ДЭМБО́ЎСКІ (Dembowski) Эдвард (25.4 або 31.5.1822, Варшава — 27.2.1846),

польскі паліт. дзеяч, філосаф, публіцыст. У 1842—43 рэдактар і выдавец час. «Przegląd Naukowy» («Навуковы агляд»), вакол якога аб’ядналася незалежная маладая інтэлігенцыя. Пад уплывам Г.​Каменскага ўступіў у Саюз польск. народа і разам з П.​Сцягенным прымаў удзел у падрыхтоўцы нар. паўстання. У 1843 пад пагрозай арышту ўцёк у Познань, дзейнічаў у незалежніцкім руху ў Малапольшчы. З 1845 у Галіцыі, адзін з кіраўнікоў Кракаўскага паўстання 1846. Застрэлены аўстрыйцамі ў час дэманстрацыі. Аўтар прац «Думкі пра будучыню філасофіі», «Нарыс гісторыі польскай літаратуры» (абедзве 1845) і інш.

Тв.:

Pisma. T. 1—5. Warszawa, 1955.

Літ.:

Szypowska M. Edward Dembowski, 1822—1846. Warszawa, 1973.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭСАЛІ́Н (Dessalines) Жан Жак (20.9.1758, Гана — 17.10.1806),

дзеяч нац.-вызв. руху на в-ве Гаіці. Пажыццёвы ген.-губернатар (з 1804). Негр, да 1790 раб (узяў прозвішча свайго б. ўладальніка). Удзельнік нац.-вызв. паўстання пад кіраўніцтвам Ф.Д.Тусэн-Луверцюра, пасля паланення якога французамі (1802) на чале арміі паўстанцаў (з мая 1803) дамогся вызвалення в-ва ад франц. каланізатараў (канец 1803). З кастр. 1804 імператар Гаіці (правіў як Жак I). Цяжкае эканам. становішча краіны (у т. л. з-за блакады вострава Францыяй, а з 1806 і ЗША), агр. палітыка (перадача дзярж. зямель пераважна ва ўладанне неграм) і жорсткія метады праўлення Д. выклікалі ў кастр. 1806 паўстанне землеўладальнікаў-мулатаў, у час якога Д. загінуў.

т. 6, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕРАМЕ́ЕЎ Канстанцін Сцяпанавіч (літ. псеўд. Гудок, Гудок-Ерамееў і інш.; 6.6.1874, Мінск — 28.1.1931),

савецкі парт. і ваен. дзеяч, журналіст. У с.-д. руху з 1896, неаднаразова арыштаваны, быў у эміграцыі. У 1910—15 у рэдакцыях газ. «Звезда», «Правда» і інш. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. Бюро ЦК РСДРП(б). У час Кастр. рэвалюцыі 1917 чл. Петраградскага ВРК. Са снеж. 1917 камандуючы войскамі Петраградскай ваен. акругі. Удзельнік грамадз. вайны. Адзін з арганізатараў Дзяржвыда, рэдактар «Рабочей газеты», час. «Крокодил» (1922—28) і інш. З 1924 чл. РВС СССР, з 1925 нач. Палітупраўлення Балт. флоту. Пазней на дыпламат. і выдавецкай рабоце. Аўтар прац пра Кастр. рэвалюцыю, грамадз. вайну. Чл. ЦКК РКП(б) у 1924—25.

Р.​В.​Булацкі.

т. 6, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖДА́НАЎ Андрэй Аляксандравіч (26.2.1896, г. Марыупаль, Украіна — 31.8.1948),

савецкі дзярж. і парт. дзеяч. Удзельнік рэв. руху з 1912, чл. Цвярскога к-та РСДРП(б) з 1916. У 1917 на вайск. службе, вёў рэв. прапаганду сярод салдат. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. палкавога к-та, старшыня Шадрынскага к-та РСДРП(б). У 1918—20 на паліт. рабоце ў Чырв. Арміі на Урале і ў Цверы, рэдактар газ. «Тверская правда». З 1922 на сав. і парт. рабоце. У 1934—48 сакратар ЦК, адначасова ў 1934—44 1-ы сакратар Ленінградскага абкома і гаркома ВКП(б). У Вял. Айч. вайну чл. Ваен. савета Ленінградскага фронту, генерал-палкоўнік (1944). Адна з прыбліжаных да І.​В.​Сталіна асоб.

т. 6, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМО́ЙСКІ (Zamoyski) Ян (19.3.1542, Скокаўка, каля г. Замасць, Польшча — 3.6.1605),

дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, гуманіст. Канцлер вялікі каронны (з 1578), адначасова гетман вялікі каронны (з 1581). Вучыўся ва ун-тах Парыжа, Рыма, Падуі (у апошнім у 1563 рэктар). Пасля вяртання ў Рэч Паспалітую каралеўскі сакратар (з 1565). Праціўнік Габсбургаў, падтрымаў абранне каралевай Ганны Ягелонкі. Спрыяў узвядзенню на трон Стафана Баторыя, быў яго бліжэйшым паліт. дарадцам; пры кіраванні ўнутр. і знешняй палітыкай імкнуўся да ўзмацнення каралеўскай улады. Пасля смерці Баторыя падтрымаў Жыгімонта III Вазу; быў праціўнікам яго прагабсбургскай палітыкі і ў 1605 узначаліў апазіцыю. Заснаваў г. Замасць (1580), Замойскую ардынацыю (1589), Замойскую акадэмію (1595).

