АЎЧА́РКІ,

група парод службовых сабак. Пашыраны ва ўсім свеце. Гадуюць для пастухоўскай, каравульнай, вышуковай і інш. службы. Вызначаюцца моцнай канстытуцыяй, прапарцыянальным складам цела, багатым шэрсным покрывам. Смелыя, вынослівыя сабакі, якія лёгка дрэсіруюцца. Вядомыя пароды: каўказская, сярэднеазіяцкая, паўднёваруская, шатландская (колі) і інш. Найб. пашыраная — нямецкая аўчарка, на аснове якой створаны ўсх.-еўрап. тып.

Нямецкая аўчарка — адна з лепшых вартавых сабак, моцная, з добра развітой мускулатурай, выш. ў карку ў сярэднім каля 60 см. Вызначаецца развітым інстынктам аховы гаспадара, яго рэчаў, двара, жывёлы і інш. Усходнееўрапейская аўчарка буйнейшая за ням., з больш сухім і моцным складам цела, выш. ў карку 62—70 см; галава клінападобная, вушы стаячыя, хвост шаблепадобны; масць цёмна- і светла-шэрая, чорная з падпалінамі, рыжая розных адценняў. Каўказская, сярэднеазіяцкая і паўднёваруская аўчаркі — пастухоўскія пароды стараж. паходжання, з масіўнай шырокай галавой, грубым касцяком, магутнымі лапамі; вушы вісячыя, хвост серпападобны. Выш. ў карку 60—65 см. Гадуюць іх пераважна ва ўсходнееўрап. і сярэднеазіяцкіх краінах. У многіх краінах свету пашыраны даўгашэрсны і барадаты колі, у прыдунайскіх краінах — чорныя кудлатыя пулі і пумі, белыя кувасы, камандоры і інш.

Аўчаркі: 1 — нямецкая; 2 — бельгійская; 3 — сярэднеазіяцкая; 4 — каўказская; 5 — даўгашэрсны колі; 6 — барадаты колі.

т. 2, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВЕ́ЧКА свойская, парнакапытная жвачная жывёла роду бараноў сям. пустарогіх. Аб’ект авечкагадоўлі. Паходзіць ад дзікіх горных бараноў (муфлонаў і архараў), прыручаных больш як 8 тыс. гадоў назад. На тэр. Беларусі вядома больш за 1000 гадоў. Дае каштоўную сыравіну (воўну, смушак, аўчыну) і прадукты (мяса, лой, малако). У свеце больш за 600 парод і генетычна адасобленых груп авечак. Па якасці воўны адрозніваюць танкарунныя, паўтанкарунныя, паўгрубашэрсныя і грубашэрсныя пароды авечак; паводле экстэр’еру — каротка- і доўгахудахвостыя, каротка- і доўгатлустахвостыя, курдзючныя; паводле прадукцыйнасці і вытв. кірунку — смушкавыя, аўчынна-футравыя, мяса-воўнавыя і мяса-воўна-малочныя. У гаспадарках Беларусі найбольш пашыраны пароды прэкас, латвійская цёмнагаловая, раманаўская.

Масць авечкі белая, чорная, рыжая, шэрая. Вышыня ў карку 55—100 см, даўж. цела 60—110 см. У самцоў звычайна развітыя, спіральна выгнутыя рогі, маткі бязрогія або з невялікімі рагамі. Авечка жыве 12—15 гадоў, тэрмін гасп. выкарыстання 6—8 гадоў. Плоднасць 1—2 ягнят за акот. Выхад чыстай воўны 30—75%, малочнасць матак 50—100 кг. Дарослыя бараны важаць 60—180, маткі — 35—110 кт. Забойны выхад 45—60%. Асн. кармы для авечкі — трава з прыроднай і сеянай пашы, сена, яравая салома, сілас і канцэнтраты.

т. 1, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

*Натомасць, натбмосьць ’узамен’ (драг., З нар. сл.), укр. натомість, натомісць, натомісь ’замест таго, затое’, рус. натомест ’вместо того, чтобы’, натместо ’замест’, польск. natomiast ’замест таго’, стар. natemieście, natemieść ’тс’. Са спалучэння *на то место ў выніку фанетычных змен, некаторыя з іх цяжка вытлумачыць унутраным развіццём: -мосьць замест *mesto, відаць, пад уплывам укр. натомісць з заменай і (< Ъ) на о ў закрытым складзе; або з ‑масць, дзе ‑ма‑ па тыпу машон ’мяшок’, змененае пад уплывам окання.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жлудзь ’картачная масць’ (Нас.). Рус. жлуди ’тс’. Фасмер (2, 58) лічыць форму жлуди ад желуди. Чарнышоў (Избр. тр., 2, 448) лічыў назву жолуда калькай чэш. < ням. назвы, а выпадзенне першай галоснай звязваў (там жа, 452) з формамі ўскосных склонаў мн. л. желуде́й, желудя́м > жлуде́й, жлудя́м, адкуль і другасная форма наз. скл. мн. л. жлуди. Трэба далучыць яшчэ магчымасць уплыву акцэнтнага варыянта жалу́д (гл.), прадстаўленага і ў бел. мове. Формы з мяккасцю апошняга зычнага вядомы і бел. мове (жолудзь, Шатал.). Гл. жолуд.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пле́сні ’вяснушкі’ (светлаг., рагач., б.-каш., Мат. Гом.), плесня ’тс’ (слаўг., карм., ветк.), слаўг., карм. плесневыя ’з вяснушкамі’ (ЛА, 3), рус. смал. плесни ’вяснушкі’, плеашвыіі ’з вяснушкамі’, прыбалгыйск. ’сівы (пра масць каня)’, польск. pleśń ’чорная плесня на грабні пеўня’. Да плесня (гл.) < і.-е. plek‑sn‑i‑s ’пляма’ (Банькоўскі, 2, 607). Сюды ж ст.-бел. плеснивый, плесневый ’светла-шэрай масці’ (1552 г.), якое Булыка (Лекс. запазыч., 124) выводзіць са ст.-польск. pleśń iwy; параўн. таксама ст.-чэш. plesnivy ’пакрыты плесняй’, ’сівы, белапёры (пра каня)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ва́раны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад варыць.

