ЗЕ́МСКА-ГАРАДСКІ́ САЮ́З, Земгор,

аб’яднаны камітэт Усерасійскага земскага саюза і Усерасійскага саюза гарадоў у 1-ю сусв. вайну. Створаны 10.7.1915 для дапамогі бежанцам, забеспячэння фронту зброяй, адзеннем, абуткам і інш. праз мясц. саматужную прам-сць. Кіраўнік Т.Я.Львоў. Мясц. органы — абл., пав., губ. і гар. к-ты. Садзейнічаў узмацненню ўплыву гандл.-прамысл. буржуазіі і ліберальных памешчыкаў, стаў апорай «Прагрэсіўнага блока». Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 падтрымліваў палітыку Часовага ўрада, варожа сустрэў Кастр. рэвалюцыю 1917. На тэр. Беларусі і Зах. фронту дзейнічаў выканаўчы к-т Земгора. У Мінску ў склад служачых З.-г.с. ўваходзілі бальшавік М.В.Фрунзе і эсэр П.​У.​Злобін. Скасаваны дэкрэтам СНК РСФСР ад 17.1.1918.

т. 7, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНТАГО́Н (англ. Pentagon ад грэч. pentagōnon пяцівугольнік),

назва ваен. ведамства ЗША, якое размяшчаецца ў пяцівугольным будынку на беразе р. Патомак у г. Арлінгтан каля Вашынгтона (штат Віргінія). Налічвае каля 23 тыс. чал. персаналу ваен. і цывільных спецыялістаў. У П. размяшчаюцца асн. ўстановы, упраўленні і службы мін-ва абароны, камітэт нач. штабоў (КНШ) і яго аб’яднаны штаб, мін-ва арміі ЗША. У будынку П. знаходзяцца асн. камандны цэнтр КНШ і асн. камандныя пункты відаў узбр. сіл. Кіраўнік П. — міністр абароны ЗША. Будынак П. пастаўлены ў 1941—43 паводле праекта ген. Б.​Б.​Сомвіла. Гл. таксама раздзел Узброеныя сілы ў арт. Злучаныя Штаты Амерыкі.

І.​Г.​Елісееў.

т. 12, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРЫЖЭ́НАЎ Алег Аляксандравіч (н. 10.8.1929, г. Благавешчанск Амурскай вобл., Расія),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1988). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Б.​Шчукіна (1953). З 1953 акцёр Рус. т-ра драмы ў Таліне, з 1954—55 — т-ра драмы імя А.​Пушкіна ў Ленінградзе, з 1957 — Т-ра-студыі кінаакцёра ў Маскве, у 1966—76 — Маскоўскага Маст. акад. т-ра. Створаныя ім вобразы аб’яднаны высокай адухоўленасцю, паэт. драматызмам, псіхал. дакладнасцю. Зняўся ў фільмах: «Авадзень» (1955), «Сорак першы» (1956), «Капітанская дачка», «Хаджэнне за тры моры» (абодва 1958), «Белыя ночы» (1960), «Непадсудны» (1969), «Зорка чароўнага шчасця» (1975), «Юнацтва Пятра» (1981), «Снайпер» (1992) і інш. Аўтар кн. «Споведзь» (1999).

т. 15, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУНМЭНХО́Й, Аб’яднаны саюз, Саюзная ліга,

кітайская рэв. арг-цыя ў пач. 20 ст. Створана Сунь Ятсенам у 1905 у Японіі ў выніку зліцця арг-цыі Сінчжунхой і шэрагу рэв. гурткоў. Праграма Т. грунтавалася на 3 нар. прынцыпах Сунь Ятсена (нацыяналізм, народаўладдзе, нар. дабрабыт), якія ставілі за мэту скінуць у Кітаі маньчжурскую дынастыю Цын, усталяваць рэспубліку, ураўнаваць правы на зямлю для ўсіх сялян. У 1906—11 Т. арганізаваў у Цэнтр. і Паўд. Кітаі некалькі антыманьчжурскіх паўстанняў, актыўна ўдзельнічаў у Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13, якая скінула дынастыю Цын. У жн. 1912 Т. аб’яднаўся з некат. інш. паліт. арг-цыямі ў Нар. партыю — Гаміньдан.

