КАНДРА́ШЫН (Кірыла Пятровіч) (6.3.1914, Масква — 7.3.1981),

дырыжор. Нар. арт. СССР (1972). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1936, клас Б.Хайкіна), у 1950—53 і 1972—78 выкладаў у ёй (праф. з 1976). У 1937—41 у Ленінградскім Малым оперным т-ры, у 1943—56 у Вял. т-ры ў Маскве, у 1960—75 гал. дырыжор сімф. аркестра Маскоўскай філармоніі. З 1978 у Нідэрландах. Пад яго муз. кіраўніцтвам пастаўлены оперы «Дзяўчына з Захаду» (1938) і «Чыо-Чыо-сан» (1939) Дж.​Пучыні, «Пампадуры» А.​Пашчанкі (1940). Удзельнічаў у пастаноўках опер «Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава (1943, 1953), «Бэла» А.​Аляксандрава (1945), «Варожая сіла» А.​Сярова (1947), «Прададзеная нявеста» Б.​Сметаны (1948), «Галька» С.​Манюшкі (1949). Як сімф. дырыжор выканаў многія творы рус. і зах.-еўрап. кампазітараў, у т. л. Шастаковіча, А.​Хачатурана, Г.​Свірыдава і інш. Аўтар кн. «Аб дырыжорскім мастацтве» (1970). Дзярж. прэміі СССР 1948, 1949. Дзярж. прэмія Расіі 1969. З 1984 у Амстэрдаме праводзіцца Міжнар. конкурс маладых дырыжораў імя К.

Літ.:

Ражников В. Кирилл Кондрашин рассказывает о музыке и жизни. М., 1989.

т. 7, с. 580

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРНЯЙЧУ́К (Аляксандр Еўдакімавіч) (25.5.1905, г. Хрысцінаўка Чаркаскай вобл., Украіна — 14.5.1972),

украінскі драматург. Герой Сац. Працы (1967). Акад. АН Украіны (1939). Акад. АН СССР (1943). Скончыў Кіеўскі ін-т нар. асветы (1929). Друкаваўся з 1925. Аўтар шматлікіх п’ес гіст.-рэв., гераічнага і камедыйнага жанру, вытрыманых у строгіх рамках сацыяліст. рэалізму, адметных шматграннасцю адлюстравання жыцця. Сярод п’ес: «Каменны востраў» (1931), «Гібель эскадры» (1934), «Платон Крэчат» (1935), «Праўда» (1937), «Багдан Хмяльніцкі» (1939), «У стэпах Украіны» (1941), «Фронт» (1942), «Макар Дубрава» (1948), «Калінавы гай» (1950), «Чаму ўсміхаліся зоркі» (1957), «Старонка дзённіка» (1964), «Памяць сэрца» (1969) і інш. Выступаў як публіцыст, літ.-знавец. П’есы К. перакладаліся на бел. мову і ставіліся ў многіх тэатрах Беларусі. На бел. мову яго паасобныя творы пераклаў А.​Макаёнак. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1943, 1949, 1951. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Р.​Шаўчэнкі 1971.

Тв.:

Зібрання творів. Т. 1—5. Київ, 1986—88;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—4. Л., 1976—77.

Літ.:

Вакуленко Д. Олександр Корнійчук. Київ, 1985.

В.​А.​Чабаненка.

А.Е.Карняйчук.

т. 8, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́СТРА РУС ((Castro Ruz) Фідэль) (н. 13.8.1926, г. Маяры, Куба),

