сістэма кіравання вытворчымі, сацыяльнымі і інш. аб’ектамі для аператыўнага забеспячэння іх функцыянавання ў адпаведнасці з пастаўленай мэтай. Аб’екты аператыўнага кіравання — розныя бакі вытв. і сац. працэсаў: напр., работа зборачнага цэха, пастаўка сыравіны, збыт прадукцыі, вырашэнне жыллёва-бытавых праблем і інш. Яго сутнасць — мэтавае накіраванне працэсу прычынна-выніковых сувязяў і ўзаемадзеянне элементаў у аб’екце кіравання. Аператыўнае кіраванне ўключае: аператыўнае планаванне (распрацоўка аператыўных планаў, праграм, нормаў, нарматываў з давядзеннем заданняў да выканаўцаў), аператыўны ўлік (адлюстраванне вынікаў вытв. ці сац. працэсаў), аператыўны аналіз (своечасовае выяўленне і вымярэнне фактараў, якія выклікаюць адхіленні ад планавых заданняў, гл.Аналіз гаспадарчай дзейнасці), аператыўнае рэгуляванне (выпрацоўка кіраўніцкіх рашэнняў і арганізацыя іх выканання для ліквідацыі прычын адхілення працэсу ад запланаваных параметраў). Практычна аператыўнае кіраванне пачынаецца з аператыўнага планавання, затым на працягу кароткага часу (дэкады, тыдня, сутак, змены і інш.) фіксуюцца вынікі вытв. працэсу, на аснове якіх выяўляюцца прычыны збояў і адхілення ад планавых заданняў і прымаецца рашэнне па рэгуляванні вытв. ці сац. працэсаў у адпаведнасці з планам. У сістэму аператыўнага кіравання ўваходзяць функцыі, якія выконваюць дапаможную ролю ці стымулююць дзейнасць спецыялістаў (арганізацыя, каардынацыя, кантроль, матывацыя і інш.).
Літ.:
Стражев В.И. Оперативное управление предприятием, проблемы учета и анализа. Мн., 1973;
Саламатин Н.А., Фель А.В., Шишкина Е.Л. Оперативное управление производством. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́КІ ДРУК,
спосаб друкавання, пры якім фарба перадаецца на паперу або інш. матэрыял друкавальнымі элементамі друкарскай формы, размешчанымі вышэй заглыбленых прабельных. Выкарыстоўваецца для друкавання кніг, газет, шматфарбавых рэпрадукцый і інш. Адрозніваецца выразнасцю і рэзкасцю выявы, каляровай насычанасцю яе элементаў.
Высокі друк — самы даўні спосаб друкавання, яго вытокі — у культуры Карэі, Кітая, Японіі (8 ст.). Першыя друкарскія формы рабілі з гладкіх дошак, у якіх выразалі паглыбленні (прабельныя элементы), а некранутыя месцы стваралі выяву. Такія формы часам выкарыстоўваюць і цяпер у мастацкай рэпрадукцыі (гл., напр., Гравюра). З развіццём кнігадрукавання формы сталі састаўныя (з асобных літар і знакаў). Сучасныя тэкставыя формы высокага друку набіраюць на фотанаборных (часам на літара- і радкаадліўных) наборных машынах, а ілюстрацыі друкуюць з клішэ. У працэсе друкавання на друкарскіх машынах фарба спец. валікам наносіцца на элементы формы, якія выступаюць, затым форма паслядоўна прыціскаецца да паперы і пакідае на ёй адбітак. Высокі друк саступае месца (як і глыбокі друк) больш прагрэсіўным тэхналогіям (афсетны друк, камп’ютэрныя сістэмы).
Літ.:
Полянский Н.Н. Технология полиграфического производства: (Основы полиграфии). Ч. 2. Печатное и брошюровочно-переплетное производство. М., 1982.
