О́СТЭРМАН-ТАЛСТО́Й (да 1796 Талстой) Аляксандр Іванавіч

(1770—26.2.1857),

расійскі ваен. дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1817), граф Остэрман (1796). Службу пачаў у 1784. Удзельнічаў у войнах Расіі з Турцыяй і Францыяй. У пач. вайны 1812 пры корпусе П.Х.Вітгенштэйна. З 1812 камандуючы 4-м пях. корпусам 1-й Зах. арміі. У баі каля Астроўна 25—26.7.1812 на суткі затрымаў праціўніка, што дало магчымасць гал. сілам арміі адысці на Віцебск. Удзельнік Барадзінскай бітвы 7 вер., асенне-зімовай кампаніі 1812. У 1813 у час замежных паходаў вызначыўся ў бітвах пад Баўцэнам, Дрэздэнам, Кульмам, у 1815—18 камандуючы Грэнадзёрскім корпусам. З 1818 жыў у Зах. Еўропе.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 11, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАК ЧЖОН XI (30.9.1917, в. Сангмары, прав. Кёнсан-Пукто, Карэя — 26.10.1979),

ваенны і дзярж. дзеяч Рэспублікі Карэя. Ген.-маёр (1961). Скончыў настаўніцкае вучылішча ў г. Тэгу і ваен. школу ў Токіо (1944). У час 2-й сусв. вайны афіцэр яп. Квантунскай арміі. З 1946 у паўд.-кар. узбр. сілах. Удзельнік карэйскай вайны 1950—53. Узначаліў ваен. пераварот 16.5.1961. У 1961—63 старшыня Вярх. савета нац. рэканструкцыі. У кастр. 1963 выбраны прэзідэнтам Рэспублікі Карэя. Ініцыіраваў эканам. рэформы, якія спрыялі хуткаму эканам. росту краіны, ператварэнню яе ў індустр. дзяржаву. У 1971 увёў у краіне надзвычайнае становішча, дамогся прыняцця новай канстытуцыі, якая скасавала прамыя прэзідэнцкія выбары. Забіты адным з паплечнікаў.

т. 11, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛУПА́НАЎ Андрэй Васілевіч (14.9.1888, ст. Ханжонкава Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 5.12.1956),

удзельнік грамадз. вайны ў Беларусі. Скончыў Прамысл. акадэмію. З 1909 на Чарнаморскім флоце. Са студз. 1918 камандзір атрада маракоў, накіраванага ў Кіеў для барацьбы з Цэнтр. радай, камендант Кіева; потым на Усх. фронце, камандзір браняпоезда «Свабода або смерць!». У сак.—вер. 1919 камандуючы Дняпроўскай ваеннай флатыліяй (базіравалася і ў Гомелі). Удзельнічаў у баях з польск. войскамі пад Туравам, у абароне Гомельскага ўмацаванага раёна. З ліп. 1920 камандзір брыгады, начальнік бронечасцей 6-й арміі. Пасля грамадз. вайны на парт., сав. і гасп. рабоце. Аўтар кнігі «Свабода або смерць!» (1966).

Р.​К.​Паўловіч.

т. 12, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТАБНЯ́ Андрэй Апанасавіч (31.8.1838, с. Перакопаўка Роменскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 5.3.1863),

рэвалюцыйны дэмакрат, удзельнік паўстання 1863—64. Вучыўся ў Полацкім кадэцкім корпусе. Скончыў Канстанцінаўскі кадэцкі корпус у Пецярбургу (1856), афіцэрскую школу ў Царскім Сяле (1859). Служыў прапаршчыкам, потым падпаручнікам у 15-м Шлісельбургскім палку ў Польшчы. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Камітэта рускіх афіцэраў у Польшчы. Трымаў сувязь з Я.​Дамброўскім, З.​Серакоўскім, А.​І.​Герцэнам, М.​П.​Агаровым, у час наведвання Лондана вёў перагаворы пра рус.польскі рэв. саюз. З ліст. 1862 чл. «Зямлі і волі». З лют. 1863 у атрадах ген.

М.​Лянгевіча, смяротна паранены ў баі супраць царскіх войск.

В.​С.​Семенякоў.

т. 12, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎЛАЎ Міхаіл Аляксандравіч (21.1.1863, г. Ленкарань, Азербайджан — 10.1.1958),

расійскі вучоны ў галіне металургіі Акад. АН СССР (1932; чл.-кар. 1927). Герой Сац. Працы (1945). Скончыў Пецярбургскі горны ін-т (1885). У 1904—41 праф. Ленінградскага політэхн. ін-та, адначасова з 1921 — Маскоўскай горнай акадэміі, у 1930—41 — Маскоўскага ін-та сталі. Навук. працы па праблемах інтэнсіфікацыі доменнага працэсу, пашырэння рэсурсаў металургічнай вытв-сці. Удзельнік праектавання буйных металург. з-даў, доменных печаў і сталеплавільных агрэгатаў. Дзярж. прэмія СССР 1943, 1947.

