БАВАЎНЯ́НАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

вядучая падгаліна тэкстыльнай прамысловасці, якая вырабляе з бавоўны тканіны, ніткі, корд, нятканыя матэрыялы і інш. Уключае прадзільную, ткацкую, фарбавальна-аддзелачную (на прадпрыемствах закончанага цыкла) і круцільна-нітачную вытворчасці. Прадукцыя ідзе на выраб адзення, абутку, мэблі, тары, тэхн. дэталяў.

Ручны выраб баваўняных нітак і тканін вядомы з глыбокай старажытнасці ў Індыі, Егіпце і Кітаі. Баваўняная прамысловасць у Еўропе ўзнікла ў 2-й пал. 18 ст. і адна з першых перайшла на машынную вытв-сць. У Расіі значныя прадпрыемствы ўзніклі ў канцы 18 — пач. 19 ст. У дарэвалюцыйны час 50% бавоўны-сырцу завозілася з ЗША і Егіпта. У 1920-я г. пачалося буд-ва новых прадпрыемстваў, да 1940 пабудавана 13, у тым ліку «Чырвоная Талка» ў Іванаве, першыя чэргі Ташкенцкага і Барнаульскага баваўняных камбінатаў. Баваўняная прамысловасць была створана ў асн. раёнах баваўнаводства (Узбекістан, Таджыкістан, Кыргызстан, Казахстан, Азербайджан). Пасля Вял. Айч. вайны адноўлены разбураныя прадпрыемствы, у тым ліку на Беларусі і Украіне; пабудаваны новыя ў Чымкенце, Чэбаксарах, Бішкеку, Барнауле, Душанбе і інш. Былы СССР займаў 2-е месца ў свеце па выпуску баваўняных тканін.

Першае прадпрыемства на Беларусі працавала з пач. 19 ст. ў мяст. Зялёны Прудок Магілёўскай губ. (выпускала хусткі і папяровую тканіну). У 1900 створана бавоўнапрадзільная ф-ка «Дняпроўская мануфактура» паблізу Дуброўна (Дубровенская тэкстыльная фабрыка). Усяго да 1-й сусв. вайны на прадпрыемствах баваўнянай прамысловасці было 327 ткацкіх станкоў, з іх 198 механічных. Сучасная баваўняная прамысловасць Беларусі фарміравалася з 1960-х г. У 1960—69 створаны Баранавіцкі баваўняны камбінат, у 1963—67 — Гродзенскае вытв. прадзільна-нітачнае аб’яднанне, у Ветцы на базе арцелі «Чырвоны тэкстыльшчык» (засн. ў 1949) — Веткаўская баваўняная ф-ка, у 1976 — Віцебскае тэкстыльнае вытв. аб’яднанне (з 1991 «Віцтэкс»), Баваўняную прадукцыю выпускалі (1992) каля 20 прадпрыемстваў Беларусі, сярод іх, акрамя названых, Дзяржынская, Слуцкая і Талачынская тэкст. ф-кі, Рэчыцкае ткацкае вытв. аб’яднанне, Бабруйскі камбінат нятканых матэрыялаў і інш. Асн. прадукцыя баваўнянай прамысловасці Беларусі: паркаль, бязь, сацін, тканіны на бялізну і плацце, мэблева-дэкар., хустачныя, ручніковыя, махровыя, тэхн., тарныя, паковачныя, з устойлівым аздабленнем, з водаўстойлівым і супраць гніення насычэннем, баваўняныя мяшаныя тканіны, марля, вата, ніткі, нятканыя матэрыялы. У 1993 выраблена 35,2 тыс. т баваўнянай пражы (найб. у 1990—91 — 50,5 тыс. т); 102 млн. м² тканіны (найб. у 1991 — 142 млн. м²).

У свеце выпускаецца каля 46 млрд. м² баваўняных тканін (1985). Прадукцыя баваўнянай прамысловасці ў розных краінах складае 66—95% ад прадукцыі тэкст. прам-сці. Найб. вытворцы бавоўны-сырцу (1994) — Кітай, ЗША, Індыя і Пакістан, баваўняных тканін (у пач. 1990-х г.) — Кітай, краіны СНД (найб. у Расіі), Індыя, ЗША, Японія, Тайвань, Італія, Егіпет і інш.

В.М.Логвінка.

