акрамя́, прыназ. з Р.
1. Апрача, за выключэннем каго‑, чаго‑н., не лічачы каго‑, чаго‑н. У пакоі нікога не было, акрамя старой. Самуйлёнак. Ёсць пахвалы, якія для разумнага чалавека горш за разгром, бо ён адчувае, што аб яго працы больш нічога нельга сказаць, акрамя агульных слоў — «добра», «варта ўвагі», «крок наперад», «уклад у навуку, літаратуру». Шамякін.
2. Больш каго‑, чаго‑н., у дадатак да каго‑, чаго‑н. Акрамя «зайцавага хлеба» ў бацькавай скрынцы бывае шмат якіх цікавых рэчаў. Лынькоў.
•••
Акрамя таго (у знач. пабочн.) — да таго ж. Акрамя таго, .. [вучням] хацелася адчуваць сябе незалежнымі і сталымі, і яны не заўважылі, як зноў ператварыліся ў свавольных і смяшлівых дзяцей. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ку́ча, ‑ы, ж.
1. Вялікая колькасць якіх‑н. прадметаў, у беспарадку наваленых адзін на другі. Куча камення. Куча галля. // Вялікая колькасць чаго‑н. сыпкага, зваленая горкай на адным месцы. Куча пяску. □ Жыта ссыпаюць проста ў кучу на брызент каля вагі. Васілевіч.
2. Гурт людзей, жывёл. — Разыдзіцеся, хлопцы, не збірайцеся ў кучы! — загадаў начальнік дэпо. Лынькоў. Вось коцяцца, як клубкі, авечкі, то рассыпаючыся, то збіваючыся ў густую кучу. Якімовіч.
3. Разм. Мноства; вялікая колькасць. Мець кучу грошай. Куча непрыемнасцей. □ Цяпер дзве Іванавы сястры замужам, старэйшы брат Спірыдон ажаніўся, сваіх дзяцей куча. Чарнышэвіч.
•••
Валіць (усё) у адну кучу гл. валіць.
Куча мала — вокліч у дзіцячай гульні, па якому ўдзельнікі падаюць адзін на аднаго.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́бавіць, ‑баўлю, ‑бавіш, ‑бавіць; зак.
Разм.
1. каго-што. Выцягнуць, дастаць што‑н., што засела, загрузла. Выбавіць воз з гразі. Выбавіць каня з дрыгвы. □ [«Газік»] глыбока засеў усімі сваімі чатырма гумавымі нагамі, і часам здавалася, што цяпер не ўсякая сіла зможа яго выбавіць. Ракітны. // перан.; каго. Вызваліць каго‑н. адкуль‑н., дапамагчы выйсці з цяжкага, небяспечнага становішча. Выбавіць з няволі. Выбавіць з бяды. □ [Патапчык:] — Мабыць, пакуль мы тут жартуем, Сымона ў склеп запраторылі. Хадзем, выбавім мы яго адтуль. Чарнышэвіч.
2. каго. Пераканаць, прымусіць каго‑н. выйсці, выехаць адкуль‑н. Выбавіць дзяцей з хаты на вуліцу.
3. што. Знайсці вольны час. [Якубовіч:] — Мой Амелька, як выбавіць дома вольную часіну, трынкае на мандаліне. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
арганізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак., каго-што.
1. Заснаваць што‑н. такое, што мае грамадскі характар. Арганізаваць краязнаўчы гурток.
2. Падрыхтаваць, упарадкаваць; наладзіць. Арганізаваць сацыялістычнае спаборніцтва. Арганізаваць работу інструктарскіх груп. Арганізаваць сустрэчу. Арганізаваць будаўніцтва дарог. Арганізаваць серыйны выпуск машын. // перан. Разм. Дастаць, здабыць або падрыхтаваць што‑н. для каго‑н. — Ды вось ніяк не збяруся, каб запрасіць вас, — вінавата сказаў Андрэй. — Добра, што напомнілі. Арганізуем такую справу. Шахавец.
3. Аб’яднаць, згуртаваць для якой‑н. мэты; ахапіць якой‑н. арганізацыяй. Арганізаваць сялянства ў калгасы. □ [Кастусь] нават кулямёт меў і арганізаваў атрад. Чорны.
4. Унесці ў што‑н. пэўны парадак, планамернасць; упарадкаваць. Арганізаваць свой рабочы час. Арганізаваць падрыхтоўку вучняў да экзаменаў. Арганізаваць увагу дзяцей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абдзялі́ць, ‑дзялю, ‑дзеліш, ‑дзеліць; зак., каго-што.
1. Пры падзеле, размеркаванні не даць каму‑н. нічога або даць менш, чым іншым. Калі хлеба па картках сям’і неставала, рукі матчыны зналі, што трэба рабіць, — так умелі апошні кавалак дзяліць, каб усіх падзяліць, а сябе — абдзяліць. А. Вольскі. [Варвара:] — Зіма, нябось, слязу пусціў: яго брыгаду абдзялілі, дзве касілкі далі ў Варварыну брыгаду, а яму толькі адну... Васілевіч. // Надзяліць у недастатковай меры якімі‑н. якасцямі, здольнасцямі і пад. або пазбавіць якіх‑н. якасцей, здольнасцей і пад. Прырода абдзяліла яго ростам і сілай.