кубінскі ваен., паліт. і дзярж. дзеяч. Д-р права (1949). Камандантэ рэвалюцыі. Скончыў Гаванскі ун-т (1949). З пач. 1950-х г. чл. і адзін з лідэраў левага крыла Партыі кубінскага народа («артадоксаў»). У час ваен. дыктатуры Ф.​Батысты ўзначаліў няўдалы ўзбр. напад на казармы Манкада ў г. Сант’яга-дэ-Куба (1953); асуджаны на 15 гадоў. Вызвалены паводле амністыі (1955), эмігрыраваў у ЗША, Мексіку. 2.12.1956 на чале атрада з 82 чал. высадзіўся на Кубу і разгарнуў партыз. вайну, якая перарасла ў Кубінскую рэвалюцыю 1959 і прывяла да падзення дыктатуры Батысты. З 1959 галоўнакамандуючы Рэв. ўзбр. сіламі, прэм’ер-міністр Рэв. ўрада Кубы (з 1976), старшыня Дзярж. савета і СМ Кубы. У 1962—65 1-ы сакратар Нац. кіраўніцтва Адзінай партыі сацыяліст. рэвалюцыі Кубы, пасля перайменавання партыі ў Камуніст. партыю Кубы (1965) 1-ы сакратар яе ЦК. У 1979—82 старшыня Руху недалучэння.

Тв.:

Рус. пер — Избр. произв., 1952—1986 гг. М., 1986.

Літ.:

Szulc T. Fidel: A critical portrait. New York, 1986.

Ф.Кастра Рус.

т. 8, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТО́Н (Cato),

адгалінаванне стараж.-рым. роду Порцыяў. Найб. значныя прадстаўнікі:

Катон Старэйшы (ці Цэнзар) Марк Порцый (Marcus Porcius Cato Maior, Cato Censorius; 234, Тускулум, каля сучаснага г. Фраскаці, Італія — 149 да н. э.), дзярж. дзеяч, пісьменнік, заснавальнік рым. літ. прозы. З саслоўя коннікаў. Удзельнік 2-й Пунічнай вайны. У 198 прэтар у Сардзініі. У 195 консул, задушыў паўстанне мясц. плямён у Іспаніі. Напярэдадні 3-й Пунічнай вайны патрабаваў разбурэння Карфагена — моцнага гандл. канкурэнта Рыма. Аўтар працы «Пачаткі», прысвечанай гісторыі Рыма ад яго заснавання да 2-й Пунічнай вайны, трактата «Земляробства» пра эканоміку і стараж. звычаі Італіі і інш.

Катон Малодшы (ці Утыцкі) Марк Порцый (Marcus Porcius Cato Minor, Cato Uticensis; 95—8.4.46 да н. э.), рымскі дзярж. дзеяч, военачальнік. Праўнук К. Старэйшага. Удзельнік задушэння паўстання Спартака 74—71 да н. э. Нар. трыбун у 62, прэтар у 54. Праціўнік трыумвіраў, асабліва Юлія Цэзара, супраць якога напісаў 2 паліт. памфлеты. У час. грамадз. вайны 49—45 на баку Г Пампея; пасля паражэння пампеянцаў пры Фарсале (48) супраціўляўся Цэзару ў Афрыцы, пасля іх разгрому пры Тапсе (46) скончыў самагубствам.

т. 8, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́СІНДЖЭР ((Kissinger) Генры Альфрэд) (н. 27.5.1923, г. Фюрт, Германія),

дзяржаўны дзеяч ЗША, дыпламат, палітолаг. Д-р філасофіі (1954). У 1938 з бацькамі эмігрыраваў у ЗША. Скончыў Гарвардскі ун-т (1950), выкладаў у ім (1951—69). Адначасова кансультант па знешнепаліт. і ваен.-паліт. праблемах Аб’яднанага к-та начальнікаў штабоў (1956—60), Савета нац. бяспекі ЗША (1961—62), Агенцтва па кантролі над узбраеннямі і раззбраенні ЗША (1961—68), дзярж. дэпартамента ЗША (1965—69). У 1969—75 пам. прэзідэнта ЗША па нац. бяспецы. У 1973—77 дзярж. сакратар ЗША. Садзейнічаў спыненню вайны ЗША у В’етнаме 1964—73. З 1977 выкладчык Джорджтаўнскага ун-та ў Вашынгтоне, навук. супрацоўнік Гуманітарных даследаванняў Аспена інстытута, кансультант па знешнепаліт. пытаннях шэрагу карпарацый і н.-д. цэнтраў ЗША. З 1983 кіраўнік Нац. двухпарт. камісіі па Цэнтр. Амерыцы. Аўтар кніг «Ядзерная зброя і знешняя палітыка» (1956), «Патрывожанае партнёрства: пераацэнка Атлантычнага саюза» (1965), «Гады ў Белым доме» (1979), «Гады зрухаў» (1982) і інш. Нобелеўская прэмія міру 1973 (разам з Ле Дык Тхо).

