ПІ́ЛЯР (Раман Аляксандравіч) (1894, Вільня, паводле інш. звестак Беластоцкае ваяв., Польшча — 2.9.1937),

дзяржаўны дзеяч БССР. Камісар дзяржбяспекі 2-га рангу (1935). Вучыўся ў Петраградскім ун-це (1915—17). У 1917—19 старшыня ВРК Літвы, член Прэзідыума і сакратар ЦВК Літ.-Бел. ССР. З 1920 у органах ВЧК і АДПУ РСФСР. У 1924 удзельнічаў у аперацыі «Сіндыкат-2» па захопе ў Мінску Б.​В.​Савінкава і разгроме яго падп. арг-цыі. У 1925—29 старшыня ДПУ БССР, адначасова паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНК СССР па Зах. краі. З 1929 паўнамоцны прадстаўнік АДПУ і нач. УНКУС СССР па Паўн.-Каўказскім краі, Сярэдняй Азіі, Саратаўскай вобл. Чл. ЦК і Бюро ЦК КП(б)Б у 1925—29. Чл. ЦВК Літ.-Бел. ССР у 1919, ЦВК БССР у 1927—29, ЦВК СССР у 1929—37. Неабгрунтавана арыштаваны 15.5.1937 як удзельнік «Польскай арганізацыі вайсковай» і агент польск. разведорганаў. 2.9.1937 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957.

І.​А.​Валахановіч.

т. 12, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РАМА́ЯНА»

(санскр. «Сказанне пра Раму»),

старажытнаіндыйская эпічная паэма на санскрыце. Створана каля 4 ст. да н.э. ва Усх. Індыі, сучасны выгляд набыла да 2 ст. н.э. Аўтарства прыпісваецца легендарнаму паэту Вальмікі. У цэнтры паэмы расказ пра подзвігі цара Рамы ў барацьбе супраць цара дэманаў-людаедаў (ракшасаў) Раваны за вызваленне сваёй жонкі Сіты, якая была ім украдзена. Эпапея складаецца з 7 частак, уключае шэраг інтэрпаляцый. У ёй фантаст. матывы паданняў і міфаў спалучаюцца з рэальнымі рысамі тагачаснай эпохі. У сярэднія вякі стала адной са свяшчэнных кніг індуізму. «Р.» — багатая крыніца сюжэтаў і вобразаў, якія атрымалі развіццё ва ўсіх інд. л-рах, найбольш у творчасці прадстаўнікоў стараж. класічнай л-ры (Калідаса, Бхавабхуці, Бхаці, Тулсідас і інш.). Вядомы яе інтэрпрэтацыі таксама ў л-рах Тыбета, Кітая, краін Паўд.-Усх. Азіі.

Публ.: Рус. пер. — Махабхарата. Рамаяна. М., 1974.

Літ.:

Гринцер П.А. «Махабхарата» и «Рамаяна». М., 1970;

Яго ж. Древнеиндийский эпос. М., 1974.

т. 13, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

каме́лія

(фр. camélia, ад іт. Camelli = прозвішча іт. натураліста 18 ст.)

вечназялёная дрэвавая або кустовая расліна сям. чайных з буйнымі белымі або чырвонымі кветкамі, пашыраная ў тропіках і субтропіках Азіі; некаторыя віды вырошчваюцца як дэкаратыўныя.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

леўзе́я

(н.-лац. leuzea, ад гр. leusso = гляджу)

травяністая расліна сям. складанакветных з пёрыста-рассечаным лісцем і фіялетавымі кветкамі, пашыраная пераважна ў Сібіры і Сярэд. Азіі; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная і лекавая; маралавы корань.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

асты́льба

(н.-лац. astilbe, ад гр. a- = не + stilbo = ззяю)

травяністая расліна сям. каменяломнікавых з белымі, ружовымі, чырвонымі або фіялетавымі кветкамі ў суквеццях, пашыраная ва Усх. Азіі і Паўн. Амерыцы; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

алі́сум

(н.-лац. Alyssum, ад гр. alysson = які ўжываецца супраць урокаў)

травяністая расліна сям. крыжакветных з дробнымі жоўтымі кветкамі ў гронках, пашыраная ў Міжземнамор’і, Цэнтр. Еўропе і Сярэд. Азіі; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная; бурачок.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

фу́нкія

(н.-лац. fimkia, ад ням. Funk = прозвішча ням. батаніка)

травяністая расліна сям. лілейных з чаранковым лісцем рознай афарбоўкі і формы з фіялетавымі або белымі кветкамі, пашыраная ва Усх. Азіі; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

цэфаля́рыя

(н.-лац. cephalaria)

