О́СЬКІН (Віктар Сямёнавіч) (1.12.1952, в. Ураеўка Акцябрскага р-на Курскай вобл., Расія — 24.7.1992),
расійскі ваен. лётчык. Герой Расійскай Федэрацыі (1992). Скончыў Тамбоўскае вышэйшае ваен.авіяц. вучылішча лётчыкаў (1974), Ваенна-паветр. акадэмію імя Ю.А.Гагарына (1985). 24.7.1992 падпалк. О. выконваў палёт у якасці інструктара экіпажа. Калі самалёт знаходзіўся над адным з раёнаў Гомеля, непадалёку ад якога размяшчалася нафтасховішча, на ім узнік пажар. О. прыняў рашэнне найхутчэй адвесці самалёт ад горада, потым даў каманду экіпажу пакінуць машыну. Экіпаж выратаваўся, О. не хапіла вышыні для катапультавання, і ён загінуў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯ́РНАЯ ЗО́РКА α Малой Мядзведзіцы, самая яркая зорка (2-й зорнай велічыні) у сузор’і Малой Мядзведзіцы. Размешчана на адлегласці каля 1° ад Паўн. полюса свету, таму захоўвае амаль нязменнае становішча пры бачным сутачным вярчэнні нябеснай сферы. Паказвае напрамак на Пн і шырату месца назірання, прыблізна роўную вышыні П.з. над гарызонтам. П.з. — падвойная зорка, складаецца зцэфеіды (перыяд пульсацыі каля 4 дзён, амплітуда змены бляску 0,12 зорнай велічыні) і карлікагал. паслядоўнасці. Аддалена ад Сонца на 1000 св. гадоў. На Беларусі відаць круглы год.
А.А.Шымбалёў.
Схема вызначэння становішча Палярнай зоркі на небе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫБЯРЭ́ЖНІК (Littorella),
род кветкавых раслін сям. трыпутнікавых. 3 віды. Пашыраны ў Еўропе, Паўд. Амерыцы і на астравах Атлантычнага акіяна. На Беларусі атл.-еўрап. рэліктавы від П. аднакветкавы (L.uniflora), занесены ў Чырв. кнігу. Расце ў прыбярэжнай зоне азёр да глыб. 2,5 м, уздоўж вільготных берагоў азёр і рэк утварае зараснікі.
П. аднакветкавы — шматгадовая бессцябловая травяністая расліна выш. 2—15 смз карэнішчам, прыдаткавымі каранямі і паўзучымі сталонападобнымі парасткамі. Лісце ў прыкаранёвай разетцы, сядзячае, вузкалінейнае. Кветкі аднаполыя, цвітуць над вадой, аднак бутоны тычынкавых і песцікавых кветак развіваюцца пад вадой. Плод — арэшак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎРЭ́ЛІЙ (Марк) (Marcus Aurelius; 26.4.121, Рым — 17.3.180),
рымскі імператар з 161, філосаф, адзін з прадстаўнікоў позняга стаіцызму. Пры ім Рым захапіў Месапатамію, устанавіў пратэктарат над Арменіяй, вёў Маркаманскую вайну 166—180 з германцамі і сарматамі. Яго твор «Адзін на адзін з сабою» даследуе пераважна этычныя праблемы. Аўрэлій лічыў, што ў свеце ўсё адбываецца паводле пэўнага парадку і справядлівасці, прасякнута божым прадбачаннем. Лёс чалавеку наканаваны, і прымаць яго трэба з радасцю; трэба радавацца таму, што маеш, кожны дзень праводзіць як апошні; людзі створаны, каб любіць сабе падобных; прызначэнне чалавека — захоўваць разумнасць і павагу да грамадскасці і дапамагаць у гэтым сваім блізкім. Адмаўляў ухваленне натоўпу, улады, багацця; жыцця, поўнай асалоды. Клопат пра пасмяротную славу лічыў марным, бо зямля — пясчынка, жыццё — бясконцы паўтор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАВЕ́НЬ (Leuciscus cephalus),
рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашыраны ў прэсных водах Еўропы і Пярэдняй Азіі. Жыве пераважна ў рэках з быстрай плынню, халоднай вадой, перакатамі, плёсамі і вірамі. Трымаецца ў месцах з пясчаным, камяністым або гліністым дном, каля берагоў з навіслымі над вадой кустамі і дрэвамі, пазбягае глею і ціны. На Беларусі трапляецца ва ўсіх значных рэках у невял. колькасці, пераважна ў Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы, Нёмане, Зах. Дзвіне. Нар. назвы галавель, клень, клянчук.