т. 16, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ТЭА́ТР СТАРЫ́» імя Г.Маджаеўскай, адзін з найстарэйшых т-раў Польшчы. Адкрыты ў Кракаве па ініцыятыве Я.​Клюшэўскага. Будынак існуе з 1799, неаднаразова перабудоўваўся. Першапачаткова ў будынку т-ра выступала нямецкая трупа, зрэдку ставіліся польскія спектаклі. Высокага маст. ўзроўню т-р дасягнуў у 1865—85 пад кіраўніцтвам А.​Скарупкі і С.​Козьмяна. У 1894—1943 не дзейнічаў. Аднавіў дзейнасць у 1945 (у 1946—54 аб’яднаны з Тэатрам імя Ю.​Славацкага), з 1956 сучасная назва. У рэпертуары тэатра польская і замежная класічная і сучасная драматургія (пастаноўкі рэжысёраў З.​Хюбнера, К.​Свінарскага, А.​Вайды і інш.).

Літ.:

Orzechowski E. Stary Teatr w Krakowie 1945—1985. Wrocław etc., 1987.

т. 16, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКТАГЕНЕ́З (ад грэч. ektos па-за, звонку + ...генез),

канцэпцыя ў эвалюцыйным вучэнні, што вызначае працэс эвалюцыі як непасрэдны вынік уздзеяння змен знешняга асяроддзя на арганізм. Эктагенетыкі лічаць, што арганізм здольны мэтанакіравана рэагаваць на гэтыя ўздзеянні, а набытыя такім шляхам адаптацыі прыкметы перадаваць у спадчыну (т.зв. адэкватная саматычная індукцыя). Але змены фенатыпаў арганізмаў, што ўзнікаюць на працягу іх жыцця, як рэакцыя на змены навакольных умоў (мадыфікацыі), не з’яўляюцца нованабытымі для дадзенага віду. Яны вызначаюцца нормай рэакцыі іх генатыпаў і ў спадчыну не перадаюцца. Эктагенетыкамі былі эвалюцыяністы дадарвінаўскага перыяду. У вучэнні Ж.Б.П.А.Ламарка Э. механічна аб’яднаны з процілеглай канцэпцыяй — аўтагенезам. Гл. таксама Неаламаркізм.

А.​С.​Леанцюк.

т. 18, кн. 1, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СААКАШВІ́ЛІ Міхаіл (н. 21.12.1967, Тбілісі),

палітычны і дзярж. дзеяч Грузіі. Юрыст. Д-р філасофіі Вашынгтонскага ун-та імя Дж.​Вашынгтона. Скончыў Кіеўскі ун-т. У пач. 1990-х г. вывучаў права і стажыраваўся ў Францыі, Нарвегіі, ЗША, працаваў у адвакацкай канторы ў Нью-Йорку. У 1995—2000 і 2001—2003 дэп. парламента Грузіі. У кастр. 2000—вер. 2001 міністр юстыцыі. З 2001 арганізатар і лідэр апазіц. партыі «Аб’яднаны нацыянальны рух». З 2002 старшыня асамблеі (гар. ўрада) Тбілісі. У ліст. 2003 узначаліў шырокі рух апазіцыі, які шляхам масавых вулічных акцый дамогся адстаўкі прэзідэнта Э.​А.​Шэварднадзе. 4.1.2004 абраны прэзідэнтам Рэспублікі Грузія.

т. 18, кн. 1, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́САВАЕ ДЗЕ́ЙСТВА,