т. 2, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВІЯ́НА ФРАНЦУ́ЗСКАЯ

(Guyane Française),

краіна на ПнУ Паўд. Амерыкі, уладанне Францыі (заморскі дэпартамент). На З мяжуе з Сурынамам, на Пд і У — з Бразіліяй, на Пн абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 2 акругі. Пл. 91 тыс. км². Нас. 132 тыс. чал. (1993). Цэнтр — г. Каена. Афіц. мова — французская.

Прырода. Гвіяна Французская займае крайні ПнУ Гвіянскага пласкагор’я. Паверхня ў асн. раўнінная, з асобнымі купалападобнымі масівамі выш. да 830 м, на ПнУ — вузкая берагавая нізіна. Карысныя выкапні: баксіты, золата, кінавар, каалін. Клімат субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэднямесячная т-ра паветра ў Каене 28—29 °C. Ападкаў больш за 3000 мм за год. Рачная сетка густая, рэкі парожыстыя, суднаходныя толькі ў вусцях. Найб. Марані і Аяпок. Густыя вільготныя трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў займаюць каля 90% тэрыторыі. На Пн і ў цэнтр. раёнах — участкі высакатраўных саваннаў.

Насельніцтва. Жывуць негры, мулаты, крэолы (нашчадкі выхадцаў з Еўропы), ва ўнутр. раёнах — індзейцы. Вернікі пераважна католікі. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 1,5 чал. На 1 км², амаль усё яно засяроджана на ўзбярэжжы. Там жа знаходзяцца ўсе гарады.

Гісторыя. Карэнныя жыхары Гвінеі Французскай — індзейцы. У 1499 гэту тэр. адкрылі іспанцы. Першае франц. паселішча засн. на в-ве Каена ў 1604, у 1635 тут пабудавана крэпасць, якая стала адм. цэнтрам Гвіяны. У пач. 17 ст. захоплена французамі, у 1654 — галандцамі, у 1667 — англічанамі. У 1674 абвешчана ўладаннем Францыі. У 1809 захоплена англічанамі і партугальцамі, у 1817 канчаткова замацавана за Францыяй. З канца 17 ст. сюды прывозілі неграў-рабоў для працы на плантацыях (рабства адменена ў 1794, адноўлена ў пач. 19 ст., канчаткова ліквідавана ў 1848). У 1852—1938 месца ссылкі франц. зняволеных. У 1877 Гвіяна Французская атрымала прадстаўніцтва ў франц. парламенце. З 1946 заморскі дэпартамент Францыі. З 1983 ідзе пашырэнне аўтаноміі Гвіяны Французскай. Дзейнічаюць Гвіянская сац. партыя (засн. ў 1956; выступае за аўтаномію Гвіяны), Гвіянскі нар. рух, а таксама мясц. арг-цыі франц. партый (Аб’яднанне ў падтрымку Рэспублікі, Саюз за франц. дэмакратыю і інш.).

Гаспадарка. Гвіяна Французская — аграрная краіна. Апрацоўваецца менш за 0,1% тэр., пераважна на ўзбярэжжы. Гал. таварныя культуры — цукр. трыснёг, бананы, какава; спажывецкія — кукуруза, маніёк, рыс, агародніна. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і свіней. Здабыча золата і баксітаў. Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Дрэваапр. і цукр. прадпрыемствы. Вытв-сць рому, эсенцыі ружавага дрэва. Лоўля рыбы і крэветак. Даўж. аўтадарог каля 700 км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 350 км. Гал. марскі порт Каена. На тэр. Гвіяны Французскай касмічны палігон Францыі ў г. Куру. Экспарт: крэветкі і інш. морапрадукты (41% па кошце), золата (10%), лесаматэрыялы, ром, баксіты, эсенцыя ружавага дрэва. Імпарт: прамысл. вырабы і харч. тавары, паліва. Асн. гандл. партнёры: Францыя, ЗША, Японія. Грашовая адзінка — франц. франк.

І.Я.Афнагель (прырода, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).