Схема формы і адбітку высокага друку: а — форма з прабельнымі (1) і друкавальнымі (2) участкамі; б — форма з нанесенай фарбай (4) і прыціснутай паперай (3); в — папера з адбіткам фарбы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАЛІЗАЦЫ́ЙНАЯ СЕ́ТКА,
сукупнасць падземных трубаправодаў і калектараў для прыёму і выдалення з тэр. населеных пунктаў і прадпрыемстваў сцёкавых вод для іх ачысткі і абеззаражвання ў ачышчальных збудаваннях; асн.ч. сістэмы каналізацыі. Бывае ўнутраная (для выдалення быт. і прамысл. сцёкавых вод за межы будынкаў і збудаванняў) і вонкавая (дваровая, унутрыквартальная, вулічная).
Асн. элементы ўнутр. К.с.: адводныя лініі (каналізацыйныя трубы) з прыёмнікамі сцёкавых вод (умывальнікамі, ракавінамі, ваннамі, і інш.), стаякі і выпускныя (з будынка) прыстасаванні. Вонкавая К.с. — безнапорныя трубаправоды з жалезабетонных, бетонных, керамічных, чыгунных, азбестацэментных труб, пракладзеных з нахілам, а таксама калектары (трубы, якія збіраюць сцёкавыя воды з басейнаў каналізавання і адводзяць іх на ачыстку, затым у вадаём). Калі самацёчны рух немагчымы, будуюць помпавыя станцыі. Перасячэнні К.с. з рэкамі, ярамі, чыгункамі робяць з дапамогай дзюкераў, пераходаў, эстакад. Для назірання за К.с. і яе ачысткі на трасе будуюць спец.калодзежы. Гл. таксама Ачыстка сцёкавых водаў.
А.Р.Варонін.
Каналізацыйная сетка: а — унутраная (1 — вентыляцыйная труба, 2 — санітарныя прылады — прыёмнікі, 3 — выпускны трубаправод, 4—6 — назіральныя і кантрольны калодзежы); б — вонкавая (1 — сетка населенага месца, 2 — помпавыя станцыі, 3 — трубаправод, 4—5 — збудаванні, у якіх збіраюць і ачышчаюць сцёкавыя воды прамысловага прадпрыемства П, 6—7 — ачышчальныя збудаванні, 8 — трубаправод з рассейвальным прыстасаваннем).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЦУ́РКА»,
бел. народная гульня Існуе ў 2 варыянтах: Ц. за горадам і Ц. трайная. Для Ц. за горадам бяруць 2 палкі і цурку — драўляную палачку даўж. 20—25 см (адсюль назва). Гульцы (2—6 чал.) чэрцяць на зямлі квадрат — «горад» і па жараб’ёўцы выбіраюць вядучага. Калі ён зловіць цурку, то мяняецца месцамі з гульцом, які яе адбіў; калі не, то з таго месца, дзе цурка ўпала, кідае яе ўгору і адбівае ў «горад». Калі пападзе, вядучы мяняецца месцамі з гульцом, які выбіў цурку. Калі ж не пападзе, то з таго месца, дзе цурка ўпала, ёю ж адмяраецца адлегласць да бліжэйшай «мяжы горада», а вынік залічваецца гульцу, што выбіў з «горада». Гульня працягваецца да таго часу, пакуль хто-небудзь з гульцоў не набярэ раней дамоўленую колькасць цурак. Для Ц. трайной бяруць 1 палку і 1 цурку. Гульцы (6 чал.) праводзяць лінію і пасярэдзіне яе выкопваюць ямку. Затым дзеляцца на 2 каманды па 3 чал. Цурку кладуць упоперак ямкі, і кожны гулец каманды 3 спосабамі па чарзе кідае яе ў «поле» (за лінію). Калі гульцы ў «полі» зловяць цурку на ляту, то ім залічваюцца ачкі, калі не, то яе кідаюць у палку. Патрапіўшы ў яе 3 разы, гульцы набіраюць свае ачкі і мяняюцца месцамі з камандай праціўніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
адчэ́п, ‑а, м.
1. Адзін або некалькі вагонаў, адчэпленых ад поезда. Яшчэ і яшчэ пасылае Шчупак уперад адчэпы, і кожны з іх ідзе на свой, загадзя вызначаны, пуць.Васілёнак.
