тара́н ​1, ‑а, м.

Прамысловая рыба сямейства карпавых, разнавіднасць плоткі (у ежу ідзе галоўным чынам у салёным і вяленым выглядзе).

тара́н ​2, ‑а, м.

1. Старажытная прылада, якой разбівалі крапасныя сцены і якая мела выгляд бервяна з металічным наканечнікам, прымацаваным ланцугамі на перасовачнай вежы. Сценабітны таран. // Спец. Выступ у насавой падводнай частцы баявога судна для нанясення ўдару па корпусу варожага судна. // Прылада, прадмет, якім можна разбіць што‑н., зрабіць прабоіну ў чым‑н.

2. Прамы ўдар, які робіць прабоіну.

3. Нанясенне ўдару носам карабля. вінтом самалёта, пярэдняй часткай танка па варожай машыне ў час бою. Жыцця не шкадуючы, ворага гналі, Калі ж ён упарта не сходзіў з дарогі, — Вы [салдаты] білі таранам яго самалёты, Вы смерцю сваёй амбразуры сцішалі. Броўка.

4. Прарыў фронту і глыбокае ўкліненне ў размяшчэнне войск праціўніка, а таксама ўдарная група, якая выконвае гэты прарыў. Стратэгічны таран.

•••

Гідраўлічны таран — тэхнічнае збудаванне для пад’ёму вады.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

увяза́цца, увяжуся, увяжашся, увяжацца; зак.

1. Стаць увязаным, завязаным. Рэчы добра ўвязаліся. // Абвязаць сябе, укруціцца. [Кацярына:] — Гэта ж баліць, не пры вас кажучы, галава. А як увяжуся, то не так. Кулакоўскі.

2. перан. Прыйсці ў адпаведнасці з чым‑н. Увязаліся планы з мясцовымі ўмовамі. Заключэнне добра ўвязалася з асноўным тэкстам.

3. перан. Разм. Без дазволу накіравацца ўслед за кім‑н., далучыцца да каго‑н., хто ідзе, едзе. Пятым падарожнікам за імі ўвязаўся сабака, які ні на крок не адставаў ад гаспадыні, нібы баяўся яе згубіць. Дамашэвіч. // Сачыць за кім‑н., ідучы ўслед. [Кунцэвіч:] — Перш чым весці .. [Косцю] да нас, вакол дома паглядзі, каб услед за вамі ніхто не ўвязаўся. Новікаў.

4. перан. Разм. Прыняць актыўны ўдзел у чым‑н.; уключыцца ў што‑н.; умяшацца. Увязацца ў бойку. Увязацца ў спрэчку. □ Косця адразу страціў ахвоту з Веркай гутарыць і пашкадаваў ужо, што ўвязаўся з ёй у размову. Карпюк. Ужо ўвязаліся ў справу аўтаматы, вінтоўкі. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чэ́рпаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

1. Даставаць, набіраць чым‑н. знізу або з глыбіні, захопліваючы невялікімі часткамі што‑н. вадкае ці сыпкае. Нядобрыя сны пачалі сніцца Ульяне. Прыснілася ёй раз, што яна чэрпала ваду сваім чаравікам і піла яе. Колас. Па полі шырокім ідзе хлебароб — у цяжкіх ботах, спаважнай хадой. Чэрпае жменяй адборнае зерне з сявенькі і сее спакойна, упэўнена. Брыль. Малашкін чэрпаў з талеркі бульбяны суп з вермішэллю і маўчаў. Пестрак. // У час руху па чым‑н. вадкім, сыпкім захопліваць, набіраць. Каменне падала густа, бляшанка падскоквала на хвалях, нахілялася, чэрпала ваду, але ўпарта не хацела ісці на дно. Савіцкі.

2. перан. Набываць, браць, запазычваць што‑н. адкуль‑н. Чэрпаць веды. Чэрпаць сілы. □ Кожны з нас прыпасае радзімы куток, Каб да старасці чэрпаць адтуль успаміны. Панчанка. Беларуская савецкая літаратура чэрпае сваё натхненне ў рэвалюцыйным абнаўленні краіны. Пшыркоў.

