ІТЭ́РЫЙ (лац. Ytterbium),
Yb, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 70, ат. м. 173,04, адносіцца да лантаноідаў. У прыродзе 7 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 168, 170—174, 176. У зямной кары 3,310 % па масе. Адкрыты ў 1878 швейц. хімікам Ж.Марыньякам (гл. таксама Ітрый).
Мяккі серабрыста-белы метал, tпл 824 °C, tкіп 1211 °C, шчыльн. 6958 кг/м³ У паветры устойлівы Узаемадзейнічае з мінер. к-тамі, пры награванні — з кіслародам, галагенамі, вадародам, азотам, серай. Выкарыстоўваюць як газапаглынальнік у электравакуумных прыладах, кампанент крышталяфасфораў і люмінафораў.
т. 7, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́КЕЛЮ СУЛЬФА́Т,
хімічнае злучэнне нікелю з сернай кіслатой, NiSO4. Жоўтае крышт. рэчыва, шчыльн. 3680 кг/м³, пры награванні вышэй за 700 °C раскладаецца. Раствараецца ў вадзе. З водных раствораў крышталізуецца ў выглядзе ізумрудна-зялёнага гептагідрату ці нікелевага купарвасу NiSO4∙7H2O; у прыродзе мінерал марэназіт. Атрымліваюць узаемадзеяннем нікелю, яго аксіду NiO, гідраксіду Ni(OH)2 ці гідроксакарбанату з сернай к-той. Выкарыстоўваюць нікелевы купарвас для атрымання чыстага электралітычнага нікелю, інш. злучэнняў нікелю і нікельзмяшчальных каталізатараў, як кампанент электралітаў у гальванатэхніцы (гл. Нікеліраванне), а таксама як фунгіцыд.
т. 11, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІВІНІЛСПІРТАВЫ́Я ВАЛО́КНЫ,
сінтэтычныя валокны, якія атрымліваюць фармаваннем з водных раствораў полівінілавага спірту. Асн. гандл. назвы: вінол, віналон, вінілон, куралон, м’юлон.
Моцныя, зноса- і атмасфераўстойлівыя, гіграскапічныя, мала электрызуюцца, хімічна стойкія, добра афарбоўваюцца. маюць добрую адгезію да пластыкаў і гумы. Для надання водаўстойлівасці П.в. ацэталіруюць (гл. Ацэталі) пераважна фармальдэгідам ці бензальдэгідам. Выкарыстоўваюць для вырабу розных тканін (адзежных, бялізнавых, кашульных) і трыкатажу, канатаў, рыбалоўных сетак, арміравання пластыкаў, водарастваральныя (не ацэталіраваныя) — як сувязнае ў вытв-сці паперы, кардону, нятканых матэрыялаў, дапаможны (растваральны) кампанент пры вырабе гіпюру і інш. ажурных тканін.
т. 12, с. 473
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УМО́ВА,
філасофская катэгорыя, якая характарызуе з’яву (рэч, працэс, адносіны і інш.), неабходную для ўзнікнення, існавання ці змены інш. з’явы). Адносна замкнутая сукупнасць з’яў, якая абумоўлівае ўзнікненне, існаванне ці змену пэўнага аб’екта, з’яўляецца дастатковай У., а кожны элемент гэтай сукупнасці — неабходнай У. гэтага аб’екта. У адрозненне ад прычыны, якая непасрэдна параджае пэўную з’яву (гл. Прычына і вынік), У. складаюць асяроддзе, дзе гэта з’ява ўзнікае, існуе і развіваецца. Аналіз неабходных і дастатковых У. — важны кампанент многіх метадаў навук. даследавання, неабходны для тлумачэння, прадбачання і прадказання канкрэтных фактаў.
т. 16, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫНКУ АКСІ́Д,
хімічнае злучэнне цынку з кіслародам, ZnO. У прыродзе рэдкі мінерал цынкіт.
Бясколерныя крышталі, шчыльн. 5700 кг/м³. Пры награванні не плавіцца (узганяецца пры 1800 °C). Амфатэрны (гл. Амфатэрнасць). Атрымліваюць спальваннем пары цынку ў паветры, а таксама пры абпале прыроднага сульфіду цынку. Выкарыстоўваюць як белы пігмент для фарбаў (гл. Бялілы), актыватар вулканізацыі і напаўняльнік у гумавай прам-сці; кампанент касметычных (крэм, пудра) і лек. сродкаў (мазі, пасты і інш.), зубных цэментаў і інш. Ядавіты; ГДК у атм. паветры 0,05 мг/м³.
А.П.Чарнякова.
т. 17, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭРЭЗІ́Н (ад лац. cera воск),
сумесь гранічных вуглевадародаў C36—C55, пераважна разгалінаваных аліфатычных.
Воскападобнае рэчыва ад белага да карычневага колеру, tпл 65—85 °C. Не раствараецца ў вадзе і спіртах, добра раствараецца ў бензіне, абмежавана — у мінер. маслах. Атрымліваюць з азакерыту, петралатуму, «парафінавых пробак» (адкладаў, што ўтвараюцца ў трубаправодах пры здабычы і транспарціроўцы нафты) і інш. Выкарыстоўваюць як кампанент пластычных змазак, ізаляцыйны матэрыял у электра- і радыётэхніцы, у сумесі з парафінам для вырабу свечак, масцік; асабліва чыстыя гатункі — у вытв-сці касметычных крэмаў, абалонак для сыру.
т. 17, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМО́ЛЫ,
сумесь арганічных, пераважна высокамалекулярных злучэнняў прыроднага паходжання (прыродныя С.) або штучна атрыманых (сінт. С.).