т. 5, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРАКАВО́ДСТВА,

галіна земляробства па вырошчванні буракоў для цукровай прамысловасці, а таксама на харч. і кармавыя патрэбы. На долю цукр. буракоў прыпадае прыкладна ​1/3 цукру, які вырабляюць у свеце, а ў краінах умеранага пояса яны адзіная крыніца яго атрымання. На кармавыя мэты выкарыстоўваюць прамысл. адходы — жамерыны і патаку, а таксама буракі ў сырым выглядзе. Частка адходаў ідзе на ўгнаенне. Цукр. буракі параўнальна маладая с.-г. культура, выведзеная ў 18 ст. ў Германіі. У выніку селекцыі, развіцця насенняводства і ўдасканалення тэхналогіі вырошчвання яны шырока культывуюцца ў краінах Еўропы і Паўн. Амерыкі, найб. у лесастэпавай зоне. У залежнасці ад умоў вырошчвання колькасць цукру ў караняплодах вагаецца ад 15 да 23%. Сусв. плошчы пад цукр. буракамі каля 8 млн. га. Найб. плошчы пасеваў на Украіне (лесастэпавая зона), у Расіі (Чарназёмны цэнтр, Кубань), ЗША, Францыі, Германіі, Польшчы. Невял. пл. маюць Малдова, Беларусь, Літва, Латвія, а таксама Казахстан і Кыргызстан (на арашальных землях), з краін Зах. Еўропы — Нідэрланды, Вялікабрытанія. Найб. ўраджаі атрымліваюць у краінах Зах. Еўропы — 550—600 ц/га.

Вырабляць цукар з цукр. буракоў на Беларусі пачалі ў 1830-я г., калі ў Віленскай, Мінскай і Магілёўскай губ. былі пабудаваны невял. цукр. з-ды. У 1860-я г. іх было больш за 30, але з-за канкурэнцыі больш таннага цукру з Украіны да канца 19 ст. яны былі ліквідаваны. Вырошчванне цукр. буракоў на Беларусі аднавілася ў 1950-я г. адначасова з буд-вам цукр. заводаў у Скідзелі (працуе з 1951), Гарадзеі Нясвіжскага р-на (1959), Жабінцы (1963), Слуцку (1965). У Беларусі ў 1995 цукр. буракі займалі 55,4 тыс. га, або 0,9% агульнай пасяўной плошчы. Ураджайнасць каля 200—300 ц/га, штогадовы валавы збор каля 1000—1500 тыс. т (гл. табл.). Пасевы цукр. буракоў канцэнтруюцца ў 28 адм. раёнах вакол цукр. з-даў. Доля цукр. буракоў у агульных пасевах гэтых раёнаў вагаецца ад 3 да 7%. Колькасць цукру ў бураках 15—17% — значна ніжэйшая, чым на Украіне (20—22%), выхад цукру з 1 т буракоў на заводах Беларусі 12—13%. Цукр. буракі ў Беларусі сеюць на сугліністых і супясчаных мінеральных, а таксама на асушаных і акультураных тарфяна-балотных глебах. Раянаваны сорт Гала.

Буракі сталовыя пашыраны на ўсіх кантынентах і ва ўсіх земляробчых зонах, але больш ва ўмераным поясе. Ураджайнасць 400—500 ц/га (да 1000 ц), на Беларусі каля 200 ц/га. Раянаваныя сарты — Бардо 237, Холадаўстойлівыя 19, Пушкінскія К-18 і інш. Кармавыя буракі вырошчваюць у краінах умеранага пояса: ЗША, Канадзе, Польшчы, Вялікабрытаніі, Германіі, у краінах СНД і інш. Ураджайнасць у еўрап. краінах, у т. л. ў Беларусі, 300—400 ц/га. Вырошчваюць сарты бел. (Бел. чырвоныя) і замежнай (Экендорфскія жоўтыя і інш.) селекцыі.

Н.І.Жураўская.

т. 3, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пато́к, ‑у, м.

1. Ручай або рака, звычайна з вузкім рэчышчам, камяністым ці жвірыстым дном і бурным імклівым цячэннем. Града камення загароджвала шлях вадзе, і разгневаны паток дыбіўся, лез на кам[яні]. Шамякін. Няўжо магчыма, каб з такой Крынічкі вырас пакрысе Паток і слаўнай стаў ракой? Кірэенка. // чаго і без дап. Вялікая колькасць вадкасці, якая імкліва цячэ. А на другі дзень пайшоў дождж. Мутныя патокі сцякалі па шыбах вагончыка, шумелі па даху. Даніленка. [Дзеці] бегалі басанож па вадзе, крычалі, смяяліся, пакуль новы паток ліўня не разганяў іх па дварах. Бяганская. Кроў гарачым патокам ў жылах пераліваецца... Бядуля. // чаго або які. Маса паветра, святла, гукаў і пад., якія распаўсюджваюцца ў пэўным напрамку. Паветраны паток. □ А на дварэ дзень быў цудоўны: ласкавае чэрвеньскае сонейка лілося ў вокны патокамі цяпла і святла. Сабаленка.