травяністая расліна сям. варсянкавых з перыста-рассечаным лісцем і белымі, жоўтымі або блакітнымі кветкамі ў галоўчатых суквеццях, пашыраная ў Паўд. Еўропе, Сярэд. Азіі і Амерыцы, на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная; галаўчатка.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

МЕЗАЗО́ЙСКАЯ ЭРАТЭ́МА (Э́РА),

мезазой

[ад мез(а)... + грэч. zōe жыццё],

другая эратэма слаёў фанеразою, якая ў агульнай стратыграфічнай шкале знаходзіцца паміж палеазойскай эратэмай (эрай) і кайназойскай эратэмай (эрай), і адпаведная ёй эра геал. гісторыі Зямлі. Вылучана у 1841 англ. геолагам Дж.​Філіпсам. Пачалася каля 230 млн. гадоў назад і цягнулася каля 163 млн. гадоў. Падзяляецца на трыясавую сістэму (перыяд), юрскую сістэму (перыяд) і мелавую сістэму (перыяд).

У трыясавым перыядзе ў многіх абласцях Зямлі адбылося павелічэнне пл. кантынентаў. Мора пакінула платформы і асобныя ўчасткі геасінкліналяў (Кардыльеры). У канцы трыясу — пач. юры развіваліся старажытнакімерыйскія гораўтваральныя працэсы (Балканскі п-аў, Крым, Каўказ, Мангышлак, Індакітай, ПнУ Азіі). Пачалося драбленне мацерыка Гандвана, актывізавалася вулканічная дзейнасць (Афрыка, Паўд. Амерыка). У пач. юры апусканне значных участкаў сушы абумовіла новую трансгрэсію (наступанне вод мора на сушу), якая завяршылася ў канцы юры новакімерыйскай складкавасцю (гл. Мезазойская складкавасць). У 1-й палавіне мелавога перыяду мора пакрывала некаторыя ўчасткі Усх.-Еўрапейскай і Сібірскай платформы. У пач. позняга мелу адбывалася найб. ў М.э. (э.) трансгрэсія мора, якая пашырылася на б.ч. Паўд. паўшар’я. У Паўн. паўшар’і мора пакрыла Паўд. і Сярэднюю Еўропу. У мелавым перыядзе канчаткова распаўся мацярык Гандвана, з частак якога ўтварыліся сучасныя мацерыкі Паўд. паўшар’я. У канцы М.э. (э.) ларамійскія гораўтваральныя рухі адбываліся пераважна ўздоўж узбярэжжа Ціхага ак. (горныя сістэмы Паўн.-Усх. і Усх. Азіі, Скалістых гор, Андаў і інш.). М.э. (э.) адзначана істотнымі зменамі ў складзе арган. свету. З’явіліся дыятомавыя і харавыя водарасці, какалітафарыды. Сярод споравых пераважалі папараці. З канца трыясавага перыяду пачалі развівацца голанасенныя, хвойныя, гінкгавыя, бенетытавыя і сагоўнікавыя. У сярэдзіне мелавога перыяду дамінавалі пакрытанасенныя, што захаваліся да сённяшняга часу. Рэзка змяніўся ў мезазоі і склад беспазваночных жывёл. Дасягнулі росквіту галаваногія малюскі: цэратыты (трыяс), аманіты (юра), белемніты (мел). Існавалі таксама пласціністашчэлепныя, бруханогія, плечаногія, марскія вожыкі, каралы, губкі і інш. Характэрны гіганцкія паўзуны (дыназаўры, плезіязаўры, іхтыязаўры і інш.). З’явіліся першыя млекакормячыя і птушкі (юра, мел), пануючае становішча занялі касцістыя рыбы.

Марскія геасінклінальныя адклады прадстаўлены пясчанікава-сланцавымі, часам з эфузівамі, і вапняковымі тоўшчамі; платформенныя — пясчана-гліністымі пародамі з глаўканітам і праслоямі фасфарытаў, на Пд Усх.-Еўрапейскай платформы — тоўшчамі мергеляў і пісчага мелу; кантынентальныя ўтварэнні — чырванаколернымі і вугляноснымі тоўшчамі. Да адкладаў мезазою прымеркаваны радовішчы каменных і бурых вуглёў, нафты, баксітаў, каменнай і калійных солей, фасфарытаў і жалеза; у геасінклінальных абласцях Азіі і Амерыкі з імі звязаны радовішчы золата, серабра, волава, свінцу, цынку, медзі і інш.