С. прыродныя, ці натуральныя — прадукты жыццядзейнасці некат. раслін (пераважна трапічных і хвойных), што назапашваюцца ў каналах іх ствалоў, каранёў і інш. органаў. З’яўляюцца асн. кампанентам вадкасцей (жывіцы хвойных і бальзамаў трапічных раслін), якія вылучаюцца на паверхні кары раслін самаадвольна або пры яе мех. пашкоджанні ў перыяд вегетацыі (гл. Падсочка). Некат., т.зв. выкапнёвыя С., здабываюць з зямлі (напр., бурштын). С. — афарбаваныя (ад жоўтага да цёмна-рудога колеру) шклопадобныя рэчывы, плавяцца пры награванні, не раствараюцца ў вадзе, раствараюцца ці набракаюць у арган. растваральніках, здольныя да плёнкаўтварэння (гл. Плёнкаўтваральныя рэчывы). Асн. кампаненты раслінных С.: смаляныя кіслоты, рэзінолы — адна- або шмататамныя спірты, эфіры смаляных кіслот і рэзінолаў ці аднаатамных фенолаў, рэзены — інертныя вуглевадароды (напр., у бурштыне іх да 70%). Найб. пашыраныя прыродныя С. — акароід, бурштын, дамара, каніфоль, капалы, масцікс, сандарак, шэлак. У прам-сці выкарыстоўваюць пераважна каніфоль, а таксама капалы (кампанент атмасфераўстойлівых алейных лакаў), шэлак (кампанент мэблевых спіртавых лакаў і палітур) і бурштын. С. сінтэтычныя — тэрмарэактыўныя сінт. алігамеры, здольныя пры перапрацоўцы ў выніку ацвярдзення ператварацца ў нерастваральныя і няплаўкія прадукты (гл. Ацвярдзенне палімераў). Асн. метад іх сінтэзу — полікандэнсацыя. Да сінт. С. адносяцца алкідныя смолы, амінаальдэгідныя смолы, поліэфірныя смолы, фенола-фармальдэгідныя смолы, эпаксідныя смолы. У прам-сці С. сінт. замяняюць прыродныя. Выкарыстоўваюць як плёнкаўтваральнікі лакафарбавых матэрыялаў, сувязнае для пластмас, герметыкаў і кляёў, для апрэтавання тканін, праклейвання паперы і інш. Гл. таксама Драўнінная смала, Каменнавугальная смала.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 15, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ПНАВЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
угнаенні, асн. кампанент якіх вапна. У якасці вапнавых угнаенняў выкарыстоўваюць цвёрдыя і мяккія прыродныя вапнавыя пароды, прадукты іх перапрацоўкі і прамысл. адходы, што маюць вапну. Цвёрдыя пароды (вапняк, мел і інш.) перад унясеннем у глебу здрабняюцца ці абпальваюцца, мяккія пароды (напр., туфы) не патрабуюць драбнення, яны больш эфектыўныя і дзейнічаюць хутчэй за цвёрдыя. Гал. з вапнавых угнаенняў: вапнавая мука (вапняк), даламітавая мука (даламіт), вапнавы туф, мергель, гашаная вапна, вапнавы торф ці тарфатуф. Найб. эфектыўныя прамысл. адходы: мартэнаўскія, доменныя, электраплавільныя шлакі; дэфекат (адходы цукр. вытв-сці); сланцавы, каменнавугальны, тарфяны попел. Выкарыстоўваюць для паніжэння кіслотнасці глеб (гл. Вапнаванне глебы).
т. 3, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАПРАФЕСІ́ЙНАЯ ПАДРЫХТО́ЎКА,
агульнапрацоўная падрыхтоўка політэхн. і прафарыентацыйнага характару навучэнцаў агульнаадук. школ; базавы кампанент наступнага прафес. навучання. Мае на мэце садзейнічаць фарміраванню ўстойлівых арыентацый на прац. лад жыцця, маральна-псіхал. і ў пэўнай меры практычнай гатоўнасці да працы, выхаванню агульнай прац. культуры, развіццю творчых здольнасцей, інтэлектуальных і псіхафізіял. якасцей асобы. Будуецца на прынцыпах бесперапыннасці і пераемнасці, сумяшчэння навучання з працай, з’яўляецца важным сродкам прац. выхавання. Тэрмін «Д.п.» пашырыўся ў сувязі з рэкамендацыямі ЮНЕСКА і Міжнар. канферэнцыі працы (1965) па прафес.-тэхн. адукацыі і падрыхтоўцы, паводле якіх узровень прац. навучання ў агульнаадук. школах вызначаны як перадпрафесійны.
т. 6, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛКАНАГЕ́ННА-АСА́ДКАВЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,
паклады карысных выкапняў, якія ўтварыліся пры асаджэнні мінер. прадуктаў вулканічных вывяржэнняў на дне стараж. мораў і акіянаў, на астравах, уздоўж берагоў. Вулканагенны матэрыял на плошчы асадканамнажэння можа паступаць у растворах газу і гарачых вод вулканічнага паходжання, у адсарбіраваным выглядзе на паверхні часцінак попелу, як кампанент вышчалочвання лаў і попелаў. Формы пакладаў — пліты, пласты, жаўлакі. Вядомы вулканагенна-асадкавыя радовішчы жалеза, марганцу, медзі, цынку, свінцу, баксітаў, фасфарытаў і інш. Мяркуюць, што намнажэнні жаўлаковых руд жалеза і марганцу на дне Ціхага, Атлантычнага і Індыйскага акіянаў (жалезамарганцавыя канкрэцыі) таксама ўтварыліся з прадуктаў падводных вывяржэнняў маладых вулканаў.
У.Я.Бардон.
т. 4, с. 292
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)