2. перан. Вялікая колькасць каго‑, чаго‑н., што ідзе, рухаецца ў адным напрамку. Гаманлівы людскі паток хлынуў па лесвіцы з другога паверха ў вестыбюль да выхаду. Хадкевіч. Па тратуарах рухаліся патокі людзей, паўз іх прабягалі аўтобусы і тралейбусы. Дубоўка. Журавы развярнуліся ў клін. Ззаду адзін прыкметна асядаў, намагаўся ўздымацца вышэй, у сяброўскі паток. Брыль. Па доўгай і шырокай вуліцы бясконцым патокам ідуць грузавікі і легкавыя машыны розных марак. В. Вольскі.

3. перан.; чаго або які. Вялікая група навучэнцаў, з якой праводзяцца заняткі ці экзамены ў пэўнай чарговасці з іншымі падобнымі групамі. [Цімка:] — Яна [Рая] пасля першай тройкі забрала дакументы і, здаецца, здавала ў другім патоку ў медыцынскі. Карпаў. // Вялікая колькасць чаго‑н., група, аб’яднаная пэўнымі агульнымі рысамі. Другі, больш значны паток цюркізмаў, непасрэдна запазычаных беларускай мовай, адносіцца да перыяду Крымскага ханства і Турэцка-асманскай імперыі. Жураўскі.

4. Спец. Бесперапыннасць вытворчасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бы 1 (пасля галосных б), часціца.

Ужываецца пры дзеясловах пр. часу, інфінітывах і прэдыкатыўных прыслоўях са значэннем магчымасці або неабходнасці дзеяння, утвараючы ўмоўны лад або апісальную форму ўмоўнага ладу; ставіцца пасля дзеяслова або слоў, на якія падае сэнсавы націск.

1. Са значэннем умоўнай магчымасці дзеяння. Які дзівосны сад квітнеў бы тут, каб рука чалавека адвяла воды горных рэк. Самуйлёнак. Я б смяяўся, жартаваў бы, Каб вас чуць развесяліць. Колас.

2. Са значэннем пажадання або пажаданай неабходнасці дзеяння. Цябе, зямля, ў адзенні новым, Хацеў бы к сэрцу прыгарнуць. Колас. — Чаго вы так спяшаецеся? Набылі б трохі, пагулялі. Пагасцілі б у новых сваякоў. Чорны. Шэрае пер’е аблокаў Вецер світальны нясе. Покуль пагодзіць і годзіць, Сена сабраць бы ў стагі. Танк. Хутчэй бы прайсці, праскочыць гэта страшнае месца. Лынькоў.

3. Са значэннем просьбы. — Ты схадзіў бы, Максімка, да іх, праведаў бы... Шамякін.

бы 2, злучн.

Разм. Ужываецца пры дапушчальным параўнанні рэальнага характару ў значэнні «як», «усё роўна як». [Сава] як адляціць ды пачне выгукваць ды плакаць, бы малое дзіця, дык аж пошчак ідзе па лесе. Якімовіч. А дзеці прыціхнуць, бы тыя птушкі ў гняздзе, калі над імі каршун пралятае... Колас. // Ужываецца пры дапушчальным параўнанні ўмоўна-ўяўнага характару; адпавядае па свайму значэнню злучнікам «быццам», «нібы». З-за павароту дарогі перад Сцёпкам вынікнуў семафор, бы нейкі вартаўнік з працягнутаю рукою. Колас. Лодкі выплылі на Нарач, бы на сіне-мора. Танк. [Юстынь] прыхінуўся плячамі да сцірты, бы адчуваў — падагнуцца ногі, не ўстоіць. Чарнышэвіч. Як маці, яна [цётка Аксення] паглядзела мне ў вочы, Бы кажа: не будзь сёння, хлопчык, малым. Прыходзька.

•••

Быццам бы гл. быццам.

Калі б гл. калі.

Хоць бы гл. хоць.