2.‑а. Прыстасаванне для вызвалення зачэпленых пад вадой кручка, блешні. Адчэп — важнае металічнае кальцо на доўгім шнуры. Вудзільна прадзяецца праз кальцо, якое затым слізгае ўніз па лёсцы і сваёю вагой ударае па кручках.Матрунёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ускра́ек, ‑крайку, м.
Крайняя частка якой‑н. прасторы. Над ускрайкам лесу, дзе пачыналіся жоўтыя пяскі, зазвінела песня ляснога жаваранка.Колас.Касцы стаялі на ўскрайку дарогі і з жалем глядзелі на знясіленых людзей.Прокша.// Край стала, ложкі і пад. Алена падышла, села на ўскрайку Галінага ложка, загаварыла зноў.Марціновіч.Маша зноў пагладзіла яго белую галоўку, затым адышла і села каля процілеглага ўскрайку стала.Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АКУМУЛЯ́ТАР,
прыстасаванне для назапашвання (акумуляцыі) энергіі з мэтай далейшага яе выкарыстання. У залежнасці ад віду энергіі адрозніваюць акумулятары: гідраўлічныя, механічныя (інерцыйныя), паравыя, пнеўматычныя, цеплавыя, электрычныя.
Гідраўлічны акумулятар назапашвае энергію рабочай вадкасці, што знаходзіцца пад ціскам. Выкарыстоўваецца для выраўноўвання ціску і расходу вадкасці ці газу з рэзкапераменнай нагрузкай. Бываюць гру́завыя, спружынныя, з пругкім корпусам, а таксама пнеўмагідраакумулятары поршневыя, мембранныя, балонныя. Інерцыйны акумулятар звычайна складаецца з масіўнага махавіка, вала, падшыпнікаў і кажуха. Мае мінім. страты энергіі на трэнне і супраціўленне паветра. Выкарыстоўваецца ў ветраэл. станцыях для выраўноўвання абаротаў генератара, прывода аўтаматрыс і аўтобусаў (гіробусаў), у прэсавым абсталяванні і інш.Паравы акумулятар — стальны бак, у якім назапашваецца адпрацаваная ў розных паравых машынах (напр., у паравым молаце) пара без змены агрэгатнага стану, якая затым расходуецца на тэхнал. мэты (напр., у сушыльных і прапарачных камерах) ці ў сан.-тэхн. прыстасаваннях (падагравальніках, цеплаабменніках і інш.). Пнеўматычны акумулятар — рэзервуар са сціснутым паветрам (ці інш. газам), падключаны да паветравода і абсталяваны засцерагальным клапанам, які рэгулюецца на зададзены гранічны ціск. Выкарыстоўваецца ў пнеўматычных сетках для выраўноўвання рабочага ціску і інш.Цеплавыя акумулятары (пастаяннага і пераменнага ціску) — пераважна паравадзяныя, назапашваюць цеплату ў цепласілавых устаноўках. Служаць для выраўноўвання цеплавых і сілавых нагрузак і недапушчэння перабояў у забеспячэнні парай прамысл. установак. Найб. пашыраны электрычны акумулятар.
Гідраўлічны акумулятар: а — гру́завы; б — балонны; 1 — рэзервуар; 2 — поршань; 3 — груз; 4 — балоны са сціснутым паветрам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУКЛЕАФІ́ЛЬНЫЯ РЭА́КЦЫІ,
гетэралітычныя рэакцыі арган. рэчываў з нуклеафільнымі рэагентамі (нуклеафіламі). Нуклеафілы (ад лац. nucleus — ядро і грэч. phileo — люблю) — аніёны (Cl−, OH−, CN−; NO2−, OR− і інш.), а таксама неарган. і арган. малекулы, што маюць свабодную пару электронаў (напр., вада, аміяк, аміны, спірты, фасфіты). У арган. сінтэзе пашыраны нуклеафільнага далучэння рэакцыі па карбанільнай групе, ці кратнай сувязі вуглярод — вуглярод і замяшчэння рэакцыі, характэрныя пераважна для аліфатычных злучэнняў.