•••

Чэрпаць (браць) каўшом — многа, празмерна браць, атрымліваць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БУРАКАВО́ДСТВА,

галіна земляробства па вырошчванні буракоў для цукровай прамысловасці, а таксама на харч. і кармавыя патрэбы. На долю цукр. буракоў прыпадае прыкладна ​1/3 цукру, які вырабляюць у свеце, а ў краінах умеранага пояса яны адзіная крыніца яго атрымання. На кармавыя мэты выкарыстоўваюць прамысл. адходы — жамерыны і патаку, а таксама буракі ў сырым выглядзе. Частка адходаў ідзе на ўгнаенне. Цукр. буракі параўнальна маладая с.-г. культура, выведзеная ў 18 ст. ў Германіі. У выніку селекцыі, развіцця насенняводства і ўдасканалення тэхналогіі вырошчвання яны шырока культывуюцца ў краінах Еўропы і Паўн. Амерыкі, найб. у лесастэпавай зоне. У залежнасці ад умоў вырошчвання колькасць цукру ў караняплодах вагаецца ад 15 да 23%. Сусв. плошчы пад цукр. буракамі каля 8 млн. га. Найб. плошчы пасеваў на Украіне (лесастэпавая зона), у Расіі (Чарназёмны цэнтр, Кубань), ЗША, Францыі, Германіі, Польшчы. Невял. пл. маюць Малдова, Беларусь, Літва, Латвія, а таксама Казахстан і Кыргызстан (на арашальных землях), з краін Зах. Еўропы — Нідэрланды, Вялікабрытанія. Найб. ўраджаі атрымліваюць у краінах Зах. Еўропы — 550—600 ц/га.

Вырабляць цукар з цукр. буракоў на Беларусі пачалі ў 1830-я г., калі ў Віленскай, Мінскай і Магілёўскай губ. былі пабудаваны невял. цукр. з-ды. У 1860-я г. іх было больш за 30, але з-за канкурэнцыі больш таннага цукру з Украіны да канца 19 ст. яны былі ліквідаваны. Вырошчванне цукр. буракоў на Беларусі аднавілася ў 1950-я г. адначасова з буд-вам цукр. заводаў у Скідзелі (працуе з 1951), Гарадзеі Нясвіжскага р-на (1959), Жабінцы (1963), Слуцку (1965). У Беларусі ў 1995 цукр. буракі займалі 55,4 тыс. га, або 0,9% агульнай пасяўной плошчы. Ураджайнасць каля 200—300 ц/га, штогадовы валавы збор каля 1000—1500 тыс. т (гл. табл.). Пасевы цукр. буракоў канцэнтруюцца ў 28 адм. раёнах вакол цукр. з-даў. Доля цукр. буракоў у агульных пасевах гэтых раёнаў вагаецца ад 3 да 7%. Колькасць цукру ў бураках 15—17% — значна ніжэйшая, чым на Украіне (20—22%), выхад цукру з 1 т буракоў на заводах Беларусі 12—13%. Цукр. буракі ў Беларусі сеюць на сугліністых і супясчаных мінеральных, а таксама на асушаных і акультураных тарфяна-балотных глебах. Раянаваны сорт Гала.

Буракі сталовыя пашыраны на ўсіх кантынентах і ва ўсіх земляробчых зонах, але больш ва ўмераным поясе. Ураджайнасць 400—500 ц/га (да 1000 ц), на Беларусі каля 200 ц/га. Раянаваныя сарты — Бардо 237, Холадаўстойлівыя 19, Пушкінскія К-18 і інш. Кармавыя буракі вырошчваюць у краінах умеранага пояса: ЗША, Канадзе, Польшчы, Вялікабрытаніі, Германіі, у краінах СНД і інш. Ураджайнасць у еўрап. краінах, у т. л. ў Беларусі, 300—400 ц/га. Вырошчваюць сарты бел. (Бел. чырвоныя) і замежнай (Экендорфскія жоўтыя і інш.) селекцыі.

Н.​І.​Жураўская.