Як бы гл. як.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крук, ‑а, м.

1. Род вялікага цвіка, драўлянага ці металічнага, з загнутым тупым канцом. Убіць крук у сцяну. Зняць з крука шапку. □ Бацька павесіў на крук дубальтоўку і, пакульгваючы, падышоў да вешалкі. Чарнышэвіч. Рыгор моўчкі здзеў гарнітур і далікатна павесіў яго на сцяне, на драўляным круку. Гартны. // звычайна мн. (крукі́, ‑оў). Цвікі падобнай формы, якія ўбіваюць у вушак для навешвання дзвярэй, варот. Хаты стаялі з павыбі[ван]ымі вокнамі і знятымі з крукоў .. дзвярамі. Чорны.

2. Прыстасаванне для падчэплівання і перамяшчэння грузаў: кароткі металічны прут, загнуты на адным канцы і прымацаваны другім канцом да каната, вяроўкі і пад. А яны — Ліда Палігоша, Надзя Ханкевіч і Зіна Кулянок — падчапілі ўжо форму да крука аўтакрана. «Маладосць».

3. Дзвярная зашчапка ў форме загнутага на канцы металічнага прута, які накідваецца на прабой. Банадысь рвануў дзверы, зачыніў пуню і ўзяў дзверы на крук. Чорны. У калідоры пачуліся крокі, і .. [Павел] адшчапіў крук. Чарнышэвіч.

4. Металічнае вастрыё з загнутым канцом, асаджанае на шост, палку, якое служыць для падчэплівання, перацягвання чаго‑н. Міша дапамагаў хлопцам расцягваць крукамі палаючыя асмалкі сцен. Арочка. // Двухзубыя вілы з загнутымі пад прамым вуглом канцамі для скопвання гною з воза. Скідаць гной крукам. // Разм. Завостраная палка з суком для выскубвання сена, саломы са стога.

5. Лішняя адлегласць пры хадзьбе кружным шляхам. І часта ў добрую пагоду Ідзе Міхал дамоў з абходу, І хоць чуваць, што ныюць ногі, Але зварочвае з дарогі І робіць крук, бо як стрымацца, Каб не зайсці палюбавацца І ярыною і жытамі? Колас.

•••

Гнуцца крукам; гнуцца ў крук гл. гнуцца.

Гнуць у крук (безас.) гл. гнуць.

Крукам галавы (носа) не дастаць гл. дастаць.

Сядзець крукам гл. сядзець.

Крукам стаяць (вісець) над кім-чым гл. стаяць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зрэ́заць, зрэжу, зрэжаш, зрэжа; зак., каго-што.

1. Аддзяліць якім‑н. рэжучым інструментам. Зрэзаць кветкі з клумбы. Зрэзаць мазоль. □ Шура зрэзаў дзве арэшыны, аздабляе палкі ўзорамі. Навуменка. // Спілаваць. Зрэзаць сасну. // Збіць, сарваць, аддзяліць (ударам, стрэлам, выбухам і пад.). Адна міна, выбухнуўшы паблізу акопчыка, як касой, зрэзала палову алешыны. Мележ. Ноччу раптам сарваліся з прычала плыты, як брытвай, зрэзалі адзіны праз раку пантонны мост. Асіпенка. // Зняць няроўнасць або частку якой‑н. паверхні, зрабіць выемку ці скос на чым‑н. У гэтых курганах мы і зрабілі цір, ці, як называе яго Сяргей, палігон. Зрэзалі рыдлёўкамі схіл аднаго кургана, паставілі дошкі, абгарадзілі пляцоўку чырвонымі сцяжкамі. Жычка. // перан. Разм. Скараціць ці паменшыць памеры чаго‑н. Зрэзаць ліміты. □ На лаўках у куце лаяліся, відаць, рабочыя леспрамгасцы ў замасленых.. і старых фуфайках, — некаму недзе зрэзалі прагрэсіўку. Пташнікаў.

2. Пакрыць паглыбленнямі, палоскамі; спаласаваць. Канавы зрэзалі ўсё поле. □ Там, дзе гай бярозавы З песняй салаўінаю, Хтосьці ўсю дарожаньку Зрэзаў каляінамі. Дзеружынскі.

3. Парэзаць усё, многае для якой‑н. мэты. Зрэзаць салому на корм жывёле.

