французскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Школе тэатр.-дэкарацыйнага мастацтва ў Бельвіле. Зазнаў уплывы неаімпрэсіянізму, П.Сезана, кубізму. Заснавальнік (з С.Тэрк-Дэланэ) плыні арфізм. Дынаміку руху і рытмаў перадаваў з дапамогай вылучаных ім заканамернасцей узаемапранікнення асн. колераў спектра і ўзаемаперасячэння крывалінейных паверхняў. Аўтар абстрактных карцін («Дыск», «Круглыя формы», 1912—13, «Даніна павагі Блерыо», 1914, «Радасць жыцця», 1930—31, «Рытмы», 1930—37), пейзажаў («Чырвоная Эйфелева вежа», 1910), лаканічных нацюрмортаў («Кафейнік, партугальскі нацюрморт», 1915—16), партрэтаў («Ф.Супо», 1922) і інш.Іл. глядзі ў артыкуле Жывапіс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМАНСТРА́ЦЫЯў біялогіі,
1) стэрэатыпныя акты паводзін жывёл, якія адыгрываюць ролю розных сігналаў у іх узаемаадносінах. Набор характэрных рухаў цела, поз і гукаў, што выкарыстоўваюцца асобінамі дадзенага віду ў якасці сігналаў пагрозы, прымірэння, прывітання, запрашэння да спароўвання і інш., зрэдку вылучаецца ў асобную катэгорыю дэманстрацыйных паводзін. Д. вывучае эталогія.
2) Яркая афарбоўка жывёл, якая робіць іх прыкметнымі на фоне навакольнага асяроддзя; адзін з тыпаў ахоўнай афарбоўкі і формы (мімікрыя). Садзейнічае поспеху ў барацьбе за існаванне — выжыванню і ўзнаўленню. Д. мае вял.біял. значэнне ва ўзаемаадносінах жывёл у біяцэнозах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЁМА́Н,
археалагічная культура плямён, якія ў 5-м тыс. — 3 ст. да н.э. жылі на тэр. Японіі. Назва ад асаблівага тыпу керамікі з лінейным арнаментам у большасці спіральна-крывалінейных форм (яп. «дзумон»), Насельніцтва жыло на паселішчах у лёгкіх хацінах круглай і прамавугольнай формы, займалася рыбалоўствам, паляваннем, збіральніцтвам ракавін. З 4-га тыс. да н.э. вядомы свойская жывёла, проса, грэчка. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным ці выцягнутым становішчы ў грунтавых пахаваннях. Прылады працы выраблялі з каменю (шліфаваныя сякеры, нажы) і касцей (рыбалоўныя кручкі, гарпуны). Змянілася культурай Яёі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРАПО́ЛЬ (Galeobdolon),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. 3 віды. Пашыраны ў Еўропе і М.Азіі. На Беларусі ўсюды трапляецца дабраполь жоўты (G. luteum). Расце ў шыракалістых і мяшаных лясах, у хмызняках.
Шматгадовыя травяністыя расліны з паўзучым галінастым карэнішчам. Гал. сцябло і неквітучыя парасткі сцелюцца, у вузлах укараняюцца, квітучыя парасткі прыўзнятыя. Лісце простае, супраціўнае, зімуе; ніжняе круглавата-яйцападобнае, верхняе яйцападобнае, завостранае. Кветкі залаціста-жоўтыя, двухгубыя, з прыкветкамі, па 3—10 у несапраўдных пазушных кальчаках. Плод — чатырохарэшак. Лек., меданосныя і дэкар. (ёсць формы з серабрыстым лісцем) расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЕ́РАНАСЦЬу цывільным праве,
пісьмовае ўпаўнаважанне адной асобы другой для прадстаўніцтва ад яе імя перад трэцяй асобай. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь даверанасць ад імя юрыд. асобы, а таксама юрыд. асобе можа быць выдадзена толькі на ажыццяўленне здзелак, якія не супярэчаць яе статусу (становішчу). Даверанасць можа мець простую пісьмовую форму або натарыяльна засведчаную — пры ажыццяўленні здзелак, якія патрабуюць натарыяльнай формы (напр., купля жылога дома). Даверанасць можа быць выдадзена не больш як на 3 гады. Даведнік Давернік можа ў любы час адмяніць даверанасць, а прадстаўнік — адмовіцца ад яе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІМЕНАГАСТРА́ЛЬНЫЯ (Hymenogastrales),
парадак базідыяльных грыбоў з групы парадкаў гастэраміцэтаў. Вядома 210 відаў. Растуць усюды. На Беларусі 6 відаў. Найб. пашыраны рызапагон (каранёвец) жаўтаваты (Rhizopogon luteolus), малавядомы ядомы грыб. Гіменагастральныя ў асноўным глебавыя сапратрофы, многія мікарызаўтваральнікі, ёсць паразіты.