Пасяўная плошча і валавыя зборы цукровых буракоў у Беларусі (на тэхнічныя мэты)
Паказчыкі 1950 1960 1970 1980 1990 1994
Пасяўная плошча, тыс. га 4,6 29 49 52 46 58
Ураджайнасць, ц/га 149 132 221 229 320 187
Валавыя зборы, тыс. т 69,4 383 1029 1122 1479 1078

т. 3, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

вести́ несов., в разн. знач. ве́сці;

доро́га ведёт к ле́су даро́га вядзе́ (ідзе́) да ле́су;

вести́ телефо́нную ли́нию ве́сці тэлефо́нную лі́нію;

вести́ хозя́йство ве́сці (мець, трыма́ць) гаспада́рку, гаспада́рыць;

вести́ перегово́ры ве́сці перагаво́ры;

вести́ собра́ние ве́сці сход;

вести́ войну́ ве́сці вайну́;

вести́ самолёт ве́сці самалёт;

◊

вести́ нача́ло браць пача́так; пачына́цца;

и у́хом не ведёт і ву́хам не вядзе́; і не шмана́е;

вести́ свой род (от кого) ве́сці свой род (ад каго);

вести́ себя́ трыма́ць (паво́дзіць) сябе́;

вести́ свою́ ли́нию гнуць сваю́ лі́нію.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

пар​I м. па́ра, -ры ж., мн. нет;

превраще́ние жи́дкости в пар ператварэ́нне ва́дкасці ў па́ру;

пары́ ка́мфоры па́ра ка́мфары;

мя́тый пар мя́тая па́ра;

отрабо́танный пар адпрацава́ная па́ра;

насы́щенный пар насы́чаная па́ра;

перегре́тый пар перагрэ́тая па́ра;

во́льный пар кул. во́льны дух;

от ло́шади идёт пар ад каня́ ідзе́ па́ра;

◊

на всех пара́х по́ўным хо́дам;

зада́ть па́ру даць ла́зню;

подда́ть па́ру падда́ць па́ры;

под пара́ми (в состоянии опьянения) прост. пад му́хай;

с лёгким па́ром з лёгкай па́рай;

пар вон дух вон.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

сле́дующий

1. прич. які́ (што) ідзе́ (сле́дам, усле́д); які́ (што) хо́дзіць (сле́дам, усле́д); які́ (што) е́дзе (сле́дам, усле́д); які́ (што) ру́хаецца (сле́дам, усле́д); які́ (што) накіро́ўваецца (сле́дам, усле́д); які́ (што) настае́ (надыхо́дзіць) (сле́дам, усле́д); см. сле́довать​ 1;

2. прил. насту́пны; (другой) другі́;

кто сле́дующий? хто насту́пны?;

на сле́дующий день на другі́ дзень;

в сле́дующий раз другі́м ра́зам (другі́ раз);

3. мест. насту́пны; (такой) такі́;

сле́дующим о́бразом такі́м чы́нам;

4. сущ. насту́пны, -нага м.;

мы останови́лись на сле́дующем мы спыні́ліся на насту́пным.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

count​3 [kaʊnt] v.

1. лічы́ць, падлі́чваць;

count one’s money лічы́ць гро́шы;

count up to three лічы́ць да трох

2. мець значэ́нне;

Money counts with him more than anything. Грошы для яго – самае галоўнае;

Every minute counts. Дарагая кожная хвіліна.

3. прыма́ць у разлі́к, улі́чваць;

fifty people not counting the children пяцьдзяся́т чалаве́к, калі́ не лічы́ць дзяце́й;

that doesn’t count гэ́та не ідзе́ ў разлі́к

4. лічы́ць, успрыма́ць;

be counted as friends лічы́цца сябра́мі

♦

don’t count your chickens before they are hatched кураня́т уво́сень лі́чаць; ≅ не той хлеб, што на по́лі, а той, што ў гумне

count on [ˌkaʊntˈɒn] phr. v. разлі́чваць, спадзява́цца (на каго-н. або што-н.)

count upon [ˌkaʊntəˈpɒn] phr. v. разлі́чваць, спадзява́цца (на каго-н. або што-н.)

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

паглядзе́ць, ‑гляджу, ‑глядзіш, ‑глядзіць; ‑глядзім, ‑гледзіце; зак.

1. Накіраваць позірк на каго‑, што‑н., каб убачыць, разгледзець. Паглядзець у акно. Паглядзець на неба. □ Мікуць паглядзеў навокал — нікога нідзе не было. Чорны. Я раніцою адчыніў акно, Каб паглядзець, што робіцца на нівах. Свірка. // Паназіраць за кім‑, чым‑н. пры дапамозе аптычных прылад. Паглядзець у мікраскоп. Паглядзець у бінокль.