На Беларусі вядомы адклады ўсіх 3 сістэм М.э. (э.). Макс. магутнасць іх да 800 м (цэнтр. ч. Прыпяцкага прагіну). У трыясе б.ч. тэрыторыі была сушай, толькі ў Прыпяцкім прагіне і Брэсцкай упадзіне спачатку існавалі прэснаводныя лагуны, пазней невял. азёры. Магутнасць трыясавых адкладаў 2—11 м (Брэсцкая ўпадзіна) і 450 м (Прыпяцкі прагін), прадстаўлены пясчана-гліністымі і глініста-мергелістымі пародамі, у ніжняй тоўшчы з рэшткамі філапод. астракод, абломкаў лускі і касцей рыб, харавых водарасцей. У перыяд юрскай трансгрэсіі мора пранікла на тэр. Беларусі з ПнУ і З. Мелкаводныя марскія басейны нармальнай салёнасці пакрылі ўсх. і зах. ч. тэрыторыі. Адклады. магутнасцю да 200 м, прадстаўлены тэрыгенна-карбанатнымі тоўшчамі (вапнякі, мергелі, гліны, пясчанікі, спангаліты). З канца юры да ранняга мелу існавалі кантынентальныя ўмовы. У мелавы перыяд трансгрэсіі і рэгрэсіі мора неаднаразова паўтараліся. У канцы маастрыхцкага веку мора поўнасцю пакінула тэр. Беларусі. Мелавыя адклады магутнасцю больш за 400 м (паўд.-зах. схіл Варонежскай антэклізы), складзены з пясчана-карбанатных, мергельна-мелавых і крамяністых парод, маюць у сабе рэшткі фарамініфер, астракод, белемнітаў, брахіяпод, пеліцыпод, касцістых рыб і інш. У адкладах мезазою на Беларусі выяўлены радовішчы бурага вугалю, мергельна-мелавых і крэменязёмістых парод і фасфарытаў.

В.​С.​Акімец.

т. 10, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДЫ АМЕ́РЫКІ У Амерыцы жыве каля 820 млн. чал.

(ацэнка на пач. 1998),

у т. л. ў Паўн. Амерыцы каля 470 млн., у Паўд. каля 350 млн. У расавых адносінах насельніцтва разнастайнае, змяшаліся тыпы і падтыпы ўсіх 3 вялікіх рас.