Літ.:

Grzybowski S. Jan Zamoyski. Warszawa, 1994.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕВАЭ́С (Zevaès) Аляксандр [сапр. Бурсон (Bourson) Густаў Аляксандр; 24.5.1873—21.2.1953], французскі паліт. дзеяч, адвакат, гісторык. У 1898—1910 дэп. парламента. З 1892 чл. Рабочай Партыі незалежных сацыялістаў. У 1905 разам з А.Брыянам, А.​Мільеранам і Р.​Вівіяні заснаваў Рэсп. сацыяліст. партыю. У 1-ю сусв. вайну на патрыятычных пазіцыях, у 1919 быў адвакатам Р.​Вілена — забойцы Ж.Жарэса. У 1940 вызначыўся абаронай дэпутатаў-камуністаў перад парыжскім ваен. трыбуналам. Аўтар прац па гісторыі Трэцяй рэспублікі і левага руху ў Францыі. У 1911—23 пад яго рэдакцыяй выйшлі 12 тамоў «Гісторыі французскіх сацыялістычных партый» (4 з іх напісаны З.). Працы З. адметныя багатым фактычным матэрыялам па паліт. гісторыі Францыі 19—20 ст.

В.​В.​Варановіч.

т. 7, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў Дзмітрый Аляксеевіч (н. 16.7.1929, Масква),

ваенны дзеяч. Ген.-лейт. авіяцыі (1980). Засл. ваен. лётчык СССР (1970). У Вял. Айч. вайну ўдзельнік падп. і партыз. руху на Беларусі. Скончыў Барысаглебскае ваен. вучылішча лётчыкаў-знішчальнікаў (1953), Ваен. камандную акадэмію проціпаветранай абароны імя Г.​К.​Жукава (1973). З 1970 на камандных пасадах у войсках ППА у Казахстане, Узбекістане, з 1973 — у Беларусі. З 1980 нам. камандуючага ППА БВА. У 1984—89 на ваенна-дыпламат. рабоце. З 1989 у запасе. У 1990—93 інжынер на ВА «Гарызонт», гал. спецыяліст к-та пры СМ Рэспублікі Беларусь па сац. абароне ваеннаслужачых, воінаў-інтэрнацыяналістаў і членаў іх сем’яў. З 1994 старшыня К-та ветэранаў Узбр. Сіл праваахоўных органаў.

т. 7, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНЁНЮ́ (Inönü) Ісмет (24.9.1884, г. Ізмір, Турцыя — 25.12.1973),

дзяржаўны, паліт. і ваен. дзеяч Турцыі, паплечнік М.К.Атацюрка. Удзельнік Младатурэцкай рэвалюцыі 1908. У 1920—1923 нач. Генштаба. У грэка-турэцкую вайну 1919—22 тур. войскі пад камандаваннем І. (тады Мустафа Ісмет-паша) у 1921 двойчы перамаглі грэч. войскі каля населенага пункта Інёню (адсюль прозвішча І. з 1934). З 1922 міністр замежных спраў, ад імя Турцыі падпісаў Лазанскі мірны дагавор 1923. У 1923—37 (з перапынкам) і 1961—65 прэм’ер-міністр. У 1938—50 прэзідэнт Турцыі. Працягваў палітыку рэформ Атацюрка (лібералізацыя друку, увядзенне шматпартыйнай сістэмы і інш.). У час 2-й сусв. вайны захаваў нейтралітэт Турцыі. У 1938—72 старшыня Нар.-рэсп. партыі.

т. 7, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІПСІЛА́НЦІ Аляксандр Канстанцінавіч (12.12.1792, г. Стамбул — 19.1.1828),

дзеяч грэч. нац.-вызв. руху. Князь, ген.-маёр рас. арміі (1817). У вайну 1812 удзельнічаў у бітвах каля Клясціц і Полацка, у час замежных паходаў рас. арміі 1813—14 падпалк. Гродзенскага гусарскага палка І. вызначыўся ў бітвах каля Баўтцэна і Дрэздэна. З 1816 ад’ютант цара Аляксандра І. У крас. 1820 узначаліў грэч. тайнае т-ва «Філікі Этэрыя», якое мела на мэце вызваленне Грэцыі ад асманскага прыгнёту. У лют. 1821 з невял. атрадам уступіў у Малдавію, дзе ўзначаліў антытур. паўстанне, якое стала сігналам да пачатку Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29. 19.7.1821 войскі І. разбіты туркамі пад Драгашанамі; уцёк у Аўстрыю, дзе арыштаваны ўладамі. Вызвалены ў 1827.

т. 7, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВЯЧЫ́НСКІ Мацей (канец 1520-х г. — 1-я пал. 1572),

бел. кнігавыдавец, перакладчык, рэфармацыйны дзеяч. У 1540-я г. вучыўся ў Вітэнбергскім ун-це, з канца 1550-х г. жыў на Беларусі. Нясвіжскі намеснік М.​Радзівіла Чорнага. Засн. порт на р. Узда, паперню ў Нясвіжы. Удзельнічаў у кальвінісцкім, пазней у арыянскім руху на Беларусі, у Літве і Польшчы. У 1561—62 з С.​Будным і Л.​Крышкоўскім засн. Нясвіжскую друкарню, у якой у 1562 надрукаваны першыя на Беларусі выданні на бел. мове — «Катэхізіс» і «Апраўданне грэшнага чалавека перад богам» Буднага. Аўтар прадмоў да некат. нясвіжскіх выданняў. Пасля смерці К. маёмасць перайшла яго братам, друкарню купіў Я.​Кішка.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 7, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)