ВО́ІНАЎ (Аляксандр Пятровіч) (20.11.1902, г. Колпіна Ленінградскай вобл., Расія — 1.10.1987),
бел. архітэктар, вучоны, педагог. Чл.-кар.АН Беларусі (1953), акад. Акадэміі буд-ва і архітэктуры СССР (1956—64), чл.-кар. Акадэміі архітэктуры СССР (1950—55). Праф. (1951). Засл. дз. маст. Беларусі (1940), засл. будаўнік Беларусі (1962). Скончыў Маскоўскі вышэйшы маст.тэхн.ін-т (1929). У Мінску з 1929, працаваў у розных праектных арг-цыях. З 1947 выкладаў у БПІ. У 1941—49 старшыня праўлення Саюза архітэктараў Беларусі. У першых работах адчуваўся ўплыў канструктывізму, пазней выкарыстоўваў кампазіцыйныя прыёмы і элементы класічнай архітэктуры. Яго творы належаць да лепшых дасягненняў бел. архітэктуры. Сярод іх у Мінску: жылыя дамы на вул. Маскоўскай (1932), гасцініца «Свіслач» (1938); у аўтарскім калектыве — Палац піянераў і школьнікаў (1937), Ін-т фізкультуры (1939), будынак б.ЦККПБ (1947, цяпер рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), Т-р юнага гледача (1952), аэравакзал, будынак б. абкома КПБ (1956, цяпер Выканаўчага Сакратарыята СНД) і інш.; у Магілёве: гасцініца «Дняпро» (1940) і жылыя дамы на вул. Першамайскай (1938—41). Адзін з арганізатараў эксперыментальнага і аб’ёмна-блочнага буд-ва ў Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1968 за праектаванне і забудову Скарыны праспекта ў Мінску. Навук. працы па тэорыі і практыцы архітэктуры.
Тв.:
Основные черты в развитии зодчества Белоруссии. Мн., 1955;
Архитектура и градостроительство Советской Белоруссии. Мн., 1957 (у сааўт.);
Минск: Послевоенный опыт реконструкции и развития. М., 1966 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДВАРО́ТНАЯ СУ́ВЯЗЬ,
уздзеянне вынікаў функцыянавання якой-небудзь сістэмы (аб’екта) на характар гэтага функцыянавання. Характарызуе сістэмы рэгулявання і кіравання ў жывой прыродзе, грамадстве і тэхніцы, выяўляе накіраванасць узаемадзеяння пры пераносе рэчыва, энергіі, інфармацыі. Адно з паняццяў, што выкарыстоўваецца ў замкнутых сістэмах кіравання рознай фіз. прыроды (біял., тэхн., эканам., сац.), у якіх адхіленні сістэмы ад пэўнага стану служаць для фарміравання кіроўных уздзеянняў на працэс далейшага функцыянавання сістэмы. Адмоўная адваротная сувязь змяншае вынікі адхілення сістэмы ад першапачатковага стану, напр. павышае стабільнасць каэфіцыента ўзмацнення і памяншае нелінейныя скажэнні электроннага ўзмацняльніка. Дадатная адваротная сувязь звычайна прыводзіць да няўстойлівай работы сістэмы ў цэлым, выклікае лавінны працэс; выкарыстоўваецца, напр., у радыётэхніцы для стварэння аўтавагальных сістэм генератараў гарманічных і рэлаксацыйных ваганняў. У залежнасці ад характару сувязі паміж сістэмай і органам кіравання бывае бесперапынная, дыскрэтная (эпізадычная); статычная (жорсткая), дынамічная (гнуткая); лінейная або нелінейная адваротная сувязь. У складаных сістэмах (напр., у сац., біялагічных) вызначыць тып адваротнай сувязі вельмі цяжка, а то і немагчыма. Часам адваротную сувязь у такіх сістэмах разглядаюць як перадачу інфармацыі аб працяканні працэсу, на аснове якой выпрацоўваецца тое ці інш. ўздзеянне. У гэтым выпадку адваротную сувязь называюць інфармацыйнай. Прынцып адваротнай сувязі найбольш распрацаваны ў кібернетыцы, аўтаматычнага кіравання тэорыі, радыёэлектроніцы. У біял. сістэмах адваротная сувязь ажыццяўляецца ад клеткі да цэласнага арганізма. Звычайна накіравана на падтрымліванне пастаянства асн. параметраў жыццядзейнасці, рэчыўных і энергет. затрат пры ўзаемадзеянні з навакольным асяроддзем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РМІЯ КРАЁВА (АК; Armia Krajowa літар. армія краіны),