тэатралізаванае відовішча з удзелам вял. колькасці выканаўцаў і гледачоў, звязанае са святкаваннем памятных гіст. падзей і юбілейных дат. Звычайна наладжваецца на плошчах, вуліцах, у парках, на стадыёнах. Элементы М.дз. мелі тэатралізаваныя гульні і абрады першабытных народаў. Існавалі ў Стараж. Грэцыі (культавыя святы, Алімп. гульні і інш.), у Англіі 17 ст. (нар. гульня пра Робіна Гуда), Германіі (масленічныя гульні і кірмашовыя святы), у Расіі (звязаныя з сельскімі святамі і нар. творчасцю, у т. л. русаллі). У 15—16 ст. М.дз. былі часткаю царк. набажэнства. У 18 ст. Пётр I увёў маскарады. Новыя формы М.дз. ўзніклі ў час франц. рэвалюцыі канца 18 ст., Парыжскай камуны 1871. У Расіі найб. пашыраны ў 1918—27, у т. л. «Да сусветнай камуны» і «Узяцце Зімняга палаца» (1920, Петраград), а таксама ў Маскве, Іркуцку, Кіеве і інш. Сярод рэжысёраў К.​Марджанішвілі, М.​Ахлопкаў і інш.

На Беларусі найб. вядома М.дз. «Праца і капітал», адбылося 8.5.1921 у Мінску ў гар. парку (аўтары сцэнарыя і пастаноўшчыкі Л.​Літвінаў, Е.​Міровіч і Бейтлер). У ім удзельнічала каля 1 тыс. чалавек — вайск. злучэнні Мінскага гарнізона, аб’яднаны хор пад кіраўніцтвам У.​Тэраўскага, драм. артысты і балетная трупа Бел. дзярж. т-ра, самадз. драм. гурткі мінскіх клубаў, аб’яднаны духавы аркестр, каля 10 тыс. гледачоў. З 1950-х г. пашыраны тэматычныя М.дз. на стадыёнах, звязаныя з гіст. падзеямі рэспублікі і бел. гарадоў. Уключалі аб’яднаныя адной тэмай фізкульт. і танц. паказы, выступленні хар. калектываў, зводных духавых аркестраў, тэатралізаваныя шэсці, феерверкі. З 1990-х г. у буйных гарадах Беларусі праводзяцца святы горада з М.дз.

Літ.:

Массовые праздники и зрелища: Сб. М., 1961.

С.​А.​Пятровіч.

т. 10, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БЕРДЗІ́Н, Эбердзін (Aberdeen),

горад у Вялікабрытаніі (Шатландыя). Адм. ц. раёна Грампіян. 216,9 тыс. ж. (1992). Порт на Паўночным м., вузел чыгунак і шашэйных дарог, у вусці р. Ды.

Засн. каля 700. Адзін з першых асяродкаў хрысціянства ў Шатландыі. У 12—14 ст. рэзідэнцыя шатл. каралёў. Пасля разбурэння англ. войскамі ў 1336 побач з старым пабудаваны новы Абердзін. У 1860 каралеўскі (1494) і маршальскі (1593) калегіумы аб’яднаны ва ун-т. Арх. помнікі 14—19 ст., у т. л. гатычны гранітны сабор (1336—1522).

Арганізацыйны цэнтр па абслугоўванні нафтаздабычы ў Паўночным моры. Рыбаперапр., цэлюлозна-папяровая, хім. (у т. л. вытв-сць угнаенняў) прам-сць, машынабудаванне. Каля Абердзіна — гранітныя кар’еры. Цэнтр турызму.

т. 1, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕМЯНІ́ Яўген Сяргеевіч (12.3.1898, С.-Пецярбург — 23.1.1969),

расійскі акцёр і рэжысёр; адзін з заснавальнікаў сав. т-ра лялек. Засл. арт. Расіі (1934). У 1918 пачаў сцэн. дзейнасць як акцёр-аматар. У 1924 арганізаваў і ўзначаліў тэатр лялек-пятрушак у Ленінградзе, у 1930 аб’яднаны з Т-рам марыянетак Л.​Шапорынай-Якаўлевай пад назвай Ленінградскі лялечны т-р пад кіраўніцтвам Я.​Дземяні, дзе ён выступаў як акцёр і рэжысёр. Ставіў спектаклі для дзяцей і дарослых: «Казёл» (1925) і «Кошчын дом» (1926) С.​Маршака, «Вяселле» А.​Чэхава (1928), «Канёк-Гарбунок» паводле П.​Яршова, «Казка пра згублены час» (1940) Я.​Шварца, «Лекар паняволі» Мальера. Аўтар кніг і артыкулаў пра т-р лялек. З 1929 выступаў з лялькамі на эстрадзе.

т. 6, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)