Тв.:

Рус. пер. — Дипломатия. М., 1997.

Г.А.Кісінджэр.

т. 8, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЯЛЕ́ЎСКІ (Леанід Іванавіч) (12.4.1927, Мінск — 8.10.1991),

бел. фізік; заснавальнік даследаванняў па фізіцы і тэхніцы плазмы на Беларусі. Акад. АН Беларусі (1980; чл.-кар 1972), д-р фіз.-матэм. н. (1970), праф. (1971). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1978). Брат А.І.Кісялеўскага. Скончыў БДУ (1952). З 1959 у Ін-це фізікі АН Беларусі (з 1970 нам. дырэктара). У 1978—83 гал. вучоны сакратар Прэзідыума, з 1990 акад.-сакратар Аддз. фізікі, матэматыкі і інфарматыкі АН Беларусі. У 1983—90 рэктар БДУ. Навук. працы па плазменна-лазерных сістэмах, тэхналогіі выкарыстання нізкатэмпературнай плазмы і лазераў, аўтаматызацыі спектраскапічных вымярэнняў. Пад яго кіраўніцтвам створаны спектральныя прыборы для вывучэння працэсаў уваходу касм. апаратаў у шчыльныя слаі атмасферы і даследавання прыродных покрываў Зямлі з борта арбітальных станцый «Салют» і «Мір». Дзярж. прэмія Беларусі 1974. Дзярж. прэмія СССР 1990.

Тв.:

Плазменная металлизация в вакууме. Мн., 1982 (у сааўт.);

О гидродинамических уравнениях для переходного слоя плазма—твердое тело. Мн., 1986 (разам з С.​Л.​Мазурэнкам).

Літ.:

Л.​И.​Киселевский // Журн. прикладной спектроскопии. 1997. Т. 64, № 2.

У.​Дз.​Шымановіч.

Л.І.Кісялеўскі.

т. 8, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́НДАР (Карл Іванавіч) (17.4.1883, Ліепайскі р-н, Латвія — 29.7.1937),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч, удзельнік барацьбы за сав. ўладу ў Беларусі. З 1905 вёў падп. работу ў Маскве, Пецярбургу, Лібаве, Рызе, Самары, Ніжнім Ноўгарадзе. З 1915 на Зах. фронце, чл. латышскай с.-д. групы ў Мінску. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. Мінскага і Паўн.-Зах. к-таў РСДРП(б). Чл. часовага ВРК Зах. фронту па барацьбе з карнілаўшчынай. З вер. 1917 старшыня Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З 9.11.1917 старшыня ВРК Зах. фронту, у ліст. 1917 — студз. 1918 — СНК Зах. вобласці і фронту. З мая 1918 нарком дзярж. кантролю РСФСР. З 1920 асобаўпаўнаважаны ВЧК на Паўн. Каўказе і ў Данской вобл., нач. асобага аддзела Каўказскага фронту. У 1921 заг. агітац.-прапагандысцкага аддзела Маскоўскага к-та РКП(б). З 1922 упаўнаважаны Сав. ўрада пры замежных місіях дапамогі галадаючым у Расіі, у 1923—25 чл. калегіі Наркамата знешняга гандлю СССР, пазней на навук.-літ. і пед. рабоце ў ВНУ Масквы, Ленінграда, Кіева. Чл. ВЦВК у 1917—18 і яго Прэзідыума.

К.І.Ландар.