2. Надзяліць усіх чым‑н., аддаючы кожнаму яго долю. Абдзяліць дзяцей гасцінцамі. □ — Мая воласць вялікая, — Белым сырам не абдзеліш. З нар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
быццё, ‑я, н.
1. Спец. Аб’ектыўная рэальнасць, якая існуе незалежна ад нашай свядомасці; матэрыя, прырода. Быццё па-за часам, заключае [Пляханаў], з’яўляецца такім жа вялікім абсурдам, як і быццё па-за прасторай. «Весці».
2. Сукупнасць умоў матэрыяльнага жыцця грамадства. Быццё вызначае свядомасць.
3. Жыццё, існаванне. Ад роднае зямлі, Ад гоману бароў, Ад казак вечароў, Ад песень дудароў, Ад светлых воблікаў закінутых дзяцей, Ад шолаху начэй, Ад тысячы ніцей, З якіх аснована і выткана жыццё І злучана быццё і небыццё, — Збіраўся скарб. Колас.
4. Разм. Прабыванне дзе‑н. [Карызна] сказаў возніку ехаць далей і ўпершыню за ўвесь час быцця свайго ў гэтым раёне спыніўся ў заезным двары. Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
займе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., каго-што.
1. Абзавесціся кім‑, чым‑н., набыць каго‑, што‑н. Займець дзяцей. Займець карову. □ Апанас займеў сваю хату і крыху паставіў на ногі гаспадарку. Кавалёў. // Набыць, здабыць. Там жа, на Урале, Сцяпан займеў спецыяльнасць шахцёра. І працаваў не абы-як. Гроднеў.
2. Завесці, устанавіць. — Вось такі займець парадак у калгасе ўсюды можна! Броўка.
3. Адчуць (жаданне, ахвоту і пад.). Іра сама спынілася ля старэнькай форткі, і я зразумеў, што яна займела намер паглядзець маё халасцяцкае жытло. Сабаленка. І па суровай постаці Нялёгка зразумець, Якія словы вострыя І думкі ён займеў. Панчанка.
•••
Займець моду — тое, што і узяць моду (гл. узяць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыпа́р, ‑у, м.
1. Душная гарачыня, спякота ў паветры ад сонца. Іскрыцца сонейка. Прыпар. Бялевіч. То ў бубны дахаў снежны вецер біў, То навальніца у прыпар грымела, Трубач над зыркім вогнішчам трубіў — І ўсё было да болю зразумела. Грахоўскі.
2. Напружаная летняя праца ў полі (у час касьбы, жніва). Следам за сенакосам падыходзіў жніўны прыпар. Асіпенка. У самы прыпар прыехала на хутар бабка Югася, каб паглядзець дзяцей, пакуль маці і бацька будуць ўпраўляцца з касьбою і жнівом. С. Александровіч. // перан. Найбольш напружаная праца, якая наступае час ад часу, а таксама перыяд такой працы. Кафедры правяралі выкананне вучэбных планаў і паспешліва рыхтаваліся да чарговага інстытуцкага прыпару. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пяке́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Уласцівы пеклу, такі, як у пекле. І вось пачалося змаганне Дабра і прадвечнага зла, Світальнай зары і змяркання, Пякельнай начы і святла. Танк.
2. Разм. Вельмі цяжкі, нясцерпны; пакутлівы. Пасля двух пякельных баявых дзён рота лейтэнанта Клямта была адведзена з пярэдняга краю. Мележ. У душы маёй заўсёды быў нейкі пякельны разлад. Купала.
3. Разм. Незвычайны па ступені праяўлення; страшэнны. Пякельная спёка. Пякельны боль. □ Усё цела паліў пякельны агонь, трашчала ад болю галава, ліўся густы пот. Дуброўскі.
4. Разм. Жорсткі, бесчалавечны. Нямала людзей з маёй вёскі не вярнулася з вайны, нямала дзяцей і дарослых загінула ў часы пякельнага рэжыму фашысцкай акупацыі. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пала́саваць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., каго.
Пакарміць чым‑н. смачным, пачаставаць ласункамі. Паласаваць дзяцей цукеркамі. □ Тэкля заўсёды песціла .. [карову], як малое дзіця, наровячы напаіць цёпленькай вадзічкай, падкінуць лепшы ахапак сена, паласаваць бурачкамі ці добра завараным пойлам. Няхай.
паласава́ць, ‑су́ю, ‑су́еш, ‑су́е; незак., каго-што.
1. Спец. Рэзаць на палосы. Паласаваць жалеза.
2. Разм. Удараць, біць чым‑н., пакідаючы на целе сляды ў выглядзе палос. Раптам Сомік скочыў, схапіў.. [жанчыну] леваю рукою за хустку разам з валасамі і пачаў паласаваць плёткай. Крапіва. Цяпер дзядзька стаяў на падводзе, трымаў у руках лейцы і лейцамі ўвесь час паласаваў каня. Васілеўская.
3. перан. Разм. Бліскаць паласой агню, святла. Усё часцей і часцей паласавалі неба агнявыя маланкі. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)