Даўж. да 80 см, маса да 8 кг. Цела падоўжанае, амаль цыліндрычнае, галава тоўстая, шырокая, крыху пляскатая (адсюль назва). Луска буйная, з цёмным абадком. Рот канцавы шырокі. Спіна цёмна-зялёная, амаль чорная, бакі серабрыстыя. Спінны і хваставы плаўнікі цёмна-сінія з жаўтаватым адценнем, грудныя аранжавыя, брушныя і анальны чырвоныя. Усёедны. Аб’ект рыбалоўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАПРЭ́ЕНКА (Уладзімір Пятровіч) (н. 3.1.1944, в. Антонаўка Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. мастак, прадстаўнік Віцебскай школы акварэлі. Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1970). Творчасць вызначаецца пошукам новых сродкаў выразнасці, вобразным сімвалізмам каларыту. Тэматычныя кампазіцыі «У цэнтры зборкі касмічных караблёў» (1976), «Армагедон XX стагоддзя» (1992); паліпціхі «Праабражэнне», «Вяртанне майстра» (абодва 1993), трыпціх «Мой горад» (1994); пейзажы «Куточак старога Віцебска» (1968), «Адліга», «Вячэрні Віцебск» (абодва 1973), «Браслаўскі матыў» (1978), «У гарах Паміра» (1979), «Світанак», «Туман над возерам» (абодва 1983), «Моцны вецер» (1985), «Сонечны дзень у лесе» (1989), «Ціхі вечар» (1993), «Хмурая раніца» (1994), нацюрморты «Нацюрморт з рыбамі» (1968), «Сланечнік» (1980), «Макі» (1987), «Нацюрморт з рамонкамі» (1988), «Бэз», «Нацюрморт з ружамі» (абодва 1989), «Дары лесу» (1994), «Нацюрморт з ягадамі» (1995) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЙ МІКАЛА́ЕЎСКАЙ ЦАРКВЫ́ КО́МПЛЕКС,
помнік архітэктуры барока ў Магілёве. У комплексе мураваныя Мікалаеўская і Ануфрыеўская цэрквы, жылы дом (шпіталь), званіца, капліца, агароджа з брамай. Мікалаеўская царква. У 1636 кароль Уладзіслаў IV даў прывілей мітрапаліту П.Магіле на буд-ва ў Магілёве царквы св. Мікалая. Напачатку ўзведзены драўляныя царква і манаскія келлі. У 1669—72 пабудавана мураваная царква — трохапсідная крыжова-купальная базіліка з 8-гранным светлавым барабанам і цыбулепадобным купалам над сяродкрыжжам. Гал. фасад падзелены карнізам на 3 гарыз. ярусы і завершаны 2 вежамі з фігурным франтонам паміж імі. 1-ы ярус масіўны, аздоблены 3 паўцыркульнымі нішамі, 2-і — «глухой» аркатурай з ляпным расл. арнаментам і спаранымі нішамі з гіркамі, у 3-м такі ж аркатурны матыў больш насычаны дэкар. аздобай. Бакавыя фасады дэкарыраваны высокімі пілястрамі, крылы трансепта завершаны фігурнымі шчытамі. У інтэр’еры 4-ярусны іканастас (скразная разьба па дрэве, пазалота) работы мясц. майстроў, фрэскавая кампазіцыя «Тройца новазапаветная» (канец 17 ст.), сюжэтны і арнаментальны жывапіс 1-й пал. 18 — пач. 19 ст. Размалёўкі зроблены ў тэхніцы фрэскі і клеявымі фарбамі (захаваліся фрагментарна). Ануфрыеўская царква («цёплая», зімовая) пабудавана ў 1798. Уяўляе сабой