НЯКЛЕ́Я,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сосніца, за 37 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 0,95 км², даўж. 3 км, найб. шыр. 520 м, найб. глыб. 7 м, даўж. берагавой лініі 9,2 км. Пл. вадазбору 24,8 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Складаецца з 2 плёсаў, злучаных пратокай. Схілы выш. да 5 м (на ПнУ і Пд да 10 м) пад лесам. Берагі нізкія, на Пд і У зліваюцца са схіламі, параслі лесам і хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно сапрапелістае. Зарастае. Упадаюць 2 ручаі, выцякае р. Няклейка. У возеры жывуць бабры.

т. 11, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГО́ШЧА,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 12 км на ПдЗ ад г. Браслаў. Пл. 1,23 км², даўж. 1,9 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 2,7 м, даўж. берагавой лініі 5,7 км. Пл. вадазбору 40,7 км². Катлавіна падпруднага тыпу. Схілы выш. да 5 м., пад хмызняком і пашай, на У хваёвы лес. Берагі нізкія, пясчаныя, на Пд і З забалочаныя, параслі хмызняком. Дно плоскае, сапрапелістае, уздоўж берагоў пясчанае. Празрыстасць 0,5 м. Эўтрофнае, з прыкметамі антрапагеннага дыстрафіравання. Зарастае слаба. Упадаюць ручаі з азёр Бяржонка і Опса, выцякае ручай у р. Акунёўка.

т. 11, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖЫ́ХАРСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.

У Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Пажыхар. Размешчана ў Прыпяцкім нафтагазаносным басейне. Адкрыта ў 1987, распрацоўваецца з 1990. Паклады нафты пл. 3,3 км² прымеркаваны да верхнедэвонскіх міжсалявых адкладаў паўн. ч. Прыпяцкага прагіну ў межах цэнтр. ч. Рэчыцка-Вішанскай зоны падняццяў. Глыб. залягання нафтаноснага пакладу 2725—2820 м. Пароды-калектары трэшчынаватыя порава-кавернозныя вапнякі і даламіты. Нафта лёгкая, малавязкая, маласярністая, смалістая, парафіністая, з вял. колькасцю светлых фракцый (40—45%) і газанасычанасцю спадарожным газам (129—135 м³/т). Разведаныя запасы 1244 тыс. т, перспектыўныя 710 тыс. т.

А.​П.​Шчураў.

т. 11, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛУ́ШНІК, шыльнік (Isoëtes),

род дзеразападобных раслін сям. палушнікавых. Каля 70 відаў. Пашыраны ва ўмераным і трапічным паясах. На Беларусі рэдкі атлантычна-еўрап. рэліктавы від — П. азёрны (I. lacustris), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца пад вадой на глыб. 40—250 см (водныя формы), у вільготных мясцінах і часовых вадаёмах (наземныя і земнаводныя формы).

Вечна-, зімне- і летнезялёныя шматгадовыя расліны выш. 5—20 см. Лісце шылападобнае (адсюль другая і нар. назвы шыліца), цвёрдае, размешчана спіральна. Спарангіі круглаватыя ці авальныя, знаходзяцца каля асновы ліста (спарафіла) і ўкрыты перапончатым пакрывалам. Дэкар., прыдатныя для аквакультуры расліны.

В.​В.​Маўрышчаў.

Палушнік азёрны.

т. 12, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВА-КІТА́ЙСКАЕ МО́РА,

паўзамкнёнае мора на З Ціхага ак., каля берагоў Усх.- і Паўд.-Усх. Азіі, паміж п-вамі Індакітай і Малака, а-вамі Калімантан, Палаван, Лусон і Тайвань. Пл. 3537 тыс. км². Найб. глыб. 5560 м. Найб. залівы — Бакбо (Танкінскі), Сіямскі. Найб. в-аў Хайнань. Т-ра вады на паверхні ў лют. 20—27 °C, у жн. 28—29 °C. Салёнасць 32—34‰. Летам і восенню часта ўзнікаюць тайфуны. Прылівы няправільныя, сутачныя і паўсутачныя (да 4 м). Рыбалоўства (тунцы, селядзец, сардзіны і інш.). Гал. парты: Бангкок (Тайланд), Хашымін, Хайфон (В’етнам), Сянган, Гуанчжоў (Кітай), Маніла (Філіпіны).