4. перан. Забіць стрэлам. — Падпусціў я іх як мага бліжэй, — лясь! — і няма аднаго. Другі назад кінуўся, але не дабег да траншэі, яго сержант Леўкін зрэзаў. Корбан.

5. Моцна збіць, адсцябаць. — То глядзі ж, — паўтарыў .. [бацька] яшчэ раз, — каб ні гуку, бо зрэжу да смерці... Дайліда.

6. Разм. Паставіць нездавальняючую адзнаку. Юзіку таксама хацеў [бацька] даць.. прафесію, але таго «зрэзалі» на выпускных экзаменах. Пальчэўскі.

7. Падаць мяч рэзаным ударам. Зрэзаць падачу.

•••

Зрэзаць круг (паваротку) — пайсці напрасткі, каб скараціць шлях. Чалавек другі раз ідзе па той самай дарозе. Ён зрэжа павароткі, дзе што пераступіць, а дзе што абыдзе. Ермаловіч.

Зрэзаць на горкі яблык — тое, што і збіць на горкі яблык (гл. збіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

к 1, нескл., н.

1. Дванаццатая літара беларускага алфавіта, якая мае назву «ка».

2. Глухі, заднеязычны, выбухны зычны гук.

к 2, прыназ. з Д.

Спалучэнне з прыназоўнікам «к» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. Ужываецца пры абазначэнні кірунку руху або дзеяння ў бок якога‑н. прадмета або асобы, якія ўсведамляюцца як прасторавая мяжа ці мэта; тое, што і да (у 1 знач.). Ісці к сыну. Зваць к сабе. Хіліцца к захаду. □ З ведама Букрэя ладзіцца дзед Талаш у свой паход к Доўгаму Броду. Колас. Сялом вясковы гарманіст Ідзе к дзяўчатам на вячоркі. Хадыка.

Часавыя адносіны

2. Ужываецца пры абазначэнні накіраванасці дзеяння да пэўнай часавай мяжы. Зжаць жыта к нядзелі. □ Схіляецца дзень к надвячорку. Колас. Збіралася к начы на дождж. Чорны.

Аб’ектныя адносіны

3. Ужываецца пры абазначэнні накіраванасці да таго, што з’яўляецца матывам, стымулам гэтага дзеяння; тое, што і да (у 9 знач.). Клікаў ён народ свой к волі. Колас.

4. Ужываецца пры абазначэнні накіраванасці стану, уласцівасці або дзеяння да чаго‑н., сувязі ўласцівасці або прыметы з чым‑н.; тое, што і да (у 11 знач.). Мы — беларусы з братняю Руссю разам шукалі к шчасцю дарог. Клімковіч. Шырай жа к праўдзе дарогу! Крапіва. Ахвота бліжэй к дому быць. Грахоўскі. // Ужываецца ва ўстойлівых спалучэннях (зняважлівых выразах, лаянкавых словах). Усё роўна пойдзеш к чортавай матары, басяк! Колас.

5. Ужываецца пры абазначэнні далучэння да чаго‑н.; тое, што і да (у 7 знач.). Каласок к каласку ў снапы Клапатліва збірае рука. Астрэйка.

Мэтавыя адносіны

6. Ужываецца пры абазначэнні мэты дзеяння або прызначэння прадмета. Пячэнне к чаю. □ Як песня птушкі раніцою К жыццю ўздымае поле, гай, — Вось так і ты, паэт, спявай, Каб вечна песня маладою Жыла ў народзе. А. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адку́ль, прысл.

1. пытальнае. З якога месца? — Адкуль самі будзеце, дзядуля? — запытаўся я. Скрыган. Баян замоўк. Да баяніста Падходзіць дзед. — Скажы, браток, Адкуль ты? Дзе твой край-куток? Колас. Выраз яўнага здзіўлення мільгануў на тварах: што гэта за чалавек, адкуль з’явіўся ён у такую пару... Лынькоў. // З якой крыніцы? ад каго? — Эдэм! Эдэм!.. — смяялася яна. — Адкуль бярэш ты гэтакія словы! А. Астапенка. — Адкуль у цябе гэтулькі дабра? — пытаецца багаты брат у беднага. Якімовіч. // Ужываецца ў клічна-пытальных сказах пры выказванні нязгоды, адмаўлення чаго‑н. [Суседка:] — А я казала свайму: не сёй у панядзелак. Пільнуйся старога Юстыня! Не паслухаў. Ну і вырас лянок... Толькі адна кудзеля і будзе. Адкуль той кужаль! Чарнышэвіч.