Пры рэакцыі нуклеафільнага замяшчэння ў насычанага атама вугляроду нуклеафіл (X:) аддае субстрату сваю пару электронаў на ўтварэнне сувязі C—X і пры гэтым выцясняе групу Z:, ці нуклеафуг (ад лац. nucleus + fugio збягаю), з парай электронаў, што звязвалі яе з атамам вугляроду. Скорасць і механізм рэакцыі вызначаюцца рэакцыйнай здольнасцю нуклеафілу (нуклеафільнасцю) і нуклеафугу (нуклеафугнасцю), будовай малекулы субстрату і ўмовамі рэакцыі (растваральнік, т-ра, ціск і інш.). Адрозніваюць мона- і бімалекулярны механізмы. Пры монамалекулярным (SN1) механізме спачатку (пад уздзеяннем растваральніку) утвараецца трохкаардынацыйны карбкатыён і нуклеафуг (стадыя, якая звычайна вызначае скорасць усяго працэсу), а затым нуклеафіл хутка далучаецца да карбкатыёна; атака нуклеафілу роўнамагчымая з абодвух бакоў рэакцыйнага цэнтра і ў выпадку яго асіметрыі прыводзіць да рацэмізацыі. Пры бімалекулярным (сінхронным) замяшчэнні (SN2) атака нуклеафілу ідзе з боку процілеглага адносна групы, што адыходзіць, і прыводзіць да змены абс. канфігурацыі асіметрычнага цэнтра малекулы (т.зв. вальдэнава абарачэнне). Гл. таксама Рэакцыі хімічныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРД (Tarde) Габрыэль (12.3.1843, г. Сарла-ла-Канеда, Францыя — 13.5.1904),
французскі сацыёлаг і крыміналіст, адзін з заснавальнікаў псіхалогіі сацыяльнай. З 1893 узначальваў аддзел у Мін-ве юстыцыі. З 1900 праф. новай філасофіі ў Калеж дэ Франс. Аўтар шэрагу прац «Законы пераймання» (1890), «Сацыяльная логіка» (1894) і інш.Цэнтр. механізмам сац. працэсаў лічыў дзеянне універсальных «законаў пераймання», з якімі звязваў і сац. інтэграцыю, і сац. развіццё. Да пераймання ён зводзіў розныя працэсы: сацыялізацыю як перайманне дзіцем дарослых, звычаі як перайманне традыц. узораў, моду як перайманне ўнутр. да знешняга і да т.п. Да фундаментальных сац. працэсаў адносіў таксама адаптацыю, важнейшым элементам і формай якой лічыў вынаходства. Лічыў, што ў выніку ўзаемадзеяння прыхільнікаў процілеглых вынаходстваў у грамадстве фарміруецца апазіцыя ў выглядзе сац. канфліктаў. Псіхал. канфлікты Т. разглядаў як сутыкненне процілеглых ідэй і матывацый унутры свядомасці індывіда і лічыў, што вынікам такога канфлікту могуць быць вынаходствы, што спрыяюць адаптацыі да сац. асяроддзя. Па меры прасоўвання ад маральных з’яў да эканам., а затым да паліт. сукупнасць прадметаў і з’яў, што здольны выклікаць канфлікты, імкнецца да змяншэння, але пры гэтым інтэнсіўнасць канфліктных узаемадзеянняў нарастае. Такую анамалію тлумачыў ступенню сац. прыстасаванняў, неабходных, каб інавацыя ўзнікла і рэалізавалася ў адпаведных сферах грамадства. У тлумачэнні сац. працэсаў імкнуўся выкарыстоўваць эмпірычныя паказчыкі, у прыватнасці, сац. статыстыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
апера́тар, ‑а, м.
1.Уст. Доктар, які праводзіць аперацыю (у 1 знач.); хірург.
2. Кваліфікаваны рабочы, які кіруе работай складанага механізма або ўстаноўкі. Аператар стаіць збоку, а фрэза машыны, нібы слухаючыся рукі ўмелага майстра, рэжа на тоўстай пласцінцы пяціканцовую зорку, затым другую складаную геаметрычную фігуру.«Звязда».
3. Службовая асоба на транспарце, якая, прымае распараджэнні дыспетчара і паведамляе яму звесткі аб руху.
4. Спецыяліст, які праводзіць кіназдымкі; кінааператар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)