Пладовыя целы падземныя або выступаюць на паверхні, часцей сядзячыя або на ножцы, клубне-, яйца- ці шарападобныя. Глеба мясістая, потым храсткавата-студзяністая, без капіліцыю, са шматлікімі камерамі рознай формы (агаляецца даволі рана). Першасная абалонка (перыдый) аднаслойная, другасная — двух-, шматслойная. Базідыі з 1—8 спорамі нераўнамерна размешчаны па сценках камер або сабраны ў пучкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛЬМІНТАСПО́РЫЙ (Helminthosporium),
род недасканалых грыбоў сям. дэмацыевых. Шматлікія віды роду пашыраны ўсюды. Паразітныя формы, прыстасаваныя да пэўных відаў раслін, выклікаюць гельмінтаспарыёзы, сапратрофныя развіваюцца на кары, лісці, сухіх галінках і сцёблах дрэвавых і травяністых раслін. На Беларусі найб. шкодныя гельмінтаспорый ячменны (H. teres), гельмінтаспорый аўсяны (H. avenae), гельмінтаспорый злакавы (H. gramineum).
Міцэлій шматклетачны, пранізвае асобныя органы раслін, развіваецца ва ўсіх тканках або знаходзіцца ў стадыі спакою. Канідыяносцы прамыя, слабаразгалінаваныя, вузлаватыя, у паразітных відаў сабраны ў пучкі, у сапратрофаў — адзіночныя. Канідыі цыліндрычныя, падоўжана-эліпсападобныя, з перагародкамі. У цыкле развіцця адзначаны стадыі сумчатых грыбоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНО́М (англ. genome ад грэч. genos род, паходжанне),
адзінарны (гаплоідны) набор храмасом з лакалізаванымі ў ім генамі; асн.генет. і фізіял. сістэма дадзенага віду арганізмаў. У адрозненне ад генатыпа геном уяўляе сабой характарыстыку віду, а не асобнага арганізма. У гаплафазе дыплоіда кожная клетка мае 1 геном, у дыплафазе — 2 (адзін уведзены ў зіготу жаночай, другі — мужчынскай гаметай). Выключэнне складаюць паліплоідныя формы. Пры аддаленай гібрыдызацыі магчыма атрыманне алапаліплоідаў (напр., гібрыды ад скрыжавання пшаніцы і жыта), якія нясуць розныя геномы. Для вызначэння колькасці і падабенства геномаў у розных відаў выкарыстоўваюць геномны аналіз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ШТЭ-ЛУТ,
пустыня ў цэнтры Іранскага нагор’я, на У Ірана. Даўж. каля 550 км, шыр. да 200 км. Пл. 80 тыс.км². Пераважныя выш. 500—600 м. Шэраг пласкадонных бяссцёкавых упадзін (дно на выш. 200—250 м) і горных перамычак выш. 1000—2000 м (да 2992 м). Паверхня ў асн. гліністая і друзаватая. Трапляюцца саланчакі, такыры. На Пд і У барханныя і градава-ўзгорыстыя пяскі, якія слаба замацаваны саксаулам, джузгунам і салянкамі. Фіз. выветрыванне ўтварыла шматлікія «стаўбы», «грыбы» і інш.формы рэльефу. Па ўскраінах зрэдку аазісы з фінікавымі пальмамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМЕ́І-ЯЙЦАЕ́ДЫ (Dasypeltinae),
падсямейства вужападобных змей. 2 роды З.я.: афр. (Dasypeltis) і інд. (Elachistodon) па 1 віду ў кожным: D. scaber i E. westermanni. Пашыраны ў Паўд. і Цэнтр. Афрыцы, Паўд. Азіі.
Даўж. да 80 см. Верх цела пясчана-жоўты або бураваты, аднаколерны або з цёмным малюнкам з палос ці плям, якія часта зліваюцца ў зігзагападобную або рамбічнай формы паласу ўздоўж хрыбта. Корміцца птушынымі яйцамі, якія заглынае цалкам. У страваводзе шалупіна яйца расціскаецца ніжнімі адросткамі пазванкоў, якія ўваходзяць у яго поласць. Шалупіны выкідваюцца праз рот.