2. адноснае. Ужываецца як злучальнае слова: а) для падпарадкавання даданых сказаў месца (часта ў адпаведнасці з суадноснымі словамі «там», «туды», «адтуль» у галоўным сказе). Крамарэвіч ускінуў руку, і граната разарвалася там, адкуль крычалі. Чорны. Маша хітра ўсміхнулася і глянула туды, адкуль усё мацней і мацней даносіўся стукат матацыкла. Кулакоўскі. [Лабановіч:] — Унь там Мікуцічы, а вось дарога на станцыю. Ідзіце, адкуль прыйшлі. Колас; б) для падпарадкавання даданых азначальных сказаў (часта ў адпаведнасці з суадносным словам «той» у галоўным сказе). Дзед прытаіўся за дубам і стаў углядацца ў той бок, адкуль даносілася.. шорганне ног невядомага чалавека. Колас. Мы з бацькам стаім і глядзім у той бок, адкуль да нас ідзе, па лугавой дарозе чалавек. Брыль. Каця.. згладжвае крайкі зляжалае зямлі, адкуль толькі што выняла мадэлі. Скрыган; в) для падпарадкавання даданых дапаўняльных сказаў. [Дзед Бадыль:] Пакутуем, чалавеча. Проста гінем і не ведаем, адкуль паратунку чакаць. Крапіва. Адкуль у старой бяруцца сілы, цярплівасць, прывет — ніхто з нас не дзівіцца. Брыль.

•••

Адкуль (толькі) ногі ўзяліся гл. нага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аж,

1. часціца ўзмацняльная. Ужываецца для інтанацыйнага вылучэння слова ці словазлучэння, да якога адносіцца. Цімафей Міронавіч аж кладзецца ад вясёлага нястрымнага смеху. Зарэцкі. Здаецца, аж сюды, да самага лесу, далятаў гул вялізнага пажару, узнікшага за якую хвіліну. Лынькоў. Раса высыхала, сонца прыгравала моцна, лес аж звінеў ад птушыных галасоў. Чорны. // Падкрэслівае самую крайнюю мяжу выяўлення якой‑н. уласцівасці. За гаем, на полі, аж да самага возера, іскрылася пад месяцам светлая сцежка. Асіпенка. [Вера:] — Пасля разлукі з табой я ў той жа вечар паехала аж за Чалябінск. Пестрак. [Русаковіч:] Цяпер у нас матэрыялу хапае. Для мяне — аж занадта. Крапіва.

2. часціца ўзмацняльная. Ужываецца для выражэння нечаканасці або раптоўнасці наступлення якіх‑н. падзей. [Пазарэўскі:] — Раніцай прачнуліся — аж.. [Толіка] ужо няма. Чорны. [Мартын Рыль:] — Гэта мы выходзім з лесу на паляну, аж як гаркне наш Марка Балук: «Стой, лапаць скінуўся!» Колас. Прыглядаюся, аж тут траха не ўсе нашы сваякі і суседзі. Якімовіч.

3. злучнік супраціўны. Злучае сказы з узаемна неадпаведным значэннем, якое ўскладняецца адценнем нечаканасці, раптоўнасці. Бруй увайшоў у хату і спыніўся каля парога: у хаце нікога не было. Завярнуўся і хацеў ужо ісці назад, аж з печы пачуўся голас. Колас. А я думаю, хто гэта ідзе к гумну. Думаў, Максімка памагаць, аж гэта ты. Чорны. [Скуратовіч:] — Думаў устаць зацемна, жэрдак на плот спусціць некалькі. Аж ужо і сонца ўзышло. Чорны.

4. у знач. выніковага злучніка. Далучае сказы, якія паказваюць на вынік асабліва напружаным падзей ці якую‑н. прыкмету самай высокай ступені. Бег што сілы, без аглядкі, Аж блішчалі ў хлопца пяткі. А. Александровіч. Гул матораў, цяжкі, абрывісты, поўніў усё паветра, аж звінелі шырокія шыбы дэпоўскіх акон. Лынькоў. Булай скамячыў ліст ватману, сціснуў кулакі, аж пабялелі пальцы. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)