычайна пакрывалі празрыстай палівай, у 1920—30-я г. нярэдка аздаблялі падглазурнай ангобнай размалёўкай расл. характару. Да канца 19 ст. бытаваў і чорнаглянцаваны посуд. Сярод вырабаў дэкар. керамікі — талеркі з пажадальнымі надпісамі, букетнікі, чарнільныя прыборы, попельніцы, фігурныя пасудзіны ў выглядзе бараноў, мядзведзяў, ільвоў, дзіцячыя цацкі. Наіўна-рэаліст. трактоўкай вызначаецца дробная пластыка 1920—30-х г. у выглядзе коннікаў, паненак, кавалераў у характэрным адзенні, з муз. інструментамі ці букетамі ў руках. З 1939 працавала арцель «Чырвоны ганчар», у 1945 — канцы 1950-х г. — «3-га ліпеня», якія выпускалі гасп. посуд нешырокага асартыменту і гладкую тэракотавую кафлю.

Літ.:

Сахута Я.М. Беларуская народная кераміка. Мн., 1987.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Ракаўская кераміка. Цацкі «Коннікі». 1930-я г.
Да арт. Ракаўская кераміка. Міска. 1930-я г.

т. 13, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

разлі́ць, разалью́, разалье́ш, разалье́; разальём, разальяце́, разалью́ць і разлію́, разліе́ш, разліе́; разліём, разліяце́, разлію́ць; разліў, -ліла́; -ло́; разлі; -літы; зак., што.

1. Выліць часткова або поўнасцю; расплюхаць.

Р. малако.

2. Пераліць якую-н. вадкасць з адной пасудзіны ў некалькі іншых.

Р. віно ў шклянкі.

3. безас. Прымусіць выйсці з берагоў.

Рэчку разліло вельмі шырока.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Распаўсюдзіць ва ўсе бакі, па ўсёй прасторы чаго-н., у межах чаго-н.

Сонца разліло святло па зямлі.

◊

Вадой не разліць (не разальеш) каго — пра неразлучных сяброў.

|| незак. разліва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. разлі́ў, -ліву, м. (да 2 знач.), разлі́ўка, -і, ДМ -ліўцы, ж. (да 2 знач.), разліва́нне, -я, н. і разліццё, -я́, н. (да 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

СЯРЭДНЕДНЯПРО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён бронзавага веку, якія ў 2-й пал. 3-га — 1-й пал. 2-га тыс. да н. э. насялялі Верхняе і Сярэдняе Падняпроўе, у т. л. тэр. сучасных Гомельскай, Магілёўскай, часткова Мінскай і Віцебскай абл. Вылучаюць ранні (26—24 ст. да н.э.), сярэдні (23—18 ст. да н.э.) і позні (18—15 ст. да н.э.) этапы. На тэр. Беларусі С.к. пашырылася на сярэднім і познім этапах. Асн. заняткі насельніцтва — земляробства і жывёлагадоўля, дадатковыя — рыбалоўства, паляванне і збіральніцтва.

Паселішчы размяшчаліся на пясчаных дзюнах, узвышэннях поймы, на краях тэрас і на ўчастках карэннага берага. Жытлы наземныя слупавой канструкцыі і паўзямлянкі, унутры мелі агнішчы. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным стане на баку ў авальных або прамавугольных ямах і трупаспаленне на курганных могільніках. Насельніцтва С.к. вырабляла гаршкі, кубкі, слоікі, чашы з шара- і яйцападобным тулавам, слоікападобныя пласкадонныя пасудзіны і інш. У глінянае цеста дамешвалі пясок, шамот і дробны кварц. Верхняя частка посуду звычайна ўпрыгожвалася адбіткамі шнура, лінейнага і зубчастага штампа, наразнымі лініямі, уцісканнямі, зашчыпамі і інш. элементамі, якія ўтваралі гарыз. і дыяганальныя рады арнаментаў, трохвугольныя кампазіцыі. Плямёны С.к. карысталіся крамянёвымі і касцянымі прыладамі працы (сякеры, скрабкі, скоблі, нажы, сярпы, цёслы і інш.), меднымі і бронзавымі ўпрыгожаннямі (дыядэмы, шыйныя грыўні, бранзалеты, трубчастыя пранізкі, скроневыя кольцы, бурштынавыя падвескі). Найб. вядомыя помнікі С.к. на Беларусі Ксяндзова Гара, Струмень, Рудня-Шлягіна, Сябровічы, Ходасавічы.

Літ.:

Археалогія Беларусі. Т. 1. Мн., 1997.

А.​Г.​Калечыц.

Да арт. Сярэднедняпроўская культура: посуд 2-га (верхнія 3 рады) і 3-га этапаў.

т. 15, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)