падпольная ваен. арганізацыя, якая дзейнічала ў 1942—45 на акупіраванай фаш. Германіяй тэр. Польшчы і частцы тэр.б.СССР (Украіна, Беларусь, Літва). Падпарадкоўвалася польск. эмігранцкаму ўраду ў Лондане. Камандуючыя АК: генералы С.Равецкі, Т.Камароўскі, Л.Акуліцкі. Налічвала 250—300 тыс.чал. У паліт. адносінах будавалася на аснове «надпартыйнасці», тэорыі «двух ворагаў» — Германіі і СССР. Зыходзячы з гэтага абмяжоўвалася арганізатарскай работай, фарміраваннем шырокай сеткі падп. арг-цый, стварэннем штабоў і інш. органаў, якія пасля краху акупац. рэжыму павінны былі забяспечыць прыход да ўлады эмігранцкага ўрада, аднаўленне граніц даваен. Польшчы. Пасля разрыву адносін паміж СССР і польск. эмігранцкім урадам (крас. 1943) узмацніліся тэндэнцыі канфрантацыі АК з сав.партыз. атрадамі. На тэр. Беларусі існавалі Навагрудская, Палеская і Віленская акругі АК. З 1942 арганізоўваліся партыз. атрады. У 1944 дзейнічалі злучэнні «Наднёманскае», «Поўнач», «Усход», «Захад» («Шчучынскае»), «Стоўбцы». Ажыццяўляючы аперацыю «Бура» (распрацавана ў кастр. 1943; прадугледжвала захоп тэр.Зах. Украіны, Зах. Беларусі і Віленшчыны ў момант адступлення ням.-фаш. войскаў), спрабавала авалодаць Вільнюсам і перашкодзіць аднаўленню сав. улады ў Вільнюсе, Львове, інш. гарадах. Адначасова асобныя падраздзяленні АК узаемадзейнічалі з сав. партызанамі, часцямі Чырв. Арміі, Гвардыі Людовай, уступалі ў Войска Польскае. Эмігранцкі ўрад і кіраўніцтва АК узнялі 1 жн. Варшаўскае паўстанне 1944, якое было жорстка задушана гітлераўцамі. АК распушчана 9.1.1945 эмігранцкім урадам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНАМІ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,
у першасным значэнні мех. сістэма з канечным лікам ступеней свабоды (напр., сістэма матэрыяльных пунктаў або цвёрдых цел, якія рухаюцца па законах класічнай механікі). У эўрыстычным сэнсе (гл.Эўрыстыка) — сукупнасць фіз. аб’ектаў, для якіх характэрна адназначная залежнасць працэсаў, што працякаюць у іх, ад знешніх уздзеянняў, узаемных сувязей паміж аб’ектамі і іх пачатковых станаў. У больш шырокім сэнсе — адвольная фіз. сістэма (напр., сістэма аўтам. рэгулявання, радыётэхн. сістэма), якая апісваецца звычайнымі дыферэнцыяльнымі ўраўненнямі, а таксама сістэма такіх ураўненняў (незалежна ад яе паходжання).
У матэм.тэорыі Д.с. разглядаюцца матэм. мадэлі рэчаісных фіз. і мех. сістэм, якія адлюстроўваюць іх асн. ўласцівасці. Для апісання ўсіх тыпаў Д.с. выкарыстоўваюць метад уваходна-выхадных уяўленняў (метад «чорнай скрыні»; выяўленне адпаведнасці паміж уваходнымі і выхаднымі сігналамі) ці метад прасторы станаў (метад фазавай прасторы; выхадны сігнал залежыць ад стану Д.с., уваходнага сігналу і папярэдніх уваходных уздзеянняў). Складаныя Д.с. служаць мадэлямі розных фіз.-хім. асяроддзяў (напр., актыўнае рэчыва лазера, вязкая вадкасць), фізіял. органаў (мышца сэрца, нервовае валакно) і інш. На Беларусі даследаванні Д.с. праводзяцца з 1960-х г. у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, у Бел.політэхн. акадэміі, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.