т. 9, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКО́НІН (Міхаіл Кузьміч) (29.10.1918, г. Астрахань, Расія —6.8.1976),

расійскі паэт. Скончыў Сталінградскі настаўніцкі ін-т (1937), вучыўся ў Літ. ін-це імя М.​Горкага (1937—41). У Вял. Айч. вайну ўдзельнік вызвалення Брэста. Друкаваўся з 1935. У паэт. зб-ках «Сэрцабіццё» (1947), «Лірыка» (1950), «Клятва» (1962), «Пяць кніг» (1974), паэме «Працоўны дзень» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), аповесці ў вершах «Прызнанне ў каханні» (1959), зб. вершаў і паэм «Неабходиасць» (1969, Дзярж. прэмія СССР 1973) і інш. — тэмы гісторыі і сучаснасці, кахання і адзіноты. У 1945 кіраваў літ. аб’яднаннем у Брэсце пры газ. «Заря». У кнізе артыкулаў «Таварыш паэзія» (1963) пісаў пра вызваленне Мінска, пра Брэст у першы пасляваенны год, пра А.​Куляшова. Асобныя творы прасякнуты бел. матывамі. Брэсту прысвяціў верш «У Брэсце», Мінску — «Абеліск». На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Куляшоў, А.​Вялюгін, Ю.​Свірка, У.​Шахавец і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1978—79;

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1989.

Літ.:

Аннинский Л.А. Михаил Луконин. М., 1982.

В.​С.​Семенякоў.

т. 9, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛА́НКІН (Уладзімір Андрэевіч) (4.5.1929, Мінск — 21.3.1978),

бел. рэжысёр, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1977). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1952, курс Дз.Арлова), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1959, курс А.​Папова). З 1958 у Латв. т-ры юнага гледача ў Рызе. З 1962 рэжысёр Дзярж. рус. драм. т-ра Беларусі, у 1965—67 гал. рэжысёр Бел. т-ра юнага гледача. Адначасова выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це (з 1967 заг. кафедры). Рэжысуры ўласцівы глыбокае пранікненне ў стылявыя і жанравыя асаблівасці твора, ансамблевасць. З лепшых спектакляў: у рус. драм. т-ры — «Ленінградскі праспект» І.​Штока (1963), «Філумена Мартурана» Э. Дэ Філіпа і «Нашэсце» Л.​Лявонава (абодва 1964), «Дзеці Ванюшына» С.​Найдзёнава (1971), «Адзіны наследнік» Ж.​Ф.​Рэньяра (1974), «Узыходжанне на Фудзіяму» Ч.​Айтматава і К.​Мухамеджанава (1975), «Апошнія» М.​Горкага (1977, з Б.​Луцэнкам), «Мальер» М.​Булгакава (1978); у т-ры юнага гледача — «Пузыркі» А.​Хмеліка (1965), «Варшаўскі набат» В.​Карастылёва (1966) і інш. У Бел. т-ры імя Я.​Купалы паставіў «Ноч памылак» О.​Голдсміта (1963).

М.​К.​Саевіч.

т. 10, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАФЕ́ЕЎ (Анатоль Аляксандравіч) (н. 14.5.1933, г. Гомель),

партыйны і дзярж. дзеяч Беларусі. Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1967), завочную ВПШ пры ЦК КПСС (1974). З 1949 працаваў слесарам на Мінскім, Гомельскім вагонарамонтных з-дах. З 1962 на парт. рабоце ў Гомелі. З 1970 інструктар аддзела хім. і лёгкай прам-сці ЦК КПБ, 1-ы сакратар Мазырскага гаркома, сакратар Гомельскага абкома КПБ. З 1978 старшыня Гомельскага аблвыканкома, 1-ы сакратар Гомельскага, Мінскага абкомаў КПБ. У 1990—93 1-ы сакратар ЦК КПБ. У 1992—96 нам. нач. Гал. ўпраўлення па дзярж. матэрыяльных рэзервах. З сак. 1996 нам. старшыні пастаяннай камісіі Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь па эканам. палітыцы і рэформах, з лістапада Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь. Чл. ЦК у 1981—91, Бюро ЦК КПБ у 1986—91. Чл. ЦК у 1981—91 і Палітбюро ЦК КПСС у 1990—91. Дэп. Вярх. Савета БССР (з 1991 Рэспублікі Беларусь) у 1975—85, 1995—96. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1984—91. Чл. Прэзідыума Вярх. Савета БССР у 1980—95, СССР у 1990—91.

А.А.Малафееў.

т. 10, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)