т. 12, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́ТРЫКАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА КАЛІ́ЙНЫХ СО́ЛЕЙ У Гомельскай вобл., каля г. Петрыкаў. Адкрыта ў 1966. Паклады звязаны з верхнедэвонскай саляноснай тоўшчай, прымеркаваны да цэнтр. зоны Прыпяцкага прагіну. Калійныя солі залягаюць на глыб. 521—1440 м, магутнасць саляноснай тоўшчы 1600—1900 м. Складзены з сільвініту, сільвін-карналітавых і карналітавых парод, якія ўтвараюць 11 калійных гарызонтаў, шматлікія праслоі і ўкрапанні ў каменнай солі. Плошча асноўнага (4) гарызонту больш за 500 км², магутнасць 0,29—3,52 м, мае ў сярэднім 21% хлорыстага калію, 1,3% хлорыстага магнію, 0,5% нерастваральных рэшткаў. Разведаныя запасы 1,06 млрд. т, перспектыўныя 1,9 млрд. т.

А.​П.​Шчураў.

т. 12, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛІ́НА,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 5 км на У ад г.п. Ушачы. Пл. 0,87 км², даўж. 2,56 км, найб. шыр. 510 м, найб. глыб. 18,2 м, даўж. берагавой лініі 6,6 км. Пл. вадазбору 14,6 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. да 17 м, стромкія (на Пд і Пн 5—8 м), на З разараныя. Берагі нізкія, на ПнЗ сплавінныя. Ложа ўскладнена ўпадзінамі і мелямі. 2 астравы агульнай пл. 6 га. Дно ў прыбярэжнай ч. пясчанае, ніжэй ілістае. Зарастае. Упадаюць 7 ручаёў і канаў, выцякае ручай у воз. Утвіна.

т. 12, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫБЯРЭ́ЖНІК (Littorella),

род кветкавых раслін сям. трыпутнікавых. 3 віды. Пашыраны ў Еўропе, Паўд. Амерыцы і на астравах Атлантычнага акіяна. На Беларусі атл.-еўрап. рэліктавы від П. аднакветкавы (L.uniflora), занесены ў Чырв. кнігу. Расце ў прыбярэжнай зоне азёр да глыб. 2,5 м, уздоўж вільготных берагоў азёр і рэк утварае зараснікі.

П. аднакветкавы — шматгадовая бессцябловая травяністая расліна выш. 2—15 см з карэнішчам, прыдаткавымі каранямі і паўзучымі сталонападобнымі парасткамі. Лісце ў прыкаранёвай разетцы, сядзячае, вузкалінейнае. Кветкі аднаполыя, цвітуць над вадой, аднак бутоны тычынкавых і песцікавых кветак развіваюцца пад вадой. Плод — арэшак.

В.​М.​Прохараў.

Прыбярэжнік аднакветкавы.

т. 13, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭНЦ,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лужасянка, за 22 км на У ад г. Гарадок. Пл. 0,22 км², даўж. 830 м, найб. шыр. 450 м, найб. глыб. 2,1 м, даўж. берагавой лініі 2,19 км. Пл. вадазбору 1,45 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы выш. 5—7 м (на У і ПдУ 10—15 м), пясчаныя, пад лесам. Берагі сплавінныя, шыр. сплавіны 2—7 м. 2 вузкія залівы. На Пн і Пд забалочаная пойма шыр. 20—50 м. Да ўрэзу вады расце хмызняк. Дно плоскае, сапрапелістае. Зарастае. Выцякае ручай у р. Громаць.

т. 13, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЧАЛІ́НЫЯ СО́ТЫ,

пабудовы пчол меданосных у вуллях з пчалінага воску для захоўвання корму (мёду і пяргі) і вырошчвання расплоду; таксама гняздо пчалінай сям’і. Складаюцца з шасцігранных прызматычных ячэек, размешчаных абапал міжсцення, якое можа быць штучным (гл. Вашчына). Ячэйкі бываюць пчаліныя, трутневыя, мядовыя, пераходныя і матачнікі. Сярэдні дыям. толькі што пабудаванай пчалінай ячэйкі 5,38—5,42 мм, глыб. 12 мм, таўшчыня сценак 0,12 мм. У адной ячэйцы змяшчаецца каля 0,4 г мёду.

В.​І.​Сапега.

Пчаліныя соты: 1 — агульны выгляд (а — мядовыя ячэйкі; б — расплод; в — матачнікі); 2 — у папярочным разрэзе; 3 — з пчалінымі і трутневымі (буйнымі) ячэйкамі.

т. 13, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)