Літ.:
Калман Р., Фалб П., Арбиб М. Очерки по математической теории систем: Пер. с англ.М., 1971;
Крот А.М. Дискретные модели динамических систем на основе полиномиальной алгебры. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМЕ́НЫ,
вобласці хімічна аднароднага асяроддзя, якія адрозніваюцца эл., магн., пругкімі ўласцівасцямі або ўпарадкаванасцю размеркавання часціц. Утварэнне Д. звязана з фазавым пераходам крышталёў у стан з больш нізкай сіметрыяй; аналіз з дапамогай тэорыі груп дазваляе выявіць усе магчымыя віды Д. пры любым фазавым пераходзе. Д. бываюць: ферамагн., сегнетаэл., пругкія, Гана, у вадкіх крышталях і інш.
Вобласць, у якой адбываецца паступовы пераход ад аднаго Д. да другога, наз. мяжой Д. (даменнай сценкай); яе характэрная таўшчыня залежыць ад тыпу фазавага пераходу — ад некалькіх міжатамных адлегласцей для Д., якія адрозніваюцца атамна-крышталічнай структурай, да соцень і тысяч міжатамных адлегласцей у ферамагн. Д. Ферамагнітныя Д. — вобласці самаадвольнай (спантаннай) намагнічанасці; намагнічаныя да насычэння часткі аб’ёму ферамагнетыка, на якія ён распадаецца пры т-рах, меншых за кюры пункт; звычайна маюць памеры да 0,1 мм. Сегнетаэлектрычныя Д. — вобласці аднароднай спантаннай палярызацыі ў сегнетаэлектрыках; маюць памеры да 0,01 мм. Пругкія Д. — вобласці з рознай спантаннай дэфармацыяй, што ўзнікаюць у цвёрдай фазе пры яе ўтварэнні ўнутры або на паверхні інш. цвёрдай фазы; выяўляюцца пры ўпарадкаванні цвёрдых раствораў, мех. двайнікаванні і інш.Д. Гана — вобласці паўправаднікоў з розным удзельным эл. супраціўленнем і рознай напружанасцю эл. поля; утвараюцца ў паўправадніках з N-падобнай вольтампернай характарыстыкай (гл.Гана эфект).
П.С.Габец, П.А.Пупкевіч.
Дамены: а — сегнетаэлектрычныя; б — ферамагнітныя (парашковыя фігуры на паверхні крышталя крамяністага жалеза). Стрэлкамі паказаны напрамак вектара палярызацыі (намагнічанасці).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАКА́ЦЫЯ,
адшукванне, вызначэнне месцазнаходжання, параметраў руху і распазнаванне падводных аб’ектаў з дапамогай гідраакустычных сігналаў. Грунтуецца на законах гідраакустыкі. Бывае актыўная і пасіўная.
Актыўная гідралакацыя заснавана на выпраменьванні акустычных сігналаў у воднае асяроддзе і прыёме (рэгістрацыі) і аналізе адбітых ад аб’екта рэхасігналаў. Дазваляе вызначыць прасторавыя каардынаты і параметры руху выяўленага аб’екта, яго памеры і інш. характарыстыкі. З’яўляецца асн. спосабам атрымання інфармацыі аб падводных аб’ектах, якія не ствараюць уласнае акустычнае поле (напр., донныя і якарныя міны, патанулыя судны). Ажыццяўляецца з дапамогай розных тыпаў гідралакацыйных станцый (гідралакатараў) і прылад (рэхалотаў), рэхаледамераў і інш.). Пасіўная гідралакацыя заснавана на прыёме і апрацоўцы акустычных сігналаў (шумаў), якія звычайна ненаўмысна ствараюцца самім аб’ектам (напр., падводнай лодкай). Дазваляе выявіць такі аб’ект, распазнаць яго, вызначыць напрамак на яго, скорасць і інш. элементы яго руху. Выкарыстоўвае рознага тыпу шумапеленгатары і тракты шумапеленгавання гідраакустычных комплексаў. Метады і сродкі гідралакацыі выкарыстоўваюцца ў марской справе (выяўленне падводных перашкод — рыфаў, скал, айсбергаў), рыбнай прам-сці (пошук касякоў рыбы), ваеннай справе (выяўленне падводных лодак, навядзенне іх на пэўны аб’ект) і інш.
На Беларусі пытанні тэорыі і практыкі гідралакацыі распрацоўваюцца ў Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, НДІ прыкладных фіз. праблем імя А.Н.Сеўчанкі.
Літ.:
Бурдик В.С. Анализ гидроакустических систем: Пер. с англ.Л., 1988.
В.І.Вараб’ёў.
