гукавыя паўторы ў вершаванай мове, якія ўзмацняюць яе мілагучнасць і сэнсавую выразнасць; раздзел паэтыкі, што іх вывучае. Сярод гукапісу вылучаюцца алітэрацыя, анафара, асананс, гукаперайманне, кальцо, эпіфара і інш. У паэт. практыцы яны выкарыстоўваюцца ў спалучэнні з лексікай, інтанацыйна-сінтакс. арганізацыяй вершаванага радка. Напр., у «Песні званара» Я.Купалы гукавыя стыкі, анафары і эпіфары ўзмацняюць маст. выразнасць асанансу (на о, у, і, а) і алітэрацыі (на р, з, с, ц): «Разгубіцца мой звон ад акон да акон, // Думы збудзіць, па сэрцах удара, // Дрогнуць сковы цямніц, бліснуць іскры зарніц, // Заварушацца яры, папары». У сучаснай паэзіі шырока ўжываюцца паўторы не толькі асобных гукаў, але і гукаспалучэнняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ПТАЎ ДЗЯРЖА́ВА,
старажытнаіндыйская імперыя ў 4—6 ст. Назва ад дынастыі Гуптаў. Сталіца г. Паталіпутра (цяпер г. Патна). Утварэнне Гуптаў дзяржавы пачалося пры Чандрагупце I
[320 — каля 335],
які прыняў імператарскі тытул. Пры яго сыне Самудрагупце [каля 335 — 375] дзяржава стала адной з найбуйнейшых на стараж. Усходзе. Пад уладай Гуптаў была амаль уся Паўн. Індыя. У часы Скандагупты [455—467] Гуптаў дзяржава вяла барацьбу з плямёнамі пуш’ямітраў у Зах. Індыі і з эфталітамі на ПнЗ дзяржавы (у пач. 6 ст.яны авалодалі зах.ч. Індыі, але каля 528 былі разбіты). Войны і ўнутр. крызіс аслабілі магутнасць Гуптаў дзяржавы, і ў канцы 6 ст. яна распалася. Эпоха Гуптаў — час росквіту стараж.-інд. духоўнай культуры, яе называюць залатым векам Індыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЖДЖАВІКО́ВЫЯ (Lycoperdales),
парадак грыбоў-гастэраміцэтаў. Каля 270 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі больш за 20 відаў з родаў галавач, дажджавік, зорачнік, міцэнаструм, лангерманія, порхаўка. Глебавыя сапратрофы. Растуць на лугах, пашах, у лясах. Некат. ядомыя ў маладым узросце. У Д. пладовыя целы ўнутры жоўтыя і бурыя ў адрозненне ад неядомых псеўдадажджавікоў, у якіх з узростам яны робяцца чорнымі або фіялетавымі.
Пладовыя целы наземныя, сядзячыя або з ножкай, шара-, груша-, зоркападобныя і інш. Перыдый (абалонка) 1—4-слаёвы, пераважна мяккі з 1 ці некалькімі адтулінамі ў стадыі спеласці, з узростам разрываецца. Глеба (мякаць) мяккая, з камер і пласцін трамы, потым парашкападобная, з капіліцыем (ніткі для разрыхлення спор). Споры шарападобныя, сеткаватыя або шыпаватыя, цёмныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМІЯ́НІ ((Damiani) Даміяна) (н. 23.7.1922, Пасьяна ды Пардэноне, Італія),
італьянскі кінарэжысёр. Вучыўся ў Міланскай акадэміі прыгожых мастацтваў. З 1953 у кіно. У яго творчасці спалучаліся дзве тэндэнцыі — цікавасць да сац. і псіхал. праблем грамадства і цяга да вострасюжэтнага фільма з напружаным дзеяннем. Пазней яны аб’ядналіся ў серыі фільмаў пра сіцылійскую мафію і яе сувязь з палітыкамі: «Дзень савы» (1967, у сав. пракаце «Сава з’яўляецца днём»), «Прызнанне камісара паліцыі пракурору рэспублікі» (1971), «Следства скончана — забудзьцеся» (1972), «Чаму забіваюць суддзяў» (1975), «Я баюся» (1977), «Чалавек на каленях» (1979), «Папярэджанне» (1980; у сав. пракаце «Следства з рызыкай для жыцця») і інш. У сваіх фільмах Д. новымі маст. сродкамі прадаўжае традыцыі неарэалізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМО́ВЫЯ ПЕ́СНІ,
адзін з цыклаў песень каляндарна-земляробчага круга. Распаўсюджаны ў народаў з часавай цыклізацыяй традыцыйнай песнятворчасці, у т. л. ў славян. На Беларусі ўключаюць абрадавыя, строга прымеркаваныя віншавальныя калядныя песні і шчадроўскія — «каляднае вяселле для ўсіх», «Жаніцьба Цярэшкі» і ўмоўна прымеркаваныя да зімы піліпаўскія песні і калядныя («ражстоўскія») гульні («Яшчур», «Халімон» і інш.). У нар. побыце тэрмін «З.п.» найчасцей ужываецца як сінонім піліпаўскіх. Яны арганічна спалучаюць прац. тэматыку (адсюль таксама назва «песні за кудзеляй») з сямейна-бытавой. Большасць з іх, асабліва з баладным сюжэтам («Да было ў бацькі да дзевяць сыноў»), апавядальнага характару. У паўн. раёнах Беларусі некат. з умоўна прымеркаваных З.п. — узоры працяжнага адзіночнага спеву («Ночы мае, ночушкі»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЫЁМА (ад грэч. idiōma своеасаблівы выраз) у мовазнаўстве, складанае па структуры моўнае адзінства з цэласным семантычным зместам. У вузкім сэнсе — фразеалагічнае зрашчэнне (гл.Фразеалагізм). Састаўныя ідыяматычных адзінстваў наз. кампанентамі, у І. яны страчваюць сваё звычайнае значэнне (напр., «сабаку з’есці» — мець вял. навык, вопыт у чым-н.).