Тв.:

Металлургия чугуна. Ч. 1—3. М., 1948—51;

Расчет доменных шихт. 6 изд. М., 1951.

Літ.:

Федоров А.С. М.​А.​Павлов // Люди русской науки. М., 1965.

М.А.Паўлаў.

т. 12, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАХО́МАЎ Мікалай Ільіч (17.4.1919, в. Вольшчына Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. — 29.3.1988),

удзельнік партыз. руху на тэр. Гомельскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, журналіст, гісторык. Канд. гіст. н. (1954), праф. (1978). Скончыў Усебел. газетную парт. школу (1938), БДУ (1951), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1954). У Вял. Айч. вайну ў жн. 1942 — ліст. 1943 радавы і палітрук разведкі ў партыз. атрадзе Рэчыцкай брыгады, потым рэдактар падп. газ. «Гомельская праўда», на журналісцкай рабоце. З 1948 рэдактар газ. «Гомельская праўда», «Віцебскі рабочы». З вер. 1956 сакратар Віцебскага абкома КПБ, у 1968—85 рэктар Мінскай ВПШ. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1971—88.

т. 12, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЧО́БУТ-АДЛЯНІ́ЦКІ Ян Уладзіслаў (26.6.1640—23.5.1703),

вайсковы дзеяч ВКЛ, пісьменнік-мемуарыст, удзельнік вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1658 ваяваў у Трокскім пав., у 1659 — у Курляндыі, удзельнічаў у бітвах на р. Бася (8.10.1660), каля Дынабурга (5.3.1661), на р. Дзісна (жн.—ліст. 1661), у няўдалай выправе караля Яна II Казіміра за Дняпро зімой 1663—64. У 1666—98 выбіраўся дэпутатам Трыбунала ВКЛ. З 1684 стольнік ашмянскі. Пакінуў успаміны і дзённік «Нататкі мае і дыярыуш маёй службы ваеннай» (на польск. мове), у якіх адлюстраваны падзеі 1640—84.

Тв.:

Бел. пер. — Запіскі і дыярыуш Яна Уладзіслава Пачобута-Адланіцкага // Полымя. 1998. № 1—2.

т. 12, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЛЮ́ТАЎ Пётр Андрэевіч (23.12.1906, в. Лучын Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 24.3.1960),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў 1-ю Ваен. школу авіятэхнікаў (1932), Качынскую ваен. школу лётчыкаў (1935). У Чырв. Арміі з 1928. Удзельнік выратавання чэлюскінцаў у 1934, баёў каля воз. Хасан у 1938, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Ленінградскім фронце. Нам. камандзіра знішчальнага авіяпалка капітан П. вызначыўся 17.12.1941 над Ладажскім воз. пад Ленінградам, дзе ў паветр. баі з 6 варожымі знішчальнікамі збіў 2 з іх, на пашкоджаным самалёце адбіваў атакі; за час вайны збіў 17 варожых самалётаў. Да 1955 у Сав. Арміі.

П.А.Пілютаў.

т. 12, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІНЧУ́К Мікалай Рыгоравіч (4.2.1921, в. Ізюмава Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл. — 12.1.1978),

Герой Сав. Саюза (1945), Засл. лётчык-выпрабавальнік (1969). Скончыў Бабруйскі аэраклуб (1940), Армавірскую ваен. авіяшколу (1942), Ваен.-паветр. акадэмію (1954). Ў Чырв. Арміі з 1940. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Зах. і 3-м Бел. франтах. Удзельнік вызвалення Смаленшчыны, Беларусі, баёў ва Усх. Прусіі. Камандзір знішчальнай эскадрыллі маёр П. за час вайны зрабіў 307 баявых вылетаў, збіў 22 самалёты ворага, адзін з іх тараніў у 1943 у раёне г. Ельня (Расія), 2 — у групавых баях. Да 1975 у Сав. Арміі. Аўтар кн. «У паветры — Які» (1977).

М.Р.Пінчук.

т. 12, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́РТА (Porta) Джакама дэла (каля 1540, Рым — 1602),

італьянскі архітэктар. Вучань Мікеланджэла, зазнаў уплыў Дж.Віньёлы. Будаваў пераважна ў Рыме. Пераасэнсоўваў прынцыпы італьян. дойлідства эпохі Адраджэння, імкнуўся да напружаных прасторавых вырашэнняў і ўнутр. дынамізму ў духу ранняга барока. Кіраваў буд-вам сабора св. Пятра (з 1573), узвёў гал. купал, якому надаў эліпсападобную форму (1586—93). Закончыў паводле праекта Віньёлы царкву Іль Джэзу і стварыў яе барочны фасад (1575). Удзельнік буд-ва ансамбля пл. Капітолія (1563—90-я г.). Пабудаваў ун-т у Рыме («Сапіенца»; каля 1575) і вілу Альдабрандзіні ў Фраскаці (1598—1600, дабудавана К.​Фантанам).

Дж. дэла Порта. Віла Альдабрандзіні ў Фраскаці. 1598—1600.

т. 12, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)