Схема гідралакацыі: 1 — выпраменьвальнік рэхалота; 2 — гідраакустычная станцыя; 3 — антэна гідраакустычнай станцыі; 4 — міна; 5 — падводная лодка.Гідралакацыя з дапамогай малагабарытнага гідралакатара (для вадалазаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗААЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й,
навуковая і культурна-асветная ўстанова, у якой сабраны калекцыі жывёл (у фіксавальных вадкасцях, высушаныя ці дасканала прэпараваныя жывёлы, іх чучалы, шкілеты, скуры, а таксама вырабы з рогу, косці, ракавін і інш.). Калекцыі З.м. складаюцца з навук. фондаў і экспанаваных матэрыялаў. Асн. задачы З.м.: навук. даследаванні па сістэматыцы, фауністыцы, зоагеаграфіі, зменлівасці, параўн. марфалогіі і анатоміі жывёл, тэорыі эвалюцыі; культ.-асв. работа па заалогіі, папулярызацыя справы аховы прыроды; вучэбная работа са школьнікамі і студэнтамі, кансультацыі па пытаннях у галіне паляўнічай, сельскай, лясной гаспадаркі і мед. заалогіі.
Па калекцыях 1-е месца ў свеце належыць Брытанскаму музею ў Лондане, 2-е — С.-Пецярбургскаму (створаны на базе пятроўскай Кунсткамеры ў 1832). Існуюць З.м. ў Нью-Йорку, Вашынгтоне, Чыкага, Парыжы, Берліне, Вене, Празе, Капенгагене, Стакгольме, Калькуце, Пекіне, Рыме, Мюнхене, Маскве, Кіеве, Тбілісі, Ерэване, Ашгабаце, Ташкенце, Алматы і інш.
На Беларусі першы Віцебскі губ.вет.-заал. музей засн. ў 1918; у 1921 на базе энтамалагічнай калекцыі В.А.Плюшчэўскага-Плюшчыка пры Віцебскім с.-г. тэхнікуме створаны З.м. (з 1924 прыродазнаўча-гіст. музей Віцебскага вет. ін-та). З.м. існуюць у БДУ (1923), Гомельскім ун-це (1981). У 1992 пры музеі БДУ створаны Цэнтр заал. калекцый імя А.У.Фядзюшына (каля 120 тыс.экз., у т. л. каля 8 тыс. пазваночных жывёл).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЕ́РНІК (Kopernik, Copernicus) Мікалай (19.2.1473, г. Торунь, Польшча — 24.5.1543), польскі астраном, стваральнік геліяцэнтрычнай сістэмы свету. Вучыўся ў Кракаўскім ун-це (1491—95), удасканальваў веды ў італьян. ун-тах, дзе вывучаў права, медыцыну, матэматыку, астраномію. З 1512 жыў у г. Фромбарк (Польшча), вядомы як дзярж. дзеяч, урач і знаўца астраноміі. Займаўся таксама эканам. даследаваннямі (гл.Каперніка і Грэшэма закон). Больш як 30 гадоў працаваў над стварэннем новай тэорыі будовы свету — геліяцэнтрычнай. Вучэнне К., паводле якога Зямля з’яўляецца адной з планет, як і іншыя планеты, абарачаецца вакол Сонца і верціцца вакол сваёй восі, а не займае цэнтр. становішча ў Сусвеце, поўнасцю адмаўляла ранейшую геацэнтрычную сістэму свету Пталамея. Выказаў ідэю пра адзінства свету: «нябесныя» і «зямныя» целы падпарадкоўваюцца законам, аднолькавым для ўсяго Сусвету. Шляхам матэм. разлікаў К. даволі дакладна склаў план Сонечнай сістэмы. Сваё вучэнне ён абагульніў у творы «Пра абарачэнні нябесных сфер» (6 кніг, апубл. ў 1543), забароненым каталіцкай царквой з 1616 па 1828. Адкрыццё мела рэв. характар, яно зрабіла карэнны пералом у астр. навуцы і вызначыла далейшы шлях развіцця дакладнага прыродазнаўства. На Беларусі вучэнне К. вядома з 16 ст., яго погляды адлюстраваны ў філас. трактатах, навук. працах астраномаў Віленскай астранамічнай абсерваторыі.
Тв.:
Рус.пер. — О вращениях небесных сфер: Малый комментарий. М., 1964.