2. у знач. прым. Прыгатаваны пры дапамозе варкі. Вараная бульба. □ На ўсю хату запахла варанай капустай. Ваданосаў.

3. у знач. наз. ва́ранае, ‑ага, н. Тое, што зварана для яды. Застолле ў ляснічага багатае: смажанае, варанае — навалам. Навуменка. На сталах былі навалены цэлыя горы рознага смажанага, варанага і печанага. Бядуля.

•••

Ні печаны ні вараны гл. печаны.

вараны́, ‑а́я, ‑о́е.

1. Чорны (звычайна пра масць коней). Спацелы вараны стаеннік нервова грыз цуглі. Шамякін.

2. у знач. наз. вараны́, ‑ога, м. Конь такой масці. А калі ў ясны поўдзень Не вярнуся зноў, З поля бітвы сцежку знойдзе Вараны дамоў. Танк.

•••

Пракаціць на вараных гл. пракаціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Муру́гі ’масць паляўнічага сабакі’ (Інстр. II), ст.-бел. мургъ ’парода сабакі’, якое, паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 143), запазычана са ст.-польск. murga, яно ў суч. польск. мове азначае ’назва сабакі’, ’вол любой масці’, ’некультурны чалавек’. Параўн., аднак, укр. мору́гий, муру́гий ’рыжы або цёмна-шэры з цёмнымі палосамі’, муру́га ’шэра-белы вол з больш цёмнымі палосамі’, рус. муругий ’паласаты, з плямамі’, якія ўзыходзяць да прасл. morǫgъ (польск. morąg ’цёмная паласа ў жывёл’, moręgi ’чорны з чырвоным’, славен. maróga ’пляма, паласа’) — усе суадносяцца з мара́ць ’пэцкаць’ (Фасмер, 3, 14). Сюды яшчэ чэш. merhy ’ра́гі — ’палосы на запацелых войнах’, merhovati ’рабіць паласатым’ (Махэк₂, 360).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Абало́на, абалоніна, бальна, бальніна ’знешнія вільготныя слаі дрэва, якія знаходзяцца пад карой’ (Шат., Сцяшк.) абалонка, абалонь ’верхнія слаі драўніны з жывымі яшчэ клеткамі’ (Бяльк., Касп., Яруш.), абалонь ’тс’ (Маш., Янк. I, КЭС), оболона ’тс’ (КСТ), абалонь ’гадавыя кольцы на пні дрэва’, абалоністы ’зроблены з верхніх слаёў дрэва’ (Шат.). Рус. болонь, заболонь (= бел. абалонь), чэш. blána, oblana ’тс’. Іншыя славяне, відаць, гэтага слова не ведаюць. Ці не балтызм? Параўн. літ. bálnis ’ачэсанае ад кары дрэва’ (∼ bálnis ’белы, белая масць’). Семантычная паралель: польск. biel ’абалонь’. Укр. болона, польск. błona, чэш. blána і г. д. у значэнні ’тонкая плеўка’, мабыць, сюды не адносяцца; гл. абалонка. Параўн. балонь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зво́нкі ​1, ‑ая, ‑ае.

Гучны, гулкі; проціл. глухі. Звонкі крык. Звонкая песня. □ Звонкі голас пакаціўся па люстранай роўнядзі ракі і шматразовым рэхам адгукнуўся ў лесе. Шчарбатаў. // Здольны гулка, выразна гучаць. Звонкае шкло. □ А каля масткоў на чыгунцы стаяў вясёлы гоман звонкіх кропель, сцякаючых у ажыўшыя рачулкі і ручайкі. Колас. // Здольны гучна адбіваць гукі, даваць адгалоскі. Здароў, марозны звонкі вечар! Здароў, скрыпучы мяккі снег! Багдановіч. Паветра было, як шкло, празрыстае і звонкае. Шамякін. // Які ўтвараецца з удзелам голасу (пра гукі). Звонкі зычны.

•••

Звонкая манета гл. манета.

зво́нкі ​2, ‑нак; адз. звонка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Картачная масць, якая абазначаецца чырвонымі ромбікамі. — Звонкі козыры, — здаў Паўлюк карты і абцёр пот са лба. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́зны, ‑ая, ‑ае.

1. Неаднолькавы, непадобны. [Тацяна:] — Вы такія розныя, ані не падобныя адна на адну. Васілёнак.

2. Другі, іншы, не той самы. Трэба будзе ехаць рознымі дарогамі, каб, барані божа, ніхто не заўважыў. Скрыган.

3. Разнастайны. Сялянскія фурманкі партызанскіх абозаў развозілі па ўсіх кутках пушчы розныя віды зброі. Брыль. Пакуль Марыся ўпраўлялася на кухні, Іваноў гасцінна ўсаджваў Пятра і Міколу, гаварыў пра розныя дробязі. Новікаў. / у знач. наз. ро́знае, ‑ага, н. Лезе ў галаву рознае: вайна, незасеяны агарод, які не прыдумаць чым сеяць, і Глёкава Каця стаіць у вачах. Сяркоў.

•••

Апынуцца (быць) на розных берагах гл. апынуцца.

Гаварыць на розных мовах гл. гаварыць.

На розныя лады гл. лад ​1.

Розных масцей гл. масць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)