крыжова-купальны аб’ём, над сяродкрыжжам — светлавы цыліндрычны барабан, завершаны сферычным купалам. Крылы трансепта завершаны трохвугольнымі франтонамі і дэкарыраваны пілястрамі. Жылы дом узведзены ў 17 ст. як шпіталь і царк. жылы дом. 1-павярховы прамавугольны ў плане будынак. Тарцовы фасад завершаны шчытом фігурнага абрысу і дэкарыраваны 3 спаранымі арачнымі нішамі. Агароджа з брамай будаваліся ў 17—18 ст. Агароджа мае 2 уваходы, зах. — гал. ўязная брама з лучковым праёмам. У паўд.-ўсх. баку ўбудавана 1-павярховая квадратная ў плане шатровая капліца. Званіца пабудавана ў 17—18 ст. Квадратнае ў плане 2-яруснае збудаванне з высокім шатровым дахам. Комплекс пашкоджаны ў Вял.Айч. вайну, цяпер на рэстаўрацыі. Некат. памяшканні комплексу займае жаночы манастыр. Таксама тут знаходзіцца рэзідэнцыя архіепіскапа магілёўскага і мсціслаўскага Максіма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
брыль, ‑я, м.
1. Тое, што і капялюш. Чырвоныя хустачкі дзяўчат мяшаліся з хлапцоўскімі шапкамі розных гатункаў, пачынаючы з гарадскімі кепкамі і канчаючы самадзельнымі саламянымі брылямі.Колас.
2. Казырок шапкі. Паўлік адчуваў на сабе торбачку, доўгі брыль у шапцы хоць і закрываў твар ад высокага сонца, але затое на лбе ўсё больш з’яўлялася капелек поту.Сташэўскі.Слаўная гэта была шапка — з блішчастым лакіраваным брылём, са спружынаю ўсярэдзіне.Якімовіч.//перан. Стрэшка над уваходам. На другі дзень у двор бальніцы, Дзе ганак звешвае свой брыль, Пад’ехаў, стаў аўтамабіль.Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
набо́й, ‑ю, м.
1. Зарад пораху са шротам, карцеччу або куляй для паляўнічай стрэльбы; патрон з такім зарадам. Дзед Піліп узяў сваю двухстволку, праверыў набоі і павесіў над самым ложкам.Ваданосаў.[Бацька] выбраў сыну стрэльбу і сам набіў тры набоі на качак.Караткевіч.// Зарад шроту, карцечы і пад. Дзік ходу, а паляўнічыя яшчэ па набат ў бакі ўсадзілі яму.Пальчэўскі.
2.Уст. Баявы снарад, патрон і пад. — Трос акопы, ірваў целы Гарматы набой.Куляшоў.Сярод .. [нямецкіх] танкаў пачалі рвацца набоі з артылерыі, якая абазвалася з горада.Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
улі́к, ‑у, м.
1.Дзеяннепаводлезнач.дзеясл. улічыць.
2. Рэгістрацыя асоб, прадметаў і пад. з занясеннем іх у спісы, картатэку (звычайна ў выразах: стаць на ўлік, узяць на ўлік, зняцца з уліку, зняць з уліку, брацца на ўлік і пад.). Прыйшоўшы са школы, [Ніна] да позняга вечара сядзела над кнігамі ўліку.Гроднеў.У райкоме, калі .. [Сяргей] браўся на ўлік, яму прапанавалі пасаду галоўнага агранома райземаддзела.Шахавец.Самалётамі спяшаліся прадстаўнікі ведамстваў, каб знайсці і ўзяць на ўлік маёмасць, якая ўцалела і належала ведамствам да вайны.Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)