Вылучаюцца марфалагічныя І. — словы, значэнне якіх не абумоўлена сукупнасцю значэнняў іх марфем; лексічныя І. — спалучэнні двух і больш слоў пастаяннага лексіка-грамат. складу, злітнае значэнне якіх не вынікае са зместу асобных кампанентаў; сінтаксічныя І. — простыя або складаныя канструкцыі, агульнае значэнне якіх не вынікае з сумы значэнняў форм і ўласцівых ім сінтакс. адносін. І. — сродак выразнасці і вобразнасці мовы. Вывучае І. ідыяматыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВАСПО́РТ,
спорт сярод інвалідаў. Заняткі І. садзейнічаюць рэабілітацыі інвалідаў і іх інтэграцыі ў грамадстве. На Беларусі 3 рэсп. федэрацыі І.: інвалідаў апорна-рухальнага апарату, па зроку, па слыху, якія ўваходзяць у Параалімпійскі Камітэт Рэспублікі Беларусь, створаны ў 1996. У ліст. 1997 прыняты ў Міжнар. Параалімпійскі Камітэт (штаб-кватэра ў г. Бон, Германія). У федэрацыях культывуюцца 18 відаў спорту, па іх праводзяцца рэсп. чэмпіянаты. У відах І. ўстаноўлены нарматывы, па якіх інвалідам прысвойваюцца спарт. разрады і званні, у т. л. майстра спорту Рэспублікі Беларусь міжнар. класа. Бел. спартсмены-інваліды ўдзельнічаюць у міжнар. спаборніцтвах. На X Параалімпійскіх гульнях у г. Атланта, ЗША (1996) яны заваявалі 13 медалёў (3 залатыя, 3 сярэбраныя, 7 бронзавых).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАКО́МБЫ (італьян. catacomba ад позналац. catacumba падземная грабніца),
падземныя памяшканні прыроднага або штучнага паходжання. Выкарыстоўваліся ў старажытнасці пераважна для правядзення рэліг. абрадаў (яўрэямі і раннімі хрысціянамі) і пахаванняў. Вядомы ў Італіі у наваколлі Рыма (лабірынты вузкіх галерэй даўж. каля 900 км з невял. заламі 2—4 ст.), у Неапалі, на в-ве Сіцылія, Егіпце (Александрыя), Венгрыі, Германіі, Паўн. Афрыцы, Кіеве, на Балканах і інш. Звычайна ўпрыгожваліся размалёўкай. Тэрмін «К.» ўжываецца ў адносінах да спецыфічных пахаванняў бронз. веку (гл.Катакомбавая культура) паўд.-рус. стэпаў. К. таксама называюць і пакінутыя б. падземныя каменяломні. Яны выкарыстоўваліся ў час рэв. і ваен. падзей падпольшчыкамі і партызанамі (г. Адэса, Керч на Украіне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ПЛЕРА ЗАКО́НЫ,
тры законы руху нябесных цел, выведзеныя І.Кеплерам на аснове звестак Ц.Браге паводле назіранняў бачнага руху планет. 1-ы К.з.: кожная планета рухаецца па эліпсе, у адным з фокусаў якога знаходзіцца Сонца. 2-і: кожная планета рухаецца ў плоскасці, якая праходзіць праз цэнтр Сонца, прычым радыус-вектар, праведзены ад Сонца да планеты, у роўныя прамежкі часу апісвае роўныя плошчы (S1=S2). 3-і: квадраты перыядаў абарачэння планет вакол Сонца адносяцца як кубы іх сярэдніх адлегласцей ад Сонца. К.з. спрыялі адкрыццю І.Ньютанам сусветнага прыцягнення закону, на аснове якога яны былі абагульнены і ўдакладнены. К.з. карыстаюцца пры знаходжанні масы планет, разліку арбіт спадарожнікаў і інш.Гл. таксама Нябесная механіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАСІ́ЧНАЯ ШКО́ЛАпалітэканоміі,
кірунак эканам. думкі, прадстаўнікі якога лічылі рынак самарэгулявальнай сістэмай, здольнай без дзярж. ўмяшання забяспечыць эканам. рост і поўную занятасць. Узнікла ў канцы 17 ст. ў мануфактурны перыяд. Яе заснавальнікі У.Пеці ў Вялікабрытаніі і П.Буагільбер у Францыі, якія паклалі пачатак прац. тэорыі вартасці; далей развіта ў творах фізіякратаў (Ф.Кенэ, А.Р.Ж.Цюрго і інш.) і дасягнула вяршыні ў вучэннях А.Сміта і Д.Рыкарда. Найб. вядомыя прадстаўнікі К.ш.: Ж.Б.Сей, Ф.Бастыя, Т.Р.Мальтус, Г.Ч.Кэры, Дж.С.Міль і К.Маркс (увёў тэрмін «класічная палітычная эканомія») і інш.Яны перанеслі прадмет эканам. тэорыі ў сферу вытв-сці, паставілі праблему эканам. законаў і велічыні вартасці тавару. К.ш. зрабіла значны ўплыў на развіццё эканам. навукі.