Да еўрапеоіднай расы (каля 440 млн. чал.) належыць каля 90% насельніцтва Паўн. і каля 30% Паўд. Амерыкі. Метысы — нашчадкі ад індзейска-еўрап. шлюбаў (больш за 180 млн.) — асн. насельніцтва Мексікі, цэнтр.-амер. краін, Венесуэлы, Калумбіі, Парагвая; мяшаная еўрап.-афр. група (мулаты), да якой належыць 6. ч. неграў ЗША, складае прыкметную долю насельніцтва Бразіліі, краін Вест-Індыі (каля 100 млн. чал.). Да метысаў і мулатаў адносяцца таксама групы мяшанага індзейска-негрыцянскага і індзейска-негрыцянска-еўрап. паходжання. Да негроіднай расы (каля 50 млн. — нашчадкі неграў-рабоў) належаць асн. насельніцтва Гаіці, Ямайкі і некаторых інш. краін Вест-Індыі, а таксама ч. насельніцтва Бразіліі і ЗША. Абарыгены-індзейцы (каля 45 млн., разам з асобнымі групамі, якія перайшлі на англ. або ісп. мову) адносяцца да асобнага адгалінавання мангалоіднай расы. Да гэтай расы належаць таксама эскімосы і алеуты (разам 116 тыс.), групы эмігрантаў з краін Азіі (кітайцы, карэйцы, в’етнамцы, філіпінцы і інш.). Кансалідацыя многіх нацый і народнасцей Амерыкі яшчэ не закончана. Большасць краін, у т. л. самыя вялікія — ЗША, Бразілія, Мексіка, Калумбія, Канада, Аргенціна — шматнацыянальныя. У некаторых краінах з нядаўніх імігрантаў (англічан, ірландцаў, немцаў, італьянцаў, рускіх, украінцаў, беларусаў, палякаў і інш.) склаліся т. зв. пераходныя групы, якія не асіміляваны асн. народамі, але ўжо парвалі сувязі з радзімай. Амаль у кожнай краіне ў розных прапорцыях ёсць асобныя этн. групы: асн. народ (у Канадзе, Перу, Балівіі, Эквадоры і Гватэмале гэта 2 народы, у Канадзе — англа- і франка-канадцы, у Перу, Балівіі, Эквадоры і Гватэмале — іспанамоўныя перуанцы, балівійцы, эквадорцы, гватэмальцы і блізкія да іх па колькасці індзейскія народы кечуа, аймара, майя і інш.; на мове індзейцаў гуарані і ісп. мове гавораць парагвайцы); карэнныя народы (індзейцы, эскімосы); пераходныя групы; нац. меншасці (выхадцы ў апошнія дзесяцігоддзі з Еўропы і Азіі). 61 народ налічвае больш за 500 тыс. чал. кожны і складае больш за 706 млн. чал. (86% усяго насельніцтва), з іх 2 народы маюць больш чым па 100 млн. чал. (амерыканцы ЗША 194,2, бразільцы 149,4) і 21 народ больш чым па 5 млн. чал. (мексіканцы 91,1, калумбійцы 34,5, аргенцінцы 30, венесуэльцы 17,4, кечуа 14,9, чылійцы 11,8, кубінцы 11,7, англа-канадцы 10,8, перуанцы 10,4, італьянцы 8,1, дамініканцы 7,4, немцы 7,3, франка-канадцы 7,2, эквадорцы 6,7, яўрэі 6,6, палякі 6,2, гаіційцы 6, гватэмальцы 5,7, пуэртарыканцы 5,6, гандурасцы 5,2, сальвадорцы 5,1). У ЗША, Канадзе, Аргенціне, Уругваі жывуць каля 30 тыс. беларусаў. Колькасць нашчадкаў беларусаў у Амерыцы, відаць, перавышае 1 млн. Большасць насельніцтва Амерыкі гаворыць на індаеўрапейскіх мовах (пераважна германскай і раманскай груп). На раманскіх мовах гаворыць каля 500 млн. чал., з іх 323 млн. — на ісп. (мексіканцы, калумбійцы, аргенцінцы, венесуэльцы, чылійцы, кубінцы, перуанцы, дамініканцы, эквадорцы і інш.), 152 млн. — на партуг. (бразільцы і партугальцы), 15 млн. — на франц. (франка-канадцы, гаіційцы, французы, гвадэлупцы і інш.), 10 млн. — на італьян. і інш. раманскіх мовах. На германскіх мовах гавораць каля 240 млн., з іх каля 225 млн. — на англійскай (амерыканцы, англа-канадцы, яўрэі, ямайцы і многія народы Вест-Індыі, англічане), 15 млн. — на ням., галандскай, нарв., швед., дац., шатландскай. Каля 10 млн. гавораць на мовах інш. груп індаеўрап. сям’і: слав. (палякі, рускія, украінцы, чэхі, славакі, сербы, харваты, славенцы, македонцы, беларусы і інш.), балт. (літоўцы і латышы), кельцкай (частка ірландцаў), інд. (выхадцы з Індыі і Пакістана), іранскай (пераважна іранцы і курды), а таксама грэч. і армянскай. Жывуць прадстаўнікі інш. моўных сем’яў Еўропы і Азіі — венгры, фіны, арабы, японцы, кітайцы, карэйцы, в’етнамцы, філіпінцы і інш. На мовах індзейцаў Амерыкі гавораць каля 32—45 млн. чал. Многія дробныя плямёны страцілі свае мовы, перайшлі на ісп., партуг. або англ. мовы. На 11 найб. індзейскіх мовах размаўляе каля 25 млн. чал., у т. л. на мове кечуа — 14,9 млн. (Перу, Балівія, Эквадор і горныя раёны суседніх краін), гуарані — 3,9 млн. (Парагвай), аймара — 2,2 млн. (Балівія і Перу), ацтэкскай — 1,1 млн. (Мексіка), араўканскай або мапучэ — 0,9 млн. (Чылі). Да моў карэннага насельніцтва адносяцца таксама эскімоская (узбярэжжа Паўн. Ледавітага ак. і Грэнландыі) і алеуцкая (Алеуцкія а-вы). Ва ўсіх лацінаамерыканскіх краінах пашырана каталіцтва; некаторыя індзейскія плямёны ўнутр. раёнаў прытрымліваюцца сваіх племянных вераванняў. У Паўн. Амерыцы каля 60% вернікаў належаць да шматлікіх пратэстанцкіх цэркваў і сектаў (баптысцкай, метадысцкай, лютэранскай, прэс-вітэрыянскай і інш.); больш за 30% — католікі. Ёсць мусульмане, іудаісты, будысты, праваслаўныя, канфуцыянцы, сінтаісты, прадстаўнікі новых рэлігій і сектаў. У Вест-Індыі пераважае каталіцтва, на Ямайцы і Барбадасе асн. масы жыхароў — пратэстанты.

Літ.:

Гл. да арт. Народы Азіі.

І.​Я.​Афнагель.

т. 11, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)