Літ.:
Веселовский И.Н., Белый Ю.А. Николай Коперник, 1473—1543. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАСІ́ЧНАЯ НЯМЕ́ЦКАЯ ФІЛАСО́ФІЯ,
этап развіцця філасофіі (канец 18—1-я пал. 19 ст.), прадстаўлены вучэннямі І.Канта, І.Г.Фіхтэ, Ф.В.Шэлінга, Г.В.Ф.Гегеля (ідэаліст. кірунак) і Л.А.Феербаха (матэрыяліст. кірунак). Сфарміравалася ва ўмовах разбурэння феад. адносін у Германіі. Асн. яе тэарэт. вытокамі былі рацыяналізм Р.Дэкарта і Б.Спінозы, філасофія англ. і франц. Асветніцтва 17—18 ст., прыродазнаўства канца 18 — пач. 19 ст., англ. палітэканомія. Гал. дасягненні К.н.ф. ў сферы тэорыі пазнання. Напр., Кант адзначаў супярэчлівы характар пазнання, лічыў, што чалавеку даступны толькі свет з’яў, які не мае нічога агульнага з «рэчамі ў сабе» (гл.Агнастыцызм). Фіхтэ ў межах пабудаванай ім сістэмы суб’ектыўнага ідэалізму імкнуўся раскрыць дыялектыку суб’екта і аб’екта, свядомага і несвядомага, ролю практыкі ў пазнанні, адзінства тэарэт. і практычнага, асобаснага і грамадскага (эмпірычнага і абсалютнага Я). Пераход да аб’ектыўнага ідэалізму (гл.Ідэалізм) быў зроблены ў філасофіі Шэлінга, які зыходзіў з прызнання абсалютнай тоеснасці суб’екта і аб’екта, рэальнага і ідэальнага, што прывяло яго да ірацыяналізму і містыкі. Гегель развіў вучэнне Шэлінга, вылучыў ідэі аб тоеснасці законаў прыроды, грамадства і мыслення, залежнасці дзейнасці чалавека ад развіцця ўсёй гісторыі чалавецтва. Ідэаліст. дыялектыку Гегеля з пазіцый матэрыялізму крытыкаваў Феербах, які разглядаў чалавека як вышэйшае тварэнне прыроды, як істоту, неаддзельную ад яе, а мысленне — як чалавечую ўласцівасць, непарыўна звязаную з пачуццёвым адлюстраваннем знешняга, матэрыяльнага свету, з эмацыянальным жыццём чалавека (гл.Антрапалагізм). К.н.ф. з’явілася адным з асн.тэарэт. вытокаў філасофіі марксізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛА́СЫсацыяльныя,
буйныя сац. групы, якія аб’ядноўваюць людзей з агульным сац.-эканам. і паліт. статусам і якасна адрозніваюцца паводле такога статуса. У навуцы і дзярж.-паліт. практыцы са стараж. часоў назіраюцца розныя падыходы да паняцця К. Найб. распаўсюджаны аб’ектыўныя крытэрыі, якія звязаны пераважна з сутнаснымі фактамі эканам. жыцця грамадства, напр., з месцам у пэўнай гістарычна абумоўленай сістэме грамадскай вытв-сці, памерамі прыватнага матэрыяльнага багацця (А.Сміт, Д.Рыкарда, Ф.Гізо і інш.), роляй у арганізацыі сучаснай высокатэхнал. вытв-сці і кіраванні ёю. Паводле К.Маркса, Ф.Энгельса і У.І.Леніна, К. — гэта вял. групы людзей, якія адрозніваюцца адносінамі да сродкаў вытв-сці (што юрыдычна замацоўваецца ў адпаведных законах), сваёй роляй у грамадскай арганізацыі працы, а ў канчатковым выніку — спосабамі атрымання і памерамі той часткі грамадскага багацця, якою яны карыстаюцца; з прыватным прысваеннем вынікаў грамадскай працы звязана існаванне ў класавым грамадстве К. эксплуататарскіх і эксплуатуемых. М.Вебер лічыў, што К. — гэта спалучэнне разнародных груп людзей, якія адрозніваюцца ўзроўнем адукацыі, занятасцю, даходамі і валодаюць аднымі і тымі ж жыццёвымі шанцамі і перспектывамі. У.Л.Уорнер адносіў да К. групы людзей, якія самі залічвалі сябе да пэўнай пазіцыі ў сістэме сац. іерархіі (вышэйшы, ніжэйшы, сярэдні К.). Сучасныя зах. сацыялогія і паліталогія пры характарыстыцы сац. структуры грамадства зыходзяць з тэорыісацыяльнай стратыфікацыі.