2. Панаглядаць за кім‑, чым‑н.; зрабіць прадметам сваёй увагі. Шмат людзей прыходзіла паглядзець, як жывецца, як ідзе праца, а шмат хто прыходзіў і чаму-небудзь павучыцца. Чарот. Чалавек прыткнуўся да дрэва плячыма і астаўся так паслухаць і паглядзець. Чорны. // што і без дап. Пашукаць што‑н. дзе‑н. Паглядзі, куды заваліўся нож. □ [Камандзір:] — Паглядзі ў .. [таварышаў] пад падушкамі. Там у іх кніжкі. Брыль. // Упэўніцца, пераканацца ў чым‑н. Паглядзім, чыя праўда! □ [Люба:] — [Млынар і яго швагер] зараз паглядзяць, што дошкі на месцы і адыдуцца. Чорны.

3. каго-што. Пабыць гледачом. Аднойчы кіраўнік семінара сказаў: «Зараз мы паглядзім замежны фільм, дубліраваны на рускую мову». «Маладосць». // Агледзець, выслухаць. Доктар паглядзеў хворага. // Пазнаёміцца з кім‑, чым‑н.; убачыць каго‑, што‑н. — Можна паглядзець маршрут па карце? — папрасіў Мікола. Новікаў. Толю зноў захацелася паглядзець роднае папялішча. Якімовіч.

4. каго-што, за кім-чым. Падаглядаць нейкі час. Паглядзець хату. Паглядзець гадзіну за дзіцём.

5. Аднесціся пэўным чынам да каго‑, чаго‑н.; даць ацэнку каму‑, чаму‑н. Паглядзець на справу з гаспадарчага боку. □ Лазука зірнула на сакратара, відаць, хочучы даведацца, як ён паглядзіць на тое, што яна спасылаецца на яго. Сабаленка. // (звычайна з адмоўем). Палічыцца з кім‑, чым‑н. [Паўліна Цітаўна:] — Ну, ну, не смейся з маці, а то паска атрымаеш, не пагляджу і на ранг. Шамякін.

6. Звярнуць увагу на каго‑, што‑н. Я на поплаў выйшаў, Клічу цябе ў сведкі: — Паглядзі, як вышыў Май даліну ў кветкі! Гілевіч. — О, паглядзі, — сказаў Толя, зноў прыгнуўшыся да акенца, — .. [Я. Колас] і цяпер у друкарню ідзе. Брыль.

7. Разм. Падумаць, перш чым зрабіць. Яшчэ паглядзім, дзе каго пасадзім! Прыказка.

8. Глядзець некаторы час. Паглядзець удалячынь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

блі́зка,

1. Прысл. да прым. блізкі (у 1, 2, 4 і 5 знач.).

2. у знач. вык. У хуткім часе, хутка. Жніво і ўборка з поля былі блізка. Чорны. А на дварэ ўжо вечарэе, І ночка блізка, змрок гусцее. Колас.

3. прыназ. з Р. Разм. У прасторавым значэнні. Блізка горкай рэчкі Сарыярві Жыў сабе ды гаспадарыў Паво. Багдановіч. Сеў каля паваленай яліны блізка сцежкі, што ў гушчар вядзе. А. Вольскі. // У часавым значэнні. Блізка апоўначы зноў змоўкла малатарня: чысцілі транспарцёр. Савіцкі.

4. прысл. Разм. Амаль, прыблізна. Экзамены цягнуліся блізка тыдзень. Колас. Ёсць будынкі з тоўстага бярвення, век якіх ідзе блізка не за сто год. Чорны. Прыцягнулася ў гэта мястэчка Прузына ўжо блізка году. Ядвігін Ш.

•••

Блізка што — амаль што.

І блізка няма — зусім няма. Сімон, які ведаў, што важных дакументаў і блізка няма.., цяжка ўздыхнуў. Самуйлёнак.

І ні блізка; ні блізка; ані блізка — ні ў якім разе, ні за што.

Прымаць (браць) блізка да сэрца гл. прымаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)