РЫНХАСПАРЫЁЗ, аблямаваная плямістасць,

хвароба раслін, якая выклікаецца недасканалым грыбам з роду рынхаспорый. Пашкоджвае ячмень, азімае жыта, пырнік паўзучы, цімафееўку лугавую, райграсы, каласнец безасцюковы, купкоўку зборную і інш. Праяўляецца ў выглядзе авальных або няправільнай формы шэра-зялёных з цёмна-бурай аблямоўкай плям на лісці і лісцевых похвах раслін, у халаднаватае дажджлівае лета — і на зерні. У хворых раслін памяншаецца асіміляцыйная паверхня лісця, парушаецца водны баланс, зніжаецца ўраджай і пагаршаецца яго якасць. У гады пашырэння Р. недабор зерня дасягае 15%.

т. 13, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)